Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:

Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа.

Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку.

Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму:

– Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды

паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.

Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт.

Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку.

Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў.

– За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён.

– Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*.

* У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых.

Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.

– Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў.

– Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, - сказала жонка.
– А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа!

Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён.

– Перш чым увайсцi на могiльнiк, - сказаў Борд, - нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта.

– Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць!

– I гэта слушна, твая праўда!
– сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд.
– I не чакай, каб могiлкавыя вароты былi ў гэты час не зачынены, - дадаў ён.

– Бадай, сапраўды, - падхапiла жонка.
– Прыдзецца нам пералезцi цераз сцяну, калi захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.

Муж зноў здзiвiўся. Ён пачуў, як з лёгкiм шумам пасыпалiся ўнiз дробныя каменьчыкi, i тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскi на захадзе вырысоўваецца жончына фiгура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, i нiчога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая -

усяго некалькi футаў. Дзiўным падалося яму толькi тое, што жонка праявiла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.

– Ну вось, - сказала яна.
– Давай руку, я дапамагу табе ўзлезцi!

Хутка сцяна засталася ззаду, i цяпер яны моўчкi i асцярожна прабiралiся сярод невысокiх магiльных грудкоў.

Адзiн раз Борд спатыкнуўся аб такi грудок i ледзь быў не павалiўся. Яму падалося, быццам хтосьцi падставiў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў i загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякi зразумелi, з якiмi намерамi ён прыйшоў на могiльнiк.

– Не хацеў бы я прыйсцi сюды, калi б справа мая была несправядлiвая.

– Яшчэ чаго скажаш, - запярэчыла жонка.
– Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо i магiла вiднеецца!

Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлi магiльныя плiты.

Неўзабаве яны былi ўжо каля самай магiлы i ўбачылi, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.

– Ну i няўклюды ж яны, - вылаяўся Борд.
– Быццам знарок хочуць спакусiць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.

– Пэўна, спадзяюцца, што нiхто не адважыцца крануць нябожчыка, сказала жонка.

– Ды i ўвогуле мала радасцi лезцi ў такую магiлу, - зазначыў муж. Саскочыць унiз, бадай, не цяжка, толькi потым сядзi там, як лiсiца ў нары.

– Сягоння ранiцай я бачыла, як яны апусцiлi ў склеп лесвiчку, - сказала жонка.
– Але яе ўжо, вiдаць, прынялi.

– А дай пагляджу я i на самай справе, - сказаў муж i пачаў мацаць рукамi ў магiльным праломе.
– Не, глядзi ты!
– усклiкнуў ён.
– Гэта ж трэба! Лесвiчка ж яшчэ тут!

– Ну i расцяпы!
– падтакнула жонка.
– Толькi, па мне, цi тут лесвiчка цi не - рознiца невялiкая. Той жа, хто там унiзе, i сам можа за сваё дабро пастаяць.

– Каб жа гэта ведаць!
– падхапiў муж.
– Можа, хоць лесвiчку прыняць?

– Нiчога ў магiле чапаць не будзем, - сказала жонка.
– Лепш будзе, калi магiльшчык ранiцай убачыць магiлу якраз такой, якой пакiнуў яе напярэдаднi.

Разгубленыя i нерашучыя, стаялi яны, утаропiўшыся на чорны адкрыты пралом. Iм бы пайсцi цяпер дамоў, але штосьцi таямнiчае, нешта такое, чаго нiхто з iх не асмельваўся назваць сваiм iмем, утрымлiвала iх на могiльнiку.

– Ды можна было б пакiнуць лесвiчку i на месцы, - сказаў нарэшце Борд, - калi б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сiла ўтрымаць злодзеяў.

– Ты ж можаш спусцiцца ўнiз, у склеп, - параiла жонка, - вось тады сам убачыш, якая ў яго сiла.

Здавалася, нiбы Борд толькi i чакаў ад жонкi гэтых слоў. Мiгам апынуўся ён каля лесвiчкi i пачаў спускацца ў пралом.

Але толькi ступiў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвiчкi i ўбачыў, што ўслед за iм лезе i жонка.

– Вунь што, ты i сюды за мной цягнешся, - сказаў ён.

– Баюся я пакiнуць цябе адзiн на адзiн з нябожчыкам.

– А не такi ўжо ён i страшны, - запярэчыў муж.
– I не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць.

Поделиться с друзьями: