Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

44. Усё, што адбываецца, - гэтакае-ж самае, звычайнае і ведамае, як ружа вясною і вінаград увосень. Гэтакія і хвароба, і сьмерць, і паклёп, і зламыснасьць, і ўсё тое, што радуе і засмучае глупых.

45. У чарговасьці рэчаў, тыя, якія сьледуюць, зроднена падходзяць да тых, што папярэдзілі іх; бо чарговасьць гэтая ня можа быць уважанаю толькі як пералік рознаякіх рэчаў, якія адно падпарадкаваны неабходнай чарговасьці, але зьяўляюцца рацыянальнаю сувязьзю: бо як усе існуючыя рэчы гарманічна ўпарадкаваныя разам, гэтаксама і рэчы, якія прыходзяць да існаваньня, адхіляюць ня простую чарговасьць, але поўнае цудоўнае ўзаемапавязаньне.

46. Заўсёды памятай тое, што казаў Гэраклітос: Для зямлі сьмерць - стацца вадою, для вады - паветрам, для паветра - агнём, і наадварот. Трэба мець на ўвазе: чалавек, які забыў, куды вядзе шлях і пра тое, што людзі адхіляюцца ад усёпранікаючага розуму Цэлага, ад розуму, зь якім яны знаходзяцца ў бесперапынных зносінах, і што чужым здаецца ім тое, з чым яны сутыкаюцца кажны дзень, і пра тое, што ня трэба казаць і рабіць, як у сьне (бо-ж і тады нам здаецца, быццам мы кажам і дзейнічаем), і што ня трэба ўпадабляцца дзецям, гэта значыць,

сьлепа трымацца за прыклад бацькоў.

47. Калі-б хто-небудзь з багоў сказаў табе, што ты памрэш заўтра, ці ў найлепшым выпадку посьлязаўтра, дык насілу ці стаў-бы ты вельмі дабівацца, каб гэта здарылася посьлязаўтра, калі ты толькі не палохлівы да нізкасьці. Бо-ж розьніца тут вельмі нязначная. Гэтаксама не ўважай вельмі важным памрэш ты пасьля шматлікіх гадоў, ці заўтра.

48. Заўсёды думай аб тым, колькі памерла лекараў, якія часта хмурылі бровы над ложам хворага; колькі астралёгаў, што ганарыліся сваімі прадказаньнямі сьмерці іншым людзям; колькі філёзафаў, што вялі дыскусыі адносна сьмерці і несьмяротнасьці; колькі герояў, што паназабівалі гэтулькі людзей, колькі тыранаў, якія карысталіся сваею ўладаю над чужым жыцьцём з гэтакаю ганарыстасьцю, быццам яны самыя былі несьмяротнымі; колькі, калі можна сказаць, памерла цэлых местаў, як Гэлікія, Пампэі, Гэркулянэюм і нязьлічаная колькасьць іншых. Дадай аднаго за другім да пералічаных усіх ведамых табе людзей. Адзін чалавек, пасьля пахаваньня іншага, сам памірае, каб і яго пахаваў нехта іншы: і ўсё гэта ў адносна кароткім часе. Наагул, трэба заўважыць, як мінаючымі і бязвартаснымі людзкія рэчы ёсьць, і тое, што было яшчэ ўчора ў зачатку, заўтра ўжо мумія або парахня. Прайдзі, затым, гэтае малое прамежжа часу ў сузгоднасьці з натураю, і закончы яго ў здавальненьні, як падае пасьпелая аліва, дабраславячы натуру, якая радзіла яе, дзякуючы дрэву, на якім яна вырасла.

49. Будзь падобны да скалы, аб якую бесперапынку разьбіваюцца хвалі, але сама яна стаіць нярухома, і навакол яе заціхаюць усхвалёваныя воды.

Я нешчасьлівы затым, што са мною здарылася гэтае і тое.
– Зусім не. Наадварот, я шчасьлівы таму, што, хоць гэта і здарылася са мною, я ўсё-ж ня турбуюся, ня зломлены я сучасным, ня дрыжу перад надыходзячым. Здарыцца гэта-ж магло з кажным, але ня кажны астаўся-б непахісным. Чаму, тады, першае, большае няшчасьце, чымся другое шчасьце? Ці-ж ты назавеш няшчасьцем для чалавека тое, што не перашкаджае чалавечай натуры асягнуць свае мэты? Але, ці здаецца табе гэтакаю перашкодаю тое, што ня мінаецца з вымаганьнямі людзкае натуры? У чым-жа заключаюцца гэтыя вымаганьні? Ты ведаеш волю натуры. Ці-ж тое, што здарылася, перашкаджае табе быць справядлівым, далікатным, асьцярожным, разважным, празорлівым у меркаваньнях, праўдзівым, сьціплым, і шчырым, і мець усе іншыя якасьці, пры наяўнасьці якіх выступае асаблівасьць людзкае натуры? Не забывайся і ў далейшым пры ўсякім здарэньні, якое прыводзіць цябе да смутку, карыстацца прынцыпам: ня гэта ёсьць няшчасьцем, але зьнесьці яго годна вось гэта і будзе шчасьце.

50. Просты, але сапраўдны сродак, каб навучыцца пагарджаць сьмерць - трэба будзіць у памяці тых, хто прагна чапляўся за жыцьцё. Чым ім ляпей, чымся тым, што памерлі перадчасна? Ляжаць дзе-небудзь у магілах і Кадзікіянус, і Фабіюс, і Юліянус, і Лепідус, і ім падобныя, якія шмат каго пахавалі, а пасьля пахавалі і іх. Розьніца ў часе зусім нязначная, дый пры якіх умовах, зь якімі людзьмі і ў якім жалюгодным целе давядзецца праводзіць гэты час! Дык вось, ня лічы ўсяго гэтага важным. Азірніся назад - там непамерная бездань часу, зірні наперад - там другая бязьмежнасьць. Якое-ж значэньне мае, у параўнаньні з гэтым, розьніца паміж тым, хто пражыў тры дні, і тым, хто пражыў тры чалавечыя жыцьці?

51. Заўсёды ідзі найкарацейшым шляхам. Найкарацейшы-ж шлях - гэта шлях, які адказвае натуры: ён у тым, каб трымацца праўды ўва ўсіх рэчах і паступаваньнях. Гэтакае рашэньне вызваліць цябе ад утомленасьці, барацьбы, прытворства і пыхлівасьці.

Кніга пятая

1. Калі табе лянотна паднімацца надосьвітку, зараз-жа скажы сабе: Я ўстаю, каб узяцца за працу чалавечую. Дык няўжо-ж я пачну злавацца з тае прычыны, што іду да працы, дзеля якое створаны і накіраваны ў сьвет. Ці-ж маё прызначэньне - грэцца, расьцягнуўшыся на ложы?
– Але апошняе прыемней.
– Дык што, створаны ты для насалоды, а ня дзеля дзейнасьці і напружаньня сілаў? Чаму ты не глядзіш на расьліны, птушак, мурашак, павукоў, на пчолы, якія выконваюць сваю працу і, у меру сваіх магчымасьцяў, супрацуюць у напрамку прыгожасьці сусьвету? Ці не захацеў-бы ты, як людзкае існаваньне, выканаць сваю частку, і не сьпяшаешся выканаць таго, што знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю?
– Але трэба-ж і адпачыць.
– Так: але натура і для гэтага вызначыла свае межы, як вызначыла іх і для прыйманьня стравы, і для пітва. Але ты ўсё-ж ідзеш далей за мяжу і далей за тое, што дастаткова. У сваей-жа дзейнасьці ты не дасягаеш гэтае меры, не даходзіш да межаў магчымага, таму што ты ня любіш самога сябе. Калі-б ня так, дык ты любіў-бы сваю натуру, і яе вымаганьні. Тыя, што любяць сваё мастацтва, цалкам аддаюцца сваей справе, забываючы і памыцца, і паесьці. Ты меней цэніш сваю натуру, як гравёр - гравіраваньне, танцор - танцы, срэбралюб - грошы, славалюб - славу. Усе яны, калі захопяцца, уважаюць за лепшае для іх ня есьці і ня спаць, абы толькі павялічыць тое, да чаго схіляецца іхная душа. Няўжо-ж агульнакарысная дзейнасьць здаецца табе меней значнаю і меней вартаю натугаў?

2. Як лёгка, адкінуўшы і здушыўшы ў сабе ўсякае турботнае і часамі неадпаведнае ўяўленьне, каб зараз-жа займець поўны супакой душы.

3. Лічы сябе вартым усякага слова і справы, адпаведных натуры. Няхай не бянтэжаць цябе чые-небудзь будучыя ўліканьні і абгаворы, але, калі можаш зрабіць ці сказаць што-небудзь прыгожае, дык адважна бярыся за гэта. Бо людзі маюць свой кіруючы пачатак, і ідуць яны за сваім імкненьнем. Не глядзі на гэта, але ідзі нацянькі,

слухаючы сваю натуру і натуру агульную; таму што абодва шляхі - адно.

4. Я буду ісьці, няўхільна трымаючыся натуры, пакуль не ўпаду, толькі тады я адпачну, аддаўшы сваё дыханьне таму, з чаго я чэрпаў яго штодзенна, і вярнуўшыся туды, адкуль зьявілася семя майго бацькі, кроў мае маці, малако карміцелькі, у тую зямлю, якая гэтулькі гадоў карміла і паіла мяне, якая носіць мяне, таго, хто топча яе і карыстаецца цераз меру яе дарункамі.

5. Ты ня можаш нікога зьдзівіць сваею хуткаю кемнасьцю. Няхай і гэтак. Але ёсьць шмат іншага, адносна чаго ты ня можаш сказаць: Я не нарадзіўся для гэтага. Дык выяўляй тыя свомасьці, якія цалкам залежаць ад цябе: чыстасардэчнасьць, паважнасьць, выносьлівасьць, абыякавасьць да насалоды, задаволенасьць сваею долею, нешматлікасьць вымаганьняў, адсутнасьць пустазвонства і заносьлівасьці. Ці ты ведаеш, з колькіх бакоў мог-бы ты паказаць сябе, адносна каторых нельга было-б спаслацца на натуральную няздатнасьць, і ўсё-ж дабраахвотна застаешся на ранейшым узроўні? Або да таго, каб наракаць, жадобнічаць, лісьлівіць, ува ўсім вінаваціць сваё беднае цела, патураць яму, узьвялічваць сябе і пераносіць падобныя душэўныя хваляваньні, таксама прымушае цябе якая-небудзь прыроджаная няздатнасьць? Не, запраўды, не! Наадварот, ты даўно ўжо мог-бы пазбыцца гэтага. Калі-ж ты сапраўды прызнаеш у сабе недастатковую хуткасьць разуменьня і кемлівасьці, дык гэты недахоп трэба зьнішчыць практыкаваньнем, а не патураць сваей ляноце, махнуўшы на яго рукою.

6. Адны людзі, зрабіўшы каму-небудзь паслугу, схільныя патрабаваць ад яго ўдзячнасьці. Іншыя ня схільныя да гэтага, але ўсё-ж у глыбіні душы лічаць яго сваім даўжніком і даюць сабе справаздачу з таго, што яны зрабілі. Ёсьць, нарэшце, і такія, якія нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны зрабілі, яны падобныя да лазы, якая прыносіць вінаград і нічога не дабіваецца пасьля таго, як вытварыць свой плод: так бегае конь, так высьледжвае сабака, так зьбірае мёд пчала. Чалавек-жа, які зрабіў дабро, ня крычыць аб гэтым, а пераходзіць да наступнае справы, як лаза, якая ў вызначаным часе павінна ізноў прынесьці вінаград. Такім чынам, трэба быць у ліку тых, якія, чынячы дабро, нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны робяць.
– Так.
– Але-ж дабро - гэта і ёсьць тое, аб чым неабходна даваць сабе справаздачу; бо чалавеку, аддадзенаму агульнаму дабру, і дапраўды, жадаць, каб і іншыя ведалі пра гэта.
– Ты кажаш праўду. Але ты ня ловіш сэнсу сказанага і таму будзеш адным з тых, пра каго я згадаў раней. Бо і іх уводзіць у блуд бачнасьць разумных поглядаў. Але, калі ты жадаеш зразумець сказанае, дык ня бойся, што табе давядзецца дзеля гэтага страціць якую-небудзь карысную справу.

7. Малітва атэнцаў: Праліся, праліся дажджом, дабрадайны Зэўс, над ральлёю і полем атэнскім. Наагул, мы ня маем патрэбы маліцца, але, калі маліцца, дык гэтак проста і гэтак шляхэтна.

8. Сэнс выражэньня: Асклепіёс назначае некаму верхавую язду, або купацца ў вадзе, або хадзьбу босым. Або: Натура Цэлага назначае некаму хваробу, ці калецтва, ці пазбаўленьне чаго-небудзь - зусім супадае. Бо ў першым выпадку слова «назначае» значыць: ён вызначыў некаму тое і гэтае, як садзейнічаючае ягонаму здароўю, а ў другім - што тое, што выпадае на долю кажнага, вызначана яму, як садзейнічаючае ягонай долі. Таму мы і кажам, што нешта «прышлося» на долю нашую, накшталт таго, як будаўнікі кажуць пра чатырохкутныя камені ў сьценах, ці пірамідах, што яны «прышліся» адзін да аднаго, калі яны знаходзяцца ў якім-небудзь гарманічным спалучэньні. Бо адзіная гармонія прасякае ўсё. І накшталт таго, як з усіх целаў складаецца сусьвет, дасканалае цела, - гэтак і з усіх прычынаў складаецца доля - дасканалая прычына. Мае словы павінны быць зразумелымі і для людзей зусім простых. Яны-ж бо кажуць: Доля паслала яму гэта. Значыцца, некаму пасылаецца тое і гэтае, а іншаму вызначаецца гэтае і тое. Дык будзем адносіцца да гэтага падобна, як да таго, што вызначае Асклепіёс. Хоць у вапошнім выпадку шмат што з гэтага не падабаецца нам, але надзея на здароўе заахвочвае нас з радасьцю пайсьці на гэта. Няхай-жа зьдзейсьненьне і выкананьне задумы агульнае натуры здаецца табе нечым накшталт твайго здароўя. Таму прымай усё, што адбываецца, з радасьцю нават, калі яно здаецца табе цяжкім, таму што яно вядзе да вядомае мэты, да моцы сусьвету, дабрабыту Зэўса (сусьвету), і посьпеху ягоных пачынаньняў. Бо ён нікому не паслаў-бы гэтага, калі-б яно не садзейнічала дабру Цэлага. І натура кажнае рэчы не вытварае нічога, што ня было-б адпаведна падпарадкавана ёй. Такім чынам, трэба любіць усё, што адбываецца з табою з дзьвюх прычынаў. Па-першае, яно адбылося з табою, было прызначана табе, і быццам мела цябе на ўвазе, будучы зьвязаным з табою яшчэ сілаю першапрычыны. Па-другое, яно зьяўляецца прычынаю дабрапасьпешнасьці, дасканаласьці, і самога існаваньня сусьветнага валадара. Бо Цэлае будзе сапсавана, калі ты хоць у чым-небудзь нарушыш згоду і сувязь, як яго частак, так і прычынаў. Але ты гэта і робіш, паводля сваіх магчымасьцяў, калі выказваеш незадавальненьне чым-небудзь, і быццам ліквідуеш яго.

9. Ня трэба ані абурацца, ані зьнеахвочвацца, ні расчароўвацца, калі табе ня поўнасьцю ўдаецца ўва ўсім дзейнічаць у сузгоднасьці з правільным аснаўным прынцыпам. Хай сабе ты дазнаў няўдачу, усё-ж трэба ізноў вярнуцца і быць здаволеным, калі ў бальшыні выпадкаў тваё паступаваньне вартае чалавека, і любіць тое, да чаго ты вяртаешся. Да філязофіі трэба вяртацца, не як дзіця да свайго дзядзькі, але як чалавек, што церпіць на вочы да сваіх лекаў, губкі, ці яйца, іншыя - да гаючае мазі, ці вадзянога душу. Тады лёгка табе будзе падпарадкавацца розуму, і ты знойдзеш у ім сваё заспакаеньне. Памятай, што філязофія жадае таго самага, чаго і твая натура; а ты жадаеш і іншага, нязгоднага з натураю. Але, што болей прывабнейшае? Ці-ж насалода ня ўводзіць нас на шлях няпраўды, якраз затым, што выдаецца гэтакаю? Зьвярні, аднак, увагу, ці ня будзе болей прывабнаю вялікадушнасьць, воля, прастата, праўдзівасьць, набожнасьць. Бо што можа быць болей прывабным за само разуменьне, калі пад ім маеш на ўвазе здольнасьць кеміць, і веду, здольнасьць, якая шчасьліва перамагае ўсе перашкоды.

Поделиться с друзьями: