Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

— Ах, прафесар, няўжо малпы?

— Так, — непахісна адказаў Піліп Піліпавіч.

— Калі ж аперацыя? — пабялела і слабым голасам спытала пані.

— «Ад Севільі да Грэнады…» Гм… у панядзелак. Ляжаце ў клініку зранку. Мой асістэнт падрыхтуе вас.

— Ах, я не хачу ў клініку. Ці нельга ў вас, прафесар?

— Ці бачыце, дома я раблю аперацыі толькі ў выключных выпадках. Гэта будзе каштаваць надта дорага — 50 чырвонцаў.

— Я згодна, прафесар!

Потым цурчала вада, калыхалася шляпка з пер'ем, потым з'явілася лысая, як талерка, галава і абняла Піліпа Піліпавіча. Сабака драмаў, млоснасць прайшла, сабака радаваўся, што

перастаў балець бок і што цёпла, нават захроп быў і ўгледзеў кавалачак прыемнага сну: быццам ён выдраў у савы цэлы пук пер'я з хваста… потым усхваляваны голас цяўкнуў над галавой:

— Я надта вядомы ў Маскве, прафесар. Што ж мне рабіць?

— Панства, — абурана крычаў Піліп Піліпавіч, — нельга ж так! Трэба стрымліваць сябе. Колькі ёй гадоў?

— Чатырнаццаць, прафесар… Вы разумееце, пагалоска загубіць мяне. На днях я павінен атрымаць замежную камандзіроўку.

— Ды я не юрыст, галубок… Ну, пачакайце два гады і жаніцеся з ёй.

— Жанаты я, прафесар.

— Ах, панства, панства!

Дзверы адчыняліся, змяняліся твары, грукалі інструменты ў шафе, і Піліп Піліпавіч працаваў нястомна.

«Пахабная кватэрка, — думаў сабака, — але ж як добра! Ну на якога д'ябла я спатрэбіўся яму? Няўжо ж пакіне жыць? Вось дзівак! Ды яму ж толькі брывом паварушыць, і меў бы гэтакага сабаку, што толькі ахнеш! А можа, і я прыгожы. Відаць, маё шчасце! А сава гэтая дрэнь… Нахабная».

Канчаткова сабака ачухаўся позна вечарам, калі перасталі званіць званочкі і дзверы ўпусцілі асаблівых наведвальнікаў. Іх было адразу чацвёра. Усе маладыя людзі і апрануты даволі сціпла.

«Гэтым што патрэбна?» — здзіўлена падумаў сабака. Яшчэ з большай непрыязнасцю сустрэў гасцей Піліп Піліпавіч. Ён стаяў ля пісьмовага стала і глядзеў на прышэльцаў, як палкаводзец на ворага. Ноздры ягонага каршуковага носа варушыліся. Наведвальнікі тапталіся на месцы.

— Мы да вас, прафесар, — пачаў гаварыць той з іх, у якога на галаве высілася на чвэрць аршына капа густых кудлатых валасоў, — вось па якой справе…

— Вы, панства, дарэмна ходзіце без галёшаў у такое надвор'е, — першае, вы прастудзіцеся, другое, вы мне наслядзілі на дыванах, а ўсе дываны ў мяне персідскія.

Той, з капой, змоўк, і ўсе чацвёра здзіўлена вытрашчыліся на Піліпа Піліпавіча. Маўчанне цягнулася некалькі секунд, і чуваць было толькі пастукванне пальцаў Піліпа Піліпавіча па распісным драўляным блюдзе на стале.

— Па-першае, мы не панства, — прамовіў нарэшце самы юны з чацвярых, персікавы з выгляду.

— Па-першае, — перабіў яго Піліп Піліпавіч, — вы мужчына ці жанчына?

Чацвёра зноў замоўклі і разявілі раты. Цяпер першым апамятаўся той, з капой.

— Якая розніца, таварыш? — спытаўся ён з гонарам.

— Я — жанчына, — прызнаўся персікавы юнак у скураной куртцы і моцна пачырванеў. Следам чамусьці пачырванеў густой чырванню адзін з наведвальнікаў — бландзін у папасе.

— Тады вы можаце не здымаць шапку, а вас, шаноўны пане, прашу зняць галаўны ўбор, — пераканаўча сказаў Піліп Піліпавіч.

— Я вам не шаноўны пан, — рэзка адказаў бландзін, але папаху зняў.

— Мы прыйшлі да вас, — зноў пачаў чорны з капой.

— Перш за ўсё — хто гэта мы?

— Мы — новае домакіраўніцтва нашага дома, — са стрыманай лютасцю загаварыў чорны. — Я — Швондзер, яна — Вяземская, ён — таварыш Пяструхін і Жароўкін. І вось мы…

— Гэта вас усялілі ў кватэру Фёдара Паўлавіча Шабліна?

— Нас, — адказаў Швондзер.

— Божа,

прапаў Калабухаўскі дом! — адчайна ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Што ж будзе цяпер з паравым ацяпленнем?

— Вы здзекуецеся, прафесар Прэабражэнскі?

— Чаго вы прыйшлі да мяне? Гаварыце хутчэй, я зараз іду абедаць.

— Мы, кіраўніцтва домам, — з нянавісцю загаварыў Швондзер, — прыйшлі да вас пасля агульнага сходу жыльцоў нашага дома, на якім было пастаўлена пытанне аб ушчыльненні кватэр у доме…

— Хто на кім стаяў? — крыкнуў Піліп Піліпавіч. — Гаварыце ясна і зразумела.

— Пытанне стаяла аб ушчыльненні.

— Хопіць! Я зразумеў! Вам вядома, што пастановай ад 12 гэтага жніўня мая кватэра вызвалена ад розных там ушчыльненняў і перасяленняў?

— Вядома, — адказаў Швондзер, — але агульны сход разгледзеў ваша пытанне і прыйшоў да вываду, што наогул і цалкам вы займаеце лішнюю плошчу. Зусім лішнюю. Вы адзін жывяце ў сямі пакоях.

— Я адзін жыву і працую ў сямі пакоях, — адказаў Піліп Піліпавіч, — і хацеў бы мець восьмы. Ён мне патрэбны на бібліятэку.

Чацвёра аслупянелі.

— Восьмы! Э-хэ-хэ, — прамовіў бландзін без папахі на галаве, — аднак гэта здорава.

— Гэта жахліва! — усклікнуў юнак, які аказаўся жанчынай.

— У мяне прыёмны пакой — заўважце — гэта і бібліятэка, і сталоўка, і мой кабінет — 3. Аглядальная — 4. Аперацыйная — 5. Мая спальня — 6 і пакой прыслугі — 7. Наогул, не хапае… Ды гэта не мае значэння. Мая кватэра недатыкальная, і канец гаворцы. Я магу ісці абедаць?

— Выбачайце, — сказаў чацвёрты, падобны на дужага жука.

— Выбачай, — перабіў яго Швондзер, — вось наконт сталоўкі і аглядальні мы і прыйшлі пагаварыць. Агульны сход просіць вас добраахвотна, у парадку працоўнай дысцыпліны, адмовіцца ад сталоўкі. Сталовак ні ў кога ў Маскве няма.

— Нават у Айседоры Дункан, — звонка крыкнула жанчына.

З Піліпам Піліпавічам нешта здарылася, пасля чаго ягоны твар пяшчотна наліўся чырванню, і ён не вымавіў і гуку, чакаў, што ж будзе далей.

— І ад аглядальні таксама, — працягваў Швондзер, — яе спакойна можна аб'яднаць з кабінетам.

— Угу, — нейкім дзіўным голасам сказаў Піліп Піліпавіч, — а дзе ж мне есці?

— У спальні, — хорам адказалі ўсе чацвёра.

Чырвань Піліпа Піліпавіча набыла шараватае адценне.

— У спальні есці, — загаварыў ён злёгку здушаным голасам, — у аглядальні чытаць, у прыёмным пакоі апранацца, аперыраваць у пакоі ў прыслугі, а ў сталоўцы аглядаць. Магчыма, што Айседора Дункан гэтак і робіць. Можа, яна ў кабінеце абедае, а трусоў рэжа ў ванне. Магчыма. Але я не Айседора Дункан! — раптоўна рыкнуў ён, і барвовасць яго стала жоўтага колеру. — Я буду абедаць у сталоўцы, аперыраваць у аперацыйнай! Перадайце гэта агульнаму сходу, і літасціва прашу вас заняцца сваімі справамі, а мне даць магчымасць есці там, дзе ядуць усе нармальныя людзі, гэта значыць у сталоўцы, а не ў прыхожай альбо ў дзіцячым пакоі.

— Тады, прафесар, улічваючы ваша ўпартае процідзеянне, — сказаў усхваляваны Швондзер, — мы пададзім на вас скаргу ў вышэйшыя інстанцыі.

— Ага, — прамовіў Піліп Піліпавіч, — гэтак, — і голас яго зрабіўся падазрона прыветным, — адну хвілінку папрашу вас пачакаць.

«Во гэта мужык, — з захапленнем думаў сабака, — увесь у мяне. Эх, і цімане ён іх зараз, эх, цімане. Не ведаю яшчэ як, але цапне… Бі іх! Гэтага цыбатага хватануць зараз вышэй халявы бота за падкаленнае сухажылле… р-р-р…»

Поделиться с друзьями: