Інтэрв'ю
Шрифт:
— Названыя творы далёка не вычэрпваюць дыяпазон вашай творчасці. Вы пішаце эсэ, п'есы, кінасцэнарыі. Як вы лічыце, ці можа пісьменнік дабіцца аднолькавага поспеху ва ўсіх відах творчасці?
— Усё залежыць ад асобы аўтара. Возьмем два прыклады з мінулага. Мала вядомы сёння чытачам Гусеў-Арэнбургскі пісаў пераважна прозу, паказваў у ёй часцей за ўсё быт духавенства. А вось, скажам, Пушкін дабіўся аднолькавага поспеху ў вершах і ў прозе, у крытыцы і ў гістарычных хроніках… Кожнаму дадзен свой дыяпазон. А вось ці зможа пісьменнік зрабіць што-небудзь значнае ва ўсіх напрамках сваёй творчасці — гэта залежыць ад таленту і ад лёсу.
— Вашы творы — яшчэ адно сведчанне невычэрпных магчымасцей беларускай мовы. Але як з'яўляюцца
— А чаму мы павінны забываць старыя карані? Я маю на ўвазе стараславянскую мову. Менавіта там бяруць пачатак рускае слова "повесть", беларускае "апавяданне" і ўкраінскае "розповідзь". Мова — гэта жывы арганізм. З гэтай прычыны ні адзін слоўнік не можа быць вычарпальным. Тлумачальны слоўнік Даля — адзін з найбольш поўных. Але колькі слоў прыбавілася з часу яго выдання, колькі зышло ў нябыт і, магчыма, зноў увойдзе ва ўжытак! Ніякі слоўнік не вычарпае слоўнікавага запасу жывой мовы. Але да гэтага трэба імкнуцца.
— Вы неахвотна дзеліцеся сваімі творчымі планамі. А як нараджаюцца задумы будучых твораў?
— Гэта можа быць кімсьці сказанае слова, цікавая ідэя, пейзаж. Нават пах. Я асабіста лічу, што "Антонаўскія яблікі" Бунін мог напісаць толькі пад уражаннем водару антонавак у скрынцы яго пісьмовага стала. Гэты пах выклікаў няяснае адчуване, успамін. З усяго гэтага, разам узятага, нарадзілася апавяданне. Часам задума прыходзіць па асацыяцыі. Старажытныя асірыяне, напрыклад, лічылі, што розум у чалавека змяшчаецца не ў мозгу, а ў вушах. Таму герояў і цароў яны паказвалі з вялікімі вушамі. Можна сабе, напрыклад, уявіць прыдворнага блюдаліза пры асірыйскім царскім двары, які ўсё жыццё гаварыў глупствы, лесціў цара, а яго лічылі вельмі разумным. Але аднойчы, сам гэтага не жадаючы, ён выказаў разумную думку, і яго пакаралі — адрэзалі вушы. У разуменні цара і асірыйскага грамадства ён стаў дунем. А на самай справе толькі цяпер, паспытаўшы гарачага, ён і стаў разумным. Такая асацыяцыя можа стаць сюжэтам іранічнага апавядання, апавядання-пародыі. Не выключае асацыяцыя і лірыку.
— Уладзімір Сямёнавіч, якім вы ўяўляеце сабе чытача сваіх твораў?
— Чытача перш за ўсё добрага сэрцам, разумнага, сумленнага, які любіць сваю Айчыну, гуманнага. Выходзіць, пераважна ідэальнага. І кожны пісьменнік, які піша ў разліку на такога чытача, павінен старацца, каб кожны яго чытач у рэшце рэшт (хай не сёння і не заўтра) стаў такім.
Гутарыла А. Губіч.
Самая цікавая навука — жыццё
У якім узросце Вы адчулі патрэбу пісаць? Што з’явілася стымулам для гэтага?
У. К. Вельмі рана. Чытаць пачаў у тры з паловай гады (можа, нават крыху раней, так што не помню, як вучыўся гэтаму), чытаць лацінкаю і пісаць — крыху пазней (кепска — чытаў лацінкаю таксама ў тры з паловаю). Вершы спачатку голасам гаварыў і напяваў, а пасля на паперы пісаў, — год з шасці. Пасля апавяданні прабаваў пісаць і нават “міні-п’есы”. Сам іх ілюстраваў. Стымул пісання? Сам не ведаю. Можа, процьма добрых кніг вакол і жаданне паспрабаваць і самому, няхай сабе і слабей. Можа, тое, што ў сям’і (і сваякі таксама) не брахалі, але фантазіраваць любілі і ўмелі, падтрымлівалі пахвалой добрую, вясёлую і вынаходлівую выдумку і ніколі з яе не смяяліся, хоць бы і зусім малы прыдумаў.
Якім Вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Што з уражанняў дзяцінства, на Вашу думку, найбольш спрыяла развіццю таленту? Якія творы народнай творчасці найбольш падабаліся Вам? Кім Вы хацелі быць у дзяцінстве, у падлеткавым узросце? Любімыя гульні, заняткі? Любімыя ў дзяцінстве кнігі? Калі Вы пачалі цікавіцца гісторыяй наогул і гісторыяй Беларусі, у прыватнасці? Што ў з’явах прыроды найбольш цікавіла Вас?
У. К. Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі — дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі).
Ну і рос, як усе. З іхняй бясконцай цікавасцю да ўсіх з’яў і праяў жыцця. З прынцыпам, які і зараз ува мне не выветрыўся: “гэта цікава: а значыць я павінен гэта ведаць” (не датычыцца асабістых сакрэтаў людзей: гэтым у нас усе грэбавалі), “нехта ўмее — значыць магу і я”.
Нехта плавае, скача ў ваду, ловіць змей дзеля яду, баброў, умее лазіць па скалах — значыць і я магу. І павінен гэта рабіць добра, бо дрэнна нешта рабіць сорамна.
Народныя творы падабаліся ўсе — ад лірычных да грубых.
Быць хацеў ледзь не ўсім на свеце (за выключэннем, можа, вучонага-матэматыка), і сапраўды многае ўмею.
Любіў, што і ўсе дзеці, падлеткі, юнакі, што любіў, тое рабіў добра, а што не любіў — і кіем нельга было прымусіць рабіць гэта. Ніхто і не прымушаў. Фізічнае ўздзеянне ў нас выключалася. Хіба што шлепака аднаго гады ў рады дадуць.
Гісторыя была вакол, і таму цікавіўся ёй з самага ранняга ўзросту. І гісторыя Беларусі была цікавей за ўсё, бо побач (а кніг на гэту тэму было шмат). З’явы прыроды і зараз для мяне цікавей за іншыя кнігі. Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-“жывёлагадоўцамі” (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны — Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.
І ўсе з’явы прыроды захапляюць. Дагэтуль.
Для Вашай кнігі “Зямля пад белымі крыламі” і наогул для ўсёй Вашай творчасці неабходны самыя разнастайныя веды пра Беларусь. Што Вам дала самаадукацыя? Якія навукі найбольш цікавяць?
У. К. Веды пра Беларусь і прынесла пераважна самаадукацыя, назіральнасць, цікаўнасць. Мала месцаў, якія не выхадзіў бы ўласнымі нагамі.
Навукі цікавяць усе. Дакладныя — менш. А больш за ўсё самая цікавая навука — жыццё.
Якія мясціны Беларусі Вы найбольш любіце і ведаеце?
У. К. Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш — Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… А ўсе ведаю і ўсе люблю. І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё — мора.
І іншыя краіны люблю. І нават калі ў нейкай не бываў — почасту ведаю яе літаратуру, геаграфію, гісторыю лепей за некаторых тамтэйшых ураджэнцаў. Ведаць — гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець — другое. А ведаць і ўмець — гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць.
Дзе Вам найлепш працуецца: у горадзе, вёсцы, доме творчасці і г.д. Ці любіце Вы сам працэс пісьма? Чым пішаце ці друкуеце на машынцы? Ці любіце свой рабочы стол, кабінет? Калі можна, апішыце іх. У які час дня Вам найлепш працуецца? Пішаце кожны дзень? Па колькі гадзін?
У. К. Найлепш працуецца ў тым месцы, якое дае настрой для працы. Таўталогія, але так. На гары ў адрыне, у хаце на вёсцы, у купэ, у кватэры ў сябе за сталом. Паўсюль, калі ёсць настрой жыць і паўната гэтага жыцця.