Сабачае сэрца
Шрифт:
— Фіць-фіць, — пасвістаў пан і дадаў строгім голасам: — Бяры! Шарык, Шарык!
Зноў Шарык. Ахрысцілі. Ды як хочаце завіце. За гэтакі выключны ўчынак ваш.
Сабака абарваў плеўку, з усхліпам упіўся ў кракаўскую і з'еў яе імгненна. Нават удавіўся кілбасой і снегам да слёз, таму што ад прагнасці ледзь не праглынуў вяровачку. Яшчэ, яшчэ ліжу вам руку. Цалую штаны, мой дабрадзей!
— Хопіць пакуль што… — Пан гаварыў коратка, быццам загадваў. Ён нахіліўся да Шарыка, уважліва паглядзеў яму ў вочы і нечакана правёў рукой у пальчатцы інтымна і ласкава па Шарыкавым жываце.
— А-а, — шматзначна прамовіў ён, — няма аброжка, ну вось і
Ісці за вамі? Ды на край свету. Давайце ногца мне вашымі фетравымі ботамі, я і слова не скажу.
На ўсёй Прачысцінцы ззялі ліхтары. Невыносна балеў бок, але Шарык часам забываў пра яго, заняты адной думкай — як не згубіць у штурханіне дзівосны прывід у футры і як хоць чым-небудзь выказаць яму любоў і адданасць. І разоў сем на працягу Прачысцінкі да Абухава завулка ён яе выказаў. Пацалаваў у бот, ля Мёртвага завулка расчысціў дарогу і дзікім выццём напалохаў пані гэтак, што яна аж села на тумбу, разоў са два падвыў, са шкадаваннем да самога сябе.
Нейкі свалатлівы, пад сібірскага зроблены кот-валацуга вынырнуў з-за сцёкавай трубы і нават у мяцеліцу ўчуў пах кракаўскай. У Шарыка аж уваччу стала цёмна ад думкі, што багаты дзівак, які падбірае параненых сабак у падваротнях, чаго добрага, і гэтага зладзюгу забярэ з сабой, а тады давядзецца падзяліцца массельпромаўскім вырабам. Таму на ката ён гэтак кляцнуў зубамі, што той зашыпеў, як дзіравы шланг, і ўзляцеў па трубе аж да другога паверха. Ф-р-р-р… гаў! Вон! Не набярэшся Массельпрома на ўсякіх абарванцаў, якія шляюцца па Прачысцінцы.
Пан ацаніў адданасць і ля самай пажарнай каманды, з акна якой чуваць было прыемнае буркатанне валторны, узнагародзіў сабаку другім кавалкам, меншым, залатнікоў на пяць.
Эх, дзівак. Прыманьвае мяне. Не хвалюйцеся! Я і сам нікуды не ўцяку. За вамі буду рухацца, куды ні загадаеце.
— Фіць-фіць-фіць! Сюды!
У Абухаў завулак? Калі ласка. Нам цудоўна вядомы гэты завулак.
— Фіць-фіць! Сюды? З задавальненнем… Э не, выбачайце. Не. Тут швейцар. А горш за гэта нічога няма на свеце. Намнога разоў небяспечней, чым дворнік. Зусім ненавісная парода. Горш, чым каты. Жывадзёр у пазуменце.
— Ды не бойся ж ты, ідзі.
— Здравія жалаю, Піліп Піліпавіч.
— Добры вечар, Фёдар.
Во гэта — асоба. Божачкі, на каго ж ты нанесла мяне, сабачая доля! Што гэта за фігура такая, што можа сабак з вуліцы прыводзіць паўз швейцара ў дом жыллёвага таварыства? Паглядзіце, гэты падлюга — ні гуку, ні руху! Праўда, у вачах у яго пахмура, але наогул ён раўнадушны пад аколышам з залатымі галунамі. Быццам гэтак і павінна быць. Паважае, паны, як паважае! Ну, а я з ім і за ім. Што, зачапіў? Выкусі. Вось бы цімануць за пралетарскую мазолістую нагу. За ўсе здзекі з нас. Швабрай колькі разоў морду калечыў маю, га?
— Ідзі, ідзі.
Разумеем, разумеем, не турбуйцеся, калі ласка. Куды вы, туды і мы. Вы толькі дарогу паказвайце, а я ўжо не адстану, хоць і бок у мяне страшны.
З лесвіцы ўніз:
— Пісем мне, Фёдар, не было?
Знізу на лесвіцу з пашанай:
— Ніяк не, Піліп Піліпавіч (інтымна напаўголаса ўздагон), — а ў трэцюю кватэру жылтаварышаў усялілі.
Паважаны сабачы дабрадзей крута завярнуўся на прыступцы, перагнуўся цераз парэнчы і з жахам спытаў:
— Ну-у?
Вочы яго зрабіліся круглымі, а вусы ўсталі дыбком.
Швейцар знізу задраў галаву, прыставіў далонь да губ і пацвердзіў:
— Так точна, цэлыя чатыры
штукі.— Мой божа! Уяўляю, што зараз будзе рабіцца ў кватэры. Ну і што ж яны?
— Ды нічога-с.
— А Фёдар Паўлавіч?
— Паехаў па цэглу і па занавескі. Будзе сценку будаваць.
— Чорт ведае што такое!
— Ва ўсе кватэры, Піліп Піліпавіч, будуць усяляць, акрамя вашай. Нядаўна сход быў, выбралі новае таварыства, а ранейшаму — у карак.
— Што робіцца. Ай-яй-яй… Фіць-фіць…
Іду-с, спяшаю. Бок, бачыце ж, напамінае пра сябе. Дазвольце вам боцік лізнуць.
Галун швейцара знік унізе. На мармуровай пляцоўцы павеяла цяплом ад труб, яшчэ раз завярнулі, і вось — бельэтаж.
II
Вучыцца чытаць зусім не трэба, калі мяса і так пахне за вярсту. Тым не меней, калі вы жывяце ў Маскве і калі хоць крыху нейкіх мазгоў у вас у галаве ёсць, вы воляй-няволяй навучыцеся грамаце, і без усякіх на гэта курсаў. З сарака тысяч маскоўскіх сабак хіба толькі круглы ідыёт не сумее скласці з літар слова «кілбаса».
Шарык пачаў вучыцца па колерах. Ледзь толькі споўнілася яму чатыры месяцы, па ўсёй Маскве развесілі зялёна-блакітныя шыльды з надпісам — МСПО — мясны гандаль. Паўтараем, усе яны непатрэбны, бо мяса і без гэтага чуваць. І аднойчы абмылка выйшла: нацэлены на блакітны колер, Шарык, нюх якому забіў бензінавым дымам матор, уляцеў замест мясной крамы ў краму электрычнага рыштунку братоў Галубізнер на Мясніцкай вуліцы. Там у братоў сабака паспытаў ізаляванага дроту, а ён дастатнейшы, чым пуга ў рамізнікаў. Гэты знакаміты момант і трэба лічыць пачаткам Шарыкавай адукацыі. Ужо на тратуары Шарык пачаў разумець, што «блакітны» не заўсёды абазначае «мясны», падціскаў ад пякучага болю хвост і выў, успамінаў, што на ўсіх мясных першаю стаіць злева залатая ці рыжая раскарака, падобная на санкі.
Далей пайшло больш паспяхова. «А» ён вывучыў у «Главрыбе» на рагу Махавой, а потым «Б» — падбягаць яму было зручней з канца слова «рыба», таму што ў пачатку слова стаяў міліцыянер.
Кафельныя квадрацікі, якія аздаблялі вуглавыя месцы ў Маскве, заўсёды і нязменна абазначалі «С-ы-р». Чорны самаварны кранік, які пачынаў слова, абазначаў былога гаспадара Чычкіна, горы чырвонага галандскага, звяроў-прыказчыкаў, якія ненавідзелі сабак, тырсу на падлозе і брыдка пахучы бакштэйн.
Калі ігралі на гармоніку, што было намнога лепей за «мілую Аіду», і пахла сасіскамі, першыя літары на белых плакатах складваліся ў слова «непры…», што абазначала «непрыстойнымі словамі не выражацца і гасцінца не даваць». Тут часам вінтом успыхвалі бойкі, людзей білі кулаком па мордзе, праўда, рэдка, сабак жа пастаянна — сурвэткамі альбо ботамі.
Калі ў вокнах віселі нясвежыя кумпякі і ляжалі мандарыны… Гаў-гаў… га… странамія. Калі цёмныя бутэлькі з дрэннай вадкасцю… Ве-і-ві-на-а-віна… Елісеевы былыя браты.
Незнаёмы пан, што прывалок сабаку да дзвярэй сваёй раскошнай кватэры, якая размяшчалася ў бельэтажы, а сабака адразу ж падняў голаў на вялікую, чорную з залацістымі літарамі картачку з боку ад шырокіх, зашклёных хвалістым і ружовым шклом дзвярэй. Тры першыя літары ён склаў адразу: «Пэ-ер — Пра». Але далей ішла двухбокая пузатая брыдота, якая невядома што абазначала. «Няўжо пралетарый?» — падумаў Шарык са здзіўленнем… «Гэтага быць не можа». Ён падняў угору нос, яшчэ раз абнюхаў футра і ўпэўнена падумаў: «Не, тут пралетарыем і не пахне. Вучонае слова, а богведама што абазначае».