Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Такое раздваенне было б па-свойму цікавае, каб не было так жудасна вяртацца назад у цела. І тады ўся гэтая каламуць духоўная адбівалася на ім знешне.

Губмяну хапіла аднаго хуткага пагляду на яго - змучанага, трывожна-атупелага хлапчука, каб зразумець, што гэта за «вораг», якую ён можа несці савецкай уладзе «небяспеку». Сам факт, што ён арыштаваны, што проста знаходзіцца тут, і ёсць вышка кары; што цяпер яго хоць катуй, хоць у распыл пускай - большага не даб'ешся: усё, мяжа атупення, далей няма куды. Нават дапытваць такога не хацелася.

Але ж і так не адпусціш! Інстынкт кошкі, якая злавіла мыш, перамог.

– Ну што? Героя з сябе ламаеш? Вы ж там усе героі!
– А калі Дзяніс

сказаць штось памкнуўся, піскнуў: - Маўчаць!
– і кулачком па стале грукнуў.
– Выведзіце зараз жа і расстраляйце яго, таварыш Ольскі!

– Ёсць, таварыш камісар, - падыграў асабіст, выцягнуўся, шчоўкнуў абцасамі.
– Пайшлі!

Дзяніс не кранаўся з месца. І маўчаў, хоць бы слоўка, - як заняло яму. Трое дарослых мужчын з цікавасцю сачылі, што будзе далей. І ўбачылі. Убачылі, як хлапчук пераступае, а пад нагамі ў яго, на падлозе, кружком распаўзаецца мокрая пляміна, як бы снег разам пачаў раставаць з чаравікаў.

Кецка першы не стрымаўся.

– Ты не ўяўляеш небяспекі для савецкай улады!
– злосным воклічам спыніў гэтую камедыю.
– Мы адпускаем цябе! Ідзі і перадай там, у вашым зборышчы, каб здаваліся ўсе - цацканне скончылася (затараторыў спяшаючыся, каб не абарвалі), палякі дазволілі нам увайсці на суткі, а за суткі вас пакрышаць там на капусту...

– А вось такое перадаваць зусім неабавязкова, - заўважыў Губмян.

А позна. Перададзена ўжо! Вось брыдота, як яны ўсе, і прыбалты, і ўкраінцы, і «азеры», і гэтыя яшчэ - як яны ўсе свой свайго трымаюцца!.. Як адкрыта, нахабна выдае сябе хоць гэты ж Кецка... Не, правільна, таварыш Троцкі! Толькі цалкам сцёршы, без следу знішчыўшы нацыянальныя адрозненні, і мовы, і ўсё, усё асабістае!
– толькі з такім народам можна будзе...

– Прабачце!
– астыў таварыш Кецка.

Са складзеным учатыры аркушыкам падышоў да Дзяніса, уклаў яму ў бязвольную, мёртвую далонь. Запіска выпала на падлогу, добра, што не ў мокрую пляміну. Кецка нагнуўся, падняў.

– Перадасі гэта Чайку. Чуеш? Толькі ў рукі. Зрэшты, можна і любому з камандзіраў... І на словах скажаш, - ад нашых табе паклон... Запомніў? Паўтары!

– Перадаць Чайку запіску і ад нашых паклон, - расціснуліся ў Дзяніса пасінелыя вусны. І раптам прамямлілі недарэчы: - Дзякуй вам, дзядзька Кастусь...

– Усё. Адпусціце яго, таварыш Ольскі.

Зараз. Таварыш Ольскі якраз той самы, каго хлебам не кармі, а дай чалавека адпусціць... Ён нават з месца не крануўся. Запытальна кіўнуў падбародкам Губмяну - як быць?

Камісар і махам рукі пацвердзіў, і словам падмацаваў:

– Выконвайце!

Выйшлі на двор. Моцна пахла маладым снегам. Дзяніс спусціўся з ганка і пайшоў, павалокся, а не пайшоў... Плошча скончылася. Ён азірнуўся. Нікога. Ніхто не цэліўся ў яго з нагана. Ніякага Ольскага ззаду не было. Дзяніс падбавіў кроку. Вуліца была даўжэзная. Людзі, якія зрэдку трапляліся, нават не пазіралі на яго. У іх хапала сваіх клопатаў.

Ён не разумеў, куды яны спяшаюцца. Навошта? Чаму вераб'і як ні ў чым не бывала сядзяць на кусце і чырыкаюць? Чаму неба такое ж самае, як заўсёды, і платы, і хаты, і сляды на снезе?.. Чаму Кецка памагае яму, так адкрыта рызыкуючы? Няўжо нешта яшчэ можа быць, акрамя жыцця і смерці?..

Адышоўшы далёка ад плошчы, Дзяніс спыніўся каля нечай студні. Захацелася піць, але на жураўлі не было вядра. Ён глянуў - у кулаку была заціснута Кецкава цыдулка. Скамечыў і кінуў яе пад плот, у снег, а тады пайшоў хутка, забыўшы і пра ваду, якой можна было ў хату пастукацца ды папрасіць.

Ніякіх запісак! Ніякіх атрадаў! Дамоў, на печ, да маткі-бацькі!..

Але ўжо праз хвілінку ён запаволіў крокі. Толькі цяпер да яго пачынала даходзіць, што няма ў яго ніякай дамоўкі,

не зможа больш ён там паявіцца і не атрымаецца ні ў запечку пераседзець, ні ў куточку паміж хлявом і прыбіральняю схавацца... Што няма ў яго больш ні Лізы, ні дзядзькі Ладуся, ні цёткі Ёўгі, якая пракляла іхні род; няма больш ранейшага бацькі, а ёсць той, чужы сівы старац, да ўсяго безучасны, які стаяў перад нацэленымі на яго вінтоўкамі... Ды і самой вёскі, такой, як яна была, няма больш!

Ён вярнуўся, падабраў запіску, разгладзіў, яшчэ і азірнуўся, ці не бачыў хто. Схаваў ва ўнутраную кішэню, бліжэй да сэрца - нібы ўсё ж такі яшчэ магла яна паслужыць яму пропускам у тое жыццё, якога не будзе больш ніколі.

XX

А Семежава бурліла!

Выпадак з разведчыкамі Чуба атрымаў нечаканы працяг. Усе ўжо ведалі, што па наводцы гадзюкі-рэўкамаўца бальшавікі ўночы акружылі вёску, трымалі людзей «разьдзетых» на марозе, усяляк здзекаваліся, білі іх, дваіх дэманстратыўна расстралялі, а меншага Карпавага, «босага па сьнезе, зьвязанага калючым дротам!», пагналі з сабою ў Слуцак.

Гудзела, калыхалася ад гневу семежаўская плошча, на якой яшчэ з рання арганізаваўся мітынг; праўда, не было на ім «запісных» выступоўцаў - крычалі, абураліся, тлумачылі, пераказвалі, гаварылі адзін да аднаго, чым яшчэ больш распалялі і заводзілі і сябе, і таварышаў:

– Смерць камуністым!

– Павесіць падлюку Кецку!

– Якога... мы ў гэтым Семежаве куткі абціраем?!

Па першым часе не было раздраю. Пакуль што ўсе былі з'яднаны прагай помсты. Ніхто не асуджаў, не наракаў на сваіх хлопцаў-разведчыкаў, і ў думках ні ў кога не было вінаваціць у чымсьці Чуба. Нікому не прыходзіла на розум тая простая думка, што калі б не было першапрычыны, дык не было б і выніку: каб не зачапілі іхнія разведчыкі чырвоных, дык не было б і працягу, і вёска была б цэлая... Але што ж гэта тады за вайна?! Дзе б'юць, там і кроў льюць; усё правільна, малайцы, што павучылі трохі, хай ведаюць, хто тут гаспадар!..

Чуб быў герой, сапраўдны мужчына, ваяка. Праўда, здураваў адно крыху: на чорта яму было забіраць з сабою Кецку, трэба было «шлёпнуць» адразу на месцы, у двары, і тым больш не варта было скідваць забітых у рэчку, а прывезці ў Семежава ці прыхаваць збольшага дзе ў лесе, па дарозе... Але ўсё гэта дэталі, дробязныя, няважныя - так атрымалася, і добра, няма чаго ўспамінаць, трэба думаць, што рабіць далей.

– Хіба Балаховіч цярпеў бы?!

– На Вызну!

– На Слуцак!

(І такое гучала.)

Пакрысе наспяваў бунт. І сапраўдныя прычыны, якія ўздыбілі брыгаду, якія бударажылі народ, што тыя дрожджы ў бразе, былі, канечне ж, зусім не ў гэтым звычайным, у прынцыпе нікчэмным для людзей ваенных і па ваенным часе выпадку; прычыны збіраліся даўно. Проста выпадак гэты шмат з чым супаў.

Маса ўзброеных, накормленых, здаровых, у адным месцы сабраных мужчын проста даўно нудзілася без дзеяння. Былі і свае мясцовыя нюансы. Хоць і знаходзіліся людзі на сваёй тэрыторыі, амаль што дома, сярод блізкіх, сваякоў і знаёмых, хоць сем'і і кармілі іх, пастаўляючы ім прадукты і самае неабходнае, - гэта добра было дзень, два, нават тыдзень ці два, але рана ці позна стане сорамна, і не палезе ў горла кусок. Прыязь гаспадароў, у якіх былі яны раскватараваныя, не магла быць вечнай; гаспадары хоць і не гаварылі ўголас, але пытанне вось-вось непазбежна ўзнікла б, пытанне такое: чаго вы тут, уласна кажучы, загасціліся? Калі і чым вы надумаеце за ўсё плаціць?.. А тут яшчэ далучэнне грозаўцаў, перад якімі някепска было б паказаць сябе бясстрашнымі, у баях загартаванымі ваякамі...

Поделиться с друзьями: