Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Гэта кажучы, абярнуўся да статуяў, што ўхарашалі цэлую адну сцяну пахучае святліцы, і паказаў рукою на фігуру Пятронія, прадстаўляючую яго як Гермеса, з посахам у далоні. Потым дакінуў: — На святло Геліёса! Калі «боскі» Аляксандр быў да цябе падобны, — няма чаго дзівіцца Гэлене.

І ў гэтым воклічу было столькі ж шчырасці, колькі й падхалімства. Пятроні бо, хоць старэйшы й менш атлетычны, прыгажэйшы быў за Вініція.

Жанчыны ў Рыме любаваліся не толькі ягоным гнуткім розумам і густам, за які называлі яго арбітрам элеганцыі, але і целаскладам. Любаванне тое відаць нат на тварах тых дзяўчатак з Кос, адна з якіх, імем Эўніка, сукрыта яго кахаючая, глядзела яму ў вочы з пакорай і захапленнем.

Але ён не звяртаў на гэта ўвагі, толькі, ухмыльнуўшыся да Вініція, пачаў у адказ цытаваць яму сказы Сэнэкі аб жанчынах: «Animal impudens» [9] і г.д.

Пасля, абняўшы

яго рукою цераз плячо, павёў у трыклініюм.

У унктуарыюме дзве грэцкія дзяўчыны, дзве фрыгійкі й дзве негрынкі зачалі спратваць эпіліхніі з пахнідламі. Але ў тым жа моманце з па-за адхіленай котары паказаліся з фрыгідарыюма галовы бальнеатараў і разляглося прыцішанае: «Псст!» На гэта адна з грэчынак, фрыгійкі ды дзве этыёпкі, падбегшы хутка, зніклі воміг за котарай. У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое інспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульні ўдзельнічаў. Дагадваўся аб іх і Пятроні, але як чалавек паблажлівы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы.

9

Бязглуздая, беccаромная жывёліна (лац.).

Асталася ў унктуарыюме толькі Эўніка. Праз хвіліну наслухоўвала адыходзячыя ў кірунку ляконікума галасы й смех, пасля, узяўшы выкладзены бурштынам і слановаю косцю столяк, на якім сядзеў перад хвілінаю Пятроні, прысунула яго да ягонай статуі. Поўна было ў унктуарыюме сонца й красак, што адбіваліся ад вясёлкавых мармураў, якімі вылажаны былі сцены.

Эўніка ўспялася на столяк і, зраўняўшыся з статуяй, раптоўна закінула ёй рукі на шыю ды плечы, пасля, адкінуўшы назад свае залатыя валасы ды прытуляючы ружовае цела да белага мармуру, пачала прыціскаць захопна губкі да халодных вуснаў Пятронія.

II

Пасля пасілкавання, якое называлася снеданнем, а якое два сябры спажывалі тады, калі звычайныя смяротнікі былі даўно ўжо па палуднёвым прандыюме, Пятроні запрапанаваў крыху задрамаць.

Водля яго яшчэ было зарана на адведзіны. Ёсць, праўда, людзі, якія пачынаюць адведваць знаёмых пры ўсходзе сонца, уважаючы ў дадатку гэны звычай за стары рымскі. Але ён, Пятроні, заве яго барбарскім. Папаўднёвая пара найлепшая тут, не раней, аднак, пакуль сонца не схіліцца ў сторану святыні капітолінскага Ёвіша й не пачне коса паглядаць на Форум. Восенню яшчэ бывае горача й людзі ахвотна дрэмлюць пасля яды. Тым часам міла паслухаць шуму вадаліву ў атрыюме ды, па абыдных millem passus [10] , прыдрамаць у чырвоным святле, працэджаным праз пурпуровае, напаўзацягнутае вэлярыюм [11] .

10

Тысяча крокаў (лац.).

11

Покрыва (лац.).

Вініць прызнаў рацыю й пачалі прахаджвацца, гутарачы свабодна аб тым, што чуваць на Палатыне і ў горадзе, філязафуючы пакрысе аб жыцці.

Пасля Пятроні пайшоў у кубікулюм, але не доўга спаў. Праз паўгадзіны выйшаў і, загадаўшы прынесці вервены, пачаў раскашавацца ейным запахам ды націраць ёю сабе рукі й твар.

— Каб ты ведаў, — кажа, — як гэта цвярозіць і бадзёрыць. Цяпер — я гатоў.

Лектыка чакала ўжо даўно, дык уселіся й загадалі несціся на Вікус Патрыцыюс [12] , у дом Аўла. «Інсуля» Пятронія ляжала на паўднёвым узбоччу Палатыну, каля так званае Карынэ, дык найпрасцей ім было ніжэй Forum, але Пятроні маніўся па дарозе зайсці да залатара Ідумэна, дык загадаў, каб неслі іх праз Вікус Апалонус і Форум, у бок Вікус Сцэлератус [13] , на рагу якое поўна было ўсялякага роду табэрнаў, крамаў.

12

Вуліца Патрыцыяў. Vicus таксама ўжываецца ў знач.: квартал, вёска (заўвага рэд.). (лац.).

13

Вуліца Злодзеяў (лац.).

Здаравенныя негры паднялі лектыку й рушылі, папераджаныя праз нявольнікаў, званых педысеквамі. Пятроні раз-пораз нюхаў моўчкі свае пахнучыя далоні й якбы аб нечым надумоўваўся, пасля адазваўся: — Прыйшло мне ў голаў, што калі твая лясная багінька не ёсць нявольніцай, дык магла б кінуць дом Плаўтаў і перанясціся да цябе. Атуліў бы ты яе каханнем ды абсыпаў бы багаццем, як я сваю абажаную Хрызатэміс, якою, між намі гаворачы, я ўжо прынамсі нагэтулькі здаволіўся, наколькі яна мною.

Марк

матнуў галавою.

— Не? — пытае Пятроні. — У найгоршым выпадку справа зачапілася б за цэзара, а запэўніваю цябе, што хоць бы й дзеля маіх уплываў Рудабароды быў бы па тваёй старане.

— Не знаеш Лігіі! — адказвае Вініць.

— Дык дазволь спытаць, ці ты яе знаеш больш як з погляду? Ці хоць гутарыў ты з ёю? Звяраўся ў каханні?

— Бачыў яе перш пры вадаліве, а потым спаткаў яе шчэ двойчы. Не забудзь, што падчас побыту ў доме Аўлаў я жыў у наўзбочнай вілле, прызначанай для гасцей, — і, з выбітай рукою, не мог садзіцца разам за стол. Аж толькі напярэдадні майго выезду спаткаў Лігію пры вячэры — і не мог слова да яе прагаварыць. Мусіў слухаць Аўлавых расповядаў пра ваенныя перамогі ў Брытаніі, пра ўпадак дробных гаспадарак у Італіі, да якога яшчэ Ліціній Сталон намагаўся не дапусціць. Наагул не ведаю, ці Аўл патрапіць гутарыць аб чым іншым, і не думай, што здалеем ад гэтага выкруціцца, хіба захочаш слухаць пра сучасную распешчанасць. Яны там маюць у курніках бажанты, але не ядуць іх водле таго прынцыпу, што кажны з’едзены бажант прыбліжае канец рымскае магутнасці. Другі раз я спаткаў яе ля паркавай цыстэрны, з свежа вырванай трасцінкай у ручцы, макаўку якое мачала ў ваду і скроплівала навакольныя ірысы. Глянь на мае калені. На шчыт Гераклавы кажу табе — не дрыжалі яны, калі на нашыя маніплы йшлі з выццём хмары партаў, а дрыжалі пры гэнай цыстэрне. І збянтэжаны, моў дзіцянё, што буллу шчэ носіць на шыі, вачыма толькі маліў літасці, доўга не могучы слова выгаварыць.

Пятроні глянуў на яго казаў бы з нейкай зайздрасцяй.

— Шчаслівы, — кажа. — Хоць бы свет і жыццё было найгоршае, адно ў іх астанецца вечна добрае — маладосць!

А па хвіліне спытаў: — І не прагаварыў да яе?

— Прагаварыў пасля. Апрытомнеўшы крыху, сказаў, што вяртаюся з Азіі, што выбіў руку на прадмесці й вельмі балела, але ў хвіліне, калі мне пакідаць прыходзіцца гэты гасцінны дом, бачу, што боль у ім больш варты, чым дзе інакш роскаш, хвароба — больш, чым дзе здароўе. Яна слухала мяне таксама ўзварушаная, спусціўшы галованьку ды нешта грымзолячы трасцінаю на пяску. Пасля падняла вочы, шчэ раз зірнула на тыя накрэсленыя знакі, а потым на мяне, якбы хацела штось спытаць — і ўцякла неспадзявана, як гамадрыяда ад дурнаватага фаўна.

— Павінна мець чароўныя вочы.

— Як мора. І ўтануў я ў іх, бы ў моры. Вер мне, Архіпелаг менш блакітны! Неўзабаве прыбег малы Плаўт ды пачаў нешта пытацца. Але я не сцяміў, пра што яму расходзіцца.

— О Афіна! — адазваўся Пятроні. — Здымі гэтаму хлопцу з вачэй заслону, якую завязаў Эрос, інакш бо голаў сабе расквасіць аб калумну святыні Венеры.

Пасля звяртаецца да Вініця: — О ты, веснавы пупышак на дрэве жыцця, першазелень ты вінаградная! Мусяў бы замест да Плаўтаў загадаць несці цябе ў дом Гелоцыя, у дом нежыццясведамых хлапцоў.

— Чаго ты смяешся з мяне?

— А што ж рысавала на пяску? Ці не імя Амура, ці не пранізанае стралою сэрца ягонае, або нешта, з чаго мог бы здагадацца, што сатыры ўжо розныя тайны жыцця шапталі гэнай німфе? Як жа можна было не пацікавіцца гэным знакам!

— Перш я ўбачыў тогу, чым табе здаецца, — бароніцца Вініць, — і пакуль прыбег малы Аўл, разглядаў я гэныя знакі. Ведаю бо, што і ў Грэцыі, і ў Рыме дзяўчаты не раз рысуюць на пяску вызнанні, якіх не адважваюцца вымавіць іх вусны. Але згадай, што нарысавала?

— Калі не тое, што я думаў, то не згадаю.

— Рыбу.

— Што?

— Рыбу, кажу. Ці мела гэта азначаць, што ў ейных жылах дагэтуль плыве халодная кроў — не ведаю! Але ты, што абазваў мяне веснавою зеленню жыцця, пэўна лепш патрапіш гэны знак зразумець.

— Царысімэ! Пра такія рэчы спытай Плінія. Ён знаецца на рыбах. Калі б стары Апіць шчэ жыў, можа б таксама меў бы табе нешта сказаць, бо з’еў у жыцці рыбы больш, чым можа яе адразу змясціць Неапалітанская затока.

Але далейшая гутарка перарвалася, уняслі бо іх на ройныя вуліцы, дзе ўсё заглушаў людскі гоман. Праз Вікус Апалонус звярнулі на Рымскі Форум, дзе пагоднымі днямі перад заходам сонца збіраліся грамады абібокаў, каб пашвэндацца між калюмнаў, падзяліцца навінамі, паразяўляцца на лектыкі важных людзей, а ўрэшце заглядаць у залатарні, кнігарні, размяняльні грошай, мануфактурныя крамы, бранзоўні ды ўсялякія іншыя, каторых поўна было ў дамох проці Капітолю. Палавіна Форума, што межавала тут жа з замкам, была ўжо ў цяні, толькі калюмны вышэйшых святынь залаціліся ў сонцы на асноведзі блакіту. Ніжэйшыя кідалі даўгія цені на мармуровыя пліты, — а ўсюды так было іх поўна, што губілася вока сярод іх, бы ў лесе. Выглядала, якбы тым будоўлям і калюмнам цесна было побач з сабою. Таўпіліся адны над другімі, беглі ўправа і ўлева, успіналіся на ўзгор’і, туліліся да замкавых муроў або адны да другіх, на падобу большых і меншых, грубейшых і танчэйшых, залатавых і белых галамнёў, то расквечаных пад архітравамі кветкай аканту, то пазавіваных йонскімі рагамі, то завершаных простым дарыйскім квадратам. Над гэным лесам блішчалі каляровыя трыгліфы, з тымпанаў выхіляліся рэзьбяныя постаці багоў, з шчытоў аскрыдляныя залатыя квадрыгі казаў бы рваліся вылецець у паветра, у той блакіт, што спакойна звісаў над гэным збітым местам святым.

Поделиться с друзьями: