Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:

Яна сказала, што на канапе ёсць ватная коўдра i падушкi, i спытала, цi не дастаць яму яшчэ адну коўдру.

– Не. Iдзiце спаць, - стомлена паўтарыў ён.
– Мне нiчога не трэба.

Ён адразу ж заснуў, i змарыла яго не проста стома, а гора. Ранiцай ён склаў коўдру i пайшоў, калi яшчэ ўсе спалi. Яму не хацелася сустракацца з мiсiс Бэртан альбо з кiм-небудзь з яе пяцi дзяцей, якiя не стрымлiвалiся ў праяўленнi сваiх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушнiну; ён пайшоў у хлеў i ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку i блок, якiмi Джэк падымаў туды летам свiныя скуры.

Было яшчэ рана, i Рой пайшоў па полi да дарогi, так i не ведаючы, куды яму зараз iсцi. Сент-Элен быў

для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцiрства Сэма пазбавiла яго ўсялякай мужнасцi. Ён глядзеў на блiскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазiлi з-пад снегу, назiраў за першымi чародкамi шпакоў, за вераб'ямi, якiя мiтусiлiся па полi. Ён прайшоў мiма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсiм Сент-Элене. Зараз i ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннiм часам, i вада, якая збiралася з лесу i пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.

– Хэло, Рой!
– паклiкаў яго нехта з грузавiка, што ехаў па дарозе.

Рой памахаў рукой.

– Вас падвезцi?

Рой не помнiў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта iншы з гарадской моладзi. Рой не пазнаваў яго.

– Не, - сказаў ён.
– Мне недалёка.

Грузавiк паехаў, а Рой усё iшоў па дарозе, не ведаючы куды. Калi выйшаў за межы горада, ён трапiў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогi цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу - iсцi, iсцi ўсё наперад i наперад, пакiдаючы тут усе цяжкасцi. Ён ведаў, што гэта прыкладна тое ж, што дванаццаць гадоў таму зрабiў Эндзi Эндрус: стаў на дарогу i пайшоў куды вочы глядзелi. А чаму i не? Рой усё iшоў, але ведаў, што iдзе нiкуды. Ён iшоў па дарозе, бо яму не было больш чаго рабiць, а калi сонца ўзышло i дарога стала дымiцца, ён павярнуўся i пайшоў назад у Сент-Элен.

Было толькi адно месца, дзе ён мог з'явiцца, i ён пайшоў туды. Апоўднi Рой быў ужо такi п'яны, што не мог вылезцi з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на палiцы з надпiсам: "Мука i бабовыя", - часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцiнай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карцiна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, якi заклiкаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку iхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карцiны, але агульнае ўражанне ў яго было, i галава паслужлiва дапаўняла дэталi, якiх не хапала.

– Моцна трымаецца за сваё, - паўтарыў ён.
– Моцна трымаецца стары гарадок.

– Чаму ты не iдзеш дамоў?
– пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня.
– Iдзi, Рой. Iдзi дамоў.

– У мяне няма дома, - адказаў Рой.
– Няма ў мяне хаты.

– Дык iдзi да Джэка Бэртана.

– Джэк пайшоў!
– закрычаў ён.
– Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкi.

Амерыканец адчапiўся, i Рой усю ноч праспаў на палiцы. Ён прачнуўся толькi раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць i iсцi да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая iнстынктыўная абачлiвасць затрымала яго.

Ранкам Скоцi i Самсон знайшлi яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукiшках, падставiўшы галаву пад промнi яркага сакавiцкага сонца.

– Вось дзе ён, наш знакамiты звералоў!
– сказаў Самсон.

– Мы шукалi цябе, - сказаў Скоцi.
– Калi ты прыйшоў у горад?

Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланiць вочы, якiя ён падняў на Скоцi. Шапкi не было.

– Я вярнуўся нядаўна, - сказаў ён.

– Ну што ж, якраз своечасова, - сказаў Скоцi, стройны i чысценькi, у гарадскiм пiнжаку i свежаадпрасаваных габардзiнавых штанах.
– Нас усiх склiкае iнспектар.

– Каго склiкае?
– спытаў Рой i, нарэшце, устаў.

– Усю кампанiю, - патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада i валасы былi падпраўлены, i ён стаяў выпрастаны на ўвесь

свой вялiзны рост, i яго чырванашчокi здаровы твар ажно свяцiўся.
– Гэты iнспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.

– Прыяцель-iнспектар!
– сказаў Рой i насупiўся.
– Не хачу бачыць iнспектара! Прыяцеля-iнспектара!
– крычаў ён.
– Прыяцель-iнспектар!

– Пайшлi, Рой. Калi ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.

– Што ён хоча?
– спытаў Рой.

– Не ведаю, - сказаў Скоцi, - ён выклiкаў сёння ўсiх трапераў Муск-о-гi. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсцi самому i паглядзець. Якi сэнс хавацца?

Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасцi, нейкаму завяршэнню.

– Дзе мая шапка?
– сказаў ён.
– Дзе яна, Самсон?

Самсон знайшоў яе ў бары i нацягнуў Рою на галаву. Iшлi моўчкi. Рою не было што гаварыць, Скоцi быў надта засмучаны выглядам Роя i яго бедамi. Час ад часу Самсон пазiраў на Скоцi, круцiў галавой i некалькi разоў падтрымлiваў Роя, калi той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы iнспектара, Рой спынiўся ля снежнай гурбы i пацёр мокрым снегам твар i рэдкiя валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысцiў з каленяў гразь, але, калi яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзiлi да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.

У маленькай канторы iнспектара ўжо сабралiся iншыя дзесяць трапераў Муск-о-гi. Са з'яўленнем Роя, Скоцi i Самсона ў зборы былi ўсе трынаццаць. Тут былi людзi, якiх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавiлi ў Муск-о-гi амаль побач. Усе даўнiя сябры, якiя вiталi адзiн аднаго грубаватымi жартамi сапраўдных лесавiкоў.

– Хэло, Рой, - казалi яны.
– Вось ён, граза калiфарнiйскiх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!

Нiхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, i некаторыя не глядзелi на яго: яны ўжо ведалi пра Сэма. Яны ведалi пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ нi з кiм не гаварыў пра дэзерцiрства брата, i нiхто з iх не пачынаў гэтай гаворкi; нiхто не хацеў быць надакучлiвым. "Ну як, яшчэ не злавiў ён цябе, Рой?", - звыкла гаварылi яны, ведаючы, што Рой любiць, калi яму нагадваюць пра паядынак з iнспектарам.

Рой адказваў усiм, але ў яго жартах не было запалу, i ён быў задаволены, калi яго пакiнулi ў спакоi ў кутку побач з Iндзейцам Бобам.

– У цябе ўсё нармальна, Рой?
– спытаў iндзеец.

Рой кiўнуў.

– Нармальна, Боб, - сказаў ён.
– Як у бабра на плацiне!

Больш яны не размаўлялi, чакаючы з'яўлення iнспектара.

Разам з грузнай фiгурай iнспектара ў пакоi з'явiўся яшчэ адзiн камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк - той заолаг, якi быў у Роя на пачатку зiмы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукi, абяцала рашучыя меры.

– Пакуль пачаць пра справу, - сказаў iнспектар, уважлiва, амаль з асуджэннем пазiраючы ў iхнiя твары, - я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымi Калядамi нехта з вас распачаў паляванне ў заказнiку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, i я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавiў вiнаватага.
– Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамi, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапiць вiнаватага.
– Аднаго з браканьераў мы злавiлi, таго, за кiм сачылi. Гэта Джэк Сэнбi з Шасцi Рэк. Ён паляваў у заказнiку, як у сябе дома. Але ў пагонi за iм мы напаролiся яшчэ на цэлую кампанiю. Iх было два цi тры чалавекi, i мне здаецца, што сярод iх Мэрэй i Сен-Клэр. Хто быў трэцi - я яшчэ не ведаю. Толькi ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гi з вялiкай ношай незаконнай пушнiны. Дык вось, калi я знайду гэтую пушнiну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмi не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапiў у бяду, асаблiва зараз. Але калi я злаўлю яго, не будзе нiякага патурання i нiякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы - гэта адно, але рабаваць заказнiк - гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта нi быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!

Поделиться с друзьями: