Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

15. Людзі ня ведаюць, якімі шматзначнымі зьяўляюцца такія словы, як красьці, сеяць, купляць, аставацца бязьдзейным, бачыць тое, што мае быць учыненым, бо, каб ведаць гэта, патрэбны ня фізычныя вочы, але нейкі іншы ворган зроку.

16. Цела, душа, інтэлігэнцыя. Да цела належаць пачуцьці, да душы - імкненьні, да інтэлігэнцыі - прынцыпы. Здольнасьць атрымліваць уражаньні маюць і зьверы, імкненьні праяўляюцца бурна і ў дзікіх зьвераў, і сярод андрогінаў, і ў Фалярысе, і ў Нэроне; карыстацца-ж інтэлігэнцыяю для вонкавага выконваньня абавязкаў могуць і людзі, якія ня прызнаюць багоў, здраджваюць сваю бацькаўшчыну і, зачыніўшыся ў сабе, твораць усялякія агіднасьці. Калі ўсё гэта згодна са сказаным, агульным ёсьць для ўсіх, тады астаецца тое, што сваеасаблівым ёсьць для добрага чалавека, быць радасным і здаволеным з таго, што здараецца і з наступстваў, якія ўкладваюцца для яго;

і не апаганьваць гэнія, што жыве ў ягоных грудзях, ня турбаваць і не засмучваць яго мноствам уяўленьняў, а захаваць яго чыстым, паслухмяным багам, якія ніколі ня кажуць таго, што не адказвае праўдзе і ня робяць нічога, што не адказвае справядлівасьці. Калі нават усе людзі адмовяцца паверыць, што ён жыве гэтак проста, сьціпла і шчасьліва, дык ён ня будзе злавацца на нікога зь іх і ня зыйдзе са шляху, які вядзе да мэты жыцьця, да якое трэба падыйсьці чыстым, спакойным, зь лёгкім сэрцам і з безнаракальнаю пакорлівасьцю перад сваею доляю.

Кніга чацьвертая

1. Калі ўнутраны пануючы пачатак усузгоднены з натураю, дык яго адносіны да ўсяго, што адбываецца, такія, што ён заўсёды можа лёгка прыспасобіцца да магчымага сучаснага. Ён не адчувае любові да якое-небудзь акрэсьленае матэрыі, але адбывае рух у напрамку свае мэты, аднак-жа пры захаваньні пэўных прадумовінаў; і ён ператварае матэрыял для сябе. Таго, што супроцьставіцца яму, падобна, як агонь, валадарыць тым, што ўпадзе ў яго, і праз што малы агонь можа быць патушаны: але, калі полымя сільнае, дык яно ахоплівае матэрыял, што трапіў у яго, зьядае яго і, дзякуючы гэтаму, яшчэ вышэй уздымаецца.

2. Няхай ніякі чын ня будзе выкананы бязмэтна, і ня інакш, як толькі ў сузгоднасьці з найлепшымі прынцыпамі мастацтва.

3. Людзі шукаюць самоту, імкнуцца да жыльля за местам, да морскіх узьбярэжжаў, у горы. І ты гэтаксама прызвычаіўся болей за ўсё жадаць гэтага. Усё гэта, аднак, гаворыць аб скрайнай недасьведчанасьці, бо ў любую хвіліну ты можаш замкнуцца ў самым сабе. Бо самае ціхае і бязбунтарнае месца, куды чалавек можа схавацца, - гэта ягоная душа. У васаблівасьці-ж чалавек, які знойдзе ўнутры сябе тое, углядзеўшыся ў што, ён зараз-жа напоўніцца супакоем; пад супакоем-жа я разумею ня што іншае, як сьведамасьць свае добраўпарадкаванае інтэлігэнцыі. Дык часьцей дазваляй сабе такую самоту і чэрпай зь яе новыя сілы для сябе; і няхай прынцыпы твае будуць кароткія і фундамэнтальныя, першага дачыненьня зь якімі будзе дастаткова, каб разагнаць увесь смутак і адаслаць цябе назад бяз гневу на тое, да чаго ты вяртаешся. Бо і, запраўды, на каго ты будзеш гневацца? На разбэшчанасьць людзей? Але, калі ты прыйдзеш да выснаву, што разумныя істоты нарадзіліся адзін для аднаго, што цярпеньне - ёсьць частка справядлівасьці, што людзі памыляюцца супроць свае волі, калі ты ўспомніш, што гэтулькі людзей, якія сварыліся, глядзелі на сябе з падозраньнем, падтрымлівалі ненавісьць да сябе, уваходзілі ў спаборніцтвы, паміралі і ператварыліся ў парахню, дык ты хутка супакоішся.
– Але ці ня гневаешся ты на лёс, які выпаў на тваю долю ў выніку пабудовы Цэлага? Аднаві ў сваей памяці дылему: «провід ці атамы»? і тыя правы, якія даводзяць, што сусьвет падобны на Места.
– Цябе засмучае стан цела? Падумай пра тое, што дух, які сканцэнтраваўся ў самым сабе і зьведаў сваю собскую магутнасьць, ня зьмешваецца з жыцьцёваю сілаю, што рухаецца ціха ці парывіста, і пра ўсё іншае, што ты чуў і згадзіўся адносна насалоды і цярпеньня.
– Цябе маніць мроя пра славу? Зьвярні ўвагу на тое, як хутка ўсё забываецца, пра хаос часу, бязьмежнага ў той і другі бок, на пахвальбы марнасьці і безразважнасьці тых, што, бачна, цябе цэняць, на нязначнасьць прасторы, межамі якой слава абмежаваная. Бо ўся зямля толькі кропка. І які малюсенькі кусочак яе займае месца твайго знаходжаньня? А колькі тут тых, хто будзе праслаўляць цябе, і што яны сабою выяўляюць?

Успомні, нарэшце, пра твой адыход у тваё собскае жыльлё і, галоўнае, не раскідайся, ня мітусіся, але будзь вольным і глядзі на рэчы, як мужчына, грамадзянін, сьмяротны! Сярод праўдаў, якія заўсёды павінны быць пад рукою, заўваж асабліва дзьве. Па-першае: рэчы, якія не датыкаюцца душы, але знаходзяцца ў стане супачынку вонкі яе; але нашыя ўнутраныя ўсхваляваньні выток свой знаходзяць толькі ў думцы перакананьня. Па-другое: усё тое, што ты назіраеш, падлягае зьіначаньню і хутка зьнікае. Думай толькі і пра тое, колькі зьіначаньняў ты быў сьветкам. Сусьвет - гэта зьіначаньне, жыцьцё - перакананьне.

4. Калі духовы пачатак у нас агульны, дык агульным будзе і розум, дзякуючы

якому мы зьяўляемся істотамі разумнымі. Калі гэтак, дык і розум, які загадвае што рабіць і што не рабіць, гэтаксама будзе агульным; калі так, дык і права агульным ёсьць, і калі так, дык мы грамадзяне. Значыць, мы маем дачыненьне зь якім-небудзь грамадзкім ладам; і сьвет падобны да Места. Бо хто-б мог паказаць на які-небудзь другі агульны лад, да якога меў-бы дачыненьне ўвесь род людзкі? Адсюль вось, з гэтага Места і духовы пачатак у нас, і разуменьне, і правы. Адкуль-жа інакш? Бо, як усё тое ўва мне, што мае свомасьць зямлі, ёсьць частка якой-небудзь зямлі, мокрае - частка іншага элямэнту, жыцьцёдайнае, цёплае і падобнае да агня - бяруць пачатак кажнае са свае крыніцы (бо ніякая рэч ня ўзьнікае зь нічога, як і не ператвараецца ў нішто), дакладна гэтак-жа і дух скуль-небудзь усё-ж паходзіць.

5. Сьмерць гэтаксама як і нараджэньне, зьяўляецца тайніцаю натуры; у адным, сучлененьне і разлажэньне тых самых элямэнтаў. Наагул, у іх няма нічога, што магло-б быць для каго-небудзь сорамным, бо нямашака тут нічога неадпаведнага для жывое істоты, або разумнасьць ягонае будовы.

6. Людзям гэтакага складу свома паступаць такім спосабам - гэта неабходнасьць. Не жадаць гэтагаўсё роўна, што не жадаць, каб хвігавае дрэва мела сок. Наагул, памятай, што пасьля вельмі нязначнага працягу часу вы абодва, і ты, і твой супраціўнік, памраце; і хутка пасьля гэтага не астанецца і ўспаміну пра вашыя імёны.

7. Ухілі набок упэўненасьці, а пазбавішся і скаргі, што «мне чыніцца крыўда». Ухілі набок скаргу: «мне чыніцца крыўда» і крыўда прападзе.

8. Тое, што ня робіць чалавека горшым, чымся ён ёсьць, гэтаксма ня робіць горшым і ягонае жыцьцё і ня шкодзіць яму ані звонку, ані знутры.

9. Натура таго, што зьяўляецца сусьветна карысным, была змушанаю ўчыніць яго гэткім.

10. Усё, што адбываецца, адбываецца ў сузгоднасьці са справядлівасьцю: калі будзеш сачыць уважна, дык пераканаешся ў гэтым. Усё адбываецца, кажу я, ня толькі ў сузгоднасьці з дакладным парадкам, але і ў сузгоднасьці са справядлівасьцю, быццам нехта разьмеркаваў усё адпаведна да годнасьці. Працягвай пачатае табою назіраньне і, што-б ты ні рабіў, рабі з тым замерам, каб стацца добрым у сапраўдным значэньні гэтага слова. Захоўвай гэтую думку ўва ўсіх тваіх пачынаньнях.

11. Не праймайся ні той упэўненасьцю, якое трымаецца крыўдзіцель, ані тым, што ён імкнецца навязаць табе, але ўсё разглядай, як рэч маецца ў запраўднасьці.

12. Заўсёды трэба быць гатовым да падвойнага. Па-першае, рабіць толькі тое, што наказвае розум, пануючае і правадаўчае ў табе часткі на карысьць людзей. Па-другое, зьмяніць сваю думку, калі хто-небудзь паправіць цябе і пераканае ў чым-небудзь. Але зьмяняць сваю думку належыць толькі, узгадняючы з чым-небудзь такім пераканаўчым, як справядлівае, агульнакарыснае і гэтак далей, але ні ў якім выпадку таму, што такое зьіначаньне здаецца прыемным, ці прыракае славу.

13. Ці маеш ты розум?
– маю, - Чаму-ж ты не карыстаешся ім? Бо, калі ён будзе рабіць сваю справу, што застанецца табе жадаць?

14. Ты існаваў, як частка Цэлага. Табе давядзецца зьнікнуць у тым, што нарадзіла цябе, дакладней: з прычыны зьмяняльнасьці ты будзеш праглынуты семявым прынцыпам дарогаю трансмутацыі.

15. На ахвярніку шмат кавалачкаў ладана. Адзін трапіў сюды раней, іншы - пазьней. Розьніцы тутака няма ніякае.

16. Калі ты прасякнешся пэўнымі галоўнымі прынцыпамі і паставіш сябе на службу розуму, дык праз дзесяць дзён ты богам будзеш здавацца тым, каму цяперака здаешся зьверам і малпаю.

17. Жыві так, быццам у цябе наперадзе яшчэ дзесяць тысяч гадоў жыцьця. Час ужо блізка. Пакуль жывеш, пакуль ёсьць магчымасьць, старайся стацца добрым.

18. Ад якога вялікага клопату ўхіляецца той, хто не зьвяртае ўвагі на тое, што падумаў, сказаў ці зрабіў ягоны сусед, але толькі зьвяртае ўвагу на тое, што робіць ён сам, каб захаваць у сваіх дзеяньнях справядлівасьць і набожнасьць. Як кажа Агатон, ня вышукваць трэба заганы іншых людзей, а ісьці сваею простаю дарогаю, не адхіляючыся ўбок.

19. Той, хто мроіць аб славе пасьля сьмерці, не бярэ пад увагу, што кажны, хто пра яго памятае, сам хутка памрэ, за ім пойдзе і той, хто прыйшоў пасьля яго, і гэтак да таго часу, пакуль не пагасьне ўся памяць, прайшоўшы пакаленьні тых, што памяталі. Але возьмем пад увагу, што тыя, хто памятаюць цябе, зьяўляюцца несьмяротнымі, і памяць нязьнішчальная. І што табе да гэтага? Я не кажу ўжо, што гэта - нішто для нябожчыка. Але, што да пахвалаў жывому, апрача хіба-што маемасных выгадаў? Дык пакінь зараз-жа турбавацца пра гэты без значэньня гасьцінец, які залежыць выключна ад людзкага погаласу.

Поделиться с друзьями: