Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

На працягу свайго жыцьця Марк Аўрэліюс двойчы прадпрыняў пастановы, неабавязкава трапныя для агульнае справы. У першым выпадку, наўсуперак волі Сэнату, ён узьняў да годнасьці імпэратара, як суімпэратара, свайго брата, Люцыюса Вэруса, гэтаксама як і ён адаптаванага, безвартаснага, распуснага і няздольнага гэнэрала, які мог-бы спрычыніць шмат болей шкоды для імпэрыі, калі-б ня тое, што ён памер у 169 г. Кіруючыся матывамі добрага бацькі і, адсоўваючы набок прынцып выбару імпэратара на падставе здольнасьці і характару, прынцып, які даў Рыму найбольшых кіраўнікоў, Марк Аўрэліюс прыняў яшчэ адно вырашэньне, болей важнага характару - ён вызначыў на трон свайго ўласнага сына, мэнтальна хворага, Люцыюса Эліюса Аўрэліюса Коммодуса, каторы стаўся імпэратарам, будучы дзевятнаццаці летнім хворым хлапцом, зь якім закончыўся найбольшы пэрыяд у гісторыі Рымскае Імпэрыі Pax Romana.

* * *

Марк Аўрэліюс, як казалася ўжо

вышэй, пакінуў па сабе духовую спадчыну для людзкасьці ў хворме аднаго тому «Роздумаў», якія складаюцца зь дзьвенаццаці кнігаў. Будучы стоікам, Марк Аўрэліюс, найболей праўдападобна, ня пісаў Роздумаў для іншых. Гэта проста прадукт разважаньняў чалавека на філязафічныя тэмы, і якія, як усё паказвае, запісваліся для свайго ўласнага ўжытку - чытаньня і перачытваньня ў часе нясеньня службы на далёкай і мала заселянай поўначы ягонае імпэрыі.

Ці толькі адны Роздумы напісаў М.Аўрэліюс? Пытаньне гэтае астаецца, як да гэтага часу, адчыненым. На пачатку сваіх Роздумаў ён сам кажа, што ў раньніх сваіх гадох пісаў ён дыялёгі (1, 6).

Роздумы М.Аўрэліюса, якія ён пісаў на грэцкай мове, маюць за сабою доўгую дарогу і карэньне, што сягае часу Талеса зь Мілетосу, што жыў у VІ ст. п.н.з., часу найболей раньняе пары грэцкае філязофіі. Пасьля па-праз Іёнскую школу з Пармэнідэсам і Зэнонам (абодва з Элеі) зь іхнаю перадсакратычнаю думкаю, пасьля выступу Сакратаса - бацькі філязофіі са сваім выдатным вучнем - Плятонам, філёзафам і стваральнікам свае эпохі філязафічнага пагляду, ведамага, як плятонізм. За імі выступае слаўны Арыстотэлес, вучань Плятона, каторы першы ў сваіх працах тасаваў навуковы мэтад. Усе яны, з пляядаю іншых першарадных імёнаў, хвармуюць па-праз стагодзьдзі думку, якою цяперака займаецца ў сваіх разважаньнях М.Аўрэліюс, і якая ня зыходзіць з дыскусыяў пасьля яго ў наступным стагодзьдзі, у часе сярэднявечча, і даходзіць у сваей усё яшчэ важнасьці аж да нашых часоў.

Што ёсьць у ёй, што чыніць гэтую думку гэтакаю жывою?

Адказ на нашае пытаньне трэба шукаць у характары самога чалавека. Чалавек ніколі ня супыніцца ў сваім крочаньні да веды, да праўды, да шчасьця... Ён заўсёды будзе ставіць сабе пытаньні. Старажытныя грэкі ў бяспрыкладнай пашане для розуму, стварылі неспатыканую нагоду для разьвіцьця працэсу людзкае думкі. Старажытныя філёзафы нагэтулькі разьвілі філязафічную думку, яны гэтак далёка зайшлі ў сваіх спэкулятыўных разважаньнях, што яны не маглі ня вытварыць у сабе далёказыркасьці і не спасьцерагчы напрамку людзкага духовага заўтра. Праўда мае ў сабе дынаміку, і зьявішча гэтае ёсьць натуральным; і затым, што яно ёсьць натуральным, поступ ня можа быць спыненым. Гэткім ёсьць права натуры; і гэткім ёсьць вытвар натуры - чалавек.

Арыстотэлес зрэасумаваў гэта ў хворме чатырохпытаньня: Хто стварыў сусьвет? З чаго ён створаны? У якой хворме быў ён створаны? Чаму быў ён створаны?

У сваіх разважаньнях філёзафы гэльленістычнага веку пераважна зьвярталі ўвагу на праблемы добрых паводзінаў чапавека. З гэтае пары паняцьце этыкі ня зыходзіць з парадку дня ў нашым сьвеце. Шматлікія зь іх думалі: Як адзінка, я зьяўляюся бязрадным. Што павінен я чыніць, пыталіся яны, каб быць шчасьлівым і пэўным у жыцьці? Філёзафы стараліся знайсьці адказ на гэтыя пытаньні. У іхных адказах, якія знаходзім у іхных кнігах адносна этыкі, яны былі аднадумны: мэтаю жыцьця ёсьць добрае жыцьцё, якое складаецца са шчасьця і мужнасьці. Што да шляхоў, вядучых да займеньня добрага жыцьця, узьнікалі разыходжаньні паміж рознымі філязафічнымі школамі. Спасярод ведамых школаў, найболей уплывовымі былі тры: школа эпікурэйцаў, цынікаў (кінікаў) і стоікаў. Школы гэтыя ў вялікай меры ўчынілі свой уплыў на філязафічную думку сьвету і ўплыў гэты спасьцярожным ёсьць. Кажная з гэтых школаў давала іншы адказ на пытаньні, якія людзі ставілі.

Эпікурос, закладчык эпікурэйскае філязафічнае школы, радзіўся ў Атэнах, які навучаў у сваім уласным садзе. Ён прыходзіў да выснаву, што сьвет пабудованы з атамаў, што чалавек не зьяўляецца нічым іншым, як камплексам атамаў, і, што ягонае жыцьцё кіруецца прыпадкавасьцю або здарэньнем. І хоць ён і ўяўляў сабе, што багі маюць людзкую хворму і былі добраслаўленымі і несьмяротнымі, усё-ж ён ня быў тае думкі, што яны маюць нейкае дачыненьне да людзей. З гэтае прычыны, просьбы, ахвяраваньні, чараваньні, як і магія ня маюць ніякага значэньня. Ён ня верыў у несьмяротнасьць чалавека. Найлепшае, што чалавек можа ўчыніць для самога сябе, - навучаў ён, - гэта шуканьне шчасьця на зямлі. Ён разыходзіўся ў сваім уяўленьні з тымі філёзафамі, каторыя ўтрымлівалі пагляд, што шчасьце заключаецца пераважна ў прыемнасьці спажываньня ежы і піцьця. Што праўда, ён згаджаўся, што прыемнасьць знаходзіцца ў памяркоўным спажываньні ежы і піцьці і зьяўляецца няўхільнаю часткаю жыцьця. Аднак, «праз прыемнасьць, - казаў ён, - мы разумеем адсутнасьць

болю ў целе і несупакою ў душы. Не бесперапынныя банкеты з піцьцём і гуляньнямі,... ня прыемнасьць спажываньня рыбы і іншае далікатнае ежы на пышна застаўленых сталох, якія маюць даць прыемнае жыцьцё. Не, да шчасьця вядзе цьвярозае разважаньне, шуканьне пры помачы розуму кажнае нагоды (добрага) і абмінаньне (дрэннага), і выганяньне тых паглядаў, пры помачы якіх усхваляваньні атрымліваюць уладу над душамі». Шчасьце і прыемнасьць жыцьця, зноў, могуць быць атрыманымі дарогаю «мудрага, шляхэтнага і справядлівага» жыцьця. Шматлікія грэкі ўспрыймалі навуку Эпікуроса, якая з часам была вызнаванаю многімі рымлянамі. Аднак-жа некаторыя з рымлянаў ламалі і зьіначвалі філязофію Эпікуроса дарогаю нагінаньня яе да нібыто апраўданае змысловае ўцехі жыцьця.

Закладчыкам школы цынікаў быў у 444 г. п.н.з. уроджаны ў Атэнах, Антыстэнэс. У вадной з грамадзкіх заляў у Атэнах, званых гімназыямі, якія ўжывалі сафістыя як і атлеты, ужываў для свае навукі гэтаксама і Антыстэнэс.

Цынікі прыходзілі да перакананьня, што адно мужнасьць учыніць чалавека шчасьлівым. Багацьце, - казалі яны, - часта псуе характар людзей; за гонарамі ганяюцца толькі невукі і глупцы; прыемнасьць ежы і піцьця зьяўляюцца нявартымі паважнае думкі. Мужны чалавек не спадзяецца, каб пры помачы славы, матэрыяльнага багацьця і прыемнасьцяў мог знайсьці сваё неба на зямлі. Многія з цынікаў, пацягнутыя гэткім перакананьнем, пакідалі свае ўласнасьці, ухіляліся ад прыемнасьцяў, апраналіся ў найгоршую вопратку і спалі пад голым небам. Некаторыя зь іх сталіся нават пустэльнікамі, каб паказаць сваю пагарду людзям, якія гоняцца за багацьцем, гонарамі і прыемнасьцямі.

Найболей ведамым вучнем Антыстэнэса быў Дыёгэнэс, народжаны каля 400 г. п.н.з. у Сынопе. Плютарх у сваім творы біяграфічным «Аляксандар» апавядае нам, што аднойчы, у часе грэцкіх атлетычных урачыстасьцяў, Аляксандар Вялікі адведаў Дыёгэнэса, які ў тым часе выграваўся на сонцы. Аляксандар, у довад свае дабразычлівасьці, зьвярнуўся да філёзафа і сказаў, што ён учыніць для яго любую рэч, якую філёзаф толькі зажадае. На гэта Дыёгэнэс адказаў: «Так, ёсьць адна рэч, якую ты можаш учыніць для мяне; адыйдзі набок, бо ты зацямняеш мне сонца».

Адзін з найболей выдатных філёзафаў старажытнае Грэцыі быў Зэнон з абтокі Кіпрос, які навучаў у Атэнах у стоа (з гэтуль назоў стоік) прыблізна пасьля 300 г. п.н.з. Тое, што ён навучаў у сваей школе, ня ёсьць дакладна ведамым. З таго, што ацалела і з цытатаў некаторых ягоных вучняў, і перад усім з цытатаў пазьнейшых старажытных філёзафаў, ягоную навуку можна ўняць наступна: Бог заклаў правы натуры, якія кіруюць сусьветам. Ён утрымліваў пагляд, што шчасьце можа быць асягнутым на шляху веданьня і перасьцераганьня гэтых правоў. Усе рэчы, якія здараюцца з чалавекам, добрыя ці дрэнныя, зьяўляюцца часткаю Божага пляну і павінны быць прынятыя з сілаю духа і стойкасьцю. Для Зэнона недамаганьні цела і ўсе труднасьці штодзеннага жыцьця ня мелі большага значэньня. Стоікі навучалі, што ўсе людзі зьяўляюцца братамі і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму. Кажнаму чалавку дадзена магчымасьць удзельнічаньня ў жыцьці і ён мусіць удзел свой завяршыць як найляпей паводля сваіх здольнасьцяў. І, калі ён атрымае загад пакінуць жыцьцё, ён павінен пакінуць яго спакойна, без нараканьняў і страху.

Школа стоікаў пасрэдна выводзілася ад слаўнага філёзафа Сакратаса, вучнем якога быў Антыстэнэс.

Стоіцызм быў (і сягоньня яшчэ ёсьць) найболей уплывовым філязафічным паглядам у пэрыядзе ўзьніканьня хрысьціянства. Стоікі ў сузгоднасьці з клясычным паглядам філязафічным грэкаў, асабліва зьвярталі ўвагу на этыку, як на галоўную галіну навукі. Яны гэтаксама пашыралі тэорыю лёгікі і навуку пра натуру з мэтаю распрацаваньня асноваў для этычных дактрынаў. Яны ўтрымлівалі, што ўся рэчаіснасьць ёсьць матэрыяльная, але што існая матэрыя, якая астаецца пасыўнаю, павінна быць адрозьніваная ад ажыўленага або актыўнага прынцыпу.

Стоікі падтрымлівалі дэфініцыю Бога, як «рацыянальны дух, які сам ня мае аніякае хвормы, аднак пранікае ўсе рэчы». Адным зь іхных шматлікіх доказаў Ягонага існаваньня была сузгоднасьць. Сузгоднасьць у тым, што чалавек мае ў сабе схільнасьць верыць у Бога; агульна людзкая вера ў Бога сьведчыць на карысьць гэтае схільнасьці або загадзя выступаючага пераконаньня; не дапускаць гэтага - значыць параліжаваць розум; з другое стараны, карыстацца гэтым - значыць верыць у Бога.

Паводля іхнага пагляду, душа чалавека зьяўляецца выражэньнем боскага розуму. «Жыць у сузгоднасьці з натураю» = «жыць у сузгоднасьці з розумам», уважалі яны, - зьяўляецца жыць у сузгоднасьці з божым сусьветным парадкам. Тут выступае важнасьць натуральнага права. Важнасьць гэтага пазытыўнага кіраўніцтва можа быць спасьцярожнаю, як частка, якую стоіцызм згуляў у разьвіцьці тэорыі натуральнага права, якое займела гэтак сільны ўплыў на рымскае правадаўства.

Поделиться с друзьями: