Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Інтэрв'ю

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…I вось ужо цёпла дымяцца кубкi, i гаркава-чорны напой схiляе да гутаркi.

— Вельмi дзiўна атрымалася са мною, — усмiхаючыся, пачынае ён. — Шчыра кажучы, я не збiраўся стаць пiсьменнiкам. Але пiсаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пiсаў i вершы i прозу — у асноўным для сябе. Сёе-тое з маёй пiсанiны было змешчана ў школьным рукапiсным часопiсе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзiме нашага любiмага Янкi Купалы. Пешшу дайшлi да Вязынкi. Аб гэтым падарожжы я напiсаў i паслаў жонцы паэта Уладзiславе Францаўне лiст. Яна ўключыла яго ў зборнiк "Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыццi i дзейнасцi паэта". Так з'явiўся мой першы друкаваны твор… У гэтым жа годзе адзiн мой знаёмы папрасiў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы (тады я настаўнiчаў на Украiне), i ён занёс iх у "Вожык" i "Полымя".

З "Вожыка" я атрымаў пiсьмо прыблiзна такога зместу: "Малады чалавек, з Вашым талентам лепш бiць i брукаваць каменне на бруку". Мяне гэта, прызнацца, не вельмi i засмуцiла. А вось у "Полымi" пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з'явiўся мой верш "Машэка", i я падумаў, што ўсё ж нешта змагу рабiць. Пасля паступова пачалi друкаваць мяне i iншыя часопiсы.

— Перш чым пачаць пiсаць, чалавек пачынае чытаць. Цi помнiце першую прачытаную вамі кнiгу?

— Шчыра кажучы, першую кнiгу не помню, таксама як i не помню сябе такога, каб не умеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялiкая бiблiятэка, i я захапляўся мастацкай лiтаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёмiўся паступова з беларускаю, рускаю i ўкраiнскаю лiтаратурамi, пазней — з польскай.

— Зразумела ж, як i ва ўсiх, у вас былi любiмыя аўтары, любімыя творы?

— Што датычыць любiмых твораў, то iх вось так — раз i назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў i багоў. Чытаю кожнага ў залежнасцi ад настрою. Калi ён светлы — то Пушкiна, гнеўны — ранняга Купалу, Багдановiча, Шаўчэнку, калi настрой фiласофскi i грэблiва непрымiрымы да смуроду i пошласцi — проста хоць на дуэль — Лермантава, Гарэцкага i Льва Талстога, роўны — добрыя гiстарычныя раманы Сянкевiча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.

I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывiцца, перад працай, якая патрабуе разлiчанай, завостранай думкi, вельмi люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да iх залiчваю не толькi, скажам, творы Сiмянона i лепшыя раманы Агаты Крысцi, але й роднага па духу Стывенсана. I, калi браць вяршынi, на якiя нават дыхаць цяжка, — "Братоў Карамазавых".

— А ў каго з іх вы вучыліся пісьменніцкай справе?

— У каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, нi ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любвi да чалавека i людзей, людства i жаданню па меры сваiх слабых сiл таксама хоць крышку дапамагчы iм. Хоць бы на адно кароткае iмгненне.

Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: "Смялей. Ты не адзін". З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.

— Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?

— Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся "эстэтыкі пакрэсленага рукапісу". Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ўголас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд, удалую, начыста і намёртва.

— Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?

— Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах, ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы — ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ цікавы ў многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі — можна зрабіць цудоўную мазаіку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа,

выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследаваць, жыць такім самым яскравым, непадобным, страшэнна прыцягальным жыццём.

— А для каго пішаце?

— Для тых, хто любіць і чытае мяне — каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць — каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.

— Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя

— Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую — ну, тады, вядома, дні больш-менш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сёння пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма — то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па вёсках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка — здымаюся. Трэба "пагутарыць" з мядзведзем — гутару. Трэба бервяно абчасаць — умею.

— Карыстаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?

— Абсалютна нічога.

— А што не падабаецца?

— Вы што, допыт мне ўчыняеце? — з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ён. — А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі… І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады і ўчора адносна бяспечнае месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам, ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я, урэшце, адказваў толькі за самога сябе. Сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.

— А калі паставіць пытанне так: ці знаёма вам пачуццё творчай няўпэўненасці?

— Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю, аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую — і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.

— Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор "Зброя" аповесцю? Ці не з'яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана "Каласы пад сярпом тваім": галоўныя ж героі адны і тыя ж?

— Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.

— Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?

— Толькі так. У нас, у Прыдняпроўі, норавы заўсёды былі і ёсць такія: калі гулянне — стаў апошні рубель, калі просіш — то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь — яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.

Поделиться с друзьями: