Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Ён чытаў той ліст з душою збалелаю, але адначасна здавалася яму непраўдападобным, каб Лігія магла згінуць ад дзікіх клыкоў звяроў і каб Хрыстус не злітаваўся над ёю. Меў надзею й веру. Вярнуўшыся дамоў, адпісаў, што будзе прыходзіць штодзень пад муры Туліянум чакаць, пакуль Хрыстус не скрышыць муроў ды не аддасць яе нат з цырку, што Вялікі Апостал моліць у Яго гэтага, і што хвіліна вызвалення недалёкая. Ліст назаўтра меўся ёй аднесці навернены цэнтурыён.

Але вось, калі Вініць прыйшоў наступнага дня пад вязніцу, сотнік, выйшаўшы з шэрагаў, падыйшоў да яго і сказаў: — Слухай, спадару, Хрыстус, які саслаў табе крыж, аказаў табе сваю ласку. Сянняшняе ночы прыходзілі вызвольнікі цэзара і прэфекта выбіраць ім хрысціянскія малодухны, каб зняславіць, аганьбаваць. Пыталіся і пра тваю сужаніцу, але Госпад наш саслаў на яе гаручку, ад якое

паміраюць вязні ў Туліянуме, дык абмінулі яе. Учора ўвечары была ўжо непрытомная, і, хвала Богу, хвароба гэта, якая ўсцерагла ад ганьбавання, можа ўсцерагчы і ад смерці.

Вініць хапіўся за плячо ваяка, каб не паваліцца, а той гаварыў далей: — Дзякуй Хрысту міласэрнаму! Ліна схапілі і хацелі тартураваць, але як паглядзелі, што канае, аддалі яго назад. Можа, і табе аддадуць яе цяпер, а Хрыстус верне ёй здароўе.

Малады трыбун стаяў, звесіўшы голаў, пасля падняў позірк і кажа ціха: — Так, цэнтурыёне. Хрыстус, які выбавіў яе ад ганьбы, выбавіць яе і ад смерці.

І, даседзеўшы пад сценамі вязніцы да вечара, вярнуўся дадому і выслаў сваіх людзей па Ліна, каб перанеслі яго ў адну з ягоных віллаў крайгорада.

Пятроні, аднак жа, даведаўшыся пра ўсё, рашыўся старацца яшчэ. Быў ужо раз у аўгусты, а цяпер пайшоў да яе паўторна. Застаў яе пры пасцелі Руфія. Дзіцянё з разбітаю галавою трызніла з гарачкі, а маці ратавала яго, ледзь стрымліваючы жудзь у сэрцы й думках, не будучы пэўнай, ці па выздараўленні не памрэ яно страшнейшаю смерцю. Затурбаваная выключна собскім болем, не хацела нат і слухаць пра Вініція й Лігію, але Пятроні прыстрашыў яе.

— Угнявіла, — кажа ёй, — новае няведамае боства. Ты ж, аўгуста, аддаеш быццам пашану гэбрайскаму Егове, але хрысціяне цвердзяць, што Хрыстус быў Сынам Ягоным, дык падумай, ці не пераследуе цябе гнеў Айца. Хто ведае, ці тое, што спаткала цябе, не ёсць іхняю помстаю, і ці жыццё Руфія не ёсць залежным ад таго, як ты паступіш.

— Чаго ж ты хочаш ад мяне? — спытала трывожная Папея.

— Перапрасі загневаныя боствы.

— Як?

— Лігія захварэла. Пастарайся ў цэзара або Тыгэліна, каб яе аддаў Вініцію.

А яна роспачна: — Ці думаеш, я магу?

— Можаш іншую рэч. Калі Лігія выздаравее, мусіціме йсці на смерць.

Ідзі ў святыню Весты й зажадай, каб virgo magna [75] знайшлася прыпадкам каля Туліянума ў той час, як будуць выводзіць вязняў на смерць, і загадала вызваліць тую дзяўчыну. Вялікая вясталка не адмовіцца на тваё слова.

75

Вялікая дзявіца (лац.).

— А калі Лігія памрэ з гаручкі?

— Хрысціяне кажуць, што Хрыстус мсцівы, але й справядлівы: быць можа, сама толькі добрая воля твая абласкавіць яго.

— Хай мне дасць які знак, што аздаровіць Руфія.

Пятроні паціснуў плячыма.

— Я не прыйшоў як пасланец Ягоны, о боская, кажу табе толькі: будзь лепш у згодзе з усімі боствамі рымскімі й чужымі.

— Пайду! — адказала спакораным голасам Папея.

Пятронію дух адкаціўся.

«Нарэшце нечага дастукаўся!» — падумаў.

І, вярнуўшыся, кажа Вініцію:

— Прасі свайго Бога, каб Лігія не памерла з гаручкі, бо калі не памрэ, дык Вялікая Вясталка загадае вызваліць яе. Сама аўгуста будзе яе аб гэтым прасіць.

Вініць паглядзеў на яго вачыма, у якіх лунала гарачка, і адказаў: — Яе вызваліць Хрыстус.

А Папея, якая дзеля ратавання Руфія гатовая была паліць гекатомбы ўсім багом свету, таго ж дня шчэ вечарам пайшла на Форум да вясталак, паручыўшы дагляданне хворага дзіцяці вернай няньцы Сільвіі, якая і яе ж самую выняньчыла.

Але на Палатыне прысуд на дзіця быў ужо выданы, бо ледзь толькі лектыка цэзарыні схавалася за вялікаю брамай, да каморы, дзе ляжаў малы Руфій, увайшло двух вызвольнікаў цэзара, з якіх адзін кінуўся на старую Сільвію і заткнуў ёй вусны, а другі, схапіўшы медную статуэтку Сфінкса, аглушыў яе адным ударам. Пасля падыйшлі да Руфія. Распалены гаручкай і беспрытомны хлопчык, не цямячы, што навокал яго дзеецца, усміхаўся да іх і моршчыў свае прыгожыя вочкі, як бы натужваўся іх пазнаць. Але яны, зняўшы з нянькі пояс, называны цынгулюмам, зашмаргнулі яму на шыі ды пачалі заціскаць. Дзіцянё паспела толькі выгаварыць «мама» і хутка сканала. Пасля чаго акруцілі яго ў посцілку

і, сеўшы на прыгатаваныя коні, адвезлі аж у Остыю ды ўкінулі ў мора.

Папея, не застаўшы дома Вялікай Дзявіцы, якая поспал з іншымі вясталкамі была ў Ватынія, хутка вярнулася на Палатын. Застаўшы парожнае ложка і ўхаладзеўшае цела Сільвіі, абамлела, а пасля апрытомлення пачала крычаць, і дзікі крык ейны разлягаўся праз усю ноч і дзень наступны.

Але на трэці дзень цэзар загадаў ёй прысутнічаць на банкеце, дык, прыбраўшыся ў аметыставую туніку, прыйшла й сядзела з абліччам скамянелым, залатавалосая, маўклівая, чароўная і зладумная, бы анёл смерці.

LVI

Дакуль Флавій не збудаваў Калосэум, амфітэатры ў Рыме будавана пераважна з дрэва, дык амаль што ўсе згарэлі падчас пажару. Нэрон, аднак, на абяцаныя ігрышчы загадаў збудаваць некалькі, а між імі адзін вялізны, на які зараз жа пасля пажару зачалі сплаўляць морам і Тыбрам велізарныя бярвенні з Атласу. Ігрышчы меліся важнасцю й лікам ахвяр перавышыць усе дагэтуляшнія, дык дабудоўвалі абшырныя памяшканні для людзей і звяроў. Тысячы работнікаў увіхалася каля будовы дзень і ноч. Будавалі ды ўпрыгожвалі без адпачынку. Народ баяў сабе цуды пра сядзельныя ложы, выкладаныя бронзай, бурштынам, слановаю косцю, перлоўцам і скарупенцам заморскіх чарапахаў. Бягучыя ўздоўж лаваў канавы, поўныя халоднае вады з гораў, меліся падтрымоўваць у будынку прыемны халадок, нат падчас гарачыні. Велізарны пурпуровы велярыюм засцерагаў ад сонца. Між шэрагамі седзішчаў урыхтоўвалі кадзільніцы для палення арабскіх пахнідлаў; угары прыстройвалі прылады для скраплення глядзельнікаў шафрановай расою і вервенаю. Слаўныя будаўнічыя Сэвэр і Цэлер натужылі ўсю сваю ўмеласць, каб збудаваць амфітэатр незраўнаны, могучы змясціць такую колькасць цікаўных, якое ніякі з ведамых дагэтуль амфітэатраў не мог змяшчаць.

Дык у дзень распачацця ludus matutinus натаўп цікаўных чакаў ад самага досвітку адчынення брамаў, услухоўваючыся з любасцю ў рык львоў, храплівае вурчанне пантэраў і выццё сабак. Звяр’ю не давалі ежы два дні ўжо, а замест харчу абносілі перад імі закрываўленыя кавалкі мяса, каб разбудзіць у іх большую крыважаднасць і голад. Іншы раз падымалася такая грамавая бура рыку й выцця, што людзям нельга было ля цырку гутарыць, а больш уражлівыя бялелі ад страху. А пры ўсходзе сонца пачыналіся гучныя, але спакойныя й паважныя песні, якіх слухалі з подзівам, паўтараючы: «Хрысціяне! Хрысціяне!»

Вялікія грамады іх у амфітэатр прыгнана яшчэ ноччу і не з аднае толькі вязніцы, як маніліся перш, але з усіх пакрысе. Народ ведаў, што відовішчы працягнуцца праз цэлыя тыдні й месяцы, але йшла спрэчка, ці з той часткаю, якая была прызначана на сяння, здолеюць за дзень увіхнуцца. Галасы мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя, пяючыя раннюю песню, былі такія шматлікія, што знаўцам здавалася: хоць бы па сто і дзвесце асоб высылана за раз, звяры знямогуцца, насыцяцца і да вечара не паспеюць усіх паразрываць. Іншыя цвердзілі, што надта вялікая колькасць ахвяр, выступаючых на арэне адначасна, разрывае ўвагу і абцяжвае любавацца належна відовішчам. Чым бліжэй была хвіліна адкрыцця калідораў, вядучых усярэдзіну, называных ваміторыямі, вясёласць і ажыўленне расло, спрэчкі множыліся. Тварыліся нат партыі, што спрачаліся між сабою, хто лепш разрывацьме людзей: львы або тыгры. Ішлі ўзаклад. Іншыя расказвалі пра гладыятараў, якія меліся выступіць на арэне перад хрысціянамі, і зноў тварыліся спрэчныя групы то самнітаў, то галаў, то мірмілонаў, то тракаў. Шчэ зарання меншыя й большыя іх аддзелы пачалі пад верхаводствам загадчыкаў, называных ланістамі, наплываць у амфітэатр. Не хочучы перадчасна перасільвацца, йшлі без зброі, часта зусім нагія, з зялёнымі галінкамі ў руках або вянкамі на галаве, маладыя, прыгожыя ў раннім святле, поўныя жыцця. Іх мускулатура блішчэла алівай, магутная, бы выкаваная з мармуру, захапляла разлюбаваны стройнасцю народ. Многія з іх былі знаёмыя асабіста некаторым глядзельнікам, дык часта з розных бакоў разлягаліся прывітанні: «Здароў, Фурніюс! Здароў, Лео! Здароў, Максімус! Здароў, Дыёмедэс!» Малодухны падымалі на іх разлюбаваныя вочы, а яны выглядалі, дзе каторая прыгажэйшая, і жартаўліва адзываліся, як бы бестурботна, пасылаючы цалункі або воклічы: «Абнімі, пакуль смерць яшчэ не абняла!» — ды знікалі ў брамах, з каторых многія ўжо не вярталіся. За гладыятарамі йшлі мастыгофоры, гэта знача людзі з бізунамі, абавязкам якіх было сцёбаць і пабуджаць да барацьбы.

Поделиться с друзьями: