Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ды ўжо нiчога ён нам, вiдаць, не зробiць, - падтрымала жонка.
– Ён жа ведае, што ў нас i ў думках не было ўкрасцi пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалi адкручваць века труны, тады iншая справа.
Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала i пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялiкiм крыжыкам на плешцы.
– Тут быццам бы знарок усё так i прыладжана для злодзея, - сказаў Борд, пачынаючы спрытна i асцярожна адкручваць шрубы труны.
– Чуеш што-небудзь?
– запыталася жонка.
– Цi не варушыцца ён у труне?
– Тут цiха, як у магiле, - адказаў муж.
– Ён жа, мусiць, не лiчыць, што мы задумалi адняць у яго самае дарагое, - працягвала
– Вось каб мы века труны паднялi, тады iншая справа.
– Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, - сказаў муж.
Яны паднялi века i цяпер ужо не ў сiлах былi стрымацца ад сквапнасцi. Iм не цярпелася авалодаць скарбам. Яны сарвалi пярсцёнак са струхлелай рукi, апусцiлi века i, не сказаўшы нiводнага слова, цiшком выбралiся з магiлы. Iдучы цераз могiльнiк, яны ўзялiся за рукi, i толькi апынуўшыся па iншы бок нiзкай шэракаменнай могiльнiкавай сцяны i спусцiўшыся на прасёлак, адважылiся загаварыць.
– Думаецца мне, - сказала жонка, - што ён сам гэтага хацеў. Зразумеў, што нядобра нябожчыку берагчы такi скарб, вось i аддаў яго нам па добрай волi.
Муж зарагатаў.
– Так, ну i ну, няма чаго сказаць, - вымавiў ён.
– Не ўжо, не прымусiш ты мяне паверыць выдумцы, быццам ён аддаў нам пярсцёнак па добрай волi; проста ў яго сiлы не было нам перашкодзiць.
– Ведаеш што, - сказала жонка, - сягоння ноччу ты быў вельмi храбры. Мала такiх, хто адважыцца спусцiцца ў магiлу.
– А я зусiм i не думаю, што паступiў нядобра. У жывога я б нiколi i далера не ўзяў, ну а што за бяда ўзяць у мёртвага тое, што яму ўжо не патрэбна.
Iшлi яны гордыя i задаволеныя i толькi здзiўлялiся, што нiкому, акрамя iх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегiю i прадасць там пярсцёнак, як толькi выпадзе якi-небудзь зручны выпадак. Iм здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмi многа грошай i нiколi больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнiм днём.
– А гэта што?
– раптам прыпынiўшыся, запытала жонка.
– Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павiнна свiтаць?
– Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзiць, - сказаў селянiн.
– Вiдаць, - пажар. I як быццам дзесьцi каля Ольсбю. Цi не...
Яго перапынiў гучны жончын голас.
– Гэта ў нас гарыць!
– крычала яна.
– Меламстуга гарыць! Генерал падпалiў яе!
У панядзелак ранiцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусiм блiзка ад царквы, прыбег магiльшчык i, ледзь не задыхаючыся, выпалiў: iм з мулярам, якi збiраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок i што шчыты з гербамi i ордэнскiя стужкi, якiмi яно прыбрана, ссунуты з месца.
Неадкладна людзi спусцiлiся ў склеп i заўважылi, што там пануе страшны беспарадак i што шрубы труны сарваны. Калi знялi века, то адразу ж убачылi, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукi пярсцёнка няма.
III
Я думаю пра караля Карла XII i спрабую ўявiць сабе, як людзi любiлi яго i як баялiся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерцi каралю надарылася аднойчы зайсцi ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзiн i нечакана; ведаючы, што ў царкве iдзе служба, ён спынiў каня каля царкоўнай брамы i ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанiн.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, i, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхiнуўшыся спiнай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён i ўвайшоў непрыкметна i моўчкi стаяў у змроку пад царкоўнымi хорамi, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, якi страцiў руку цi нагу ў паходах i быў адасланы дамоў яшчэ
да Палтавы. I салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымi назад валасамi i арлiным носам, мабыць, i ёсць сам кароль. I, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.Суседзi на лаўцы, пэўна, здзiвiлiся, чаму ён устаў, i тады ён шапнуў iм, што сам кароль тут, у царкве. I ўслед за iм мiжвольна ўсталi ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калi з алтара цi з кафедры абвяшчалiся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, iмгненна разнеслася з гэтай лавы на iншыя, i ўсе як адзiн - i старыя i маладыя, i багатыя i бедныя, i хворыя i здаровыя - паднялiся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерцi караля Карла, калi пачалiся няшчасцi i беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, якi не страцiў бы дарагiх яго сэрцу сваякоў або не згубiў усяго свайго багацця, i ўсё па вiне гэтага караля. I калi каму-небудзь нават i не даводзiлася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краiна, колькi страчана заваяваных зямель, i аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамi*.
* У апошнi перыяд вайны краiны - удзельнiцы Паўночнага Саюза (Данiя, Рэч Паспалiтая, Расея) - узмацнiлi ваенныя дзеяннi супраць Швецыi. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскi трон, i шведскiя войскi былi выгнаны з тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. Дацкiя войскi ўварвалiся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фiнляндыю, Эстляндыю, Лiфляндыю, Аландскiя выспы.
I тым не менш, тым не менш... Як толькi людзi пачулi разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзiцца той самы чалавек, якога столькi разоў праклiналi, як усе адразу ўсталi.
Усталi i засталiся стаяць. Нiхто i не падумаў сесцi зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, i пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усiм. Калi б хтосьцi сеў, то зняважыў бы караля.
Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нiчога не паробiш, давядзецца пацярпець. Нiхто не хацеў зневажаць яго.
Ён быў салдацкiм каралём i прывык да таго, што салдаты ахвотна iшлi за яго на смерць*. Але тут, у царкве, вакол яго былi простыя гараджане i рамеснiкi, простыя шведскiя мужчыны i жанчыны, якiя нiколi ў жыццi не чулi каманды: "Узяць на каравул!" Аднак варта яму толькi паказацца сярод iх, i яны ўжо траплялi пад яго ўладу. Яны пайшлi б за iм у агонь i ў ваду, аддалi б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылi ў яго, абагаўлялi. Ва ўсёй царкве прыхаджане малiлiся за гэтага незвычайнага чалавека, якi быў каралём Швецыi.
* Карл XII быў вельмi папулярны сярод салдат свайго войска, якiм iмпанавалi яго асабiстыя якасцi - храбрасць, самавалоданне, сiла волi.
Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой i так глыбока ўкаранiцца нават у самым суровым i панурым старым сэрцы, што ўсе людзi думалi - любоў гэта будзе спадарожнiчаць яму i пасля смерцi.
I таму, пасля таго як выявiўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзiўлялiся, што ў кагосьцi хапiла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, - тых, на думку прыхаджан, зладзеi маглi рабаваць без апаскi. Або ж калi якая-небудзь пяшчотная мацi заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзiцяцi, то яго бязбоязна маглi б вырваць у яе з рук. I калi б якога-небудзь пастара паклалi ў труну з Бiблiяй у галавах, то i Бiблiю гэту, пэўна, можна было б украсцi ў яго без усякай шкоды для лiхадзея. Але ўкрасцi пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, якi жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявiць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!