Нічые
Шрифт:
– Ну, святое месца пустым не будзе!
– Кутылоўскі некалі Чайку ўгаворваў, - адазваўся з кутка Пракулевіч, - а цяпер Кутылоўскага давядзецца...
І зноў тое ж самае!
– ніякага здзіўлення ні ў кога не выклікала гэтая, па сутнасці, нечаканая прапанова, настолькі аднолькавыя былі ва ўсіх думкі. Усё прамежкавае выпускалася за непатрэбнасцю. Па ідэі для пачатку павінна было прагучаць хоць бы пытанне: а каго заместа Чайкі? Затым прапанова - Кутылоўскага, і тады ўжо заканамерным звяном у гэтым ланцугу занялі б сваё месца Пракулевічавы словы.
А далей проста пайшлі гудзець растрывожаным вулеем:
– Добра рабіць такія ракіроўкі ў спакойных
– Ды давайце сядзець і чакаць, пакуль саміх перавешаюць!
– Чакаць трэба Чайку! Як ні круці, а войска яго паважае! Прыедзе, скамандуе - і ўсё абыдзецца... можа быць...
– А хто з вас ведае, як скамандуе Чайка?
– без усмешкі перабіў Мірановіч.
– Я дык не.
– І нібы машынальна, проста каб рукі заняць, узяў са стала Кецкаву запіску.
– Хто яго ведае, наш ён ці не наш... Але факт фактам - яго любяць!
– Ды нейтральны ён! Нічый! Проста апалітычны...
– Толку нам з яго франтавых заслуг?!
– Шаноўныя, вы думаеце, што вы гаворыце? Якое можа быць гаданне: чый у нас камандзір палка?! Ды такі чалавек павінен быць святым, каб нават думкі не ўзнікала яго падазраваць! І мы, улада цывільная, як за каменнай сцяной павінны за такім чалавекам пачувацца, а не гадаць, наш ён ці не наш! Такі чалавек адно рот раскрыць павінен - і каб у тысяч правая нага паднялася, а левая рука пайшла ў адлёт...
– Давайце толькі без лірыкі...
– Ды як увогуле можна падазраваць Чайку...
– Можна!
– спыніў дэбаты Мірановіч. Ён увачавідкі пераймаў ініцыятыву верхавенства ад Жаўрыда, ды, мабыць, так і трэба было - Жаўрыд сам сказаў, ты контрразведка, ты і думай.
– Як чалавека я Чайку люблю, усе вы гэта ведаеце, але як камандзір у нашай сітуацыі ён нікудышні. І вінаваты ён ужо тым, што такі бесхрыбетны, бязвольны, беспрынцыпны - згадзіўся ўзначаліць акцыю, а трэба было ведаць сваё месца і цвяроза (сказаў Мірановіч!) ацэньваць свае магчымасці. Таму мы і маем тое, што маем. Не проста ж так яму, а нікому іншаму, адрасавана гэтая вось перапіска - бальшавікі знаюць, што робяць.
Усе слухалі моўчкі.
– Я сказаў беспрынцыпны... Гэта не зусім так, нават зусім не так: прынцыпы-то ў яго якраз ёсць. Але настолькі скасабочаныя, што лепш бы іх не было зусім. Яму ўсё здаецца, што можна і за Беларусь ваяваць, і ў белых пальчатках бледным анёлам заставацца. Вось вам прыклад. Нядаўна адпусціў ён бальшавіцкага камандзіра Лебедзева («адпусціў» у вуснах Мірановіча прагучала двухсэнсоўна), тлумачачы гэта наступнай тэорыяй: «Ну, хоць бы самаго камуніста выпусцілі, дык мы гэтым нічога не трацім, а, наадварот, падумаем, што застанецца ў яго на душы? Ці зможа ён больш ваяваць супраць нас? Мы павінны біць духам, а не аружжам»... Тое самае і з гэтай вось перапіскай - у яе свая перадгісторыя. Неяк загаварылі пра Кецку, і Чайка сказаў: «Такога камуніста няма чаго нам баяцца. Я напішу яму пісьмо, і ён прыедзе да нас». Ну, і шмат накіруе, накамандуе чалавек з такімі дзіцячымі, набакір, мазгамі?
Ніхто не перабіваў яго.
– Чайку трэба мяняць - і баста!
– сказаў Мірановіч.
– Але не проста мяняць, а з толкам. З дальнім прыцэлам. Няхай ён напаследак яшчэ паслужыць беларускай справе; з паршывай авечкі хоць поўсці касмыль... Ну, што прыціхлі? Трэба рабіць тое, што звычайна ў такіх выпадках робіцца. Знаходзіцца крайні, «казёл адпушчэння», на якога вешаюцца ўсе сабакі (чамусь пайшла ў Мірановіча нейкая «жывёльная» лексіка). Трэба аб'яўляць яго, пакуль не позна, савецкім шпіёнам і пад той стаўбняк,
І тут адказам Мірановічу было маўчанне. Усё правільна, вывераны, надзейны, хоць і жорсткі план, але ж як ён, сябра Чайкі, цынічна яго «выкладае»!.. Вось, а не Жаўрыд і тым больш, канечне, не Чайка сапраўдны дыктатар!.. Такі прынясе ў ахвяру, абы спатрэбілася, любога з іх тут і вокам не міргне... Але што тут скажаш? Трэба ж нечым, а ў іхнім выпадку некім паступацца... Каб выратаваць акцыю, а заадно і Беларусь, трэба ж, і праўда, каб перш-найперш зберагчы ўласныя галовы... І іншага варыянта, іншага спосабу дзеяння ніхто ж не прапаноўвае.
– І вось што, дарагія мае, - выдатна разбіраўся ў іхнім маўчанні галоўны контрразведчык, - давайце без сюсюканняў. Гэтая вось цыдулка, гэтая наіўная фальшыўка, за своечасовасць якой трэба падзякаваць чырвоным, - адзінае, за што мы можам зачапіцца. У ёй наша выратаванне. І калі мы не скарыстаемся гэтай эпісталярыяй, нам нічога больш не застаецца, акрамя як сядзець баранамі і чакаць балаховічаўскага або бальшавіцкага абуха. У мяне ўсё.
І праўда, як пад абухом паапускаліся галовы канспіратараў.
– Адзін узвод - гэтага мала, - яшчэ засумняваўся нехта, ужо без усялякай сувязі з Чайкам.
– Хопіць! Трох дзесяткаў цвярозых надзейных хлопцаў больш чым дастаткова!
– Добра! Будзем лічыць, што Сокал-Кутылоўскі даў згоду. Застаецца драбяза: як гэтую камандзірскую перастаноўку ажыццявіць тэхнічна? Выйсці на плошчу і аб'явіць, што з заўтрашняга дня вольніцы канец, заместа Чайкі цяпер у вас будзе дыктатар?
– Дык пра гэта і давайце падумаць...
– Я ўсё бяру на сябе, - сказаў Мірановіч.
І хоць трохі яшчэ пашумелі, паспрачаліся, усё яшчэ самі сябе пераконваючы ў неабходнасці подленькай справы («Адцягнуць нечым увагу...»; «Ну, так! Калі арыштуецца сам Чайка, дык астатнюю драбязу і не заўважыць ніхто...»), але ўжо даволі вяла, ды і не па сутнасці. Усё радзей згадваўся Чайка, і ўжо проста не хацелася ўвогуле чапаць гэтую непрыемную, пры ўсім пры тым, тэму. Сасноўскі раптам падняў будзённае пытанне: як быць з начоўкаю? ці не дражняць яны гусей, застаючыся ўсе ў адным месцы, дзе лёгка іх могуць накрыць; можа, разумней будзе разгрупавацца? І ўсе з палёгкаю перакінуліся ўжо на гэты новы клопат і доўга яшчэ вялі па ім дыскусіі, пакуль, ці не пад раніцу ўжо, вырашана было не спаць увогуле, нікуды не разбрыдацца, проста сядзець тут, даверыўшыся ва ўсім Мірановічу і Капцу.
Цікава, што і ў супраціўным лагеры прыйшлі да высноў аналагічных, з той толькі розніцай, што роля закладнікаў - «ахвярных казлоў» - адводзілася Пракулевічу з Жаўрыдам.
А мяцежнікі на плошчы проста чакалі, да чаго ж нарэшце дадумаюцца і калі што пачнуць прадпрымаць узбаламучаныя, незгаворлівыя, нядружныя іхнія камандзіры.
XXII
Весела было ў Лодзі, калі займалі месцы ў вагоне, весела было ў поездзе, пакуль ехалі па Польшчы - ад прыроды за акном, ад таго, што многа іх, аж чатырнаццаць, што яны такія маладыя, а ўжо афіцэры, і форма ваенная на іх, з раменьчыкамі на грудзях, пагонамі на плячах, шэўронамі на рукавах, і едуць яны не на пагулянку, не да маткі на бліны - на фронт, змагацца за радзіму.