Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

Новая Беларусь ХХІ ст – гэта пляцдарм высокаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі – грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гіпэрмаркеты й выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, "сіліконавыя даліны" хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор'ем дае ўнікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фарміраваньнем восі ўласных фінансавых,

тэхналягічных і гандлёвых інтарэсаў. Рэалізацыя надзвычай выгоднага эканоміка-геаграфічнага становішча, плюс кампактная канфігурацыя ўжо існуючай інфраструктуры, плюс распрацоўка ледзь кранутых прыродных рэсурсаў, памножаныя на вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаныя з адвечнай беларускай працавітасьцю – і ўсё наша стоенае багацьце гатова выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам!

Пачатковы інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: апэратыўная распрацоўка адпаведнае заканадаўчае базы; зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных; перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар'яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую; манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру, прывязка яго да эўра (ці даляру), празрыстая прыватызацыя ад дробнага да буйнога; перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгортваньне буйных мытных ды экспартных праектаў. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі пры адпаведнай пастаноўцы пытаньня абернецца на карысьць. Інфармацыйная "раскручанасьць" краіны – патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць "–" на "+", каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое "чорнае дзіркі Эўропы".

Ёсьць толькі адно "але". Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народа няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя падставовыя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Кожны прафэсійны спэц-рэфарматар у курсе, што для грамадзтва як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя ньюмэны раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям у вочы. Без глябальнага духовага апірышча са страшным трэскам правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы, бо унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя зьнешне бліскучыя праекты. Яшчэ раз, гэта вельмі важна: посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх правядзеньне, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духовая атмасфэра ў самім грамадзтве.

І вось яшчэ што: Новай Беларусі патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, інавацыйных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі – "эканомікі абслугоўваньня". Вельмі важна зразумець, наколькі сур'ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкай сьвядомасьці. Гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне – паняцьце, супрацьлеглае саўковаму рабству, дзе за пахлёбку даводзіцца ўкалываць то на ВПК, то на фонд Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня "сэрвіснай эканомікі" – гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне Місіі Служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.

Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня – ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры – і ў Амэрыцы, і ў Эўрапе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі – гэта любоў да бліжняга свайго.

Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, ўсёй душой, усімі сіламі тваімі – і тады любоў да бліжняга стане сутнасьцю

твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог дабраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові – і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркета, і ў сям'і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.

Такім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору "эканоміка служэньня" Беларусі, гасьцінная, з глыбокай культураю дачыненьняў, павінна мець масавае апірышча моцнае хрысьціянскае сьвядомасьці. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Лічыце гэта прароцтвам – але калі будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію – усе цудоўныя мроі аб Беларусі пойдуць прахам.

IV. БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА

Афіцыйная сустрэча зь беларушчынай на першы погляд выглядае ўбога. Вам насустрач выходзіць вясковая дзяўчынка ў абавязковым фальклёрным строі, кланяецца, падаючы хлеб-соль на рушніку, а за кадрам рытуал суправаджаецца няхітрым пераборам цымбалаў з трэльлю жалейкі. Але нават тыповы шаблён нейкімі нязначнымі, інтуітыўнымі дотыкамі абуджае сэрца й чамусьці прымушае яго біцца часта й моцна. Нешта шчымлівае працінае наскрозь – і раптам, у празрыстым адкрыцьці, пачынае крынічыць глыбокая гармонія, уласьцівая геніяльна простай прыгажосьці.

Беларуская культура – найбольш яскравае выяўленьне нацыянальнага ідэалу, пакліканьня, мэнталітэту. Шэдэўры беларускае культуры – паэзія Багдановіча, хіты “Песьняроў”, або раманы Караткевіча – набліжаюць нас да вяршыняў Божага замыслу для Беларусі. Бо культура факусуе ў сабе ўсё паняцьце нацыянальнай адметнасьці.

Ladіes and gentlemen! Дамы и господа! Шаноўнае спадарства!.. Дазвольце прадставіць вам: Беларуская Культура!

Вы яшчэ не знаёмыя?

Для мяне складае вялікае задавальненьне пералічыць толькі некаторыя тытулы гэтае Ўвасобленае Сьціпласьці:

– Першыя сярод усходніх славянаў помнікі пісьменьніцтва – пячатка Ізяслава і надпіс “Гороушна” на смаленскай карчазе.

– Другая, пасьля італійскай, паводле сьпеўнасьці й мяккасьці, мова ў Эўропе – найчысьцейшая са славянскіх.

– Кнігадрукаваньне ВКЛ XVI-XVII стст., калі Беларусь стала адным з сусьветных лідэраў друку.

Адна зь лепшых у Эўропе XVIII - пачатку XIX стст. сыстэма адукацыі, заснаваная езуітамі, піярамі й базыльянамі, зь Віленскім Унівэрсытэтам ды Полацкай Акадэміяй – сыстэма, здольная навучыць правілам шляхетнасьці нават мядзьведзя з-пад Смаргоні.

– Вялікія філаматы й філарэты ХІХ ст.: Міцкевіч, Дамейка, Зан, Чачот .

– Анёлавы постаці віленскага барока, Мірскі замак і Нясвіскі палац, цэрквы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Камаях, Супрасьлі – бастыёны нашай архітэктурнай эўрапейскасьці.

– Найярчэйшыя імёны мадэрнізму ХХ ст. – мастакі Казімір Малевіч ды Васіль Каньдзінскі, філёзаф Мікалай Бярдзяеў (беларус па мацярынскай лініі), кампазітар Ігар Стравінскі.

– Дзяржаўны гімн Польшчы “Марш марш Дамброўскі” й “Яшчэ Польска не згінэла!” Агінскага, гімн Расеі – “Слаўся!” Глінкі, амэрыканскі “God Вless America!” Ірвінга Берліна (Ізі Бейліна з Магілева) – напісаныя ўраджэнцамі Беларусі.

– Беларуская паэтычнасьць, надзвычай масавая й рамантычная.

– Беларуская проза вайны ХХ стагодзьдзя, самая страшная й праўдзівая ў сьвеце: Быкаў, Адамовіч, Брыль, Пташнікаў, Алексіевіч.

– “Песьняры” – родапачынальнікі фольк-року ў СССР, савецкія “Бітлс”, якім насьледавалі “Сябры”, NRM, “Палац”, “Тройца”, “Крыві”...

– Агромністы дыяпазон народнага музычнага фальклёру.

– Нарэшце, цэлая галяктыка супэрзорак – заснавальнікаў іншых вялікіх культураў: Адам Міцкевіч, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Міхал Глінка, Генрык Сянкевіч, Людвік Замэнгаф, Давід Сарноў, Марк Шагал...

Поделиться с друзьями: