Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну

Гашак Яраслаў

Шрифт:

З арыштанскага аддзяленьня дывізійнага суду ён толькі ўчора ўночы быў пераведзены на гаўптвахту, дзе і знаходзіўся пад вартай. Адначасна з гэтым у палкавую канцылярыю была перададзена да немагчымасьці заблытаная папера дывізійнага суду, у якой зазначалася на тое, што ў дадзеным выпадку справа ня ідзе пра бунт, бо вольнапісаныя не абавязаны чысьціць сарціры, але, ня гледзячы на гэта, у гэтым наглядаецца парушэньне дысцыпліны, і гэты ўчынак можа быць загладжаны ім узорнаю службаю на фронце. З прычыны ўсяго гэтага абвінавачаны вольнапісаны Марэк зноў адсылаецца ў свой полк, а сьледзтва пра парушэньне дысцыпліны ўмоўна прыпыняецца да канца вайны і будзе адноўлена ў выпадку новага злаўчынку вольнапісанага Марэка.

Мелася на ўвазе

яшчэ адна справа. Адначасна з вольнапісаным Марэкам быў пераведзены з арыштанскага дывізійнага суду на гаўптвахту самазванец камандзір разьдзелу Тэвелес, які нядаўна зьявіўся ў палку, куды быў пасланы з загрэбскай больніцы. Ён меў вялікі сярэбраны мэдаль, нашыўкі вольнапісанага і тры зорачкі. Паводле яго паказаньняў ён прымаў удзел у геройскіх учынках 6-й маршавай роты ў Сэрбіі, і ад усяе роты застаўся ён адзін. Сьледзтвам было высьветлена? што з 6-й маршавай ротай у пачатку вайны сапраўды адправіўся нейкі Тэвелес, які, аднак, ня меў правоў вольнапісанага. Выпатрабавана была даведка ад брыгады, да якой пасьля ўцекаў з Белграду 2 сьнежня 1914 году была прыкамандыравана 6-я маршавая рота і было высьветлена, што ў сьпісс вызначаных для ўзнагароды і ўзнагароджаных сярэбранымі мэдалямі ніякага Тэвелеса няма. Ці быў, аднак, радавы Тэвелес у час белградзкага паходу павышаны на камандзіра разьдзелу — высьветліць не ўдалося з прычыны таго, што ўся 6-я маршавая рога разам з усімі сваімі афіцэрамі пасьля бойкі ля царквы св. Савы ў Белградэе прапала бяз вестак. У дывізійным судзе Тэвелес бараніўся тым, што сапраўды яму быў абяцаны вялікі сярэбраны мэдаль і што таму ён купіў яго ў аднаго босьняка. Што да галуна вольнапісанага, дык яго ён знашоў калі быў п‘яным, і насіў далей, бо быў заўсёды п‘яны з прычыны таго, што організм яго аслабеў ад крываўкі.

Пачаўшы сход, перш чым пачаць абмеркаваньне гэтых двух пытаньняў, палкоўнік Шрэдэр зазначыў, што перад ад‘ездам, які ўжо не за гарамі, трэба часьцей сустракацца. З брыгады было паведамлена, што там чакаюць загадаў ад дывізіі. Каманда павінна быць у баявой нарыхтаванасьці, і ротныя камандзіры павінны пільна сачыць за тым, каб усе былі на месцы. Потым ён яшчэ раз паўтарыў усё тое, што плёў учора. Даў зноў агляд ваенных падзей і зазначыў, што нічога ня можа зламаць баявы дух арміі і што салдаты рвуцца ў бой.

На стале перад ім была прымацавана карта тэатру ваенных дзеяньняў з флажкамі на шпільках, але флажкі былі пераблытаны і фронты перасунуты ўперад, выцягненыя шпількі з флажкамі валяліся пад сталом.

Увесь тэатр ваенных дзеяньняў ноччу спрэс разбурыў кот, якога трымалі ў палкавой канцылярыі пісары. Уночы кот, пасьля таго, як напаскудзіў на аўстра-вэнгерскі фронт, хацеў кучку загрэбці, паваліў флажкі і размазаў кал па ўсіх позыцыях, пакрапіў фронты і перадавыя позіцыі і загадзіў усе армейскія карпусы.

Палкоўнік Шрэдэр быў вельмі нізкі на вочы. Афіцэры маршавага батальёну з цікавасьцю сачылі за тым, як палец палкоўніка Шрэдэра набліжаецца да кучкі.

— Шлях на Буг, панове, ідзе цераз Сокал, — сказаў палкоўнік з выглядам прарока і пасунуў, ня гледзячы, паказальны палец да Карпат, пры гэтым улез у адну з тых кучак, з дапамогаю якіх кот стараўся зрабіць карту тэатру ваенных дзеяньняў рэльефнай.

— Wahrscheinlich, Katzendreck, Nerr Oberst [99] , — сказаў за ўсіх вельмі далікатна капітан Сагнэр.

99

Мусіць, гэта кашачы кал, пан палкоўнік.

Палкоўнік Шрэдэр рынуўся ў суседнюю канцылярыю, адкуль пачуліся грымотныя праклёны і страшэнныя пагрозы, што ён прымусіць усю канцылярыю вылізаць языком пакінутыя катом сьляды.

Допыт быў кароткі. Высьветлілася, што ката два тыдні таму назад прывалок у канцылярыю малодшы пісар Цвібэльфіш. Пасьля высьвятленьня справы Цвібэльфіш сабраў усе свае

манаткі, і старшы пісар завёў яго на гаўптвахту і пасадзіў да далейшага расцараджэньня пана палкоўніка.

Гэтым, уласна, нарада скончылася.

Вярнуўшыся да афіцэраў, увесь чырвоны ад злосьці, палкоўнік Шрэдэр забыўся, што трэба было яшчэ пагаварыць пра лёс вольнапісанага Марэка і камандзіра разьдзелу Тэвелеса.

Ён ляконічна заявіў:

— Прашу паноў афіцэраў быць гатовымі і чакаць маіх загадаў і інструкцый.

Так і засталіся пад вартаю на гаўптвахце вольнапісаны і Тэвелес, і, калі потым да іх далучыўся Цвібэльфіш, яны маглі скласьці «мар‘яж», а пасьля мар‘яжу прыставалі да сваіх каравульных з патрабаваньнем, каб тыя павылоўлівалі ўсіх скакуноў з сяньнікоў.

Потым да іх увапхнулі яфрэйтара Пэрэўтку з 13-й маршавай роты, які, калі ўчора пашла па лягеры чутка, што адпраўляюцца на позіцыі, зьнік і раніцою быў знойдзены патрулём у Бруку «У Белай ружы». Ён апраўдваўся тым, што хацеў перад ад‘ездам паглядзець славутую гуту графа Гараха ў Бруку. Ідучы назад ён заблудзіў і толькі раніцою зусім змардованы, дайшоў да «Белай ружы». (А ў той час ён спаў з Розачкаю з «Белай ружы»).

* * *

Сітуацыя засталася паранейшаму нявысьветленай. Будзе полк адпраўлены ці не? Швэйк па тэлефоне выслухаў у канцылярыі 11-й маршавай роты самыя рознастайныя думкі: пэсымістычныя і оптымістычныя. 12-я маршавая рота тэлефонавала, што нібы нехта з канцылярыі чуў, што раней будуць адбывацца практыкаваньні ў стральбе па рухомай мішэні і што толькі пасьля гэтага полк кранецца ў дарогу. Гэтага оптымістычнага погляду не падзяляла 13-я маршавая рота, якая тэлефонавала, што толькі што з гораду вярнуўся капрал Гаўлік, які чуў ад аднаго чыгуначнага служачага, што вагоны пададзены ўжо на станцыю.

Ванэк са злосьцю вырваў з рук у Швэйка трубку і закрычаў, што чыгуначнікі ні храна ня ведаюць і што ён сам толькі што прышоў з палкавой канцылярыі.

Швэйк самаахвярна заставаўся на сваёй варце пры тэлефоне і на запытаньні: «Якія навіны?» — адказваў, што яшчэ нічога пэўнага няма.

Так ён адказаў і на запытаньне паручніка Лукаша.

— Якія ў вас навіны?

— Яшчэ нічога пэўнага няма, пан обэр-лейтэнант, — стэрэотыпна адказаў Швэйк.

— Асёл! Павесьце трубку.

Потым прышло некалькі тэлефонограм, якія пасьля доўгіх перапытваньняў Швэйк прыняў.

У першую чаргу тая, якая не магла быць прадыктавана яму яшчэ ноччу праз тое, што ён не павесіў трубкі і спаў. Тэлефонограма гэта была пра сьпіс тых, якія зрабілі і якія не зрабілі супроцьтыфуснай прышчэпкі.

Потым Швэйк прыняў запозьненую тэлефонограму пра консэрвы. Пытаньне гэта было высьветлена ўжо ўчора.

Потым тэлефонограма ўсім батальёнам, ротам і часьцям палка:

«Адбітак тэлефонограмы брыгады № 75692. Загад № 172 па брыгадзе.

Пры справаздачнасьці пра гаспадарку палявых кухань трэба пры пералічэньні патрэбных продуктаў прытрымлівацца наступнага парадку: 1 — мяса, 2 — консэрвы, 3 — сьвежая гародніна, 4 — сушаная гародніна, 5 — рыс, 6 — манныя крупы, 8 — бульба, замест ранейшага парадку: 4 — сушаная гародніна, 6 — сырая гародніна».

Калі Швэйк прачытаў усё гэта палкавому пісару, Ванэк урачыста сказаў, што такія тэлефонограмы кідаюць у капанір.

— Гэта прыдумаў нейкі асталоп з штабу арміі, а потым гэта расходзіцца па ўсіх дывізіях, брыгадах і палкох.

Швэйк прыняў яшчэ тэлефонограму, якая была так шпарка прадыктавана, што Швэйк пасьпеў запісаць у сшытку нешта накшталт шыфру:

«З прычыны дакладней дазваляецца ці самастойна наадварот ва ўсіх выпадках падлягае звароту».

— Усё гэта лішняе, — сказаў Ванэк пасьля таго, як Швэйк страшэнна быў зьдзіўлены тым, што ён напісаў і тройчы ўслых прачытаў усё гэта. — Адно глупства, хоць, — чорт іх ведае! — можа гэта шыфрованая тэлефонограма. У нас няма ў роце шыфравальнага аддзяленьня. Гэта таксама можна выкінуць.

Поделиться с друзьями: