Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Злітуйцеся, — енчыў Хілон, — аддам вам… Спадару, — звярнуўся да Вініція, — ратуй! На цябе я здаўся, заступіся за мяне… Тваё пісьмо… занясу, спадару! Спадарыку!

Але Вініць менш за ўсіх праймаўся гэтым разам таму, што ўсе справы грэка былі яму ведамыя, а па-другое — сэрцу ягонаму літасць была нясвомай.

— Закапайце яго, — кажа, — у агародзе, пісьмо занясе хто іншы. — Хілону паказаліся словы гэныя пяруновым прысудам. Косці ягоныя трашчалі ў руках Урсуса, вочы з болю заплывалі слязьмі.

— У імя Бога вашага! Зжальцеся, — крычаў, — я ж хрысціянін!.. Pax vоbiscum! Я хрысціянін, калі не верыце, ахрысціце мяне яшчэ раз, яшчэ два!

Дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дайце слова сказаць! Зрабеце нявольнікам… Не беце мяне! Пашкадуйце!

Ягоны голас ад болю штораз слабеў, аж вось за сталом падымаецца апостал Пётр; праз момант хінаў сваёю белаю галавою, апускаючы яе на грудзі, вочы меў заплюшчаныя, але адкрыў іх і сярод агульнага

маўчання прамовіў: — А от сказаў нам Збаўца: «Калі б твой брат зграшыў супраць цябе, карай яго; калі каяцімецца, даруй яму. А калі б сем разоў на дзень зграшыў супраць цябе і сем разоў каяўся, кажучы: шкада мне! — даруй яму!»

Настала яшчэ большая цішыня.

Глаўк доўга стаяў, закрыўшы твар далонямі, урэшце адкрыў і кажа: — Цэфас, хай Бог так даруе табе крыўду маю, як я табе ў імя Хрыста адпушчаю.

І Урсус, пусціўшы грэка, дадае таксама: — Хай так будзе міласцівы Збаўца, як я табе адпушчаю.

А той упаў на зямлю і, падпіраючыся рукамі, матляў галавой, бы звер у клетцы, разглядаючыся навокал ды чакаючы, адкуль прыйдзе смерць. Вачам і вушам яшчэ не верыў і не смеў спадзявацца прабачэння.

Але паволі ажывала прытомнасць, толькі ссінелыя вусны дрыжалі йшчэ з пераляку. Апостал тым часам кажа: — Ідзі з Богам!

Хілон устаў, але гаварыць не мог. Мімахоць падыйшоў да ложа Вініція, быццам спадзяваўся йшчэ ад яго ратунку, не меў мо часу падумаць, што той Вініць, забыўшы пра ягоныя паслугі, асудзіў яго, тады як тыя, супраць якіх служыў, даравалі яму. Думка гэная спазнілася. Цяпер у вачах ягоных відаць было толькі здумленне й недавер. Хоць змеркаваў ужо, што яму дарована, жадаў, аднак, чым хутчэй вынесці голаў ад гэтых таемных людзей, дабрыня якіх не менш яго страшыла, чым страшыла б суровасць. Марочылася яму, што калі даўжэй тут заставацімецца, дык гатова йшчэ неспадзяванае здарыцца, дык, налягаючы на Вініція, нагліў: — Давай, спадару, пісьмо! Давай пісьмо!

І, вырваўшы таблічку з рук Вініціевых, адбіў паклон адзін хрысціянам, другі хвораму і хілком, паўз самую сцяну, вылецеў за дзверы.

У вагародчыку, як агарнула яго цемра, зноў падступіў страх, бо быў пэўны, што Урсус выбяжыць за ім ды заб’е сярод ночы. Даў бы драла з усіх сіл, ды, на жаль, ногі не слухалі, а цераз момант і зусім папрутнелі, бо Урсус сапраўды стаяў пры ім.

Хілон кінуўся тварам на зямлю й пачаў скамліць: — Урбанка… У імя Хрыста… А той адзываецца: — Не бойся. Апостал казаў мне вывесці цябе за браму, каб не зблудзіў у цемры, а калі зняможаны, дык адвяду цябе дадому.

Хілон падняў голаў.

— Што кажаш? Што?.. Не біцімеш мяне?

— Не, не заб’ю! А калі замоцна цябе хапіў і нарушыў косці, дык выбачай.

— Дапамажы ўстаць, — скігліў грэк. — Не заб’еш мяне? Га? Выведзі мяне на вуліцу, далей сам пайду.

Урсус падняў яго бы пярынку і паставіў на нагах, пасля правёў праз цёмны праход на другі надворак, з якога выходзілася ў сенцы й на вуліцу. У калідоры Хілону зноў марочылася: «Прапаў я!», і аж толькі на вуліцы супакоіўся.

— Далей сам пайду.

— З Богам! Pax табе!

— І табе, і табе!.. Дай мне аддыхнуць.

І па адыходзе Урсуса адатхнуў цэлымі грудзьмі. Мацнуўся рукамі ля папругі й паясніцы, як бы маніўся спраўдзіць, ці жыве, і рушыў борздым крокам наперад. Падыйшоўшы сягнёў колькідзесят, затрымаўся і давай разважаць: — Чаму яны, аднак, мяне не забілі?

І паміма павучальнае гутаркі з Эўрыцыем аб хрысціянскай навуцы, паміма індагацыі Урбана над ракою ды ўсяго, што чуў у Острыянуме, не ўмеў знайсці на гэтае пытанне адказу.

XXV

Вініць таксама не мог сцяміць таго, што сталася, і на дне душы, бадай, не менш быў здзіўлены, чым Хілон. Бо што з ім так абыйшліся гэныя людзі, што, замест помсціцца за напасць, лячылі рупліва ягоныя раны, то йшчэ льго было выталкаваць часткова навукаю вызнаванаю, часткова ўплывам Лігіі, а крыху і ягоным высокім значэннем. Але ўчынак іхні з Хілонам перавышаў ягоныя паняцці аб людской здольнасці прабачання. Мімахоць лезла і яму ў голаў пытанне: чаму яны не забілі грэка? Урсус бы ў агародзе яго закапаў або ноччу занёс у Тыбр, які ў тых часах начнога цэзаравага буянства так часта выкідаў раніцамі трупы людзей, што ніхто нат не даследваў, адкуль браліся. Па думцы Вініція, хрысціяне не толькі маглі, але павінны былі з свету звясці Хілона. Літасць, праўда, не зусім ужо была нязнанай таму колу, да якога належаў малады патрыцый. Адыж Афіны збудавалі ёй алтар і праз доўгі час не дапушчалі ў горад гладыятарскіх бойняў. Здаралася, што і ў Рыме пакананыя даставалі ўласкаўленне, як, напрыклад, Калікрат, брытанскі кароль, якога ўзяў у няволю Клаўдыюс і, шчодра абдарыўшы, пусціў у горад на свабоду. Але помста за асабістую крыўду выдавалася Вініцію, так як і ўсім, слушнаю і справядліваю. Абняханне яе было не па душы яму. Чуў, праўда, і ён у Острыянуме, што трэ мілаваць нат непрыяцеляў, уважаў, аднак, гэта за нежыццёвую тэорыю. Праходзіла яму таксама праз голаў, што мо не забілі Хілона таму толькі, што перашкаджала

якаясь пара святаў ці якаясь квадра месяца, падчас якое хрысціянам не выпадае рабіць забойства. Чуў ад людзей, што бываюць такія тэрміны, у якіх розным народам не можна нават вайны пачынаць. Але чаму тады не аддалі грэка ў рукі справядлівасці, чаму Апостал казаў, калі б хто сямікротна правініўся, дык сямікроць трэ яму й дараваць, ды чаму Глаўк сказаў Хілону: «Хай табе так Бог даруе, як я табе адпушчаю»? Дык жа Хілон зрабіў яму найчарнейшую крыўду, якую чалавек чалавеку можа зрабіць, і ў Вініція на ўспамін аб тым, як бы ён, напрыклад, паступіў з такім, хто б забіў Лігію, закіпела сэрца, бы кіпень: не было б такіх пакутаў, якімі б не мсціўся! А той дараваў! І Урсус адпусціўся таксама, ён, што па сутнасці мог бы забіць у Рыме каго б хацеў зусім бяскарна, бо чаргова патрабаваў бы задушыць толькі Немарэнскага караля і заняць ягонае мейсца. Ці ж чалавека, якога не адолеў Кратон, перамог бы носьбіт гэтай годнасці — гладыятар, да якога даходзілася толькі праз пакананне папярэдняга «караля»? Адзін быў толькі на гэтыя ўсе пытанні адказ: яны няйначай не забівалі праз нейкую добрасць так вялікую, што падобнае не было дагэтуль на свеце, ды праз бязмежную міласць да людзей, якая змушала забываць аб сабе, аб сваіх крыўдах, шчасці й горы — і жыць для іншых. Якую заплату мелі тыя людзі за такую дабрыню, Вініць чуў у Острыянуме, але не месцілася яму гэта ў галаве. Уяўляў, што жыццё гэтае зямное, поўнае абавязкаў ды рэзыгнацыі з усяго добрага й раскошнага на карысць іншых, быць мусіла б нудным. Гэныя думкі навеялі яму не толькі здзіўленне, але і літасць, і як бы пэўную пагарду. Здавалася яму, што гэта авечкі, якія раней ці пазней мусяцімуць быць з’едзеныя ваўкамі, а ягоная рымская ўдача не магла прызнаць тых, якія дазваляюць сябе з’ядаць. Ударыла яго ўсё ж такі адна рэч, іменна: як выйшаў Хілон, нейкая глыбокая радасць распрамяняла ўсіх. Апостал падыйшоў да Глаўка і, палажыўшы на галаве ягонай далонь, сказаў: — Хрыстус у табе перамог!

А той падняў угару вочы, так даверлівыя й поўныя радасці, як бы абліло яго вялікае й неспадзяванае шчасце. Вініць, які здольны быў бы зразумець толькі радасць з дакананае помсты, глядзеў на яго вытрашчанымі з гарачкі вачыма, маўляў на бязглуздніка. Бачыў не без нутранога абурэння, як пасля Лігія прылажыла свае губкі каралеўны да рукі таго чалавека, які выглядаў на першы пагляд на нявольніка, і здавалася яму, што лад гэтага свету пераварочваецца зусім. Пасля вярнуўся Урсус і пачаў расказваць, як вывеў Хілона на вуліцу ды як перапрасіў яго за крыўду; за гэта Апостал пабагаславіў і яго, а Крысп агалосіў, што гэта дзень вялікае перамогі. Пачуўшы аб гэтай перамозе, Вініць зусім згубіў толк.

І, як Лігія зноў давала яму напіцца, затрымаў на хвіліну ейную руку і спытаў: — Дык і ты мне даравала?

— Мы хрысціяне, нам не можна насіць у сэрцы гневу.

— Лігія, — сказаў тады, — кім бы ні быў твой Бог, сто валоў у ягоны гонар ахвярую для таго толькі, што Ён твой.

А яна паправіла яго: — Аддасі яму гонар у сэрцы, калі яго палюбіш.

— Дзеля таго толькі, што Ён твой… — паўтарыў слабейшым голасам Вініць.

І прымкнуў павекі, бо зноў апанавала яго аслабленне. Лігія адыйшлася, але праз момант вярнулася і, прыступіўшыся блізка, нахілілася над ім, каб пераканацца, ці спіць. Вініць адчуў ейную блізкасць і, расплюшчыўшы вочы, усміхнуўся, а яна палажыла лягенька на іх руку, як бы манілася схіліць яго да сну. Тады агарнула яго большая раскоша, але адначасна пачуўся больш хворым. І так было сапраўды. Ноч ужо была ўпоўні, а разам з ёю прыйшла й мацнейшая гарачка.

З гэнай прычыны не мог заснуць і вадзіў за Лігіяю вачыма, дзе толькі яна павярнулася. Час ад часу западаў у нейкую немарасць, у каторай чуў і бачыў усё навокал, але мяшалася ў ёй рэчаіснасць з соннымі марамі. Мроілася яму, напрыклад, быццам стаіць на нейкім апусцелым магільніку святыня, бы вежа, якой Лігія ёсць святаркай. Ён не спушчаў з яе вачэй, бачыў яе з лютняю ў руцэ, усю ў святле, падобную да тых усходніх святарак, што пяялі начны гімн на славу месяца. Ён сам падымаўся з вялікаю натугаю па крутых сходах, каб злавіць яе, за ім поўз Хілон, звонячы зубамі сопалаху і дакараючы: «Не рабі гэтага, спадару, бо гэта святарка, за якую Ён помсціцца…» Вініць не ведаў, хто быў той Ён, не разумеў, што йдзе рабіць святакрадства, дык страшэнна баяўся, але як дайшоў да балюстрады на шчыце вежы, пры Лігіі нагла з’явіўся Апостал срэбнабароды й сказаў: «Не падымай на яе рукі, бо яна мая». Як гэта сказаў, пайшлі разам з ёю месячным святазарным шляхам, бы дарогаю да неба, а ён пачаў прасіць, каб і яго ўзялі з сабою. Гэтта прачнуўся, ацверазеў і пачаў глядзець. Вогнішча на высокім чаране тлілася слабей, але крыху яшчэ асвятляла прысутных, якія сядзелі пры агні, грэючыся, бо ноч была сядравая, а хата даволі халодная. Вініць бачыў, як зяхалі параю. Усярэдзіне сядзеў Апостал, пры каленях ягоных на нізкім услончыку Лігія, далей Глаўк, Мырыям, Крысп, а з краю — з аднаго боку Урсус, з другога Назарка, Мырыямін сын, прыгожы падлетак з даўгімі чорнымі валасамі, спадаючымі яму аж на плечы.

Поделиться с друзьями: