Quo Vadis
Шрифт:
Ведаючы, што Вініць ні за што не захоча перажыць Лігію, знарок падтрымоўваў ягоную надзею перш-наперш праз спачуццё для яго, па-другое, гэнаму эстэту расходзілася таксама і пра тое, каб Вініць, калі суджана будзе яму памерці, памёр прыгожым, а не ўчарнелым з болю й бяссонніцы.
— Скажу сяння, — кажа, — аўгусце больш-менш так: уратуй Лігію для Вініція, а я ўратую для цябе Руфія. І думаціму сур’ёзна пра гэта. Рудабародаму адно слова, пад пару сказанае, можа часамі каго ўратаваць або згубіць. У найгоршым выпадку, прынамсі, справа адцягнецца.
— Дзякую табе, — паўтарыў Вініць.
— Найлепш мне адудзячышся, як перакусіш крыху ды адпачнеш. На Афіну! Адысей
— Не, — адказвае Вініць. — Маніўся даступіцца да вязніцы цяпер, але выданы загад нікога не ўпушчаць. Даведайся ты, ці загад гэны выданы на сяння толькі, ці аж да дня ігрышчаў.
— Даведаюся сяння ноччу і заўтра раненька табе скажу, на як доўга ды дзеля чаго ён выданы. Ну, а цяпер, хоць бы Геліёс ад маркоты сыходзіў да Камерыйскай краіны, іду спаць, а ты йдзі ў мае сляды.
І разыйшліся, але Вініць пайшоў у бібліятэку ды пачаў пісаць Лігіі пісьмо.
Скончыў і аднёс яго сам ды аддаў сотніку-хрысціяніну, які на ягоных вачах панёс яго ў вязніцу. Праз момант вярнуўся з прывітаннем ад Лігіі ды з абяцанкай, што яшчэ сяння прынясе ад яе адказ.
Вініць не хацеў, аднак, вяртацца і, сеўшы на камяні, чакаў на адказ Лігіі.
Сонца высока ўжо паднялося, і праз Клівус Аргентарыюс [74] наплываў на Форум, як звычайна, народ. Гандляры рэкламавалі свае тавары, варажбіты сулілі прахожым свае паслугі, грамадзяне цягнуліся павольным крокам да ройстраў слухаць прыгодных рэтораў або дзяліцца найсвяжэйшымі навінамі. Чым больш прыгравала сонца, тым больш грамады валындаў тоўпіліся пад портыкам святынь, с-пад якіх вылятаў статак галубоў, раз-пораз лапочучы й палыскуючы на сонцы белымі крыламі. Ад лішняга святла й цяпла, ад неўціхальнага гоману пачалі Вініцію клеіцца вочы. Манатонныя крыкі хлопцаў, гуляючых недалёка ў мору, ды раўнамерныя крокі варты калыхалі яго да сну. Разоў некалькі глянуў яшчэ на вязніцу, пасля пахінуўся на скальны зруб, уздыхнуў, як дзіця пасля доўгага плачу, і заснуў.
74
Срэбны схіл (лац.).
І зараз апанавалі яго сонныя мроі. Здавалася яму, быццам нясе на руках Лігію праз няведамую вінніцу, а перад імі йдзе Пампонія Грэцына з святліком у руцэ і свеціць. Нейкі голас, бы голас Пятронія, клікаў яго здалёку: «Вярніся!», але ён не слухаў таго клікання, а йшоў далей за Пампоніяй, пакуль не дайшлі да хаты, ля парогу якое стаяў Апостал Пётр. Тады ён паказаў яму Лігію і сказаў: «Ідзем з арэны, ойча, але не можам яе разбудзіць, збудзі ты яе». А Пётр адказвае: «Хрыстус сам прыйдзе яе збудзіць!»
Крозы пачалі пасля блытацца. Бачыў пасля праз сон Нэрона і Папею, трымаючую на руках малога Руфія з акрываўленай галавою, якую абмываў Пятроні, і Тыгэліна, пасыпаючага попелам сталы, застаўленыя дарагімі стравамі, і Вітэлія, пажыраючага тыя стравы, ды шмат іншых аўгустыянаў, сядзячых пры банкеце. Ён сам сядзеў пры Лігіі, але між сталамі хадзілі львы з акрываўленымі грывамі. Лігія прасіла яго, каб вывеў яе, а яго апанавала такая страшная знямога, што не здатны быў нат з мейсца крануцца. Напаследак усе здані змяшаліся ды запалі ў непраглядную цемру.
З глыбокага сну разбудзіла яго толькі сонечная гарачыня ды крыкі тут жа, вобак, дзе сядзеў. Вініць працёр вочы: вуліца раілася ад людзей, а два крыкуны ў жоўтых туніках рассоўвалі доўгімі
кіямі натаўп і крычалі, каб далі праход для важнае лектыкі, якую несла чатырох моцных егіпскіх нявольнікаў.У лектыцы сядзеў нейкі чалавек у белай вопратцы, твару нельга было пазнаць, бо перад вачыма трымаў сувой папірусу і нешта ўважна адчытваў.
— Праход для крывічэснага аўгустыяніна! — паўтаралі крыкуны.
Вуліца, аднак, была так заталочана, што лектыка мусіла на хвіліну затрымацца. Тады аўгустыянін апусціў сувой папірусу, нецярпліва і выхіляючы голаў гукнуў: — Разагнаць мне гэных валындаў! Хутка!
Воміг зацеміўшы Вініція, схаваў голаў і прытка зноў уставіў вочы ў паперу. А Вініць спрасоння працёр рукою твар, думаючы, што гэта шчэ сонная мара. У лектыцы сядзеў Хілон!
Тым часам крыкуны пралажылі дарогу і егіпцяне рушылі ўжо далей, нараз малады трыбун з’арыентаваўся ўміг і падбягае да лектыкі.
— Прывітанне табе, Хілоне! — адзываецца.
— Юнача, — важна адказвае грэк, хаваючы трывогу ў душы, — вітаю цябе, але не затрымоўвай мяне, бо спяшаюся да майго прыяцеля Тыгэліна.
А Вініць, схапіўшы за край лектыкі, нахіліўся да яго і спытаў грозным тонам, пранізваючы вачыма: — Ты выдаў Лігію?..
— Калосе Мэмнона! — заскігліў сопалаху Хілон.
Але ў вачах Вініція не было пагрозы, дык страх старога грэка мінуў хутка. Падумаў: ён жа пад апекаю Тыгэліна ды самога цэзара, двух волатаў, перад якімі ўсё дрыжыць, дый ахоўваюць яго дужыя нявольнікі, а Вініць стаіць перад ім безабаронны, выныджаны, сагнуты болем. Думка гэная вярнула яму смеласць. Вывярнуў на Вініція крывавыя зекры і сыкнуў: — А ты нашто мяне збіў галоднага?
Замоўклі абодва, пасля адзываецца глуха Вініць: — Скрыўдзіў я цябе, Хілоне!..
Грэк, наіндычаны, падняў голаў і, пляснуўшы пальцамі — гэта ў Рыме рабілася на знак насмешлівасці й пагарды, — адказаў так голасна, каб усе маглі пачуць: — Калі маеш, дружа, да мяне просьбу, дык прыйдзі да майго дому на Эсквіліне ранняю парою, тады пасля купання прыймаю гасцей і кліентаў.
І даў знаць ківомігам, а нявольнікі з лектыкай рушылі далей, пагукваючы: — Дарогу, дарогу дайце для чэсцігоднага Хілона Хіланіда!
LV
Лігія ў доўгім, наспех пісаным лісце развітвалася назаўсёды з Вініціем. Ведала, што ў вязніцы нікому не можна было ўжо прыходзіць, і што магчыме угледзець Вініція толькі з арэны. І яна прасіла яго даведацца, калі настане іхняя чарга, і яшчэ прасіла яго, каб быў на ігрышчы, бо жадала хоць раз яшчэ ў жыцці бачыць яго. У ейным лісце не відаць было страху. Пісала, што і яна, і іншыя тужна чакаюць арэны, на якой знойдуць вызваленне з вязніцы. Спадзеючыся, што Пампонія і Аўл прыедуць у Рым, яна прасіла, каб і яны прыйшлі на ігрышчы. У кожным ейным радку вычуваўся духовы ўздым і адарванне ад жыцця, у якім усе жылі ў вязніцы, а поспал з гэтым і моцная вера ў загробнае шчасце.
«Ці Хрыстус цяпер, — пісала, — ці па смерці мяне вызваліць. Ён абяцаў табе мяне праз вусны Апостала, дык я твая». І заклінала яго, каб не жаліўся па ёй ды не паддаваўся болю. Смерць не разарве ейных шлюбаў. З дзіцячым даверам запэўнівала Вініція, што зараз па смерці на арэне скажа Хрысту, што ў Рыме застаўся ейны сужэнец, Марк, які цэлым сэрцам тужыць па ёй. І думала, мо Хрыстус дазволіць ейнай душы вярнуцца на хвіліну да яго сказаць, што яна жыве ў шчасці, забыўшы пра пакуты. З усяго ейнага ліста веела шчасцем і моцнай надзеяй. Была ў ім адна толькі просьба зямная: каб Вініць забраў з сполярыюма ейнае цела і пахаваў яе як сваю жонку ў той магіле, дзе сам калісь спачываціме.