Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— Зьмілуйцеся, прашу вас, не перашкаджайце мне спаць, — закрычаў Ванэк, пазяхаючы на ўвесь рот, — ідзеце туды раніцою і ня будзеце мяне.
Ён перавярнуўся на другі бок і зараз-жа зноў заснуў.
Швэйк сеў зноў каля тэлефону, і палажыў галаву на стол. Яго пабудзіў тэлефонны званок.
— Алё! 11 я маршавая рота?
— Так, 11-я маршавая рота. Хто там?
— 13-я маршавая рота. Алё! Якая гадзіна? Я не магу ніяк сазваніцца з тэлефоннай станцыяй. Нешта доўга ня ідуць мяне зьменьваць.
— У нас гадзіньнік стаіць.
— Значыць як і ў нас. Ня ведаеш, калі кранёмся? He гаварыў ты ў палкавой канцылярыі?
— Там ні храна ня ведаюць, як і мы. Ня грубеце, паненка. Вы ўжо атрымалі консэрвы? Ад нас туды хадзілі і нічога ня прынесьлі. Харчовы магазын быў зачынены.
— Нашы таксама прышлі з пустымі рукамі. Дарэмна толькі паніку падымаюць. Куды думаеш мы паедзем?
— У Расію.
— А я думаю, што хутчэй у Сэрбію. Гэта мы ўбачым, калі будзем у Будапэшце. Калі нас павязуць направа — дык Сэрбія, а налева —
Швэйк сапраўды соладка заснуў на стале пры тэлефоне, забыўшыся павесіць трубку, так што ніхто ня мог патурбаваць яго сну, а тэлефоніст у палкавой канцылярыі ўсю ноч лаяўся, што ня можа дазваніцца 11-й маршавай роты, каб перадаць новую тэлефонограму пра тое, што заўтра да дванаццаці гадзін дня павінен быць пададзены ў палкавую канцылярыю сьпісак салдат, якім ня была зроблена супроцьтыфусная прышчэпка.
Паручнік Лукаш усё яшчэ сядзеў у афіцэрскім сабраньні з вайсковым доктарам Шаяцлерам, які седзячы на крэсьле мерна стукаў більярдным кіем аб падлогу і пры гэтым гаварыў наступныя фразы:
— «Сарацынскі султан Салах-Эдын першы прызнаў нэўтральнасьць санітарнага пэрсоналу.
Трэба даваць дапамогу параненым назалежна ад таго, да якога лягеру яны належаць.
Кожны бок павінен пакрыць выдаткі за лякарства і лекі другога боку.
Трэба дазваляць пасылаць дактароў і фэльчароў з генэральскімі пасьведчаньнямі для падачы дапамогі няпрыяцельскім параненым ворагам.
Таксама параненых, якія трапілі ў палон, трэба пад вартаю і паручыцельствам генэралаў адсылаць назад ці абменьваць. Потым яны могуць служыць далей.
Хворых з абодвых бакоў не дазваляецца ні браць у палон, ні забіваць, іх трэба адпраўляць у бясьпечнае месца ў шпіталі. Дазваляецца пакідаць пры іх варту, якая, як і хворыя, павінна вярнуцца з генэральскімі пасьведчаньнямі. Усё гэта пашыраецца і на фронтавых духоўных асоб, на дактароў, хірургаў, аптэкароў, фэльчароў, санітараў і інш. асоб, прызначаных даглядаць хворых. Усе яны ня могуць быць узяты ў палон, але тым-жа самым парадкам павінны пасылацца назад».
Доктар Шанцлер пераламаў пры гэтым два кіі і ўсё яшчэ ня скончыў свае дзіўнай прамовы пра ахову параненых на вайне, скрозь ублытваючы ў сваю прамову нейкія незразумемыя генэральскія пасьведчаньні.
Паручнік Лукаш дапіў сваю чорную каву і пашоў дадому, дзе знашоў барадатага вялікана Балёўна, занятага падсмажваньнем у кацялку кілбасы на сьпіртоўцы паручніка Лукаша.
— Я асьмеліўся, — заікаючыся, сказаў Балёўн, я дазволіў сабе, асьмелюся далажыць…
Лукаш з цікавасьцю паглядзеў на яго. У гэты момант Балёўн паказаўся яму вялікім дзіцем, наіўны стварэньнем, і паручнік Лукаш пашкадаваў, што загадаў прывязаць яго за яго вялізарны апэтыт.
— Смаж, смаж, Балёўн, — сказаў ён, адшпільваючы шашку, — з заўтрашняга дня я загадаю выпісаць для цябе лішнюю порцыю хлеба.
Паручнік сеў за стол. Раптам на яго найшоў настрой напісаць сантымэнтальны ліст сваей цётцы.
Толькі што атрымаў загад падрыхтавацца да ад‘езду з сваёю маршаваю ротаю. Можа, гэты ліст будзе апошнім маім лістом да цябе. Усюды ідуць жорсткія баі і нашы страты вялікія. Мне цяжка скончыць гэты ліст словам „да спатканьня“; правільней напісаць „даруйце за ўсё“».
«Скончу заўтра рана», — падумаў паручнік Лукаш і пашоў спаць.
Балёўн, убачыўшы, што паручнік Лукаш моцна заснуў, зноў пачаў шнарыць і шлэпаць па кватэры, як таракан уночы, адчыніў куфэречак паручніка і адкусіў кусок шоколаду. Раптам спужаўся, калі паручнік, сплючы, заварушыўся, палажыў хутка надкусаны шоколад у куфэрачак і сьцішыўся.
Потым ціханька паглядзеў, што напісаў паручнік.
Ён прачытаў і быў расчулены, асабліва словамі «даруйце за ўсё».
Ён лёг на свой саламяны сяньнік ля дзьвярэй і ўспомніў родны дом і дні, калі калоў сьвіней.
Ён ніяк ня мог адагнаць ад сябе яскравы малюнак, як ён наколвае тлачонку [97] , каб з яе вышла паветра і каб яна, заpaчыся, ня лопнула.
Успамінаючы пра тое, як у суседзяй раз лопнула і разварылася цэлая кілбаса, ён заснуў неспакойным сном. Яму прысьнілася, што ён паклікаў да сябе няўмеку кілбасьніка, і ў таго пры напіханьні лівернай кілбасы лопае кішка. Потым мясьнік забываецца зрабіць крывяную кілбасу, правала сьвіная галава. Потым яму прысьніўся палявы суд, і быццам яго злавілі, калі ён украў з паходнай кухні кусок мяса. Нарэшце ён убачыў сябе павешаным на ліпе, у прысадах вайсковага лягеру ў Бруку на Літаве.
97
Асаблівы гатунак кілбасы з буйна насечаных кускоў сьвініны.
Прачнуўся Швэйк разам з сонейкам, якое ўзышло ў паху консэрваў з усіх кухань. Ён машынальна, як быццам толькі-што скончыў гаварыць па тэлефоне, павесіў трубку і прарабіў па канцылярыі ранішні моціён. Пры гэтым ён сьпяваў. Пачаў
ён зразу з сарэдзіны песьні, як салдат пераапранаецца ў дзявочае і ідзе да свае любай у млын, дзе мельнік кладзе яго спаць з сваёю дачкою і перад тым крычыць мельнічысе: Падавай, старая, кашу, Пачастуй ты госьцю нашу.Мельнічыха корміць нахабнага хлопца, а потым пачынаецца сямейная трагедыя.
Мельнік досьвіткам устаў, На варотах прачытаў: «Ваша дочка гэтай ночы Гонар страціла дзявочы».Швэйк у канцы песьні даў такое forto, што ўся канцылярыя ажыла; старшы пісар Ванэк прачнуўся і запытаўся:
— Колькі часу?
— Хвіліну таму назад пратрубілі ранішнюю зору.
«Устану ўжо пасьля кавы, — надумаўся Ванэк, сьпяшацца было не ў яго натуры, — і бяз гэтага зноў будуць пароць гарачку, дарэмна ганяць, як учора па гэтыя консэрвы…»
Ванэк пазяхнуў і запытаўся:
— Ці доўга я яшчэ балбатаў, як вярнуўся дадому?
— Так толькі чутачку з дарогі, — сказаў Швэйк. — Вы ўвесь час разважалі самі з сабой пра нейкія формы, што форма ня ёсьць форма, а тое, што ня форма, ёсьць форма, і тая форма зноў ня форма. Але гэта вас хутка стаміла, і вы зразу пачал: храпці, як піла, калі пілуюць.
Швэйк змоўк, прайшоў да дзьвярэй і зноў да ложка старшага пісара, перад якім спыніўся і пачаў:
— Што асабіста да мяне, пан старшы пісар, то калі я пачуў, што вы гаворыце пра гэтыя формы, я ўспомніў пра ліхтарніка Затка. Ён служыў на газавай станцыі на Летне, і яго абавязкам было запальваць і тушыць ліхтары. Быў гэта асьвечаны чалавек і хадзіў па розных начных шынкох на Летне: паміж запальваньнем і тушэньнем ліхтароў шмат-жа часу. Потым, пад раніцу, на газавай станцыі ён вёў вось якраз такія размовы, як учора вы, напрыклад: «Гэтыя косьці для гуляньня, бо на іх бачу рэбры і грані я». Я гэта сваімі вушамі чуў, калі мяне раз адзін п‘яны паліцэйскі прывёў за незахаваньне чыстаты на вуліцы памылкова замест паліцэйскага камісарыяту на газавую станцыю. З часам, — сказаў Швэйк ціха, — гэты Затка скончыў вельмі дрэнна. Уступіў ён у конгрэгацыю сьв. Марыі, хадзіў з нябеснымі козамі [98] на казані патэра Амелькі да сьвятога Ігната на Карлаў пляц і забыўся, калі прыехалі місыонэры да сьв. Ігната, патушыць усе газавыя ліхтары, і там бесьперапынна тры дні і тры ночы гарэў газ на вуліцах. Бяда, — гаварыў далей Швэйк, — калі чалавек раптам пачне філёзофстваваць, — гэта заўсёды пахне белай гарачкай. Некалькі гадоў таму пазад да нас перавялі з 75-га палка майора Брюгера. Той заўсёды, бывала, раз у месяц зьбярэ нас, выстраіць у карэ і пачне разам з намі філёзофстваваць: «Што такое афіцэрская годнасьць»? Ён нічога апрача сьлівянкі ня піў. «Кожны афіцэр, хлопцы, — растлумачваў ён нам на дварэ казармаў, — зьяўляецца сам па сабе найдасканалейшаю істотаю, якая надзелена розумам у сто разоў большым, як вы ўсе разам узятыя. Вы ня можаце ўявіць сабе нічога больш дасканалага. як афіцэр, нават калі-б усё жыцьцё стараліся сабе гэта ўявіць. Кожны афіцэр ёсьць істота, неабходная ў той час як вы, радавыя, зьўяляецеся выпадковым элемэнтам, вы можаце існаваць, але не абавязаны. Калі-б справа дайшла да вайны і вы-б памерлі за гасудара імпэратара — вельмі добра! Ад гэтага шмат што не зьмянілася-б, але калі-б першым паў ваш афіцэр, тагды-б вы адчулі, у якой ступені вы ад яго залежыце і якая вялікая гэта страта. Афіцэр павінен існаваць, а вы існуеце толькі дзякуючы паном афіцэрам; вы ад іх паходзіце, вы бяз іх ня абойдзецеся, вы без начальства і п… ня можаце. Афіцэр для вас закон моральны — усёроўна, разумееце вы гэта ці не, з прычыны таго, што кожны закон павінен мець свайго законадаўцу, дык такім для вас зьяўляецца афіцэр, якому вы адчуваеце сябе ўдзячнымі і павінны быць удзячнымі за ўсё, і кожны бяз выключэньня яго загад павінен вамі выконвацца, незалежна ад таго, падабаецца вам ці не». А раэ, пасьля таго, як скончыў сваю прамову, ён стаў хадзіць уздоўж фронту і пытаць аднаго за другім, што ён адчувае, калі спозьніцца ў казарму. Ну, яму адказалі неяк няскладна, накшталт таго, што ці яшчэ не пазьніліся ці што ў выпадку спазьненьня яго пачынае нудзіць, а адзін адказаў, што ён, пасьля таго як спазьніўся, адрааў адчуў, што зусім застанецца бяз водпуску. Усіх гэтых тут-жа загадаў майор Блюгер адвесьці ў бок, каб потым яны за кару пасьля абеду на дварэ папрактыкаваліся ў вольнай гімнастыцы, за тое, што ня ўмеюць выказаць, што яны адчуваюць. Раней, чым чарга дайшла да мяне, я ўспомніў, пра што ён апошні раз гаварыў, і, калі ён падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, калі я спазьнюся, я адчуваю ў сябе ў сярэдзіне якісьці непакой, страх і мукі сумленьня. А калі вярнуся сваячасова з гораду, — мяне ахапляе надзвычайны спакой, мяне апамоўвае ўнутраное задаваленьне». Усе наўкол разрагаталіся, а майор Блюгер на мяне закрычаў: «Цябе хіба, ёлап, клапы апаноўваюць, калі ты пухнеш ў сябе на ложку! Ён, сукін сын, яшчэ дурыцца!» — І закаціў мне такія шпанглі, што толькі трымайся.
98
Гіронічная мянушка жанчын, членаў каталіцкіх конгрэгацый і наогул багамолак.