Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

Можа, лепей застрэліцца?

Але застрэліцца ён, мабыць, пасьпее, парабелум у яго заўжды пад рукой у цьвёрдай скураной кабуры на дзязе, — парабелум ён пакуль што ня кіне. Толькі што карысьці ад пісталета, калі тут пустая разьбітая траншэя і нідзе ні кавалка хлеба, ні сухара, ні галеты. У траншэі скрозь пустыя стралковыя ячэйкі, вёскі ж наўкола папалены, жыхары іх пакінулі, усе кудысьці сыйшоўшы. Трэці дзень ён нічога ня еў і аташчаў так, што не ўпраўляўся падцягваць на жываце адвіслую з пісталетам дзягу. Ды яшчэ гэтая санітарная сумка з палявым камплектам медыкаментаў. Сумку ён ужо ледзьве цягаў на плячы, усё наважваўся дзе кінуць, але чамусьці ня кідаў, бо нешта замінала яму зрабіць тое,

нібы ведаў, што яна яшчэ паслужыць яму. Цяпер, пасунуўшы яе на калена, Хольц нечакана падумаў: а што?.. А што калі ён зьявіцца ў той бліндаж як медык і паможа рускаму? Бо калі паранены, дык наўрад ці ён абыдзецца без медыцынскай дапамогі, якой тут чакаць болей няма ад каго. Руская жанчына — напэўна ж, ня доктар.

Обер-яфрэйтар устаў і пайшоў па траншэі назад. Дзіўна, думаў ён: не зважаючы на зьверскі агонь нямецкай артылерыі і мінамётаў, забітых было тут нямнога, болей там, ля дарогі, а на гэтым участку ён ня бачыў ніводнага трупа. Ці, можа, рускія пабралі з сабой забітых? Толькі наўрад. Хутчэй за ўсё гэты ўчастак траншэі ня быў імі заняты і служыў нібы запасной ці адсечнай пазіцыяй. Ну але гэта, можа, і лепей, Хольц не любіў трупаў — ні сваіх, ні рускіх. Яшчэ як вучыўся на медыцынскім факультэце, доўга ня мог прывыкнуць да іх у анатамічным флігелі і звычайна пасьля заняткаў там да канца дня ня мог зьесьці нічога, абыходзіўся кавай. Цяпер, праўда, тое мінулася, і, калі б было што, ён бы зьеў побач з усякім трупам. Ну але ў рускага павінна быць, мо з таго клумачку што-нішто яшчэ засталося.

Ён зноў ціха падкраўся да апошняй павароткі траншэі, зірнуў на ўваход у бліндаж. Але ў чарнаце нары-ўваходу нічога не было відаць, бы там і не было нікога. Каб хоць не нарвацца на кулю, падумаў Хольц. Каб не нарвацца на кулю, напэўна, разумней было правесьці невялікія перагаворы, і ён, усё стоячы за павароткай, ціха кашлянуў.

У бліндажы па-ранейшаму было ціха, ніхто адтуль ня выглянуў, але Хольц адчуў, што яго ўсё ж пачулі. Тады ён узяў з бруствера мокры камяк зямлі і шпурнуў ім бліжэй да ўваходу.

— Кто? Серафима? — глуха данеслася з бліндажу.

Першае рускае слова Хольц зразумеў пэўна, але ён ня мог даўмецца, што азначае другое, і зноў ціха пакашляў.

— Кто там?! Не подходи! Стреляю! — ужо зусім грозна раздалося ў бліндажы, і Хольц трохі зьдзівіўся: ого, як сьвірэпа!

– Іх… Я нэмец, — сказаў ён.

— Прочь! Стреляю! — чулася з бліндажа.

— Ніхтс бояться, — як мага спакайней сказаў Хольц. — Іх… Я бояться. Я есть дезертір.

Неспадзявана для сябе ён захваляваўся і зблытаў асабістыя займеньнікі, але, мусіць, рускі яго ўсё ж зразумеў, бо памаўчаў троху і зноў крыкнуў:

— Бросай оружие! Не подходи!

Гэты адказ трохі зьбянтэжыў обер-яфрэйтара: калі кідаць зброю, дык, мусіць, можна было падысьці. Але гэты камандуе не падыходзіць. Тады ён рашыў перавесьці размову на іншае.

— Рус, я ест доктор. Медіціна.

— Какой еще доктор? — гучна данеслася з бліндажу разам з ужо знаёмым Хольцу рускім матам, які, аднак, даў обер-яфрэйтару зразумець, што ягоныя словы зрабілі ўражаньне. І ён рашыў тут жа замацаваць свой маленькі посьпех.

– Іх… я немного перевязаль…

У бліндажы настала маўчаньне, пагрозаў больш не было, і Хольц наважыўся. Трохі падняўшы з палаткі рукі, каб паказаць, што яны бяз зброі, ён выйшаў з-за павароткі. Але толькі ён ступіў першы крок, як у бліндажы раздаўся крык і тут жа бахнуў пісталетны стрэл. Кулі ён не пачуў, аднак борзьдзенька шаснуў назад, за земляны вугал.

— Рус-дурак. Обормот! — сказаў ён, злуючыся.

Тады пасьля нядоўгага маўчаньня з бліндажу глуха пачулася:

— А закурить есть?

— Курить? Табак? — зьдзівіўся Хольц.

— Да, табак. Есть табак?

— Сигареты.

— Ну

давай лезь, черт с тобой!

Хольц зьдзівіўся, у яго быў у кішэні пачаты пачак танных цыгарэт, але ён цяпер не курыў — галодны, ён звычайна траціў да іх ахвоту.

На ўваходзе Хольц спадзяваўся ўбачыць рускага з накіраванай у яго зброяй, ды ня ўбачыў нікога. Тады ён апусьціў рукі і, сагнуўшыся, палез у нару.

— Рус, ніхтс боялся. Іх… Я дезертір, — ціха гаварыў ён, ведаючы, што будзе пачуты.

Тут жа ў прасторным пустым бліндажы ён убачыў рускага, той з забінтаванай галавой ляжаў у куце, і ў яго аслабелай руцэ калаціўся скіраваны на ўваход пісталет.

— Ніхтс пістоля! — мірна сказаў Хольц, ужо зразумеўшы, што перад ім сьляпы. Брудная, няўмела наладзеная павязка спаўзла да кончыку носа, з-пад яе па зашчаціненым падбароддзі цяклі гнойныя выдзяленьні, ад якіх брудам і плямамі ўзялася гімнасьцёрка ля каўняра.

— Майн гот! — сказаў Хольц. — Это ест очень плёхо. Будет перевязать.

— Дай закурить! — перш за ўсё патрабаваў рускі, не выпускаючы з рукі пісталета.

Хольц знайшоў у кішэні пакамечаны пачак […]*, выняў адну [цыгарэту] і ўклаў у замурзаныя пальцы сьляпога. Пасьля дастаў з нагруднага кішаня запальніцу, доўга пстрыкаў сінім агеньчыкам, пакуль тая загарэлася, і паднёс рускаму. Той прагна зацягнуўся, выпусьціў дым і аблёгся на шынелак.

Рускі маўчаў, усё прагна цмыгаючы цыгарэту, але пісталет апусьціў долу, і Хольц рашуча расшпіліў санітарную сумку.

5. Сер[афімка]

Прыйшоўшы дамоў, Серафімка, не распранаючыся, засноўдала па сваім жытле, ахопленая новым клопатам. Трэба было агледзець, што ў яе засталося пасьля нядаўняга разору, чым яна будзе карміць параненага камандзіра. Сала ўжо не было, гэта пэўна, хлеба таксама. Але ў сенцах яна знайшла ў корабе пад лавай з пуд ячменю, нядаўна намалочанага са сваіх сотак, — мусіць, тыя Піліпёнкі ўсё ж прамінулі яго, не ўзялі. Ячмень яна патаўчэ на крупы, будзе куцьця ці крупнік, у тым ёй усё ж пашэнціла. Горш, не было ні зярняці збожжа на хлеб. Затое ў вялікім паліваным старасьвецкім гарлачы-цёрле яна ўберагла ад мышэй і злодзеяў кілаграмаў колькі леташняга бобу — таксама са свайго агароду. Ну і бульбачка. Бульбачка яе была яшчэ ня выбраная, усё зьбіралася выбраць, адкладвала і во даадкладвалася. Найперш трэба было накапаць бульбы, пакуль зусім не сьцямнелася.

Ужо амаль у цемры яна калупалася з рыдлёўкай у сваіх баразёнках, сабрала няпоўны кошык, як пачула чыйсь недалёкі голас. Голас быў ціхі, мужчынскі і чуўся, мабыць, на падворку, і яна адразу нагадала тых Піліпёнкаў. Але то былі не Піліпёнкі, — Серафімка адразу зразумела, што памылілася, як убачыла ў прыцемках чалавека, які ціха чакаў яе. Яна нясьмела падышла з кошыкам і рыдлёўкай у руках, і чалавек стрымана павітаўся.

— Што, Серафімка, жывая?

— Жывая, — адказала яна, марудна, нібы навобмацак, пазнаючы чалавека. Здаецца, усё ж гэта быў колішні местачковы настаўнік Дземідовіч. Але як ён апынуўся тут, за дваццаць кіламетраў ад мястэчка?

– І хата, гляджу, уцалела?

— Дзе там уцалела! — ціха паскардзілася Серафімка. — Толькі што сьцены. А так ні страхі, ні вокнаў. І печ патрэскалася, во комін…

— У другіх і таго не асталася.

— Не асталася, ага. Усе Любашы спалілі.

– І Любашы, і Жаўрыды, і Вострава.

— Страх адзін!

— Ну дык мо зойдзем у хату?

— Ну што ж… Вы ж тут былі неяк… Яшчэ з Мікалаем.

— Дзесяць гадоў таму, — пацьвердзіў Дземідовіч.

Яна адчыніла дзьверы ў сенцы, прайшла адтуль у цёмную хату. Тут, як і на вуліцы, было выстуджана, холадна; з пазатыканых падушкамі і рызьзём вокнаў ціха дзьмуў вецер.

Поделиться с друзьями: