Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:

Крыху падумаўшы, Iнгiльберт усклiкнуў:

– Дзiўна! А цi не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзiн? Як i небылiцы, якiя, бывала, расказваў пра Бенгта-асiлка. Усё гэта не iнакш як пустая выдумка, i нiчога больш.

– Пра Бенгта-асiлка ён якраз i хацеў пагаварыць з пастарам, - сказала дзяўчынка.

– Тады можаш пайсцi ў заклад, што гэта адны выдумкi, - сказаў Iнгiльберт.

З гэтымi словамi ён падняўся з месца i падышоў да акенца ў сцяне хацiны, якое было адчынена, каб крыху святла i паветра магло пранiкнуць усярэдзiну. Ложак хворага стаяў так блiзка ад акенца, што Iнгiльберт мог чуць кожнае слова. I сын пачаў прыслухоўвацца, нiколькi

не пакутуючы мукамi сумлення. Магчыма, нiхто яму нiколi раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякiм выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькi няма нiякiх страшных тайнаў, якiя ён мог бы выдаць.

Пастаяўшы крыху каля акенца, Iнгiльберт зноў падышоў да сястры.

– Ну, што я казаў?
– пачаў ён.
– Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з мацi ўкралi каралеўскi пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.

– Злiтуйся, божа!
– усклiкнула сястра.
– Цi не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.

– Зараз мы нiчога не можам зрабiць, - запярэчыў Iнгiльберт.
– Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.

Ён зноў падкраўся да акенца i пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусiў сястру доўга чакаць i неўзабаве зноў падышоў да яе.

– Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калi яны з мацi пабывалi ў склепе i ўзялi пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпалiў двор.

– Па ўсiм вiдаць, што гэта адна дурасць, - сказала сястра.
– Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпалiў Бенгт-асiлак.

Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як Iнгiльберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калi зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.

– Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусiць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што мацi спалохалася i захацела пайсцi разам з iм да ротмiстра ў Хедэбю i аддаць пярсцёнак. Бацька i рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што iх абоiх павесяць, калi яны прызнаюцца, што абакралi нябожчыка. Але тут ужо мацi не змагла перажыць гэтага, пайшла i ўтапiлася.

Тут i твар сястры пацямнеў ад жаху.

– Але татка заўсёды казаў, - пачала была яна, - што гэта быў...

– Ну так! Ён толькi што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць нiводнай жывой душы, хто напусцiў на яго ўсе гэтыя беды. Толькi нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асiлак. Ён сказаў, што сяляне называлi генерала Бенгтам-асiлкам.

Мэрта Бордсан так i абамлела.

– Значыць, гэта праўда, - прашаптала яна цiха, так цiха, нiбы гэта былi яе перадсмяротныя словы.

Яна азiрнулася па баках. Хацiна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышалiся змрочныя, пакрытыя лесам грабянi гор. Наколькi ахоплiвала вока, не вiдаць было чалавечага жылля, не было нiкога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзiноцтва.

I ёй падалося, што ў ценi дрэў, у змроку падпiльноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на iх новыя няшчасцi.

Яна была яшчэ такiм дзiцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу i знявагу наклiкалi на сябе яе бацькi. Яна разумела адно - што iх даймае нейкi прывiд, якаясьцi бязлiтасная, усемагутная iстота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явiцца i яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.

Яна падумала пра бацьку, якi вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такi ж самы жах. Ёй споўнiлася нядаўна чатырнаццаць, i яна памятала, што ёй было

ўсяго сем, калi згарэла Меламстуга. I ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзiць за iм. Так, лепш яму тады памерцi.

Iнгiльберт зноў падслухоўваў каля акенца хацiны, а потым вярнуўся да сястры.

– Ты ж не верыш у гэта, Iнгiльберт?
– запыталася яна, нiбы ў апошнi раз спрабуючы пазбавiцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Iнгiльберта дрыжаць рукi, а вочы застылi ад жаху. Яму таксама было страшна, нiколькi не менш за яе.

– Чаму ж мне тады верыць?
– прашаптаў Iнгiльберт.
– Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегiю - хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму нiяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломiць нагу, якраз калi патрэбна ад'язджаць.

– А што сказаў пастар?
– запыталася дзяўчынка.

– Ён пацiкавiўся ў бацькi, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калi так небяспечна было валодаць iм. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калi прызнаецца ў сваiм злачынстве, то ротмiстр загадае яго павесiць. Выбiраць не было з чаго, вось i давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, i хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалi генералу ў магiлу, а мы б, дзецi, пазбавiлiся ад праклёну i змаглi б зноў перабрацца ў прыход да людзей.

– Я рада, што пастар тут, - сказала дзяўчынка.
– Не ведаю, што i рабiць, калi ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаiць вунь там, пад елкамi. Падумаць страшна, што ён хадзiў тут кожны дзень i падпiльноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!

– Я думаю, што тата i сапраўды бачыў яго, - пагадзiўся Iнгiльберт.

Ён зноў падышоў да хацiны i пачаў прыслухоўвацца. Калi ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў iншы выраз.

– Я бачыў пярсцёнак, - сказаў ён.
– Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так i зiхацiць! Пунсовы з золатам! Так i пералiваецца! Пастар зiрнуў на пярсцёнак i сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты - генералаў. Падыйдзi да акенца, i ты ўбачыш яго!

– Лепш гадзюку ў рукi вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, сказала дзяўчынка.
– Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?

Iнгiльберт адвярнуўся.

– Ведаю, што ён - наш згубiцель, але ўсё роўна мне ён па душы.

Толькi ён сказаў гэтыя словы, як да брата i сястры данёсся моцны i зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.

Само сабой зразумела, што пастар не мог прымiрыцца з усiмi гэтымi вар'яцкiмi размовамi аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селянiну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзiцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары цi насылаць хваробы на людзей i жывёлу. Не, беды, якiя даймалi Борда, - гэта пакаранне божае, абранае каб вымусiць яго раскаяцца i вярнуць крадзенае яшчэ пры жыццi, пасля чаго грэх будзе дараваны, i ён зможа спакойна памерцi.

Стары Борд Бордсан цiха ляжаў у ложку i слухаў пастара, той так i не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, i не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.

Але брат з сястрой, якiя дрыжалi ад страху перад насланнём i прывiдамi, адразу акрыялi.

– Чуеш?
– запытаўся Iнгiльберт, схапiўшы за руку сястру.
– Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусiм не генерал.

– Так, - адказала сястра.

Яна сядзела, сцiснуўшы рукi. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.

Поделиться с друзьями: