Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

Аснова стоіцкае этыкі зьяўляецца прынцыпам, калісьці агалошанага філёзафамі, што дабро чалавека не ляжыць навонкі яго, але знаходзіцца ў стане ягонае душы, у мудрасьці і паўстрыманьні, што чыніць чалавека свабодным ад цярпеньняў і жаданьняў, якія ўносяць закалот у штодзеннае жыцьцё. Чатыры аснаўныя мужнасьці стоіцкае філязофіі зьяўляюцца: мудрасьць, стойкасьць, справядлівасьць і паўстрыманьне, якія выводзяцца проста з навукі грэцкага філёзафа Плятона.

Стоікі ўтрымлівалі, што вонкавыя розьніцы між людзьмі, як напрыклад, ступеня займанае пазыцыі ў жыцьці і багацьце, ня могуць мець важнасьці ў сацыяльным жыцьці. І гэтым характэрны факт астаецца, што задоўга перад нашаю эраю, паняцьці свабоды, братэрства і роўнасьці, былі ўжо агалошаны людзкасьцю.

У межах гэтае нешматслоўнае, але глыбокае ў сваім зьмесьце навукі

стоікаў, Роздумы М.Аўрэліюса даюць глыбейшы ўгляд, зразумець, чым быў стоіцызм на пераломе нашага часулічэньня.

Чытаючы Роздумы М.Аўрэліюса, выступае ў нашым часе пытаньне суадносінаў аўтара да хрысьціянства, якое ў пару пісаньня Роздумаў, у рымскай імпэрыі было ў розным часе з розным насіленьнем прасьледавана. Вельмі магчыма, што факт гэты трэба аднесьці да наяўнасьці існаваньня бар'еры паміж філязафічнымі плынямі таго часу і пачынаючым хрысьціянствам, і гэтаю бар'ераю было незразуменьне па абедзьвюх сторанах. Даходзіў да гэтага мамэнт чыста палітычны.

Рымская інтэлігэнцыя наагул была ачытанаю і абазнанаю з філязафічнаю спадчынаю старажытных грэкаў; яна ўмела думаць абстрактна і дыскутаваць найболей важныя пытаньні, якія ў той ці іншай меры закраналі агульна людзкае жыцьцё.

Тыпічным прыкладам гэтага можа быць павязаньне дачыненьняў рымска-юдэйскіх. На арэну выступае асоба зь імем Понціюс Пілатус, рымскі пракуратар у Юдэі ў гадох 26-36. Ён ведамым пераважна з прычыны ягонага сувязку з судом і выкананьнем сьмяротнага прысуду над Ісусам з Назарэту, абвінавачанага жыдамі ў богазьняважаньні і адступніцтве ад традыцыйнае веры бацькоў. Ягоная вінаватасьць у гэтым судовым працэсе дыскутуецца праз доўгія стагодзьдзі і некаторымі людзьмі яшчэ сягоньня. Для нас найболей вымоўнай ёсьць сустрэча Пілата з Хрыстом, аб чым даведваемся зь эвангеляў. Кароткая канвэрсацыя, як падае нам эвангеліст Ян, ёсьць вельмі характэрнаю для нашае тэмы, якая ў кульмінацыйным сваім пункце гучыць:

Пілат сказаў яму:

– Дык ты кароль?

Ісус адказаў:

– Ты кажаш, што я кароль. Дзеля гэтае мэты я радзіўся, і затым прыйшоў на сьвет, каб выявіць праўду.

Пілат кажа яму:

– Што ёсьць праўда?

Сягоньня мы ведаем болей пра рымлянаў, пра жыдоў, пра Ісуса з Назарэту, пра хрысьціянства і, магчыма, пра праўду, пра якую ішла гутарка паміж абвінавачаным і рымскім прэторам.

Рымляне са сваім культурным даробкам і распрацаваным правам мелі добрую нагоду пазнаць большыя і меншыя народы, якія ўваходзілі ў склад іхнае вялікае імпэрыі. Рымскія ўлады наагул былі талерантнымі ў сэнсе рэлігійным, як і звычаёвага права на дадзенай тэрыторыі. Меншыя і большыя бунты ня былі нічым новым для Пілата, але на Юдэю ў Рыме глядзелі як на асаблівы край зь ягоным народам, законам і вераю. І, калі цяперака прывялі да яго яшчэ аднаго, якога абвінавачвалі ў нечым і дамагаліся сьмерці, магчыма прыпомніліся яму выпадкі зь мінуўшчыны: з Сакратасам, з Анаксагорасам і шмат іншымі філёзафамі, якія з прычыны іхнае лёкальнае веры не маглі знайсьці супольнага слова са сваім асяродзьдзем.

Вельмі характэрным выступае эпізод узаемадачыненьняў зь некаторымі прадстаўнікамі роду Гэрадаў - пануючае дынастыі, якая пераважна ўладу сваю апірала на Рыме. У дачыненьні з нашаю тэмаю, Дзеяньні сьв. Апосталаў (разьдзелы 25 і 26) пераказваюць нам вельмі вымоўны абраз узаемадачыненьняў паміж асьвечанымі прадстаўнікамі жыдоўскае супольнасьці, з аднае стараны, і з другое - самога народу пад правадырствам фарысэяў і садукеяў, тонучага ў глыбіні вузка-рэлігійных супярэчнасьцяў.

Уся справа абяртаецца навакол рэлігійнага пытаньня са шматлікімі ўдзельнікамі ў ёй.

Портыюс Фэстус, рымскі пракуратар, толькі што пераняў уладу ў Юдэі ад Антоніюса Фэлікса. Абодва яны з дынастыі Гэрадаў. Запазнаючыся бліжэй са сваімі абавязкамі ў вызначанай яму правінцыі, прыбывае ён у Ерузалім. Карыстаючыся з гэтае нагоды (25:2), жыды зьявіліся перад Фэстусам і дамагаліся, каб гэты з Кесарэі (рымская сталіца на Юдэю), прыслаў у Ерузалім Паўла, каб тут дамагчыся ягонае сьмерці. Але Фэстус фармальна просьбу іхную адхіліў і сам вярнуўся ў Кесарэю.

Далейшая нарацыя гэтага здарэньня (25)

характэрная тым, што рымскія ўлады прытрымліваліся свайго права, і лічыліся з лёкальнымі звычаямі (25:12). Гэта стварыла магчымасьць для Паўлы выйсьці з-пад уплыву закону лёкальна-рэлігійнага і паддацца ў Рым і стануць перад рымскім правам і судзьдзямі, вольнымі ад забабонаў. Па-другое, прадстаўнікі рымскае культуры проста не маглі ўцяміць пра што жыдам ідзе, а калі пачулі, што абвінавацелі «мелі... зь ім нейкія спрэчкі адносна іхных забабонаў, ды аб нейкім памершым Ісусе, адносна якога Паўла ўтрымліваў, што ён [хоць і памер], але жыве (25:19), дык Фэстус, чуючы гэта, рад быў, што Паўла адклікаўся да кесара і, высылаючы яго ў Рым, асвабаджаў самога сябе ад справы, сутнасьці якое ён ня мог зразумець. Як вынікае з тэксту (25:27), Фэстус разам зь вязьнем-Паўлам выслаў у Рым і адпаведны, выясьняючы справу, ліст, які, як можна здадумацца, мусіў учыніць сваеасаблівае ўражаньне на тых у Рыме, што чыталі яго.

Я адумысна прывёў знаёмыя нам тэксты, каб адтварыць атмасфэру сутыку розных паглядаў і даць вобраз матываў незразуменьня хрысьціянства.

Гэтаксама і само хрысьціянства ў тым часе ня было падобным да таго, якое мы ведаем сягоньня. У гэтым пэрыядзе часу хрысьціяне пераважна рэкрутаваліся з асяродзьдзя простых людзей і нявольнікаў. Апалёгія прыходзіла пазьней і ня шмат выясьняла філязафічна настроянай рымскай інтэлігэнцыі, апалітычнага мамэнту, якім кажны імпэратар, і тыя, што зь ім, кіраваліся, зусім хрысьціяне не парушалі, бо іхнае валадарства - гэта Божае Валадарства наагул, дый ня з гэтага сьвету. Мамэнт палітычны прыйдзе пазьней, каля 300 г., калі хрысьціяне даволі нацярпеліся ў падзямельлях і жадалі большае свабоды для сябе. І свабода прыйшла на дарозе некалькі дэкрэтаў, выдадзеных імпэратарам Канстанцінам.

Перад намі тэкст Роздумаў, які пакінуў па сабе рымскі стоік, імпэратар, Марк Аўрэліюс. Зьмест Роздумаў наагул блізкім ёсьць часта літэраю і духам да навукі Ісуса з Назарэту. Пацьвярджаюць гэта шматлікія людзі розных нацыянальнасьцяў, сьветапаглядаў і вераў. Зьмест гэты просты, шчыры з тугою ў напрамку праўды, добрага жыцьця, шчасьця...

У 1914 г. С.Роговін выконвае новы пераклад на расейскую мову Разважаньняў М.Аўрэліюса. Уступнае слова да перакладу напісаў С.Котляревскій. Яно займае 47 бачын і напісана ў стылю свомым для адукаваных і веруючых людзей расейскае імпэрыі, і канчаецца словамі: «І нарэшце, уся новая культура дае людзкасьці адну лекцыю - толеранцыі ў найлепшым сэнсе гэтага слова, удзячнага прызнаньня тых ідэалаў, якія для сэктанцка ўзгадованага розуму могуць выдасца бунтарна супярэчнымі. Мы пахіляем голавы перад сьв. Ігнатам і перад Джордано Бруно, як і перад Аўгустынам; перад Галілеем, перад Францішкам з Ассыжу, і перад Сьпінозам - усе яны сучляненьні «Вышэйшага места» людзкае культуры - і сярод гэтых выбраных людзей ганаровае месца абясьпечана і Марку Аўрэліюсу».

Ян Пятроўскі, 17.09.1978 г.

Кніга першая

1. Ад майго дзеда Вэруса я атрымаў далікатнасьць, незласьлівасьць і ўменьне кіраваць сваім характарам.

2. Ад славы майго роднага бацькі і ад пакінутай ім па сабе памяці - сьціпласьць і ўзмужнеласьць.

3. Ад мае маці - набожнасьць, шчодрасьць і ўстрыманьне ня толькі ад дрэнных учынкаў, але нават і ад дрэнных думак. А таксама і просты спосаб жыцьця, здаля ад усялякае раскошы.

4. Ад майго прадзеда - тое, што я не наведваў публічных школаў, карыстаўся паслугамі выдатных настаўнікаў дома, і зразумеў, што на гэта ня трэба шкадаваць сродкаў.

5. Ад выхавацеля - тое, што ня цікавіўся вынікам барацьбы паміж Зялёнымі і Блакітнымі або глядыятарамі ёракійскага і гальскага ўзбраеньня, што вытрывалы ў працы, здавальняюся малым, не даручаю свае справы іншаму, не хапаюся за шматлікія справы і астаюся непаддатным на паклёпы.

6. Ад Дыёгнэтоса - нялюбасьць займацца глупствамі і няверу ў байкі цудатворцаў і чараўнікоў пра заклінаньні, праганяньні нячысьцікаў і іншыя такія рэчы; што не разводзіў перапёлак і не захопліваўся падобным спортам, і тым, што мяне не раззлошчвала свабода слова; што я прысьвяціў сябе філязофіі; і, што быў слухачом спачатку Бакхэюса, пасьля Тандасіса і Маркіянуса; што пісаў я дыялёгі ў дзіцячых гадох; і адчуў цягу да простае пасьцелі, шкуры зьвера і іншых асаблівасьцяў грэцкага спосабу жыцьця.

Поделиться с друзьями: