Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Але паволі супакойваліся, бо ахвота далейшага слухання перамагала.

Старац прымкнуў вочы, як бы маніўся лепей бачыць у душы адлеглыя рэчы, і мовіў далей: — Калі так вось мы галасілі, прыбягае зноў Марыя з Магдалі, лямантуючы, што бачыла Госпада. Не могучы распазнаць яго з прычыны ззяння, што сыходзіла ад Яго, думала агароднік, але Ён адазваўся: «Марыя!» Тады крыкнула: «Рабоні!» і прыпала да ног ягоных. Ён жа сказаў ёй ісці да вучняў і знік.

Але вучні не паверылі ёй і, гледзячы на ейны плач радасці, адны вайцялі ёй, а другія думалі, жаль збіў яе з глузду, бо і аб анёлах згадвала ў агародзе; пабеглі другі раз да гробу, і зноў быў парожны. Потым увечары прыйшоў Клеофас, што хадзіў з іншымі да Эмаўс, і хутка вярнуліся з галоснаю весткаю: «Сапраўды Хрыстус уваскрос». І, замкнуўшыся ад жыдоў, пачалі спрачацца. Нараз з’яўляецца між імі Ён праз зачыненыя дзверы і кажа ім, патрухлеўшым ад пераляку:

«Pax vоbis!»

«І бачыў Яго я, так як і ўсе, а быў Ён моў сонца, моў шчасце сэрцаў нашых, бо мы ўверылі, што ўваскрос, што мора высахне, горы ў пыл рассыплюцца, а слава ягоная не праміне!»

А пасля васьмёх дзён Тамаш Дыдымус укладаў пальцы ў раны, у бок Ягоны ды ўпаў да ног ягоных, вызнаючы: «Госпад мой і Бог мой!» А Ён адказаў яму: «Ты бачыў мяне і ўверыў. Багаслаўлёныя тыя, што не бачыўшы ўверылі».

І гэныя словы чулі мы, а вочы нашыя глядзелі на Яго, бо ж быў між намі.

Вініць слухаў, і дзеялася з ім нешта дзіўнае. Забыў на момант, дзе ён, пачаў губляць адчуванне рэчаіснасці, губляць меру, толк, Дзве неставетнасці стаялі перад ім. Не мог уверыць у тое, што казаў старац, а чуў, што трэ хіба быць сляпым і адмовіцца ад уласнага розуму, каб дапусціць, што чалавек той хлусіў, кажучы: «Я бачыў». Было штось у ягонай постаці ды ў дакладнасці апавядання, што адганяла ўсялякі сумніў. Вініцію выдавалася часамі ўсё гэта як бы снішчам, але ж навакол сябе бачыў усцішаную масу людзей; воддаль палала вогнішча, копаць лятарняў казытала ноздры, а вобак на камяні стары чалавек, згрыбелы, з дрыжачай галавою, які з відам сведкі цвердзіў: «Я бачыў!»

І расказаў ім усё далей аж да ўнебаўшэсця. Час ад часу адпачываў, бо гаварыў падрабязна, але відаць было, што кожная дробязь адкрэслена была ў ягонай памяці, як на камяні. Слухачоў пачало ахапляць упаенне. Пасцягалі з галоваў каптуры, каб лепей слухаць, каб не ўпусціць аніводнага слоўца бясцэннага. Здавалася ім, што нейкая надлюдская моц пераносіць іх у Галілею, што вандруюць разам з вучнямі ў тамтэйшых гаёх, узбярэжжах, што магільнік гэты змяняецца ў Тыберыядскае возера, а на беразе ў ранішнім тумане стаіць Хрыстус так, як стаяў тады, калі Ян, згледзеўшы з лодкі, крыкнуў: «Ёсць гэта Госпад!» — ды Пётр рынуўся плысці, каб хутчэй кінуцца Яму да ног. На тварах малявалася захапленне й забыццё, малявалася шчасце й бязмерная любоў. Значна было, што на працягу доўгага апавядання Пятра некаторыя мелі візыі, а калі пачаў казаць, як падчас унебаўшэсця пачалі аблокі засоўвацца пад стопамі Збаўцы ды засланяць Яго і закрываць перад вачыма апосталаў, галовы ўсіх чыста мімахоць падымаліся ўгару, і вычувалася як бы хвіліна чакання, як бы тыя людзі спадзяваліся яшчэ Яго дагледзець або чакалі, быццам вернецца з нябесных прастораў, каб паглядзець, як стары Апостал пасе авечкі, яму павераныя, ды багаславіць іх.

Для людзей не было ў тым моманце ні Рыму, ні шалёнага цэзара, ні багоў і святынь паганскіх, быў толькі Хрыстус, напаўняючы сабою зямлю, мора, неба й свет.

У далёкіх дамох, параскіданых уздоўж Намэнтанскае дарогі, пачалі пяяць ужо пеўні, звяшчаючы поўнач. У той хвіліне Хілон тузануў Вініція за рог адзежыны і шапнуў: — Спадару, там, вунь дзе, недалёка старца, бачу Урбана, а пры ім нейкую дзяўчыну.

Вініць схамянуўся, бы са сну, і, абярнуўшыся ў кірунку, намечаным праз грэка, убачыў Лігію.

XXI

Кожная кропля крыві зайграла ў маладым патрыцыю, як убачыў яе. Забыў аб натоўпе, аб старцу, аб уласным здумленні з навукі, перад сабою бачыў толькі яе адну. Ну вось урэшце, пасля ўсіх натугаў, трывогаў, знайшоў яе! Першы раз у жыцці адчуў на сабе, што радасць можа зваліцца на грудзі, моў люты звер, і прыгнясці іх аж да заніку дыхання. Ён, катораму дагэтуль здавалася, быццам Фартуна лёгка яму падпарадкоўваецца, цяпер ледзь верыў уласным вачам і ўласнаму шчасцю. І каб не гэтае недаверанне, гвалтоўная ўдача ягоная гатова была б папхнуць да якога неразважнага кроку, але хацеў перш пераканацца, ці гэта не сон, ці гэта не далейшы ланцуг тых цудаў, якімі была перапоўнена галава. Ды ж не было сумніву: бачыў Лігію ў адлегласці мо якіх колькінаццаці крокаў. Стаяла ў поўным святле, дык мог упаяцца ёю, колькі сам жадаў. Каптур асунуўся ёй з галавы і разгарнуў валасы, вусны былі крышачку расхілены, вочы ўзнесены да Апостала, а твар заслуханы і захоплены. Апранута была ў плашч з цёмнае воўны, як звычайна з простага роду дзяўчына. Вініць, аднак, ніколі не бачыў яе прыгажэйшай, і, міма перажыванага нутранога закалоту, ударыў яго кантраст цуднае шляхотнае патрыцыянскае галованькі ў адметку да простае, казаў бы нявольніцкае, вопраткі. Каханне перабягала па ім, бы магутнае полымя, прасочанае нейкім дзіўным пачуццём тугі, адданасці, замілавання, жады. Чуў раскошу,

гледзячы на яе, насычаўся як бы крынічнаю вадою пасля доўгае прагі. Пры вялігурным лігу выдавалася меншай, чым падалося спачатку, моў дзяцінай. Здэцца, паблажала. Аблічча ейнае было быццам празрыстае, бы кветка ці душа. І тым больш жадаў мець гэну істотку, так адметную ад іншых жанчын, спатыканых на Ўсходзе і ў Рыме.

Гатовы быў аддаць за яе тыя ўсе, а да іх яшчэ Рым і цэлы свет у прыдатку.

Быў бы загледзеўся і ўтануў зусім, каб не Хілон, які цягнуў яго за край адзежы, баючыся, каб чаго не накуралесіў, што б магло навесці небяспеку. Хрысціяне тым часам пачалі маліцца й пяяць. Цераз хвіліну загрымела «Маран-ата», пасля вялікі Апостал пачаў вадою з вадаліву хрысціць тых, што прэзбітары рэкамендавалі як прыгатаваных да хросту. Вініцію здавалася, ноч гэта ніколі не скончыцца. Хацеў зараз ісці за Лігіяй ды забраць яе ў дарозе або ў памяшканні.

Урэшце некаторыя пачалі расходзіцца. Хілон тады шапнуў: — Выйдзьма пад браму, бо мы не знялі каптуроў, і людзі глядзяць на нас.

І так сапраўды было. Калі ўсе пад час мовы Апостала паадхілялі каптуры, каб лепей чуць, яны не зрабілі гэтага. Рада Хілона была слушная. Стоячы пры браме, маглі цікаваць на ўсіх выходзячых, а Урсуса не цяжка было распазнаць па росту і паставе.

— Пойдзем за імі, — сказаў Хілон, — паглядзімо, да якога дому ўваходзіцімуць, а заўтра або й сяння абставіш усе сходы ў доме нявольнікамі ды забярэш яе.

— Не! — запярэчыў Вініць.

— А што рабіцімеш, спадару?

— Увойдзем за ёю ў дом і схопім яе воміг цяпер; ты ж падручыўся, Кратон?

— Так ёсць, — адказаў волат, — і аддаюся табе, спадару, у нявольнікі, калі не зламлю хрыбта гэтаму буйвалу, што пільнуе яе.

Хілон пачаў адрайваць і заклікаць іх на ўсе багі, каб не рабілі гэтага. Адыж Кратон меў быць узятым толькі дзеля абароны на выпадак, калі б іх пазналі, не для хапунства дзяўчыны. Калі брацімуць толькі самі ўдвух, налезуць на смерць і, чаго лепшага, могуць яе ўпусціць з рук, а тады яна схаваецца ў іншым мейсцы або ўцячэ з Рыму. І што тады рабіцімуць? Чаму не йсці дарогаю больш пэўнаю? Пашто выстаўляць сябе на згубу і ўсю справу на ліхую долю?

Вініць, хоць устрымоўваў сябе, каб тут жа на магільніку зараз не хапіць у абдымкі Лігіі, прызнаваў, што грэк меў рацыю, і быў бы мо паддаўся ягонай радзе, каб не Кратон, ласы на зыск.

— Замкні, спадару, гэтаму старому маркачу губу, — зікнуў, — або дазволь мне спусціць кулак на голаў яму. Раз у Буксэнтуме, куды запрашаў мяне на йгрьшча Луцый Сатурнін, напала на мяне ў гасподзе сямёх п’яных гладыятараў, і аніводзін не выйшаў з цэлымі рэбрамі. Не кажу цяпер хапаць дзяўчыну, з грамады, бо маглі б нам пад ногі кідаць каменне, але як пераступіць парог дому, схаплю табе яе і занясу, куды хочаш.

Вініць усцешыўся, слухаючы гэта, і адазваўся: — Так і будзе, на Геркулеса! Узаўтра маглі б не знайсці яе прыпадкам дома, і, як спалохалі б дом, адвялі б яе далей.

— Гэны ліг выдаецца мне надта моцным! — заскігліў Хілон.

Мусілі яшчэ доўга чакаць, і куры пачалі пяяць на світанні, пакуль угледзелі выходзячага з брамы Урсуса, а з ім Лігію. Ішло з імі некалькі іншых асоб. Хілону здавалася, быццам пазнае Вялікага Апостала, вобак яго йшоў другі старац, шмат меншы ростам, дзве пажылыя жанчыны і падлетак, які свяціў лятарняю. За гэнаю грамадою йшла маса верных, можа, са дзвесце асоб. Вініць, Хілон і Кратон патанулі ў гэнай масе.

— Так, спадару, твая малодухна знаходзіцца пад дастойнаю апекай. Гэта ён з ёю, Вялікі Апостал. Бач бо як людзі кленчаць перад ім.

Людзі сапраўды кленчылі, але Вініць не глядзеў на іх. Не спускаючы ані на хвіліну з вачэй Лігію, думаў толькі аб здабычы і, напрактыкаваны ў войнах, снаваў сабе ў галаве з цэлаю ваяцкаю прэцызыяй падступны план хопу. Усведамляў, што крок, на які важыўся, быў адчайны, але ведаў, што такія крокі найчасцей удаюцца.

Дарога даволі доўжылася, дык у міжчасе думаў таксама пра тую прорву, якую выкапала між ім Лігія й тая дзіўная навука, што яна вызнавала. Разумеў цяперака ўсё, што дагэтуль сталася. Быў на гэта даволі ўніклівы. Ён Лігіі не ведаў. Адкрыў у ёй цуднейшую над усімі дзяўчынамі, да якой загарэліся ягоныя похаці, але цяпер пераканаўся, што гэная навука рабіла з яе нейкую адметную ад іншых жанчын істоту, якое нельга будзе здабыць песлівасцю, жадою, багаццем, раскошамі. Зразумеў урэшце, чаго абодва з Пятроніем не маглі зразумець, што тая новая рэлігія ўшчапляла ў душу штось нязнанае свету, дзе жыў, і што Лігія, хоць бы нат яго й кахала, ад ніводнае хрысціянскае праўды дзеля яго не адступіць; што калі існуе для яе раскоша, дык цалкам іншая, чым раскошы ягоныя й Пятроніевы, і цэзаравы, і цэлага Рыму. Кажная іншая жанчына, яму знаная, магла б стацца ягонай каханкай, гэтая ж хрысціянка магла б быць толькі ахвярай.

Поделиться с друзьями: