Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

Абышоўшы строй, ён выйшаў на сярэдзіну залы і пачаў гаварыць. Казаў нягучна, ціхім хрыплаватым голасам і, стоячы за пяць крокаў ад Ступака, здаўся яму зусім не маладым, хутчэй пажылым і стамлёным. А гаварыў пра тое, што дужа спадзяецца на сваю службу бясьпекі, да якой яны маюць гонар належаць, што яна - галоўная яго апора, для іх ён не пашкадуе нічога і будзе клапаціцца пра кожнага як родны бацька. Калі ў каго ёсьць якая патрэба, хай ідзе проста да яго і расказвае, - ён зробіць усё. Бо ён іх усіх любіць, як бацька любіць сыноў, што ў яго болей нікога няма, апроч іх, хлопцаў бясьпекі, ды яшчэ народу, які яго абраў на самы высокі пост. Што народ - галоўны ягоны клопат і галоўная любоў, асабліва такі народ, як наш, які вечна гаруе ў нэндзе, пакутуе праз усю гісторыю, што тое ён ведае як прафесіянал-гісторык. Што гэты народ заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую яму нарыхтавалі здраднікі-нацыяналісты, усе гэтыя пазьнякі, шарэцкія ды карпенкі, якія даўно запрадаліся ЦРУ ды іншым замежным сьпецслужбам і цяпер распрацоўваюць самыя хітравумныя планы, каб фізічна зьнішчыць яго і пакінуць сіратой любы беларускі народ. Таму вялікія

спадзяванкі на іх - гонар ягонай бясьпекі, у руках якой ягонае жыцьцё і будучыня народу.

Ступак за жыцьцё нямала ўжо пераслухаў розных агітатараў-прапагандыстаў, у тым ліку і ў войску, і ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, заўжды слухаў хіба адным вухам. Не хацелася верыць і гэтаму. Але нейкая ўпартая сіла памалу памалу, усё ж дзейнічала на ягоную сьвядомасьць; напор і шчырасьць разважаньняў пачалі даходзіць да яго разуменьня. Найперш неяк бы міжволі само сабой хацелася ў тое паверыць. Так шчыра было ўсё сказана, што зьявілася спагадлівая думка: сапраўды, як нялёгка быць кіраўніком такога маштабу, як небясьпечна і адказна.

З гэткаю думкай-пачуцьцём Ступак і стаяў у страі, трошкі нібы задумаўшыся, як пачуў, што прамова перайшла на афганскую тэму, і аж скалануўся, як той, пазіраючы ў ягоны бок, прамовіў:

– Вон пусть скажет Саша Ступак, он участник, отмеченный наградами. Он на своих плечах вынес груз дружбы с братским афганским народом…

Пачуцьцё зьдзіўленьня кальнула Ступака - глядзі ты, ён ведае! Ведае пра Афган, нават называе яго па імені, чаго ў Ступака не здаралася нават у войску, нават у Афгане. Незвычайны, дзівосны чалавек, сумеўшыся, думаў Ступак. Не сказаць, аднак, каб тыя цёплыя словы ўзрадавалі яго, - зьбянтэжылі, гэта дакладна. I ён, задуменны, пайшоў у курылку, калі ўсё скончылася і строй распусьцілі. Ён нічога ня мог нікому сказаць пра сваё ўражаньне ад той сустрэчы, ды тут і ніхто не гаварыў пра яе нічога, усе зацята маўчалі, толькі пільней прыглядваліся адзін да аднаго, нібы выпрабоўваючы: ну што? Ну як? То былі толькі маўклівыя пытаньні без адказаў.

Нечакана надышоў момант, пра які Ступак столькі перадумаў калісьці, да якога ўвесь час міжволі рыхтаваўся. Здарылася, як і шмат што ў ягоным жыцьці, нечакана, зьнянацку, самым брутальным чынам.

Уранку, яшчэ да сьняданку, пад іхнюю лясную дамоўку падкацілі адразу тры чорныя «Ландроверы», у якія порстка, бы мышы ў норы, шаснулі іх стракатыя постаці з новенькімі, яшчэ пахучымі ад змазкі «Узі». Пад камандай незнаёмага падпалкоўніка ў скураным паліто хутка пад’ехалі да прахадной нумарнога заводу на гарадской ускраіне, які нядаўна яшчэ быў «паштоваю скрынкай»; адразу заехалі ў двор і выгрузіліся ля будынку заводакіраўніцтва. Тут жыва разьбегліся двума шэрагамі ўпоперак прыступак, утварыўшы нешырокі, але і ня вузкі калідор да дзьвярэй, і застылі. Іншыя, што прыехалі раней, былі ўжо ўнутры. Усе маўчалі, аднак Ступаку стала зразумела, што яны забясьпечвалі прыезд самога. Ступак вольна стаяў на другой аднізу прыступцы і думаў, што тое самае, што валодала ім гэтулькі часу, здаецца, урэшце наблізілася ўшчыльную. Урэшце ён дачакаўся магчымасьці, пра якую столькі перадумаў, да якой імкнуўся. Ражок аўтамата быў поўны патронаў, аўтамат на грудзях у поўнай гатоўнасьці. Не хапала хіба апошняй кропкі рашучасьці. Але чаму? Хіба што-небудзь было ім няўцямлена, ці што зьявілася новае?

Нешта ўсё ж ён не пасьпеў дадумаць, каб канчаткова наважыцца, як да прыступкаў нечакана падляцеў адзін міліцэйскі «Мерседэс» з мігалкай, за ім другі такі ж самы. З іх борздка павыскоквалі людзі ў масках, разьбегліся непадалёк па завадскім навакольлі. Тады падкаціў і трэці аўтамабіль, грузны, мабыць, браніраваны «Кадзілак», з якога праз паслужліва расчыненыя дзьверы лёгка выскачыў ён. На гэты раз ён быў у цёмным, добра адпрасаваным гарнітуры, пры даўгім, да пупа, гальштуку; хуткім, амаль драпежным позіркам кінуў у адзін бок, у другі, мусіць, каб упэўніцца, што варта на месцы і ягоная ахова забясьпечаная. Ягоны цьвёрды, уладарны твар цяпер нёс няскрушную злую суровасьць. Тым самым прыдзірлівым позіркам ён акінуў абмерлую варту і, здалося, нібы спатыкнуўся на гэткай жа, як і ў яго, вусатай фізіяноміі Ступака. Ступак незнарок варухнуў кароценькай руляю аўтамату, міжволі скіроўваючы яе ўбок. Тады ж трывожна тузануліся ля пераносься русявыя бровы, але болей - нічога. Ступак абмёр, а той спружыніста скочыў цераз дзьве прыступкі вышэй і ўмомант апынуўся ля высокіх дзьвярэй, дзе яго чакала невялікая група ў цывільным і ў масках. Яны ўсе разам схаваліся ў памяшканьні. Ступак расслабіў свае напятыя мускулы і выдыхнуў.

Два шэрагі яшчэ працягвалі стаяць на прыступках, але ранейшае напружаньне мінулася, можна было разьняволіцца. Штосьці было не зразумела Ступаку, - чагось нават крыўдна, ды ён ня мог разабрацца, чаму? Можа, за сваё ранейшае, перажытое, а можа - за сёньняшняе - таго ён зразумець ня мог. Адно было пэўна - кілер з яго пакуль што не атрымаўся, і дзіўна, што тое цяпер пачало ім адчувацца, нібы палёгка. Нібы ён уратаваў жыцьцё. Найперш, можа, сваё ўласнае. Магазін ягонага «Узі» застаўся цэлы, яго належала берагчы і прымяняць толькі ў крайнім выпадку. Але - дзе той крайні выпадак, і хто будзе вызначаць яго? Ужо, мабыць, ня ён. 3 прыкрасьцю Ступак адчуваў, што неўпрыцям і назаўжды страчвае сваё асабістае права, якім ужо распараджаліся іншыя.

А ён што ж - ён мусіў чакаць і падпарадкоўвацца. I ён чакаў можа, з гадзіну ці болей, стоячы ўсё на той жа прыступцы, хіба мяняючы ўпор нагі. Хлопцы побач таксама чакалі. Іншай каманды ім не давалі, і Ступак пачаў думаць, што на іх забыліся. Аж не! Палкоўнік у скуранцы штось гаркнуў з дзьвярэй, і яны замерлі. Ступак чакаў зноў убачыць самога, ды замест яго ў расчыненых дзьвярах паявіліся двое ў шэрых пінжаках - высокі і ніжэйшы, якіх цесьненька абступілі хлопцы ў масках. Тыя два ішлі, патупіўшы долу сівыя галовы, неяк ненатуральна

аднолькава трымаю-

чы за сьпіной рукі. I толькі як спускаліся па прыступках, Ступак убачыў на іхніх руках бліскучыя кайданкі. Тады яму шмат што стала зразумела. Але нешта і яшчэ болей заблытвалася.

Арыштаваных павезьлі ў міліцэйскай машыне, а яны ўсё стаялі на прыступках, мусіць, чакалі самога. I Ступак думаў, што ягонае жыцьцё кудысь павярнулася. Хаця хто ведае, якім яшчэ бокам можа яно павярнуцца зноў. Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае - часам злую, нядобрую сілу…

1998

Бліндаж

1. Серафімка

Тыдзень ішоў нудны халодны дождж, мачыў і без таго намоклую ўжо зямлю. Дарога зусім раскісла, гразь распаўзалася пад нагамі, па каляінах сабраліся і нікуды не сьцякалі мутныя лужыны. Нават сьцежка наўзбоч за канавай і тая не высыхала за тыя невялікія прамежкі, як трохі пераставаў дождж, была сьлізкая і сьцюдзёная. Лепей за ўсё было ісьці па дробнай, таксама змакрэлай траўцы наўскрай бульбянішча, дзе пакапанага, з параскіданым, парудзелым бульбоўнікам, а дзе і з нечапанымі яшчэ баразёнкамі бульбы. Бульба, відаць па ўсім, пойдзе пад сьнег, памерзьне, капаць яе ўжо не было каму — вёскі, лічы што, ня стала: пагарэла, паруйнавалася дашчэнту гэтая невялічкая вёсачка. Ды і іншым тут дасталося, мабыць, ня менш, і цяпер здаля з-за абпаленых дрэў сям-там вытыркаліся закапцелыя печы з абламанымі камінамі, рэшткамі сьмярдзючага дыму дыхалі недагарэлыя пажарышчы. Дзіва што — столькі жахлівых дзён усё тут грымела ад жудасных выбухаў, хадуном хадзіла зямля, скрозь у паветры вірашчэла і скыгатала, а ад дыму нельга было прадыхнуць нават у яме на бурачніку, дзе тады хавалася цётка Серафімка. Усё навокал гарэла, тлела і дыміла: і хаты, і хляўкі, і гумны, і яна баялася нават выглянуць на сьвет божы, каб паглядзець, ці стаіць яшчэ яе хатка. Ужо, можа, з дзясятак жахлівых выбухаў грымнула на двары і гародзе, сыры пласт глею абрушыўся ў яме, прываліўшы яе босыя ногі, зьверху яму закідала чорнай, перамешанай з мохам, саломай з хляўка. Але хатка не загарэлася. Серафімка ўзрадавана згледзела яе, як толькі нясьмела выбралася з ямы надвячоркам у пятніцу, калі ўсё тут аціхла, змоўкла, зьмярцьвела, і яна сама сабе не паверыла: няўжо ацалела? Хатка, аднак, з большага, здаецца, ацалела, хоць паловы страхі на ёй як не было зусім — нібы зьмяло віхрам, а другая палова плоска аблегла кроквамі на самае гарышча бяз коміна, чорныя цагліны ад якога раскіданыя валяліся па ўсім гародзе. Не ўбераглося ніводнае з трох вакенцаў, бітае шкло скрозь хрупала пад нагамі, і Серафімка, баючыся парэзаць босыя ногі, стала тады зводдаль ля паламанага плоту і горка заплакала…

За бульбянішчам трэба было павярнуць па касагорыне ў лог, дзе з-за кусьцікаў шырока адкрыўся вялікі лугавы прасьцяг: даўняе выпрацаванае тарфянішча, цяпер чорнае, пустое, залітае па канавах ды ямах стаялай вадой. Там і далей спрадвеку ляжала балота з чэзлымі хамлакамі кустоўя, алешніку, рэдкімі астраўкамі нізкарослага балотнага хвойніку; праз яго, аднак, бег старажытны брукаваны тракт, за які, мусіць, і ўсчалася гэтая ваенная калатнеча. Перад тым чырвонаармейцы дзён колькі капалі пагорак, схіл, акопваліся на ўскрайку тарфянішча, накапалі тут безьліч нейкіх крывуляк-нораў, ямінаў, круглых, бы скавародкі, пляцовак — для гарматаў ці што. Учора пад вечар, як Серафімка, баючыся і дужа цікавячыся адначасна, падышла да таго пагорку, дык аж прысела ад раптоўнай нутраной жудасьці — ніжэй ля кусьцікаў на краі вывернутых з глыбіні вывалінаў зямлі ляжала на баку невялічкая гарматка з кароткім ствалом, і за ёй ніцма аблягаў на жалезнай станіне нежывы чырвонаармеец, спрэс абсыпаны камякамі дробнай зямлі. Яна тады доўга ўзіралася ў яго здаля, думала, можа, пашавеліцца, можа, яшчэ жывы. Але не, не пашавяліўся, быў забіты, яна зразумела тое, калі ўсё ж падышла бліжэй і згледзела на яго стрыжанай патыліцы рудую карыну засохлай крыві. Яна яшчэ паўзіралася ў яго, стараючыся неяк адолець свой страх, ды так і не адолеўшы яго, памалу падышла па траве да гарматкі. Твару забітага не было відаць, і не пазнаць было, якога ён веку, хіба што яго танклявая шыя, што вытыркалася з расхінутага каўняра гімнасьцёркі, давала зразумець, што гэта зусім яшчэ малады хлопец. Мусіць, ён ляжаў тут даўно, колькі дзён, ягоная гімнасьцёрка на сьпіне трохі абсіверала на ветры, а бакі і ўсё іншае пад ім было сырое і цёмнае, — ад дажджу ці крыві. Серафімка падышла зусім блізка, ступіла на кучу сырога мяккага глею, за якім зеўрала глыбокая вузкая яміна, страхавіта зірнула туды і жахнулася яшчэ болей: у яміне ляжалі і яшчэ забітыя. Нельга сказаць, што Серафімка так ужо баялася нежывых людзей — за свае сорак гадоў яна крыху нагледзелася на нябожчыкаў — мужчынаў і жанчын, маладых і старых, пахавала бацькоў, але тое было ўсё ня так. Там былі здаўна знаёмыя, свае, родзічы; ды і нябожчыкі зусім ня тое, што забітыя, скрываўленыя ды пакалечаныя салдаты.

Серафімка тады, бадай ня чуючы пад сабой ног, наўпрасткі цераз бульбянішча пашыбавала адсюль далей — да свае пахілае, без страхі хаткі акрай недалёкай разбуранай вёсачкі, бы там была якая засьцярога ад жудасьці ваеннага поля бою. Усю нядоўгую дарогу дадому і затым у хатцы, якую яна як-колечы прыладзіла для жытла (пазатыкала пабітыя шыбіны, прыладзіла паламаныя дзьверы і нават паспрабавала аднойчы запаліць у печы, але дым адразу паваліў унутр, і яна затушыла галавешкі), усю ноч затым у яе вачах стаялі нерухомыя, засыпаныя зямлёй сьпіны, адкінутыя галовы забітых, скрываўлены бінт на голым, з разрэзаным рукавом плячы аднаго. А назаўтра, неяк датрываўшы да лянівага позьняга сьвітанку, яна выцягнула з-пад дрывотні іржавую рыдлёўку і баючыся падыбала цераз поле да тае жахлівае касагорыны над тарфянішчам.

Поделиться с друзьями: