Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Так, — адказаў Вініць.

Далейшую гутарку перарваў ім Тулій Сэнэцыё, які, нахіліўшыся да іх, кажа: — Не ведаеце, ці хрысціянам дадуць зброю?

— Не ведаем, — адказаў Пятроні.

— Па мне б лепей, каб далі, — кажа Тулій, — інакш арэна хутка станецца падобнай да ятак пры разніцы… Але што за пышны амфітэатр!

І сапраўды, выгляд быў велічэзны. Ніжэйшыя ложы, набітыя тогамі, бялелі, бы снег. У пазалочаным подыюме сядзеў цэзар з дыяментавым нашыйнікам і залатым вянком на галаве, побач з ім прыгожая й пасумная аўгуста, а з абодвух бакоў вясталкі, высокія ўрадаўцы, сенатары, вайсковыя старшыны з блішчастаю зброяй, адным словам, усё, што было ў Рыме магутнае, статнае, багатае. У далейшых шэрагах сядзелі рыцары, а вышэй чарнела наўкола мора людскіх галоў, над якімі ад слупа да слупа звісалі вянкі ружаў, лілеяў, сасанак, бярвенцу і вінаграду.

Народ гутарыў уголас, пераклікаўся, пяяў, часамі выбухаў рогатам з якога камічнага слова, перадаванага з шэрагу ў шэраг, і барабаніў нагамі з нецярплівасці, каб прыспешыць відовішча.

Урэшце

тупанне нагамі пачало грымець громам, не ўціхаючы. Тады прэфект, які перад тым ужо быў аб’ехаў з важнаю сваёю світаю арэну, даў хусткаю знак, на які ў амфітэатры адказала агульнае «Аааа!..» з тысячаў грудзей.

Абыдна відовішча распачынана паляваннем на дзікага звера, у якім вызначаліся барбары з Поўначы й Поўдня; гэным разам, аднак, звяры мелі выступіць у іншай ролі, а распачалі так званыя андабаты, гэта знача людзі ў шаломах без атворышч на вочы, якія біліся навослеп. Колькінаццаць іх, выйшаўшы разам на арэну, пачало махаць у паветры мячамі, а мастыгофоры даўгімі віламі папіхвалі аднаго да другога, каб звесці да бойкі. Больш бывалая і выбрэдная публіка нудзілася гэтым відовішчам, а народ пацяшаўся няздарнымі рухамі байцоў, а калі здаралася так, што спатыкаліся яны плячыма, гром смеху разлягаўся па ўсім амфітэатры, і чутны былі крыкі: «Управа! Навотлеў! Наўпрост!», каб наўмысна змыліць праціўнікаў. Некалькі пар счапілася, аднак, і барацьба пачынала крывавіцца. Больш заўзятыя змагары кідалі шчыты і, падаючы адзін аднаму левыя рукі, каб не разлучацца болей, правымі секліся назабой. Хто падаў пераможаны, падымаў пальцы ўгару, молячы тым знакам літасці, але на пачатку відовішча народ абыдна дамагаўся смерці раненых, злашча для андабатаў, не пазнаных, з тварам закрытым. Змагароў рабілася паволі штораз менш, і як урэшце засталося двух толькі, папіхалі іх аднаго да другога так, што тыя, спаткаўшыся, падалі на пясок абодва і пранізваліся ўзаемна. Тады публіка грымела: «Реractum est!» [76] Прыслужнікі збіралі трупы, хлапчанята разграбалі скрываўлены пясок на арэне ды пасыпалі яго лісткамі шафрану.

76

«Даканана!» (лац.) (заўвага аўтара).

Цяпер мелася пачацца найважнейшая барацьба, якая зацікаўляла не толькі чэрнь, але й смакуноў, падчас якое маладыя патрыцыі часта закладаліся й прайгравалі вялікія сумы. Перадавалі з рук у рукі таблічкі, на якіх выпісвалі імёны ўлюбенцаў і лічбу стаўкі на іх. Спектаты, гэта знача змагары, якія не першы раз выступалі на арэне і хадзілі ўжо ў лаўрах славы дагэтуляшняй, мелі прыхільнікаў найбольш, але між закладчыкамі былі й такія, якія ставілі вялікія сумы на гладыятараў новых і цалкам нязнаных, спадзеючыся ў выпадку іхняй перамогі загарнуць велізарныя выйгрышы. Закладаўся сам цэзар, і святары, і вясталкі, і сенатары, і рыцары, і народ. Голь, не маючая грошай, стаўляла часта ў заклад сваю вольнасць. Ды чакалі з неспакойным, а нат трывожным сэрцам; а не адзін прыракаўся голасна багом, каб прыхіліць іхнюю помач для свайго ўлюбенага.

Нараз адзываюцца зычныя трубы, у амфітэатры залягае цішыня. Тысячы вачэй бяжыць да вялікіх дзвярэй, куды падыходзіць чалавек, апрануты за Харона, і сярод агульнага маўчання стукае тры разы молатам у дзверы, як бы выклікаючы на смерць тых, што за імі стаяць. Адчыняюцца спавагу абедзьве поспал паловы брамаў, аказваючы цёмную шчалюгу, з якое пачынаюць выступаць на ясную арэну гладыятары. Ідуць аддзеламі па дваццаць пяць чалавек, асобна тракі, асобна мірмілоны, самніты, галы, усе цяжка ўзброеныя, а напаследак рэтыярыі, трымаючыя ў адной руцэ сець, а ў другой — трызуб. Тут і там зрываюцца ў глядзельні вокляскі, выклікаючыя адну велізарную працяглую буру. Ад гары да самага нізу відаць раз’іскраныя вочы, пляскаючыя далоні, крычачыя вусны. Гладыятары акружылі арэну роўным пругкім крокам, палыскуючы багатай зброяй, і затрымаліся перад цэзаравым подыюмам, годныя, спакойныя і статныя. Трымклівы сігнал рогу прыцішае вокляскі, змагары выцягаюць угару правыя рукі і, падымаючы галовы й вочы на цэзара, вітаюць працяжнымі галасамі:

Ave caesar imperator! Morituri te salutant!

І хутка разыходзяцца, займаючы свае постані ў коле арэны. Меліся ўдарыцца цэлымі аддзеламі, але перш дазволена слаўнейшым байцом пабарукацца асобнымі парамі, бо ў змаганні іхнім найлепш паказвалася сіла, зручнасць і адвага. Незабаўна спаміж галаў выступае баец, ведамы ўсім пад імем

Ланьён, што знача «Разнік», слаўны пераможнік, з вялікім шаломам на галаве і панцырам, апінаючым спераду й ззаду ягоны магутны торс, выглядаў, бы вялізны блішчасты жук на жоўтым пяску арэны. Не менш слаўны рэтыярыюс Календыё выступіў супраць яго. Глядзельнікі пачалі закладацца: — Пяцьсот сэстэрцый за галам!

— Пяцьсот за Календыем!

— На Геркулеса! Тысячу!

— Дзве тысячы!

Тым часам гал, дайшоўшы да сярэдзіны арэны, пачаў зноў падавацца назад з настаўленым мячом і, зніжаючы голаў, уважна цікаваў праз атворышчы ў прылбіцы на праціўніка, а лёгкі статны рэтыярыюс, зусім голы, толькі з перапаскаю ў паясніцы, кружынеў прытка ля цяжкага ворага, лоўка махаючы сеццю, нахіляючы або падымаючы трызубец ды пеючы абыдную

песню сетнікаў: Non te peto, piscem peto, Quid me fugis, Gallo?.. Але гал не ўцякаў, бо зараз затрымаўся і пачаў абяртацца ледзь прыкметным рухам так, каб заўсёды мець спераду праціўніка. Глядзельнікі кемілі дасканальна, што гэны цяжкі, закаваны ў медзь асілак рыхтуецца да рашучага нечаканага скоку. Сетнік, прымеж таго, то прыскокваў, то адскокваў, робячы сваім трызубам так прыткія рухі, што ледзь было льго іх зацеміць. Дзынк зубоў аб шчыт данёсся некалькі разоў, але гал ані крануўся з мейсца, даючы гэным доказ надзвычайнае свае сілы. Уся ўвага ягоная звярталася не на трызуб, а на сетку, якая безустанку лётала над ягонай галавою, бы шуляк злавесны. Прысутныя, затрымаўшы ў грудзях дыханне, сачылі знатоцкую йгру гладыятараў. Ланьён, падабраўшы момант, рынуўся ўрэшце на суперніка, а той з такою ж хуткасцю выкруціўся з-пад ягонага мяча й паднятае рукі ды, выпраставаўшыся, кінуў сеткай.

Гал спрытным абаротам на мейсцы затрымаў яе шчытом, і расскочыліся абодва. Амфітэатр загрымеў: «Macte!», а ў ніжэйшых шэрагах пачаліся заклады. Сам цэзар, які спачатку гутарыў з вясталкаю Рубрыяй, не цікавячыся дагэтуль відовішчам, звярнуў голаў да арэны.

А яны змагаліся далей так спраўна ды з такою трапнасцю ў рухах, што іншы раз здавалася, не расходзіцца ім пра смерць і жыццё, толькі пра паказ зручнасці. Ланьён два разы шчэ выкруціўся з сеткі і зноўку адступаў да берагу арэны. Тады тыя, што ставілі супраць яго, не хочучы, каб адпачыў, пачалі крычаць: «Наступай!» Гал паслухаў і кінуўся ўперад. Рука сетніка ўміг аблілася крывёю, і сетка звісла. Ланьён прыгнуўся й скочыў, манючыся адмераць апошні ўдар. Але ў тым жа моманце Календыё, які знарок прыкінуўся немачным, перагнуўся ўбок, меч пайшоў міма, а ён, усунуўшы трызуб між кален праціўніка, зваліў яго на зямлю.

Той зрываўся ўстаць, але воміг спавілі яго фатальныя шнуры, у якіх кажным рухам заблытваў мацней рукі й ногі. Прымеж таго, трызубец прыцінаў яго раз за разам да зямлі. Яшчэ раз натужыўся, аблакаціўся на руцэ й напружыўся, каб устаць — дарма! Падняў яшчэ да галавы млеючую руку, якая не магла ўжо ўтрымаць мяча, і ўпаў плячыма. Календыё прыціснуў яму зубамі вілаў шыю да зямлі і, абапёршыся на іх тронку, звярнуўся ў бок цэзаравае ложы.

Увесь цырк аж дрыжэў ад воплескаў ды людскога рыку. Для тых, што ставілі стаўкі на Календыё, быў ён у той хвіліне вялікшым, чым цэзар, але якраз дзеля таго згасла ў іх заўзятасць і супраць Ланьёна, які коштам собскае крыві напоўніў ім кішэні. Дык раздвоіліся жаданні народу. На ўсіх лавах паказаліся напалову галасы смерці і галасы злітавання, але сетнік глядзеў толькі ў ложа цэзара й вясталак, чакаючы, што яны прысудзяць.

На жаль, Нэрон не любіў Ланьёна, бо на апошніх ігрышчах перад пажарам, закладаючыся супраць яго, прайграў Ліцынію немалую суму, дык высунуў руку з подыюма і паказаў вялікім пальцам у зямлю. Вясталкі воміг паўтарылі тое самае. Тады Календыё стаў каленам на грудзёх гала, выняў кароткі нож з-за пояса і, адгарнуўшы панцыр на шыі праціўніка, усунуў яму па самае трымальна нож у горла.

— Peractum est! — разляглося па ўсім амфітэатры.

А Ланьён дрыгаў яшчэ нейкі час, бы зарэзаны вол, рыў нагамі пясок, урэшце выпруціўся і сканаў.

Мэркур не патрабаваў правяраць распаленым жалезам, ці жыве яшчэ.

Хутка вынеслі яго; выступілі іншыя пары, а пасля закіпела бітва цэлых аддзелаў. Народ удзельнічаў у ёй душою, сэрцам, вачыма; выў, роў, свістаў, біў брава, рагатаў, пабуджаў да барацьбы змагароў, шалеў. На арэне раздзеленыя на два фронты гладыятары змагаліся з заядласцю дзікіх звяроў: грудзі з грудзьмі здырваліся, мускулы спляталіся ў смяротным скурчы, трашчалі ў ставах волатныя часціны цела, мячы тапіліся ў грудзях і жыватох, збялелыя вусны бухалі крывёю на пясок. Колькінаццаць навікоў пад канец так ужахнулася, што, вырваўшыся з сумятні, пачалі ўцякаць, але мастыгофоры загналі іх назад у бой дысцыплінамі з волавам на канцы. На пяску парабіліся вялікія цёмныя плямы; штораз больш нагіх і ўзброеных цел ляжала покатам, бы снапы. Жывыя змагаліся, топчучыся па трупах і спатыкаючыся аб параскіданую зброю, крывавілі ногі паламаным рыштункам, падалі. Народ аж заходзіўся з радасці, упойваўся смерцю, дыхаў ёю, насычаў вочы ейным відовішчам і з раскошай удыхаў у грудзі ейны подых.

Пераможаныя сканалі ўрэшце амаль усе, хіба толькі некалькі параненых, кленчучы на сярэдзіне арэны і хістаючыся ад болю й знямогі, выцягала да публікі рукі з просьбай літасці. Пераможнікам раздана дарункі, вянкі, аліўныя галінкі, і настала хвіліна перадыху, якая па загаду ўсёўладнага цэзара змянілася ў банкет. У вазах запалілі пахнідлы. Крапільшчыкі скроплівалі народ шафранавым і фіялкавым дожджыкам. Разносілі халаднікі, печанае мяса, салодкія прысмакі, віно, аліву і садавіну. Народ жор, гаманіў і віватаваў на гонар цэзара, пабуджаючы яго да большае шчодрасці. Пасля перакускі сотні нявольнікаў разносілі поўныя кошыкі падарункаў, з якіх малыя амуркі даставалі й раскідалі па лавах жменямі розныя рознасці. Падчас раздавання латарэйных тэсараў падняўся бой: людзі ціснуліся, падалі, тапталі адны другіх, крычалі ратунку, пераскоквалі з шэрагаў у шэрагі лавак і душыліся ў страшэннай таўкатні, бо хто атрымаў шчаслівы нумар, мог выйграць нат дом з агародам, дзівоснага звяра, якога мог прадаць у амфітэатр. З гэтага рабілася такая суталака, што не раз мусілі ўмешвацца і наводзіць парадак прэторыяне, а па кожным такім раздаванні выносілі з глядзельні людзей з паламанымі рукамі, нагамі або нат затаптаных насмерць.

Поделиться с друзьями: