Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Стары магільнік між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Той хрысціянскі pontifex maximus [36] , аб якім табе, спадару, я згадваў ды прыезду якога спадзяваліся многа пазней, ужо прыехаў і сянняшняе ночы хрысціціме й навучаціме на гэным магільніку. Яны хаваюцца з сваёю навукаю, бо хоць няма дагэтуль ніякіх забараняючых эдыктаў, народ іх ненавідзіць, дык мусяць асцерагацца. Сам Урсус казаў мне, што ўсе як адна душа сыйдуцца ў Острыянуме, кожны бо хоча пабачыць ды паслухаць таго першага вучня Хрыстовага, якога яны завуць Высланцом. Жанчыны ў іх нароўні з мужчынамі слухаюць навукі, дык адна мо з іх толькі Пампонія, баючыся Аўлюса за начныя пабягушкі, не будзе прысутнай. Лігія, аднак, будучая пад апекай Урсуса і старшынаў гміны, прыйдзе, думаю, разам з іншымі жанчынамі.

36

Найвялікшы святар (лац.).

Вініць, які дагэтуль жыў як бы ў гарачцы, падтрымоўваны надзеяй, цяпер, калі

тая надзея здавалася спаўняцца, пачуў нагла такое стамленне, як падарожнік пасля непасільнай падарожы. Хілон гэта скеміў, дык пастанавіў выкарыстаць.

— Брамы, праўда, вартуюць твае, спадару, людзі, хрысціяне павінны аб гэтым ведаць. Але яны не патрабуюць брамаў. Тыбр таксама іх не патрабуе, і хоць ад тамтых дарог далёка, варта й дарогу адолець, каб пабачыць Вялікага Апостала.

Але яны маюць тысячы спосабаў выхаду з гораду. У Острыянуме, вашэць, знойдзеш Лігію, а калі б нават — чаго не прадбачваю — не было яе тамака, дык будзе Урсус, прырок бо мне задушыць Глаўка. Сам казаў мне, што будзе, і там яго замардуе, чуеце, крывічэсны трыбуне? Дык або пойдзеш следам за ім і даведаешся, дзе жыве Лігія, або загадаеш сваім людзям схапіць яго як забойцу і, маючы ў сваіх руках, выдабудзеш з яго вестку, дзе схаваў Лігію. Я сваё зрабіў! Іншы, спадару, круціў бы, што выпіў з Урсусам дзесяць кантараў першараднага віна, пакуль выкучыў з яго тайніцу; другі кляўся б, што мусіў прайграць яму ў scriptae duodecim [37] тысячу сэстэрцыяў, або папросту за дзве тысячы купіў сакрэт… Ведаю, што ты заплаціў бы мне за гэта з вярхом, але няма таго, раз у жыцці… то знача хацеў сказаць: як заўсёды ў жыцці, буду чэсным, бо спадзяюся, згодна з словамі вялікадушнага Пятронія, усе патрэбы мае й надзеі твая шчодрасць перавышыць.

37

Дванаццаць рысак (гульня) (лац.).

Вініць, які ўмеў сабе па-ваяцку даваць раду ў цяжкіх здарэннях, хутка апанаваў слабасць і сказаў: — Не ашахнешся на маёй шчодрасці, перш, аднак, пойдзеш са мною да Острыянума.

— Я да Острыянума? — пытаў збянтэжаны Хілон. — Я, сумленны трыбуне, абяцаў табе знайсці Лігію, але не прыракаў яе адбіраць… Падумай, спадару, што сталася б са мною, калі б той лігійскі мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся адначасна, што не зусім слушна яго разадраў? Ці не ўважаў бы мяне — бяспраўдна — за іставетнага выканаўцу забойства? Памятай, спадару, чым большы хто філязоф, тым цяжэй яму адказваць на глупыя запыты прасцюгі, бо й што ж яму адказаў бы, каб спытаў мяне, чаму абвінавачваў Глаўка?

Калі, аднак, падазраеш мяне ў круцельстве, скажу табе: заплаціш тады толькі, як пакажу табе дом, у якім жыве Лігія, сяння акажы мне частку толькі твае шчодрасці, каб, калі з табою, спадару, — хай багі бароняць — што благое здарылася, не застаўся я цалкам без заплаты. Сэрца тваё хіба таго не перажыло б.

Вініць падыйшоў да куфра, што стаяў на падмуроўцы, называнай «арка», дастаў капшук, шпурнуў яго Хілону.

— Гэта скрупулы [38] , — растлумачыў. — Будзе Лігія — дастанеш такі самы, напоўнены аўрэўсамі.

38

Scripulum, або scrupulum — малая залатая манета, 1/3 частка залатога дэнара, або аўрэўса (заўвага аўтара).

— О, Ёвіш! — закрычаў Хілон.

Вініць прыхмурыў бровы.

— Есці дадуць тутака, можаш тут і адпачыць. Да вечара ані кроку згэтуль, настане ноч — пойдзем да Острыянума.

На твары грэка асеў страх і хістанне, хутка супакоіўся, аднак, і сказаў: — Хто ж табе, спадару, пярэчыціме! Словы гэныя ўважай за памысную варажбу так, як падобныя ўважаў вялікі наш герой у святыні Амнона. Скрупулы гэныя, — патрасаючы капшук, — пераважылі маё скрупулёзнае сумленне, аб шчасці й раскошы твайго таварыства ўжо й не кажу… Вініць нецярпліва перапыніў яго ды пачаў выпытваць аб падрабязнасцях гутаркі з Урсусам. Адно было ясным: сховішча Лігіі шчэ гэтае ночы будзе выкрыта, або яе самую льго будзе схапіць падчас вяртання з Острыянума. Гэтая думка напаўняла Вініція радасцяй. Цяпер, калі зрадзілася пэўнасць здабыцця Лігіі, адыйшла і злосць на яе, і гнеў. За гэтую менавіта радасць дараваў ёй усю віну. Уяўляў толькі яе, сваю дарагую і пажаданую істоту, чаканую з далёкага падарожжа. Брала яго ахвота склікаць зараз нявольнікаў, каб прыхарошвалі ўжо дом у вянкі. Гатовы быў дараваць усім усё. Хілон, да якога дагэтуль, міма ягоных паслугаў, чуў агіду, першы раз выдаўся яму чалавекам забаўным ды не абы-якім. Раз’ясніўся яму дом, раз’ясніліся вочы й цэлае аблічча. Адчуваў нанава роскаш жыцця маладога. Даўнейшая маркотная туга не дала яму яшчэ дастатковай меры, як моцна пакахаў Лігію. Цяпер толькі гэта зразумеў, калі спадзяваўся мець яе. Пажаданне яе будзілася ў ім, моў навесну будзіцца зямля, прыгрэтая сонцам, але ягоная жада была цяперака як бы менш сляпая і дзікая, а больш радасная й далікатная. Адчуваў у сабе безгранічную энергію і быў перакананы: як толькі ўгледзіць Лігію собскімі вачыма, не адбяруць тады ўжо яе ўсе хрысціяне цэлага свету, а нат сам цэзар.

Хілон аднак жа, асмелены ягонай радасцю, падняў зноў гутарку і пачаў даваць рады. На ягоную думку, справы не трэба яшчэ лічыць выйгранай і датрымваць як найбольшую асцярожнасць, без якое ўсе намаганні могуць спракудзіцца. Заклінаў таксама Вініція, каб не адбіраў Лігіі ў Острыянуме. Мусяцімуць туды йсці ў каптурох, з заслоненымі тварамі ды абмежавацца да самае толькі асцярожнае абсэрвацыі з якога-небудзь цёмнага кутка. А як прыкмецяць

Лігію, найбеспячней будзе пайсці за ёю назіркам, зацеміць, у які ўваходзіць дом, а назаўтра досвіткам абставіць яго вялікаю сілаю нявольнікаў і забраць яе сярод белага дня. Бо яна ж закладнічка і фактычна належыцца цэзару, дык можна гэта зрабіць без парушэння права. А калі б яе не знайшлі ў Острыянуме, пойдуць за Урсусам, і вынік будзе той самы. На магільнік у вялікай талацэ людзей ісці нельга, бо лёгка звярнулі б на сябе ўвагу, а тады хрысціяне патушаць усе светачы так, як было пры першым адбіранні яе, і разбягуцца ды пахаваюцца ў сховішчах, ім толькі ведамых. Дый трэба ўзброіцца, ці лепш — узяць з сабою двух асілкаў пэўных, каб на ўсялякі выпадак мець абарону.

Вініць прызнаў яму пэўную праўду і, прыгадаўшы адначасна рады Пятронія, выдаў нявольнікам загад, каб прывялі яму Кратона. Хілон, пачуўшы прозвішча слаўнага атлеты Кратона, сілу якога бачыў не раз на сцэне, супакоіўся і згадзіўся ісці да Острыянума. Здабыццё капшука, напоўненага залатымі аўрэўсамі, выдавалася яму лягчэйшым пры помачы Кратона.

Рассеўся з пагоднаю думкаю пры стале, да якога паклікаў яго, крыху пачакаўшы, загадчык атрыюма, і падчас яды мантачыў нявольнікам, як дастаўляў іхняму гаспадару цудоўную масць, якою даволі памазаць капыты найздахлейшым коням перагонак, каб усіх іншых выперадзіць. Навучыў яго рабіць гэту масць адзін хрысціянін, бо старшыны хрысціянскія шмат болей знаюць на чарах і цудах, чым нат тэсалійцы, слаўныя чараўнікі. Хрысціяне маюць да яго вялікі давер, а чаму яго маюць, кажны лёгка дадумаецца, хто ведае, што абазначае рыба. Так прастарэкуючы, старанна вывучаў вочы нявольнікаў, спадзеючыся знайсці між імі хрысціян і далажыць аб гэтым Вініцію. Калі ж свайго не дапяў, пачаў пражорліва есці й піць, не шкадуючы кухару хвальбы ды абяцанак, што адкупіць яго ў Вініція. Весялосць ягоную муціла толькі думка, што ноччу трэ будзе йсці да Острыянума, але пацяшаўся гадкаю, што пойдзе поцемку пераапрануты ды ў таварыстве двух не абы-якіх чалавек, з якіх адзін ёсць бажышчам сілы ў цэлым Рыме, а другі патрыцыем і высокім вайсковым урадаўцам.

«Хоць бы Вініція й адкрылі, — казаў сабе, — дык не асмеляцца налажыць на яго рукі, а мяне — хай будуць мудрымі ўбачыць кончык майго носа».

Пасля пачаў прыгадваць сабе гутарку з работнікам, і разважанні гэныя напоўнілі яго новаю льгою. Не меў найменшага сумніву, што той жарнамол быў адыстар Урсус. Чуў ад Вініція ды ад тых, што адводзілі Лігію з цэзаравага палацу, аб незвычайнай сіле таго чалавека. І ў Эўрыцыя выпытваў пра людзей выняткава моцных, дык нічога дзіўнага, што паказалі яму Урсуса. Апрача таго ўстрывожанасць і абурэнне вялігура на ўспамін аб Вініцію і Лігіі не дазваляе сумнявацца, што асобы гэныя цікавяць яго асабліва; жарнамол згадваў таксама аб пакуце за забойства чалавека, а Урсус забіў Атацына; урэшце рысапіс рабачая згаджаўся з апісаннем Вініція. Адно толькі змененае імя магло будзіць сумніў, але Хілону было ўжо ведама, што хрысціяне змяняюць на хросце імёны.

— Калі Урсус заб’е Глаўка, — думаў сабе Хілон, — дык будзе яшчэ лепей, а калі й не заб’е, дык таксама будзе добры знак, бо акажацца, як цяжка адважваюцца хрысціяне на забойства. Я ж распісаў таго Глаўка як юдашына здрадніка ўсіх хрысціян; быў я так вымоўны, што камень бы ўзрушыўся й абяцаў бы спасці на голаў Глаўка, а паміма гэтага ледзь схіліў таго лігійскага мядзведзя да налажэння на яго лапы… Надумоўваўся, не хацеў, згадваў пра свой жаль і пакуту. Відаць, ім гэта не ўходзіць… Сваю крыўду трэба дараваць, за чужую не надта можна памставаць, еrgo, падумай, Хілонка, што ж табе можа пагражаць?

Глаўку не можна над табою мсціцца… Урсус, калі не заб’е Глаўка за так вялікую віну, як здрада ўсіх хрысціян, дык тым больш не заб’е цябе за так малую, як здрада аднаго хрысціяніна. Ну, хай толькі пакажу таму яраму грывачу гняздо гэнае туркалкі, тады рукі ўмываю ад усяго і пераношуся назад у Неапаль.

Хрысціяне таксама гавораць пра нейкае ўмыванне рук, відаць, гэта ў іх спосаб, якім канчаюцца з імі справы. Нейкія добрыя людзі тыя хрысціяне, а так дрэнна пра іх гавораць! О богі! Гэткая ўжо справядлівасць на свеце. Люблю, сапраўды, гэтую навуку за тое, што не дазваляе рабіць забойства. Але калі не дазваляе забіваць, дык не дазваляе хіба й красці, і ашукваць, і лжыва сведчыць, дык не скажу, каб надта была выгаднаю. Яна, відаць, вучыць не толькі сумленна паміраць, але й сумленна жыць. Як калісь разбагацею ды меціму такі дом, як гэты, і столькі нявольнікаў, дык, можа, стануся хрысціянінам на так доўга, як гэта будзе мне зручна. Багаты бо можа сабе на ўсё дазволіць, нат на цноту… Так, гэтая рэлігія толькі для багатых, і дзеля таго не цямлю, якім спосабам ёсць між імі столькі ўбогіх, што ім з таго за карысць, чаму дазваляюць цноце звязваць сабе рукі? Мушу калісь над гэтым падумаць. Тым часам хвала табе, Гермес, што дапамог знайсці гэнага барсука… Але калі ты гэта спрычыніў, спадзяючыся дзвёх ялавіц белых, аднагодак, з пазалочанымі рагамі, дык не пазнаю цябе. Устыдзься, Аргабойца! Такі мудры бог, і каб загадзя не прадбачыць, што атрымаеш шыш! Ахвярую табе маю ўдзячнасць, а калі жадаеш лепш пару быдлят, тады сам ты трэцяе быдла і павінен быць пастухом, а не богам. Ой, сцеражыся, каб не ўфілязафаваў я людзям, што цябе нямашака, тады бо ўсе табе перастануць несці ахвяры. З філязофамі трэба ласкаю.

Так прастарэкуючы з сабою ды з Гермесам, выцягнуўся на лаве, палажыў сабе адзежыну пад голаў і, як нявольнікі скончылі збіраць са стала, заснуў. Прачнуўся, а хутчэй збудзілі яго, як прыйшоў Кратон. Выйшаў у атрыюм і з уцехаю прыглядаўся магутнай постаці экс-гладыятара, які сваёй велізарнасцю ледзь не ўвесь атрыюм запаўняў. Кратон ужо дамовіўся аб цане і гутарыў з Вініціем.

— Бадай цябе Геркулес! Добра, спадару, што сяння па мяне прыслалі, бо ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт на загад Ватынія, там у прысутнасці цэзара барукацімуся з нейкім Сыфаксам, найдужэйшым афрыканскім неграм. Ці ўяўляеш сабе, вашэць, як ягоныя косці трашчацімуць у маіх руках, расквашу кулаком яму і чорную сківіцу.

Поделиться с друзьями: