Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Пасярэдзіне рынку ды па берагох плыла людская рака: грамады прахаджаліся пад люкамі базылікі Юлія Цэзара, грамады сядзелі на сходах святыні Кастара і Палукса й круціліся ля святліцы Весты, падобныя на гэнай вялікай мармуровай асноведзі да рознаколерных матылёў ці жукоў. З гары, праз вялікія ступяні, ад стараны святыні «Jovi optimo maximo» [14] наплывалі новыя хвалі; пры Рострах слухалі нейкіх прынагодных моўцаў; тут і там чутны былі заклікі гандляроў, прадаючых садавіну, віно або ваду з фігавым сокам; круцялёў з цудоўнымі лякарствамі, варажбітаў, адгадчыкаў укрытых скарбаў, разгадчыкаў сноў.

14

«Ёвішу (Юпітэру) Найпершаму Найвялікшаму» (лац.).

Дзе-нідзе

з гоманам гутарак, заклікаў мяшаліся зыкі сістры, егіпскай самбукі або грэцкіх флейтаў. Дзе-нідзе хворыя пабожныя або стурбаваныя няслі ў святыні ахвяры. Сярод людзей збіраліся на каменных плітах ласыя на ахвяраванае зерне, падобныя да рухлівых цёмных і стракатых плямаў, стады галубоў, то здымаючыхся з лопатам крылляў, то зноў западаючых на апарожненае людзьмі мейсца. Час ад часу грамады людскія расступаліся перад лектыкамі, у якіх відны былі выхарашаныя твары жанчын або галовы сенатараў і рыцараў, закрэплых і выснажаных жыццём. Рознамоўная грамада вымаўляла голасна імёны іхнія, дацінкі або пахвалы. Між бязладнымі гуртамі праціскаліся часам ступаючыя мерным крокам аддзелы ваяроў ці вігілаў, пільнуючых вулічнага парадку. Грэцкая мова чутна была навокал нароўні з лацінскаю.

Вініць, які даўно не быў у горадзе, прыглядаўся з пэўнай цікавасцяй на тое раявішча людзей ды на той Рымскі Форум, адначасна й пануючае над хваляю свету й залітае ёю, і, адгадаўшы думкі таварыша, назваў яго гняздом Квірытаў — без Квірытаў. Іставетна тубыльчы род амаль гінуў у гэнай суталацы розных расаў, народаў. Тут відаць было этыёпаў, відаць было вялігурных яснавалосых людзей з далёкай поўначы, брытанаў, галаў і германаў, касавокіх жыхароў Сэрыкума, людзей з-над Эўфрату ды з-над Інду, з маляванымі на цэглясты колер бародамі; сірыйцаў з берагоў Аронту, з чорнымі салодкімі вачыма; як косць сухіх жыхароў арабскае пустыні, жыдоў з запаўшымі грудзьмі; егіпцянаў з вечна ўсмехненым тварам, і нумідаў, і афраў; грэкаў з Гэлады, што нароўні з рымлянамі валадалі народам, але йшчэ валадалі ведай, мастацтвам, розумам і круцельствам; грэкаў з Архіпелагу й Малой Азіі, і з Егіпту, і з Італіі, і з Нарбонскае Галіі. У натоўпе нявольнікаў з падзіраўленымі вушамі нямала было й вольнае галайстры, якую цэзар забаўляў, карміў, а нат адзяваў, — вольных прыбышоў, каторых у вялікі горад звабіў лёгкі хлеб і перспектывы фартуны; былі й святары Серапіса з пальмавымі галінкамі ў рукох, і святары Ізыды, на алтар якое зносілі больш ахвяр, чым у святыню Ёвіша капітолінскага, — і святары Кібеллі з залатымі кісцямі рысу, і святары вандроўных бостваў, і танцоркі ўсходнія ў далёкапрыкметных мітрах, і прадаўцы амулетаў, і халдэйскія магі, урэшце людзі без ніякага занятку, якія штотыдзень прыходзілі да надтыбранскіх сверняў па збожжа, біліся за латарэйныя білеты ў цырках, праводзілі ночы ў западаючых дамох затыбранскага кварталу, а сонечныя і цёплыя дні ў крыптапортыках, у няхлуйных гаркухнях Субуры, на мосце Мільвійскім або перад «інсулямі» багатых, дзе ім час ад часу выкідалі недаедкі са стала нявольнікаў.

Пятронія добра зналі гэтыя грамады. Да вушэй Вініціевых далятала ўсцяж: «Ніс еst!» — «То ён». Любілі яго за шчодрасць, а асабліва папулярнасць яго ўзрасла ад таго часу, як сталася ведамай ягоная прамова перад цэзарам у абароне асуджанай на смерць цэлай фаміліі, г. зн.: усіх без розніцы плоці і веку нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда за тое, што адзін з іх забіў гэнага людаеда ў часіну роспачы. Пятроні, праўда, выразна адцемліваў, што для яго было гэта абыякава, і прамаўляў да цэзара толькі прыватна, як арбітэр элеганцярум, якога пачуццё эстэтычнае абурала такая рэзь, годная якіх сцытаў (скіфаў), а не рымлян. Усё ж такі народ, узбураны гэнай рэззю, любіў ад тае пары Пятронія.

Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любіў таксама і Брытаніка, якога Нэрон звёў із свету, і Агрыпіну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, і Актавію, якую задушылі на Пандатарыі, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, і Рэбелія Плаўта, што быў выгнаны, і Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесці смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятроні быў адначасна забабонны. Натоўпу не любіў падвойна: і як арыстакрат, і як эстэт. Людзі з запахамі пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад ігры ў мору на рагох вуліц ды перыстылях, не заслужвалі ў яго на назову людзей.

Дык зусім не звяртаючы ўвагі на авацыі, ані на пасыланыя стуль ці ссюль цалункі, расказваў Марку справу Пэданія

і кпіў пры тым з нясталасці вулічнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння віватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвіша Статара. Але перад кнігарняй Авірануса казаў затрымацца і, высеўшы, купіў аздобны рукапіс, каторы аддаў Вініцію.

— Гэта падарунак табе, — сказаў.

— Дзякую! — адказаў Вініць і, зірнуўшы на загаловак, спытаў: — «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?

— Маё. Але я не хачу йсці ў сляды Руфіна, гісторыю якога меў табе расказаць, ані ў сляды Фабрыцыя Вэента, таму ніхто аб гэтым не ведае, а ты нікому не кажы.

— Казаў, што не пішаш вершаў, — прыпамінае Вініць, заглядаючы ў сярэдзіну, — а тут вось бачу прозу, густа імі пераплеценую.

— Як будзеш чытаць, звярні ўвагу на банкет Трымальхіёна. Што да вершаў — збрыдлі мне ад тае пары, як Нэрон пачаў пісаць эпас. Вітэль, бач, хочучы сабе дагадзіць, закладае сабе ў горла палачку з косці слановае; іншыя паслугоўваюцца перынамі фламінгаў, мачанымі ў аліве або ў адвары мацярдушкі. Я ж чытаў паэзію Нэрона і — вынікі ў той жа хвіліне. Магу іх пасля хваліць, калі не з чыстым сумленнем, то з чыстым страўнікам.

Гэта сказаўшы, зноў затрымаў лектыку перад залатаром Ідуменам і, заладзіўшы справу гэммаў, загадаў нясціся проста да Аўлаў.

— Па дарозе, на доказ, да чаго даводзіць аўтарcкае самалюбства, раскажу табе гісторыю Руфіна.

Але пакуль яе распачаў, то і звярнулі на Вікус Патрыцыюс ды незабаўна стаялі пры доме Аўла. Малады і дужы «janitor» [15] адчыніў ім дзверы ў остыюм, над якімі сарока ў клетцы вітала крыклівым: «Salve!» [16] Ідучы з другіх сяней, званых остыюм, у самы атрыюм, Вініць кажа: — Ці звярнуў увагу, што прыдзверны тут без ланцугоў?

15

Брамнік (лац.).

16

Салют! Здароў! (лац.).

— Гэта дзіўны дом, — адказаў паўголасам Пятроні. — Пэўна табе ведама, Пампонію Грэцыну падазравалі, што практыкуе ўсходні забабон, сутнасць якога — аддаваць чэсць нейкаму Хрысту. Здаецца, прыслужылася ёй Крыспініла, якая не можа дараваць Пампоніі, што аднаго мужа было дастаткова ёй на цэлае жыццё. Унівіра!.. Скарэй здарыцца сяння ў Рыме паўмісак рыжкоў з Норыкума. Судзілі яе дамовым судом… — Праўду кажаш, што гэта дзіўны дом. Потым раскажу табе, што я тут бачыў і чуў.

Тым часам прыйшлі ў атрыюм. Загадчык ягоны, нявольнік, так званы «аtriensis», выслаў наменклатара, каб далажыў аб гасцях, адначасна служкі падсунулі ім крэслы й столячкі пад ногі. Пятроні, які не бываў у гэтым доме, старонячыся ад суровага суму, які там быццам валадарыў, разглядаўся навокал з пэўным здзіўленнем, бо атрыюм зусім не рабіў сумнага ўражання. З адкрытай гары падаў сноп яснага святла, рассыпаючыся ў тысячу іскраў на вадапырску.

Квадратная сажалка з фантаннай усярэдзіне, прырыхтаваная для прыймання дажджу, падаючага праз адкрытую гору, а называная «імплювіюм», была акружана анемонамі й лілеямі. Відаць, у доме кахаліся ў лілеях, было іх купіны — і белых, і чырвоных, і ўрэшце шатыровых ірысаў, далікатныя пялёсткі якіх былі як бы пасрэбраныя вадзяным пылам. Сярод мокрых мхоў, якімі прыкрытыя былі дайнічкі з лілеямі, і сярод пукоў лісця відны былі бронзавыя статуйкі дзяцей і воднага птаства. У адным куце бронзавая лань нахіліла сваю запляснелую ад вогкасці галованьку да вады, казаў бы жадала напіцца. Падлога ў атрыюме была з мазаікі; сцены часткова з чырвонага мармуру, часткова маляваныя ў дрэвы, рыбы, птушкі й грыфы, вабілі вока йгрою красак. Ад дзвярэй да баковак упрыгожаны былі чарапашнікам або нат слановай косцю; пры сценах між дзвярмі стаялі статуі продкаў Аўла. Усюды відзён быў спакойны дастатак, далёкі ад пышнае збыткоўнасці, але шляхотны й самапэўны.

Пятроні, які без параўнання жыў пышней ды страйней, не мог тут, аднакава ж, знайсці ані аднае рэчы, якая б рэзала ягоны густ, дык звярнуўся з гэтым да Вініція, аж тут нявольнік-вэлярыюс адсунуў заслону, аддзяляючую атрыюм ад таблінума, і ў глыбі дома паказаўся спяшаючы Аўл Плаўт. Быў гэта чалавек ужо пажылы, з белаю галавою, але чорствы, з энергічным тварам, крыху прыкараткім, але затое падобным да галавы арла. Гэты раз было відно на ім пэўнае здзіўленне, а нат трывога з прычыны адведзін Нэронавага прыяцеля, сябры й завушніка.

Поделиться с друзьями: