Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прымакі

Купала Янка

Шрифт:

П а л а н е я (паказваючы на Даміцэлю). Гэта мокрая серада майму мазгі закруціла, і ён, не тут гаворачы, у яе хаце начаваў.

Д а м і ц э л я (паказваючы на Паланею). Гэта ветраніца майму вочы пылам засыпала, і той, не тут успамінаючы, у яе хату папаў.

У р а д н і к. Нічога не панімаю!

У с е. I мы нічога не разумеем!

М а ц е й к а. Рассудзіце, ваша бродзіе, усіх, і ўсё тут будзе.

У с е. Рассудзіце! Рассудзіце! Не разумеем!

С о ц к і. Я, ваша бродзіе, панімаю!

У с е. Ну?

У р а д н і к. Дык як

дзела абстаіць?

С о ц к і. А так, ваша бродзіе: учора пад вечар Трахім і Максім выпівалі...

М а к с і м (паказваючы на Трахіма). Ён болей, ваша бродзіе.

Т р а х і м (паказваючы на Максіма). Каб ён толькі дыхаў! Я з чарачку, можа, выпіў, а ён усё вытрубіў.

П а л а н е я. Каб не Трахім, то мой і ніколі б не піў.

Д а м і ц э л я. Мой жа бы ніколі і не панюхаў, каб не гэты звядзісвет, Максім яе!

М а ц е й к а. Мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка п'юць гладка – лепей яшчэ, як мы з вамі, ваша бродзіе!

У р а д н і к. Маўчыце ўжо вы! Хай адзін гавора!

С о ц к і. Дык, значыцца, яны выпівалі і выпівалі. Пасля я іду вуліцай, дык яны і мяне паклікалі.

У р а д н і к. I цябе?

С о ц к і. Але, ваша бродзіе. Я – чалавек падатлівай натуры, ды, у суседстве жывучы, мусіш з усім гадзіцца. Ну, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі – а ўжо і ноч падышла. Тады сталі, значыцца, яны хваліцца, у каго жонка горшая. Максім кажа, што ў яго горшая...

М а к с і м. Праўда, ваша бродзіе!

С о ц к і. А Трахім кажа, што яго горшая!

Т р а х і м. Так, так! Такі ж горшая!

С о ц к і. Тады, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі...

У р а д н і к. Годзе табе ўжо гэтага – выпівалі!

С о ц к і. Слухаю, ваша бродзіе! Значыцца, яны вып... тады яны ў такую спрэчку залезлі, што аж я мусіў мірыць іх, і вып... і... пасля таго Максім кажа Трахіму, а Трахім– Максіму: памяняймася жонкамі, калі мая, кажа адзін, для цябе лепшая, а калі мая, кажа другі, для цябе лепшая! Гэта, значыцца, вазьмі яны, такім парадкам і памяняй жонкі, як,не пры вас кажучы, ваша бродзіе, цыганы кабыл. Значыцца, памяняўшы, тады ізноў вып... Не вытрымаю, ваша бродзіе.Максім купіў яшчэ прыдатку паўкварты за сваю, а Трахім паўкварты за сваю, тады вып... тады кажа Максім Трахіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. Трахім кажа Максіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. I, значыцца, яшчэ вып... пацалаваліся і пайшлі, барануючы нагамі. А Максім прыпяваў забароненую песню: «Ой ты, мая гарэліца, ой ты, весялушка!» I Трахім пацягваў таксама забароненыя прыпеўкі: «Курыць, веець мяцеліца!» А далей нічога я не ведаю. Толькі – гэты гвалт... ды мы яго разам з вамі, ваша бродзіе, пачулі, ідучы вуліцай, і сюды зайшлі.

У р а д н і к. Ну, што вы скажаце на гэта?

У с е. Нічога, ваша бродзіе!

М а ц е й к а. Ваша бродзіе! Ды тут усё ясна: мой тата прыстаў у прымы (паказваючы на Кацярынку) да яе мамкі, а яе тата да маёй мамкі...

С о ц к і (паказваючы на Кацярынку). А ты, можа, верхалоз, хацеў бы да яе ў прымы?

У р а д н і к. Ну, што, прымакі! Можа, так і астаніцёся ў прымах?

М а к с і м. Хай мяне бог крые! Усё роўна, як відаць, няма жонак на свеце без мешалак.

Т р а х і м. Не хачу,

ваша бродзіе! Мая цнотка добрая, а яго то,мусіць, і маю перагнала.

П а л а н е я. Чымся з яе п'яніцай век гараваць, дык лепш хай свой чалавек трэзвы астаецца.

Д а м і ц э л я. Які ён ёсць стары, а ўсё-такі не тое, што новы.

М а к с і м. Каб не Трахім, то нічога б гэтага і не было.

Т р а х і м. Каб не гэты Максім,то ўсё добра б скончылася.

П а л а н е я. Каб гэта шэльма, Даміцэля, хвастом не круціла, дык мой ніколі б мяне не мяняў.

Д а м і ц э л я. Каб яна, гэта ахмістрыня, бельмачамі за маімне сачыла,ён жа б ніколі да яе ў прымы не пайшоў.

М а ц е й к а. Каб, ваша бродзіе, мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка гарэлкі не пілі, дык і мамак не пускалі б у гандаль.

У р а д н і к. Ну, дык, па-вашаму, хто тут вінават?

У с е. Усе, ваша бродзіе!

М а ц е й к а. I манаполька!

У р а д н і к. Як я ўважаю, то гэтыя вашыя прымы падходзяць пад стаццю, што судзіць за незаконную здзелку. Памірыцеся лепей, каб не дайшло дзела да

суда!

К о л ь к і г а л а с о ў. Яно ж можна!

У р ад н і к. А каб мір мацнейшы быў, дык пацалуйцеся!

У с е. I гэта можна, ваша бродзіе! (Бабы цалуюцца між сабой, пасля – мужы з жонкамі.)

М а ц е й к а. Пазвольце, ваша бродзіе, і мне памірыцца з ёй! (Паказвае на Кацярынку.)

У р а д н і к. Што? і ты ў прымы да яе прыставаў?

М а ц е й к а. Ды не яшчэ! Але мы хочам наперад з ёй памірыцца!

У р а д н і к. Гэтага вы пытайцеся ў бацькоў сваіх: я ў такіх справах не суддзя.

М а ц е й к а (звяртаючыся да Трахіма). Дзядзечка! Можна мне з ёй так,як вы з цёткай, памірыцца?

Т р а х і м. Бач ты яго! чаго яму зажадалася? А не гуляў жа сягоння без майго пазвалення з ёй у «цыганку»? Дык вось пытайся затое свайго бацькі!

К а ц я р ы н к а (да Максіма, паказваючы на сябе і на Мацейку). Пазвольце, дзядзечка, мне да яго, а яму да мяне ў прымы пайсці!..

М а к с і м (да Ўрадніка). А гэткіяпрымы, ваша бродзіе, не будуць незаконнай здзелкай?

У р а д н і к. Здаецца, што не!

М а к с і м і Т р а х і м (да Мацейкі і Кацярынкі). Ну, дык мірыцеся! што з вамі зробіш?

Мацейка і Кацярынка цалуюцца.

Т р а х і м. А цяпер давайце гуляць іх прымацкія заручыны, а нашы – прымацкія разлучыны!

У с е. Давайце! Давайце!

М а к с і м (да Мацейкі). Рэж, сынок!

Г о л а с (з прысутных). Я буду іграць, а ён няхай скача свае заручыны.

Пачынаецца гульня, у якой найбольш выдзяляюцца Мацейка з Кацярынкай. Танцуюць лявоніху, «мяцеліцу», «мікіту» і іншыя танцы. Хор пяе «Ой ты, мая гарэліца!», «Дуду-весялуху» і іншыя. У часе самага разгару гульні апускаецца

Заслона.
Поделиться с друзьями: