Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Ёсць у нас грэк-педагог, — кажа, звяртаючыся да Пятронія, — вучыць нашага хлапца, а дзяўчо прыслухоўваецца лекцыям. Птушанё гэта яшчэ, але мілае птушанё, да якога прывыклі мы абое.

Пятроні ўглядаўся цяпер праз гушчару поўсці й капрыфоліюма на парк ды на разгуляную тройку. Вініць скінуў тогу і ў толькі туніцы падбіваў угару шпурляк, які Лігія насупраць з паднятымі ручонкамі намагалася схапіць.

На першы пагляд малодухна не зрабіла на Пятронія вялікага ўражання. Выдавалася яму лішне тонкай. Але ад моманту, калі ў трыклініюме ўзглянуў на яе бліжэй, падумаў сабе: так магла выглядаць хіба толькі заранка — і, як знаўца, задэцыдаваў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае. Усё зацеміў ды ўсё ацаніў: і ружова-празрысты тварык, і свежыя, ну проста просячыя цалунку, губкі,

і блакітныя, бы мора, вочы, і алебастравую бель чала, і буйнасць цёмных косынькаў з бурштынавым і карынфскай медзі водблескам на лёчках, і лёгкую шыйку, і боскую лінію плячукоў ды цэлую постаць — гнуткую, танклявую, маладую маладосцю майскае расцвіўшае вясны.

Збудзіўся ў ім мастак і смакун красы, які адчуў, што пад фігуру гэтае красуні аж просіцца подпіс: «В я с н а». Раптам прыпомніў сабе Хрызатэміс, і парваў яго пусты смех: паказалася яму з сваёй залатою пудраю ў валасох ды начэрненымі бровамі надта звялаю, падобнай да скідаючай пялёсткі ружы. А ўсё ж такі гэнае Хрызатэміс зайздросціў яму цэлы Рым. Наступна прыгадаў сабе Папею — і тая праcлаўная Папея таксама паказалася яму бяздушнай васковай маскай. У гэтай жа дзяўчыне танагрскіх кшталтаў была не толькі вясна — была й светлая Псыхэ, прамянеючая з яе ружанага цела, моў касулі з лямпы.

— Вініць праўду казаў, — падумаў, — а мая Хрызатэміс старая, старая… моў Троя!

Пасля звярнуўся да Пампоніі Грэцыны — і, паказаўшы на парк, сказаў: — Разумею цяпер, доміна, што з такімі дваіма не хочацца вам ні палатынскіх банкетаў, ні цырку.

— Так, — адказала, звяртаючы погляд на малога Аўла і Лігію.

А стары ваяр пачаў расказваць гісторыю дзяўчыны і тое, што чуў калісь ад Атэлія Гістэра пра народ лігаў з далёкае поўначы.

А тыя скончылі гуляць у шпурляка і нейкі час хадзілі па агародным пяску, рысуючыся на цёмнай асноведзі цыпрысаў, бы тры белыя статуі. Лігія трымала за руку малога Аўлюса. Пашпацыраваўшы крыху, селі на лаўцы пры «пісцыне» [18] , на сярэдзіне агароду. Аўл зараз сарваўся плёшыць рыбу ў люстраной вадзе, а Вініць вёў далей зачатую падчас шпацыру гутарку: — Так, — казаў нізкім трэмолавым голасам. — Ледзь скінуў я прэтэксту, выслалі мяне ў азіяцкія легіі. Не знаў ні гораду, ні жыцця, ні кахання. Умею напамяць крыху Анакрэонта і Гарацыя, але не патрапіў бы так, як Пятроні, гаварыць вершы тады, калі розум нямее з подзіву й слоў знайсці не можа.

18

Басэйн (лац.).

Будучы хлопцам, хадзіў я ў школу Мусонія, які вучыў нас, што сутнасць шчасця ў тым, каб хацець таго, чаго багі хочуць — значыцца, ад нашае волі залежыць. На маю ж думку, ёсць іншае — даражэйшае й большае, — якое не залежыць ад волі, бо яго толькі каханне даць можа. Шукаюць таго шчасця cамі багі, дык і я, о Лігія, што не каштаваў дагэтуль кахання, йдучы ў іхнія сляды, шукаю такжа тае, каторая б схацела мне даць шчасце… Умоўк — толькі плюск вады, у якую малы Аўл кідаў каменьчыкі, страшачы рыбу, нарушаў цішыню. Па хвілі Вініць зноў пачаў гутарыць яшчэ цішэйшым і мякчэйшым голасам.

— Хіба ж знаеш Веспасыянавага сына Тытуса? Кажуць, ледзь ад хлапчаняці падняўся, як пакахаў Берэніку так, што туга амаль не выссала з яго жыцця… Так і я б умеў пакахаць, о Лігія!.. Багацце, слава, улада — пусты дым! Марнота! Багаты знайдзе багатшага за сябе, слаўны — слаўнейшага, магутны — магутнейшага… Але ці сам цэзар, ці каторы бог нат можа мець большую роскаш або шчаслівейшым быць, чым просты смяротнік, які прыціскае да сваіх грудзей іншыя грудкі або цалуе каханыя губкі… Дык каханне раўняе нас з багамі — о Лігія!..

А яна слухала неспакойна і здзіўлена так, як бы слухала тонаў грэцкае флейты ці цытры. Часамі здавалася ёй, што Вініць пяе нейкую песню дзіўную, што сочыцца ёй у вушы, запаляе ў ёй кроў, ды адначасна праймае млоснасць і нейкая няўцямная радасць.

Здавалася ёй таксама, ён гаворыць тое, што ўжо было ў ёй перадом, а чаго не ўмела ўцяміць. Чула,

як ён нешта ў ёй разбуджае, што дагэтуль драмала, і як у гэнай хвіліне ймглісты сон мяняецца ў штось выразнейшае, больш мілае й прыгожае.

Тым часам сонца перакацілася даўно за Тыбр і завісла нізка над Янікульскім узгор’ем. На спакойныя цыпрысы падала чырвонае святло — і ўсё паветра было ім перасычана. Лігія падняла свае блакітныя, як бы разбуджаныя з сну, вочы на Вініція, і цяпер, у вячэрнім водбліску нахілены над ёю з просьбаю ў раз’іскраных вачах, паказаўся ёй прыгажэйшы за ўсіх людзей, за ўсіх грэцкіх і рымскіх багоў, якіх статуі спатыкала на франтонах святынь. А ён абняў лягонька пальцамі ейную ручаньку вышэй костачкі й пытае: — Няўжо ты не ўгадала, Лігія, чаму я гэта кажу табе?..

— Не! — адшапнула так ціха, што Вініць ледзь дачуў.

Але не паверыў ёй і, прыцягаючы штораз мацней ейную руку, быў бы прыцягнуў яе аж да сэрца, б’ючага ад жады бы молат — і быў бы проста выказаў ёй гарачыя словы, каб не паказаўся на сцежцы неспадзявана стары Аўл, які, падыйшоўшы, сказаў: — Сонца заходзіць, сцеражэцеся вячэрняга холаду і не жартуйце з Лібітынай… — Не, — адказаў Вініць, — я не апрануў дагэтуль тогі й не адчуў холаду.

— А вось ужо толькі паўкруга з-за гор выглядае, — адказаў стары ваяк. — Гэта не салодкі клімат Сіцыліі, дзе вечарамі народ збіраецца на рынках хорам развітацца з заходзячым Фэбам.

І, забыўшы, што перад хвілінай сам перасцерагаў ад Лібітыны, пачаў расказваць аб Сіцыліі, дзе меў вялікую гаспадарку, якую надта любіў. Успомніў таксама, што не раз прыходзіла яму на думку перанясціся ў Сіцылію і там спакойна дажыць да смерці. Даволі зімовай белі таму, хто мае ўжо белы голаў. Яшчэ пакуль лісце з дрэваў не паабсыпалася і над горадам зычліва ўсміхаецца чыстае неба, але як пажоўкне вінаград, як спадзе снег у горах Альбанскіх, а багі пашлюць сцюдзёны віхар з Кампаніі, тады хто ведае, ці з цэлым домам не перанясецца ў сваю ціхую сялянскую сядзібу.

— Меў бы ахвоту развітацца з Рымам, Плаўце? — спытаў устрывожаны Вініць.

— Ахвоту гэтую даўно ўжо маю, — адказаў Аўл, — там бо спакайней ды беспячней.

І давай выхваляць свае сады, жывёлу, дом, схаваны ў зелені, і прыгоркі, аброслыя кменам і чабаром, над якімі звініць пчаліны рой. Але Вініць не зважаў на гэтыя выхвалянні — і, маючы на думцы тое, што можа разлучыцца з Лігіяй, паглядаў у бок Пятронія, як бы ад яго адзінага чакаў ратунку.

Пятроні тым часам, седзячы пры Пампоніі, любаваўся краявідам заходзячага сонца, парку й стаячых пры сажалцы людзей. Белая адзежа іхняя на цёмнай пляме міртаў свяціла золатам ад вячэрняга бляску. На небе пачала займацца вячэрняя зарніца пурпураю, фіялетам ды пералівацца пажогай.

Небасхіл высока станавіўся ліліёвы. Цёмныя цыпрысы сталіся шчэ цямнейшымі, а ў людзей, на дрэвах ды ў цэлым парку запанаваў вячэрні супакой.

Пятронія зацікавіў гэты спакой, злашча ў людзей. На твары Пампоніі, старога Аўла, іхняга сынка й Лігіі было тое, чаго не спатыкаў у тых людзей, якія штодзень і штоноч яго акружалі: было нейкае святло, нейкае ўтуленне ды пагода, выплываючая проста з такога жыцця, якім тут усе жылі. І з пэўным здзіўленнем падумаў, што, аднак, можа існаваць саладосць і гожасць, якіх ён, вечна шукаючы прыгажосці й салодкасці, не каштаваў. Думкі гэтай не ўмеў утаіць у сабе і, звярнуўшыся да Пампоніі, сказаў: — Разважаю ў душы, які іншы ваш свет ад таго, якім валадарыць наш Нэрон.

А яна, узглянуўшы на вячэрнюю зарніцу, прастадушна адказала: — Светам валадарыць не Нэрон, а — Бог.

Хвіліна маўчання. Недалёка трыклініюма ў алеі пачуліся крокі старога ваяводы, Вініція, Лігіі й малога Аўла. Але пакуль падыйшлі, Пятроні спытаў яшчэ: — Дык ты верыш у багоў, Пампонія?

— Веру ў Бога, які ёсць адзін, справядлівы і ўсёмагутны, — адказала жонка Аўла Плаўта.

III

— Верыць у Бога, каторы ёсць адзін, усёмагутны й справядлівы, — паўтарыў Пятроні, седзячы зноў у лектыцы сам-насам з Вініціем. — Калі ейны Бог ёсць усёмагутны, тады валадарыць над жыццём і смерцяй; а калі ёсць справядлівы, тады слушна ссылае смерць.

Поделиться с друзьями: