Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.

— А ты постарайся. Без курева тут погибель… Так где фронт, не слыхать?

— А хто ж яго ведае. Але няблізка.

Дземідовіч па чарзе пераводзіў свой устрывожаны позірк то на капітана, то на немца ў куце. Пасьля апусьціўся

пад сьцяной ля ўваходу, закашляўся. Капітан услухаўся ў яго кашаль і, як той трохі прыціх, спытаўся:

— Что, простудился?

— Прастудзіўся, халера на яго…

— Да, надо было в избе полежать.

— Паляжаў ноч. Ды ранкам паліцаі выкурылі.

— Полицаи? Уже и полиция организовалась? Вот сволочи! И откуда взялись? Свои? Прихожие?

— А чорт іх ведае, — сказаў Дземідовіч, крадком пазіраючы на немца.

— Піліпёнкі, Піліпёнкі гэта, — хуценька ўставіла Серафімка. — Болей некаму. Яны — халерныя людзі.

Хлебнікаў трохі павярнуў галаву ў яе бок.

— Ты еще здесь, Серафима? Так позаботишься о куреве, да?

— Ай дзе ж, дык ня ведаю. Ну пашукаю… Дык я гэта пайду. Вячэру ж вам трэба.

Яна

палезла да выхаду, і капітан яшчэ раз напомніў:

— Главное — закурить.

Яны засталіся ўтрох, у бліндажы трохі павальнела. У грудзях у Дземідовіча зноў захрыпела, ён паспрабаваў адкашляцца, ды дзе там: мабыць, забіла ўсе лёгкія. Кашляючы, крадком пазіраў на немца, які цяпер уважліва разглядаў яго і, як ён трохі сьціх, спытаў:

— Пневмония?

— Што? — аж спалохаўся Дземідовіч. — Можа быць. Калі ня горш… — сказаў ён і тут жа пашкадаваў: знайшоў каму

скардзіцца на сваю хваробу. Немец сядзеў пад сьцяной, расставіўшы калені, з перапэцканымі ботамі на нагах. На яго шырокай дзязе з белай бліскучай спражкай грувасьціўся вялікі чорны кабур, мабыць, з пісталетам, падумаў Дземідовіч. Чорт ведае, што робіцца, у якую пастку яго завяла Серафіма. Але ж гэты капітан? Ці ён не разумее ўсяго жаху становішча? Трэба было б запытацца ў яго, пагаварыць, але Дземідовіч усё касавурыўся на немца — а раптам той разумее па-руску?

Неўзабаве так яно і атрымалася, як ён найболей баяўся: немец, калі ён крыху суняўся пасьля кашлю, выразна сказаў да яго:

— Пневмония немножко помогаль… Их… Я имель стрептоцид.

Ён выцягнуў з кутку нейкую сумку, расшпіліў яе, пакалупаўся там і дастаў паперку, з якой вылушчыў белую таблетку.

— Браль!.. Унд васер, один таблет.

Амаль са страхам у душы Дземідовіч сядзеў насупраць, ня ведаючы, як быць: узяць ці адмовіцца. І капітан, нібы адчуўшы яго нерашучасьць, сказаў:

— Возьми! Не обманет. Мне вон глаза обработал, сразу гной течь перестал.

Дземідовіч працягнуў руку, узяў таблетку, уважліва разгледзеў яе на далоні. Праглынуць ці не? А раптам атрута? І ён сьцяў яе ў кулаку, непрыкметна сунуў у кішэнь плашча.

— Да-а, попали, как мыши в горлач, — грубавата сказаў капітан, уздыхнуўшы. — Чего дождемся?

Дземідовіч таксама ўздыхнуў і ціха заплюшчыў вочы. Карцела апусьціцца долу, скорчыцца, легчы — аддацца спакою. Але як было аддавацца спакою ў гэткай кампаніі, і ён сядзеў ля ўваходу, зьнямогла сочачы з-пад ілба за немцам. Той доўга поркаўся ў сваёй сумцы — перабіраў медыцынскае начыньне — скруткі бінтоў, бутэлечкі, пакункі, нажніцы. Твар яго быў заклапочаны сваёй увагай, на іх ён ужо амаль не глядзеў. І тады Дземідовіч спытаў:

— Мусіць, афіцэр будзеце?

— Вас? — не зразумеў немец, але за яго адказаў капітан:

— Не офицер. Погоны у него какие? Без знаков? А на рукаве что у него?

— На рукаве нашыўка. Нейкі вугольнік, — сказаў Дземідовіч.

— Вот, угольник. Значит, ефрейтор.

— Я, я, — заківаў галавой немец. — Обер-ефрейтор Хольц.

— Рабочы ці селянін будзеце? — зноў пацікавіўся Дземідовіч.

— Арбайт? Ніхтс арбайт. Студент.

— А, студэнт. А бацька хто? Ацец?

— Отец у него профессор, — сказаў капітан. — Мы вчера познакомились. Ничего, хороший немец, надежный.

Дземідовіч змоўчаў: так ужо і надзейны? Адкуль гэта вядома капітану? Хіба сам сказаў? Але ён табе нагаворыць. Перавязаў галаву? А калі ён шпіён? Засланы сюды сьпецыяльна?

— Только вот сигарет прихватил маловато, — паскардзіўся капітан. — Наверно, думал в плену разжиться. А у нас у самих в кармане — вошь на аркане.

Ну курыва, мабыць, ня самае цяпер важнае, - думаў Дземідовіч.
– Без табакі яшчэ ніхто не памёр. Ён во ня еў з уча-

рашняга, хоць у сумцы муляла з паўбохана хлеба, заставалася трохі і сала. Але…Няёмка было цяпер тое выкладваць, а галоўнае — дзяліцца з тым немцам. Лепш ён пагаладае, а там будзе відаць.

8. [Хлебнікаў.]

На чацьвёрты ці пяты дзень пасьля раненьня Хлебнікаў адчуў сябе лепей, — мусіць, адляжаўся, нават выспаўся, а галоўнае — перасталі востра балець вочы і галава, і тады зьявілася надзея, што, можа, яшчэ выжыве. Не адразу ён прызвычаіўся да той думкі, што ўжо не ваяка, што ягонае вайсковае мінулае засталося ўсё ззаду, і калі і выжыве, дык яго чакае нешта зусім іншае, амаль невядомае яму. Найперш — сьлепата. Бачыць яму ўжо, мабыць, ня прыйдзецца ніколі, прыйдзецца век жыць уначы. Канешне, калі толькі ўдасца выжыць… Гэтая жанчына Серафіма ўратавала яго ад голаду, адпаіла зёлкамі. Немец, дзякуй яму, памог медыцынай — учора каторы раз прамыў чымсьці сьмярдзючым вочы, было балюча і нязвыкла, але затым стала лягчэй. Канешне, усё тое было незвычайна, боязна і нават дзіка: і тое, што ён, начальнік сувязі стралковага палка капітан Хлебнікаў, цяпер бездапаможны сьляпец, і яго даглядае вясковая жанчына, і лечыць нямецкі оберяфрэйтар, — тое ня ўкладвалася ў звыклую схему ягоных разваг, у тое нават трудна было паверыць. Але чорт з ёй, са схемай, думаў капітан. Усё ж ён быў жывы і нават папраўляўся быццам, а гэта галоўнае. Што яшчэ можа быць болей галоўным на вайне? Тое, што ён цяпер апынуўся ў становішчы нечуваным, выключным, мусіць, вызваляла яго ад многіх ранейшых абавязкаў і давала нейкія новыя і нязвыклыя

магчымасьці. Найперш ён адагнаў ад сябе розныя страхі і сумненьні — ён прымусіў сябе не баяцца нічога. Будзь, што будзе. Ці яму ўжо было што губляць?

І ўсё ж яго непакоіў немец, які так нечакана ўторгся ў ягоны лёс і нават рабіўся патрэбным. Тады, напачатку, мусіць бы, Хлебнікаў прыстрэліў яго, калі б хоць трохі бачыў, — не таму, што баяўся яго, а так, для пэўнасьці. Той дзень, як ён паявіўся ў бліндажы і даў закурыць, Хлебнікаў усё намерваўся, каб як зрабіць гэта нечакана і пэўна. Але гэты немец, нібы адчуваючы ягоны намер, бы жывое срэбра, круціўся па бліндажы, шархочучы то ў куце насупраць, то ля сьцяны ў нагах, то ля выхаду. Гэтак ня трапіш, а ўжо ён пэўна не прамахнецца. І Хлебнікаў пакуль што адклаў свой намер, а затым, як той узяўся лячыць яго вочы, і зусім кінуў думаць пра тое. Чорт з ім — хай жыве. Тым болей што ён сам быў цалкам ва ўладзе гэтага немца, які мог застрэліць яго кожную хвіліну. Але калі яшчэ не страляў, дык, значыць, не хацеў таго. Можа, у яго былі якія свае на тое намеры.

Можа, нашы яшчэ неўзабаве вернуцца, адаб’юць гэты раён у немцаў, і тады ён будзе выратаваны. Інакш трэба шукаць дапамогу ў мясцовых. Тут ужо ўсе спадзяванкі на Серафіму.

Трохі дзіўнаватая гэтая жанчына, думаў капітан, уна дзілася ў гэтыя клопаты пра сьляпога, затым пра немца, ды яшчэ прывалакла і гэтага райкамаўца — як яна цяпер саўладае з імі трыма? Пракарміць і то, мусіць, трэба харошы запас харчоў, а ў яе дома ні каровы, ні курыцы. Ды і спаленая вёска… А тут яшчэ зьявіліся паліцаі. Чорт бы іх узяў, тых Піліпёнкаў. Як бы не ад іх ішла найбольшая пагроза Серафіме. Могуць высачыць жанчыну, тады ўсім пагібель. А яна, здаецца, такая прастадушная і падаткая…

Невядома, ці то была ноч, ці проста немец з Дземідовічам паснулі — Хлебнікаў чуў толькі іхняе дыханьне побач. Дземідовіч усё хрыпеў, часам кашляў і нават мармытаў нешта ў сьне, а капітан, чуйна скіраваўшы ў слых сваю ўвагу, слухаў і думаў. Ён быў кадравы ваенны, даўно служыў у арміі, апроч тае службы мала што разумеў з жыцьця — адных толькі вайсковых клопатаў было яму пад завязку. Служба адбірала ўвесь час, ад ранку да ночы, выхадныя таксама, зіма праходзіла для яго за глухім гарнізонным плотам, лета з раньняй вясны — у лагерах сярод сопак і дзікай прыроды Далёкага Усходу. Жанчын ён бачыў толькі ў пасёлку ды на бліжняй станцыі, гэта былі пераважна жонкі каманднага і начсаставу іх гарнізону; з незамужніх часам трапляліся сёстры ў шпіталі ды афіцыянткі ў камандзірскай сталовай — лічаныя адзінкі на многія дзясяткі камандзіраў, жанатых і халастых. Выбар быў невялікі, маладыя жаніліся на першай, што бліжэй за іншых трапляліся ў жыцьці, і ён таксама ажаніўся з афіцыянткай Марусяй, што так міла ўсьміхалася, раздаючы ім талеркі з вялікага падносу, што спрытна насіла між радамі сталоў. Харчаваліся ня надта каб сытна, малады апетыт быў неспатольны, і Маруся яго спакваля падкормлівала тым, што было на кухні: то пакладзе на талерку які лепшы кавалак мяса, то лішнюю лыжку масла ў кашу. Ён быў удзячны за такую нязвыклую для яго жаночую ўвагу, якой мала бачыў у дзяцінстве ад строгай і сухаватай мачыхі. Маруся яму падабалася. Ужо такая здавалася мілая і ласкавая і нішто сабе з аздабы, але шчасьце з ёй у лейтэнанта Хлебнікава доўжылася з чэрвеню да кастрычніку, калі яны з лагерных палатак перабраліся ў казармы, і аказалася, што жыць ім у гарнізоне няма дзе — кватэраў для маладых не было, і яны туляліся хто дзе — у старшынскіх капцёрках, неўладкаваных гаспадарчых бакоўках. Во тады Маруся і зьмяніла свой мілы характар на плаксівазьвяглівы, яе каханьне абярнулася патокам прэтэнзіяў да яго, які так яе ашукаў. Яна ўжо не рабіла ў сталоўцы, а ўвесь дзень сядзела ў сваім кутку на паддашшы казармы і нудліва чакала яго, каб зараз жа, як ён прыйдзе, настылы ў полі, галодны і зьнерваваны, узяцца яго пілаваць за іхнюю неўладкаванасьць, за ягоную невязуху з жыльлём, за тое, што ён гэтакі няўдачнік, атрымлівае шэсьцьсот рублёў у месяц і пяты год ходзіць у лейтэнантах, у той час, як ягоныя сябры пасталі капітанамі. Доўга ён спрабаваў усё тое ператварыць у жарты, абяцаў даслужыцца да генерала, тым болей, што часу да таго ў яго хапала, расказваў пра труднасьці з жыльлём і тое, што не яны адны апынуліся ў такіх умовах. Нават старшыя камандзіры і тыя нярэдка дзялілі адну кватэру на дзьве сям’і, а грошы, дык гэта такая справа, калі ўсё залежыць ад таго, як да іх ставіцца. Тыя ж ягоныя шэсьцьсот рублёў узводнага могуць быць малымі грашмі для буржуя і надта вялікімі для прыбіральшчыцы. Але дзе там! Марусіна крыўдлівая незадаволенасьць спакваля ператварылася ва ўстойлівую варажнечу да яго, жонка яго зьненавідзела. Як натура дужа зайздросная, яна бачыла ўсіх іншых мужоў яе суседак лепшымі за свайго, хоць ён ніколі не сказаў ёй грубага слова, стараўся пазьбягаць зьвягі і спрэчак. Ён болей маўчаў. Але, мусіць, тое яго маўчаньне было самым абразьлівым і нестрываным у адносінах да яе, і, неяк перабіўшыся зіму ў таёжным гарнізоне, яна вясной зьехала да родзічаў у Барнаул. Два гады ён быў ні халасты, ні жанаты, быў у камандзірскай гасьцініцы з халасьцякамі, пасылаў ёй па пошце пяцьсот рублёў у месяц, але пісьмаў не пісаў. І яна яму не пісала таксама, аж пакуль ён не атрымаў тое, дзе яна прасіла выслаць развод. Згоду на развод ён паслаў у той самы дзень і рашыў, што ніколі больш у жыцьці не наблізіцца да ніводнай жанчыны.

Поделиться с друзьями: