Інтэрв'ю
Шрифт:
Летась у серыі "Бібліятэка беларускай прозы" выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча "З вякоў мінулых". Край і людзі — вось фон, на якім адбываюцца падзеі. Пісьменнік узнаўляе старонкі гісторыі беларускага народа, паказвае дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў і веру ў святую свабоду, іх высакароднасць і душэўную прыгажосць.
Агульную цікавасць выклікала нядаўняя работа пісьменніка — эсэ "Зямля пад белымі крыламі".
— Дарэчы, як з'явілася гэтая кніга?
— Адной з прычын з'яўлення кніжкі было жаданне сказаць пра нацыю, грамадства, якое не нівеліруецца
— Калі Вы пісалі "Зямлю пад белымі крыламі", ці існавалі падобныя творы ў іншых рэспубліках?
— Украінскія выдаўцы прапанавалі напісаць мне кніжку пра Беларусь. Такую сабе "малую" мастацкую энцыклапедыю аб ёй. Мы не мелі падобных кніг пра Беларусь. Але была зроблена такая справа ў Літве, Арменіі, Казахстане — выдадзены мастацкія эсэ-даведнікі пра гэтыя рэспублікі. Як пайшла справа ў іншых рэспубліках далей, я проста не ведаю. У "Зямлі пад белымі крыламі" спалучыліся літаратура і фальклор, этнаграфія і архітэктура, гісторыя нашага народа і яго сучаснае жыццё.
— Уладзімір Сямёнавіч, вы любіце падарожнічаць па Беларусі, па ўсёй нашай вялікай краіне. Дзе вы былі нядаўна і куды збіраецеся неўзабаве?
— Быў у горным і стэпавым Крыме, ва Узбекістане, Таджыкістане — вельмі цікава, у Гагры, Піцундзе, Вільнюсе, Дзукіі. Збіраюся на Дняпро, на Рагачоўшчыну, адкуль вядуцца мае продкі. А наогул, вазьміце ў Беларусі любы куток, не памыліцеся, калі скажаце, што я там быў. Падарожжа па родным краі ніколі не надакучыць, бо старое ўбачыш новым. Цягне да Чорнага мора, да рыбакоў. Удзельнічаў у экспедыцыі па старых помніках. Шукалі месца для музея. Намаганнямі многіх людзей адкрылі музей старажытнага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З'ездзіў у Чэхаславакію, дзе я неаднойчы бываў і дзе ў мяне ёсць добрыя сябры. Дарэчы, зараз пераклаў са славацкай мовы кніжку прозы для дзяцей.
У кабінеце пісьменніка на паліцах ляжаць, здаецца, сувеніры. Але не, гэта не звычайныя сувеніры, усе рэчы — дарожныя знаходкі. Іх яднае хараство, зробленае чалавечымі рукамі, - ці то будзе разьба па дрэву, ці даўні саматканы пояс, якому больш за два стагоддзі, ці сялянская гліняная цацка. І міжвольна здзіўляешся, як Уладзіміру Сямёнавічу ўдаецца
так многа падарожнічаць і адначасова шмат пісаць, дарыць чытачу высокамастацкія творы. Вось і зараз на старонках часопіса "Маладосць" друкуецца новы раман "Чорны замак Альшанскі".— Па форме гэта дэтэктыў. Але дэтэктыў псіхалагічны.
У ім пісьменнік вельмі ўдала спалучае мінулае і сучаснасць, культуру народа і яго гісторыю, псіхалагічны аналіз і займальнасць. Часопіс, як і кожную кнігу Уладзіміра Караткевіча, адразу раскупілі чытачы.
Без перабольшвання можна сказаць, што Уладзімір Караткевіч — адзін з найбольш чытаемых аўтараў не толькі ў Беларусі, а і ў Савецкім Саюзе. Аднойчы маскоўскае выдавецтва "Молодая гвардия" падводзіла вынікі года на падставе апытання саміх чытачоў. Найбольшую колькасць пісем выклікалі творы беларускага пісьменніка Караткевіча.
У Польшчы выйшаў зборнік апавяданняў У. Караткевіча "Блакіт і золата дня" (1976), у Чэхаславакіі ў 1972 годзе — аповесць "Каралеўская помста" ("Дзікае паляванне караля Стаха"), раманы "Леаніды не вернуцца" (1976), "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1979). Яго творы перакладаліся на англійскую, балгарскую і іншыя мовы свету.
У заключэнне гутаркі я спытала, над чым зараз працуе пісьменнік.
— Увогуле, загадзя гаварыць пра гэта не прынята, каб часам не сурочыць. Але задум шмат. Трэба напісаць "кнігу вандраванняў" аб розных дзівосах, якія мне давялося бачыць у жыцці, скончыць яшчэ пару псіхалагічных дэтэктываў. І, вядома, час ужо канчаць "Каласы пад сярпом тваім". Падрабязна гаварыць пра гэта рана.
У аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе "Пра час і пра сябе", Уладзімір Караткевіч пісаў: "Калі б мне ўдалося пасля "Каласоў" напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я лічыў бы, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца".
Пісьменнік знаходзіцца ў росквіце творчых сіл. І чытачы з нецярплівасцю чакаюць яго новых публікацый, каб мець асалоду ад вострага сюжэта, моўных багаццяў, арыгінальнасці мыслення, а галоўнае — ад шчырай улюбёнасці ў свой край. Усё гэта якасці, якія робяць адметнай і запамінальнай творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Аўтар матэрыялу — Г. Якаўлева.
Спадабалася і запомнілася
— "Зорку Венеру" Юрыя Семянякі ў пастаноўцы нашага тэатра оперы і балета глядзеў аж два разы. Першы раз — адзін. Другі — з маці. Перакананы, што гэта пачатак чагосьці вельмі цікавага ў беларускім оперным мастацтве. Выключна ўдалая работа мастака. Харошыя Вераніка, Багдановіч, лірнік. Лічу, што пяток такіх спектакляў — і тэатр будзе мець свой нацыянальны рэпертуар.
Адказ на навагоднюю анкету газеты.