Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Удосталь было выпіўкі, не змаўкалі песні... Каму надакучвала, дык можна было проста стаяць каля акна і любавацца прыгажосцю краявідаў, дыхаць вольным, свежым паветрам.

Пасля Варшавы цягнік пайшоў марудна, падоўгу прастойваў на кожнай, нават самай занядбаленькай станцыі, а то і проста на перагонах, пасярод поля ці ў лесе. Скончылася выпіўка. Перасталі спяваць (а то штораз то адзін, то другі падымаўся, задзіраючы высока руку са шклянкай, ззяючы вачыма, зацягваў «Адвеку...», астатнія натхнёна памагалі)... Цягнік ледзь сунуўся. На другія суткі ўжо нават у акно не хацелася пазіраць. Нарэшце, дзякаваць Богу, Беласток! Уміг скінуліся грашыма, выбралі «ганцоў» - хоць піва раздабудзьце! Пайшло пяць, вярнуліся

двое; праўда, з цэлай скрынкаю піва, так і прынеслі, з бакоў узяўшы. А тыя дзе?.. Знойдуцца, здагоняць!

Пахмяліліся. Пасвятлелі твары, ачысціліся вочы. Выдыхнулі з палёгкаю глоткі... «Дык а што, хлопцы, жыве яшчэ Беларусь?»

– Із-пад Слуцка, із-пад Клецка, - адкашляўшыся, густым басам пачаў завадатар; у камандзірскай школе ён быў самы дужы з усіх.

– Йдзе др-ружына маладзецка!!!

У Горадні зноў адкамандзіравалі ахвотных, - вярнуўся адзін з трох і без піва. «Сказалі, блізка жывуць тут, самі потым дабяруцца...»

– Та-а-к... Ну, а хто яшчэ тут блізка жыве?
– Завадатар абвёў вачыма ўсіх, бо ўсе ўжо маглі памяшчацца ў адным купэ.
– Усё! З гэтага моманту нават у прыбіральню па адным не выходзіць!

А кепска без піва. І не спяваецца, і ў акно не глядзіцца... І ад курыва аж мутарна! Нікому нічога не кажучы, завадатар падняўся, пайшоў у тамбур. Няма і няма. Устрывожаныя хлопцы кінуліся шукаць. Нікога ў прыбіральні, пуста ў тамбуры, толькі расчыненыя дзверы целяпаюцца на ветры, а поезд ледзь-ледзь паўзе - можна на хаду ў лес збегаць і вярнуцца... Успомнілі, што родам «завадатар» аднекуль адсюль, з-пад Ліды.

Ад злосці ўжо і не пазіралі адзін на аднаго. Не гаварылі. Ніхто нікому больш не верыў. Кожны меў выгляд, што гэта толькі ён герой, а іншыя - баязліўцы-здраднікі. На ледзь асветлены, мокрым снегам заляпаны баранавіцкі перон выходзілі не сябрамі, а амаль што ворагамі.

Зараз жа да іх наблізіліся трое, у сваіх клінчатых канфедэратках. Польскі патруль. Глянуўшы і вяртаючы дакументы, чамусьці ўсе трое засмяяліся. «Што-небудзь не так?» Палякі, не адказваючы, пасміхаліся... Потым адзін паказаў у бок станцыі: «До камендатуры! Туды! Разумеш?» - як да глухіх ці да дурных якіх.

А ад вакзала, спатыкаючыся на рэйках, ужо спяшаліся да іх Чайка з Данілам. Першы раз у жыцці «лодзеўцы» на ўласныя вочы бачылі тых самых «слуцкіх жаўнераў», аб якіх ведалі толькі з пафасных артыкулаў «Беларускага слова». І якая ж розніца была паміж імі сапраўднымі і тым, што ўяўлялася, або хоць бы ў параўнанні з гэтымі вось, у форме з іголачкі, смяшлівымі польскімі патрульнымі, якія сінхронна - адзін паперадзе і двое з бакоў і на крок ззаду - аддаляліся па пероне!.. Чайку ніхто не пазнаў, ніхто нават і не падумаў, што гэта можа быць камандзір - такі невысокенькі, у кароткім шыняльку, нявыспаны і задыханы... Хутчэй за старэйшага прынялі Данілу, дзякуючы жупану і сіняму з чырвонымі лампасамі галіфэ, падобнага на адчайнага непахмеленага рубаку з атрада Махно.

– Нех жые Польска!
– іранічна прамовіў адзін, калі Даніла пацягнуўся да яго з працягнутай рукою - знаёміцца.

– Што, палякоў дужа любіш?
– здзівіўся ардынарац, яшчэ не разумеючы нічога. Затым падняў вочы ўслед польскаму патрулю, сябе хутка агледзеў... Ясна! Ён сплюнуў ад прыкрасці. Каму тут будзеш тлумачыць, як здоўжылася ім (акрамя яго і Чайкі яшчэ двум вазніцам) трое сутак чакання гэтай «чарапахі», калі спалі ў вакзале на лавах, не распранаючыся, ні памыцца, ні пагаліцца, ні паесці як след, больш пра коней, чым пра сябе, дбалі...

Неўзабаве дзве падводы, калоцячыся на брукаванцы, выправіліся ў начны шлях. Ехаць было праз увесь горад, доўгай цэнтральнай вуліцай. Прыфрантавыя Баранавічы, поўныя ваенных, мала чым саступалі эўрапейскай Лодзі. Вуліца была асветлена электрычнымі ліхтарамі, гуляў народ - найчасцей афіцэры з барышнямі пад ручку. Поўна

было розных падвальчыкаў, адкуль чулася музыка, акенцы якіх свяціліся, каля зазыўна расчыненых дзвярэй туманам вісеў цыгарэтны дым... З аднае такой рэстарацыі цэлым зладжаным хорам выводзілі: «Покі не загіну ад руцы большэвіцы!» Праз усё гэтае вяселле, як праз строй, барабанілі па бруку сваімі коламі падводы, і баранавіцкая «чыстая» публіка перш слупянела ад відовішча: што за бежанцы? чаму ў форме? што ў іх за гора, што такія панурыя і сярдзітыя?
– а зразумеўшы, што гэта з беларускага войска, смяяліся ўслед тым жа смехам, як і патрульныя на пероне. Паненкі таксама смяяліся разам з афіцэрамі.

Што сорамна было ім, таксама аматарам пасядзець у рэстарацыі ды паспяваць пра бальшавікоў і Беларусь, якія і самі былі б не супраць, папырскаўшыся адэкалонам, пачапіўшы на боты шпоры і на бок шаблю, прайсціся пад ручку з дамачкай і якія змушаны цяпер калаціцца ў сялянскай скрыпучай падводзе і слухаць смешкі і кпіны з сябе, - не тое слова... І што ж гэта за нацыя ў нас такая, што мы за народ такі, што ўсё ў нас так убога, так усё прыземлена, так нецікава, па-мужыцку, па-сялянску, «па-прастому» - за што ні возьмемся?!.

На пярэдняй падводзе (Чайка з Данілам ехалі ў задняй) спачатку шапталіся. Затым усё гучней, усё больш сярдзіта гаварылі аб нечым... А ў канцы вуліцы, на мяжы святла і цемры - тр-р, стой!
– падвода спынілася.

– Вось што, пан камандзір... Тут такая справа... У нас ёсць сваякі ў Баранавічах... Нам трэба памыцца, у парадак сябе прывесці... Пасля дарогі мы не можам у такім выглядзе...

– Я не трымаю нікога, - сказаў Чайка.

Толькі трое засталося на падводзе. Развітацца з нядаўнімі сябрамі яны не пажадалі.

– Камандзіры, ...вашу маць! Паркетныя героі!
– крыкнуў Даніла, калі «героі» аддаліліся ў цемру.

– Гэта вы нейкія бальшавікі!
– агрызнуліся яму.

– Абарванцы!

– Хоць бы лампасы свае чырвоныя спароў!

Трое, што засталіся, усю дарогу сядзелі маўчком, нахохленыя, бы вераб'і. Як ні дапякаў іх Даніла, на дэзерцірах злосць спаганяючы, не адказвалі ні словам. Зрэшты, маўчунамі яны былі і ў афіцэрскай вучэльні, і ў цягніку песень не спявалі, «Жыве Беларусь!» не гарланілі, ды і само слова «Беларусь» ужываць стараліся найрадзей, як бы баючыся зацерці яго ад частага і механічна-тупога паўтарэння, як і папутнае: «Бацькаўшчына-Маці», «Радзіма», «Краіна», «святая барацьба» і таму падобнае пафаснае шалупінне. (Яны стануць аднымі з лепшых афіцэраў брыгады, будуць з ёю да канца, і ўсе трое, як бы сплаціўшы доўг і за таварышаў-дэзерціраў таксама, загінуць: адзін зімою 21-га пры пераходзе Лані, другі ў польскім канцлагеры і трэці на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала.)

– Есці будзеце?
– прапанаваў Даніла.
– Тут жа набралі на цэлую вашу шоблу! І мяса, і сала, і ўсяго - толькі ваюйце!

– Не хочам...

У мястэчка ўязджалі пад раніцу. Было цёмна, і толькі па гадзінніку можна было зразумець, што гэта раніца. «Лодзеўцы» ўсе спалі.

А між тым штось не тое было ў мястэчку! Ціха неяк... Зарыва ад вогнішчаў не відаць над плошчай... Няма дазорных на ўездзе, там, дзе ім належыць быць... І толькі калі праехалі добрых паўвуліцы, з цемры паказаліся людзі.

– Пан капітан? Пачакайце тут.

Сталі падводы. Адзін з вайскоўцаў знік, і даволі доўга яго не было. У цемнаце ціха перагаворваліся людзі і ўздыхалі коні. Але вось вайсковец вярнуўся, і не адзін - з Мірановічам. Чайка пазнаў яго па кашлі і агеньчыку папяросы. Сябар спакойна павітаўся за руку з ім, з Данілам, агледзеў спячых «лодзеўцаў».

– А што іх мала так? Дзе астатнія?

– Сабакам сена косяць, - груба адказаў Даніла, якога і насцярожвала ўсё гэта, і не падабалася.

– Так, пастойце тут трохі. Ты, Павал, мне патрэбен.

Поделиться с друзьями: