Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Інтэрв'ю

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Я як Вы ставіцеся да папулярнасці, да шырокага чытацкага прызнання?

— Да фанфарна-барабаннага — ніяк. Хоць бы яго і не было. А вось калі адчуваеш сапраўдную павагу да таго, што ты кажаш, няхай сабе ў чымсьці і не згаджаюцца, — гэта заўсёды радуе і хвалюе. Скажу вам па сакрэце: усё-такі прыемна, калі зойдзеш у бібліятэку і жартам спытаеш сваю кнігу, а бібліятэкарка разводзіць рукамі: "Прабачце, два месяцы як апошні экземпляр сцягнулі…" Або калі выпадкова сустрэнешся з выпадковым чалавекам, які выпадкова тваё штосьці чытаў і нават выпадкова запомніў тваё прозвішча… Слова за слова, глядзіш — разгарэлася спрэчка,

а там — нехта некага і на лапаткі паклаў. Вось гэта мне падабаецца.

— Літаратурная прэмія, якую Вам прысудзілі, носіць імя Івана Паўлавіча Мележа і гэта, мабыць, выклікае нейкія асаблівыя думкі, пачуцці…

— Я люблю Мележа. І як чалавека, і як пісьменніка. У шмат якіх пытаннях літаратуры, мастацтва наогул, хочацца верыць, мы былі аднадумцамі, хоць і здараліся гарачыя мужчынскія спрэчкі. Аднак не помню ў нашых адносінах адчужанасці, няшчырасці і за гэта ўдзячны лёсу. І таму прысуджэнне гэтай літаратурнай прэміі — для мяне з'ява вельмі асабістая і радасць мая замешана на жнівеньскай журбе…

— А якім Вам бачыцца звяно Мележа ў беларускай літаратуры, наогул у нашай нацыянальнай культуры?

— Як і шмат каму — залатым. Ніколі не забуду тое непараўнанае ўражанне, якое зрабілі на мяне "Людзі на балоце". Гэта было падобна на выбух бомбы. Жывыя людзі. Жывыя стрэхі на хатах. Жывое балота навокал. ПАЛЕССЕ. Вельмі хацелася б пісаць так густа, так глыбока, як напісаны гэты раман, як напісаны лепшыя старонкі іншых мележаўскіх кніг. Цяпер да гэтага яшчэ абавязвае і прысуджаная прэмія яго імя.

— У чым, на Вашу думку, думку аўтара, сакрэт такога шчаслівага вяртання рамана "Нельга забыць" да шырокага чытача?

— Твор гэты — шматпланавы, у пэўнай меры экперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза — з паэзіяй, лірыка — з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, ды й цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын таго, што раман чытаецца… Адна з прычын — але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…

І апошняе, традыцыйнае пытанне: над чым Вы цяпер працуеце?

— У выдавецтве "Беларусь" рыхтуецца да друку вялікі альбом, прысвечаны надзвычай цікаваму старажытнаму гораду — Мсціславу. Гэта радзіма мае маці, а значыць — і мая радзіма. Напісаў да гэтага выдання невялікі ўступ, які апошнімі днямі дашліфоўваю. Што атрымаляся — найперш меркаваць чытачу.

Гутарыў У. Ягоўдзік.

Нельга не быць гісторыкам

— Уладзімір Сямёнавіч, свой шлях у вялікую літаратуру вы пачыналі як паэт. Успомнім зборнікі вершаў "Матчына душа", "Мая Іліяда". Гэта былі пошукі свайго "я" ці нейкі неабходны этап, праз які прайшлі многія пісьменнікі?

— З вершаў пачынаюць многія. І толькі ў рэдкім выпадку чалавек пачынае з прозы, а потым прыходзіць да вершаў. Як, напрыклад, Міхась Стральцоў (хоць і гэта я не магу сцвярджаць з абсалютнай дакладнасцю). А магчыма ён пачынаў з вершаў, ды я гэтага не ведаю. Пісаць вершы ў пэўным сэнсе прасцей. Прозу наўрад ці пачне пісаць трохгадовае дзіця, але яно зможа напець верш пад які-небудзь рытм. Дастаткова ўспомніць кнігу

Карнея Чукоўскага "Ад 2 да 5".

І літаратура пачыналася, мабыць, з верша — з магічнага заклінання. Нават у першых легендах, паданнях існавалі ўзоры рытмікі. Эпас усіх народаў — не што іншае, як паэзія. Хоць у ім сустракаюцца празаічныя ўстаноўкі, калі гаворыцца аб заведама празаічных рэчах.

Зрэшты, маім літаратурным дэбютам былі дарожныя запіскі "Вязынка", змешчаныя ў зборніку "Янка Купала", які выйшаў у 1952 годзе. Гэта была ў нейкай ступені выпадковая з'ява. Вершы я не пакідаю пісаць і цяпер, хоць аддаю гэтаму менш часу. Але выданне яшчэ аднаго-двух зборнікаў лічу магчымым.

— У адным з артыкулаў, прысвечаных вашай творчасці, указвалася, што "малады паэт празмерна захапляецца гістарычнай тэматыкай". З той пары прайшло дваццаць гадоў. Ваша імя чытачы звязваюць сёння ў першую чаргу з такімі творамі, як "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Чым вы растлумачыце такую цікавасць да гістарычнай тэматыкі?

— Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: "Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз".

Гісторыя — метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы.

У рабоце над кнігамі на гістарычную тэму шмат часу прыходзіцца праводзіць у архівах і бібліятэках. Акрамя таго, багаты матэрыял даюць вусныя легенды, якія часта пацвярджаюцца затым дакументамі. Так было з маім "Паромам на бурнай рацэ". Яго змест — гэта пралог майго рамана "Нельга забыць". Размова ў ім ідзе аб паўстанні 1863 года ў Прыдняпроўі і пакаранні смерцю кіраўніка паўстанцаў Тумаша Грыневіча. Я лічыў, што гэта ўпрыгожанае мясцовае паданне. А пазней у Кракаве былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць рэальнасць тых падзей. Іх драматызм і асабістая зацікаўленасць прыцягнулі маю ўвагу да гэтай яркай старонкі ў гісторыі нашай беларускай зямлі.

— Шмат розных водгукаў выклікаў ваш раман "Нельга забыць", надрукаваны ў часопісе "Полымя" за 1965 год. Якое месца ў сваёй творчасці адводзіце вы гэтаму раману?

— Гэты раман быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" ў скарочаным выглядзе. Асобнай кнігай на беларускай мове ён пакуль не выйшаў. Сапраўдная яго назва "Леаніды не вернуцца да Зямлі". Пад такой назвай ён і быў выдадзены на чэшскай мове ў 1975 годзе. Выйдзе раман і на беларускай мове. А пакуль гэтага не здарылася, меркаваць аб яго значэнні цяжка.

— Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму па той ці іншай прычыне…

— Я назаву тры такія творы: "Каласы пад сярпом тваім", "Чазенія" і "Ладдзя роспачы". Раман "Каласы пад сярпом тваім" закранае тую яркую старонку беларускай гісторыі, аб якой мы ўжо гаварылі. Пачынаўся ён з прыдняпроўскіх легенд і паданняў, з паэтычнай і вельмі прыгожай прыроды — ад Рагачова да Оршы. Метафарычны вобраз, закладзены ў назве кнігі, навеян выглядам падмытай грушы на беразе Дняпра ў вёсцы Азярышча. Аповесць "Чазенія" дарагая мне як успамін аб цудоўных месцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. "Ладдзя роспачы", па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.

Поделиться с друзьями: