Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

Піліп Піліпавіч грукнуў, зняў тэлефонную трубку і сказаў у яе вось што:

— Калі ласка… ага… дзякуй вам… Пятра Аляксандравіча папрасіце, калі ласка. Прафесар Праабражэнскі. Пётр Аляксандравіч? Вельмі рады, што застаў вас. Дзякуй вам, здаровы. Пётр Аляксандравіч, ваша аперацыя адмяняецца. Што? Зусім адмяняецца. Гэтак, як і ўсе астатнія аперацыі. А вось чаму: я перастаю працаваць у Маскве і наогул у Расеі… Зараз да мяне прыйшло чацвёра, з іх адна жанчына, пераапранутая ў мужчыну, і двое з рэвальверамі, і тэрарызуюць мяне ў кватэры з мэтай адабраць яе.

— Дазвольце, прафесар, — пачаў Швондзер і змяніўся

з твару.

— Выбачайце… У мяне няма магчымасці паўтарыць усё, што яны гаварылі. Я не люблю паўтараць глупства. Дастаткова сказаць, што яны прапанавалі адмовіцца мне ад мае аглядальні, а інакш сказаць, прымушаюць мяне аперыраваць вас там, дзе я да гэтага часу рэзаў трусоў. У гэтакіх умовах я не тое што не магу, але і не маю права працаваць. Таму я спыняю дзейнасць, замыкаю кватэру і пераязджаю ў Сочы. Ключы магу перадаць Швондзеру. Няхай ён і аперыруе.

Чацвёра аслупянелі. Снег раставаў у іх на ботах.

— А што зробіш? Мне самому вельмі непрыемна… Як? Э, не, Пётр Аляксандравіч! Э, не. Больш я не згодны. Цярпенне маё лопнула. Гэта ўжо другі выпадак пасля жніўня. Як? Гм… Як хочаце. Хаця б. Але толькі адна ўмова: альбы кім, альбы калі, што хочаце, але каб гэта была такая папера, пры якой не толькі Швондзер, але і ніхто іншы не мог нават падысці да дзвярэй маёй кватэры. Канчатковая папера. Фактычная. Сапраўдная! Браня. Каб маё прозвішча нават і не ўспаміналася. Вядома. Для іх мяне не існуе болей. Так, так. Калі ласка. Кім? Ага… Ну, гэта іншая справа. Ага… Добра. Зараз перадаю трубку. Будзьце ласкавы, — змяіным голасам звярнуўся Піліп Піліпавіч да Швондзера, — зараз з вамі будуць гаварыць.

— Дазвольце, прафесар, — сказаў Швондзер і то ўспыхваў, то патухаў, — вы перакруцілі нашы словы.

— Папрашу вас не смець гэтак гаварыць.

Швондзер разгублена ўзяў трубку і прамовіў:

— Я слухаю. Ага… Старшыня дамкама… Мы ж дзейнічалі па правілах… Дык у прафесара і так выключнае становішча… Мы ведаем пра яго работу… Цэлых пяць пакояў хацелі пакінуць яму… Ну, добра… Калі так… добра…

Зусім чырвоны, ён павесіў трубку і павярнуўся.

«Як апляваў! Ну і мужык! — з захапленнем думаў сабака. — Што ж ён слова гэтакае ведае, ці што? Ну, цяпер можаце мяне біць як хочаце, але я адсюль нікуды не пайду».

Трое з адкрытымі ратамі глядзелі на апляванага Швондзера.

— Гэта ж проста ганьба! — нясмела прамовіў той.

— Калі б зараз была дыскусія, — пачала ўсхвалявана жанчына і загарэлася чырванню, — я даказала б Пятру Аляксандравічу…

— Выбачайце, вы не зараз, спадзяюся, збіраецеся пачаць гэтую дыскусію? — ветліва спытаўся Піліп Піліпавіч.

Вочы ў жанчыны ўспыхнулі.

— Я разумею вашу іронію, прафесар, мы зараз пойдзем… Толькі я як загадчык культаддзела дома…

— За-гад-чыца, — паправіў яе Піліп Піліпавіч.

— Хачу прапанаваць вам, — тут жанчына з-за пазухі дастала некалькі стракатых і мокрых ад снегу часопісаў, — узяць некалькі штук у карысць дзяцей Германіі. Паўрубля за штуку.

— Не, не вазьму, — коратка адказаў Піліп Піліпавіч, скоса паглядзеў на часопісы.

Шчырае здзіўленне адбілася на тварах, а жанчына пакрылася журавінавым налётам.

— Чаму вы адмаўляецеся?

— Не хачу.

— Вы не спачуваеце дзецям Германіі?

— Спачуваю.

— Шкадуеце паўрубля?

— Не.

— Дык чаму

ж?

— Не хачу.

Памаўчалі.

— Ведаеце, прафесар, — загаварыла дзяўчына, цяжка ўздыхнула, — каб вы былі не эўрапейскае свяціла і каб за вас не заступаліся самым абуральным чынам (бландзін шмаргануў яе за куртку, але яна адмахнулася) асобы, якіх, я ўпэўнена, мы яшчэ адукуем, вас трэба было б расстраляць.

— А за што? — з цікаўнасцю спытаў Піліп Піліпавіч.

— Вы ненавіснік пралетарыяту! — з гонарам прамовіла жанчына.

— Ага, я не люблю пралетарыяту, — сумна згадзіўся Піліп Піліпавіч і націснуў на кнопку. Дзесьці зазвінела. Адчыніліся дзверы ў калідор.

— Зіна, — крыкнуў Піліп Піліпавіч, — падавай абедаць. Вы дазволіце, панства?

Чацвёра моўчкі выйшлі з кабінета, моўчкі прайшлі праз прыёмную, прыхожы пакой, і чуваць было, як за імі зачыніліся цяжка і зычна ўваходныя дзверы.

Сабака ўстаў на заднія лапы і зрабіў перад Піліпам Піліпавічам нейкі намаз.

III

На размаляваных райскімі кветкамі талерках з чорнай шырокай палоскай паўз край ляжала нарэзаная тонкімі скрылікамі сёмга, марынаваныя вугры. На цяжкай дошцы кавалак сыру са слязой, а ў срэбнай кадушачцы, абкладзенай снегам, — ікра. Між талерак некалькі тоненькіх кілішачкаў і тры крыштальныя графінчыкі з рознага колеру гарэлкай. Усе гэтыя прадметы памяшчаліся на маленькім мармуровым століку, які ўтульна прысуседзіўся да аграмаднага з разнога дубу буфета, што выпраменьваў букеты шклянога і срэбнага святла. Пасярод пакоя цяжкі, як грабніца, стол, засланы белым абрусам, а на ім два прыборы, сурвэткі, скручаныя, як папскія ціары, і тры цёмныя бутэлькі.

Зіна прынесла срэбнае накрытае блюда, у якім нешта бурчала. Пах ад блюда ішоў гэтакі, што рот сабакі адразу ж напоўніўся слінай. «Сады Семіраміды!» — падумаў ён і заляпаў хвастом па паркеце, як палкай.

— Сюды іх, — драпежна скамандаваў Піліп Піліпавіч. — Доктар Барменталь, прашу вас, пакіньце ікру. І калі хочаце пачуць добрую параду, то наліце не ангельскай, а звычайнай расейскай гарэлкі.

Прыгажун-укушаны — ён быў ужо без халата, у прыстойным чорным касцюме — сцепануў шырокімі плячыма, ветліва ўхмыльнуўся і наліў празрыстай.

— Нова-блаславёная? — пацікавіўся ён.

— Бог з вамі, галубок, — адазваўся гаспадар. — Гэта спірт. Дар'я Пятроўна сама цудоўна робіць гарэлку.

— Не скажыце, Піліп Піліпавіч, усе сцвярджаюць, што даволі прыстойная — 30 градусаў.

— А гарэлка павінна быць 40 градусаў, а не 30, гэта па-першае, — павучальна перабіў Піліп Піліпавіч, — а па-другое — бог ведае чаго яны туды там налілі. Вы можаце сказаць — што ім стукне ў мазгі?

— Усё, што хочаш, — упэўнена сказаў укушаны.

— І я гэтак думаю, — дадаў Піліп Піліпавіч і ўкінуў адным камячком тое, што было ў кілішку, сабе ў горла, — …мм… доктар Барменталь, малю вас, імгненна гэтую штучку, і калі вы скажаце, што гэта… я ваш закляты вораг на ўсё жыццё. «Ад Севільі да Грэнады…»

Сам ён пры гэтых словах падчапіў на шырокі срэбны відэлец нешта падобнае на маленькі чорны хлябок. Укушаны зрабіў тое ж самае. Вочы ў Піліпа Піліпавіча засвяціліся.

— Гэта дрэнна? — спытаўся ён і не пераставаў жаваць. — Дрэнна? Вы адкажыце, шаноўны доктар.

Поделиться с друзьями: