Сабачае сэрца
Шрифт:
За ружовым шклом успыхнула нечаканае і радаснае святло, яшчэ больш адцяніла чорную картачку. Дзверы зусім нячутна адчыніліся, і маладая прыгожая жанчына з белым фартушком і ў карункавай наколцы паўстала перад сабакам і яго гаспадаром. Першага з іх абдало цяплом, і спадніца жанчыны запахла, як ландыш.
«Во гэта факт, гэта я разумею», — падумаў сабака.
— Калі ласка, пан Шарык, — іранічна запрасіў пан, і Шарык з глыбокай пашанай зайшоў, памахваючы хвастом.
Мноства прадметаў запаўняла багатую прыхожую. Адразу ж запомніліся люстра да самай падлогі, якое адлюстравала абтрапанага і абарванага Шарыка,
— Дзе ж вы такога ўзялі, Піліп Піліпавіч? — усміхалася і пытала жанчына, памагала здымаць цяжкае футра з чорна-бурай лісіцы з сіняватай іскрынкай. — Бацюшкі! Які паршывы!
— Глупства кажаш. Дзе паршывы? — строга і коратка спытаў пан.
Без футра ён аказаўся ў чорным касцюме з ангельскага сукна, і на жываце ў яго радасна і няярка заблішчаў залаты ланцужок.
— Пачакай, не круціся, фіць… ды не круціся, дурань. Гм!.. Гэта не паршы… ды стой ты, чорт… Гм! А-а. Гэта апечана. Які ж нягоднік гэта цябе ашпарыў? Га? Ды стой ты спакойна!..
«Кухар-катаржнік, кухар!» — жаласнымі вачыма прамовіў сабака і крышку падвыў.
— Зіна, — загадаў пан, — у прыёмную яго зараз жа, а мне халат.
Жанчына пасвістала, папстрыкала пальцамі, і сабака не адразу, але пайшоў за ёй. Яны ўдваіх трапілі ў вузкі, цьмяна асветлены калідор, адны лакіраваныя дзверы прамінулі, прыйшлі ў канец, а потым завярнулі налева і апынуліся ў цёмнай каморцы, якая імгненна не спадабалася сабаку сваім злавесным пахам. Цемра пстрыкнула і ператварылася ў зіхатлівы дзень, прытым з усіх бакоў заззяла, заблішчала і забялела.
«Э, не… — у думках завыў сабака, — выбачайце, не дамся! Разумею, чорт бы іх узяў з іх кілбасой. Гэта ж мяне ў сабачую лячэбніцу завабілі. Зараз касторку прымусяць піць, а потым бок парэжуць ножыкамі, а да яго і так дакрануцца нельга!»
— Э, не, куды?! — закрычала тая, якую звалі Зіна.
Сабака круцянуўся, сцяўся і раптам ударыў у дзверы здаровым бокам гэтак, што храснула па ўсёй кватэры. Потым адляцеў назад, закруціўся на адным месцы, як ваўчок пад бізуном, абярнуў на падлогу белае вядро, з якога разляцеліся камякі ваты. Вакол яго ляталі сцены, застаўленыя шафамі з бліскучымі інструментамі, закруціўся белы фартушок і скрыўлены жаночы твар.
— Куды ты, чорт кудлаты?.. — адчайна крычала Зіна. — Вось пракляты!
«Дзе ў іх тут чорная лесвіца?» — думаў сабака. Ён размахнуўся і камяком наўгад стукнуўся ў шкло, спадзяваўся, што гэта другія дзверы. Хмара асколкаў высыпалася з громам і звонам, выскачыла пузатая пасудзіна з рыжай брыдотай, якая імгненна заліла ўсю падлогу і засмярдзела. Сапраўдныя дзверы адчыніліся.
— Стой, с-скаціна, — крычаў пан, падскокваў у халаце, адзетым у адзін рукаў, і хапаў сабаку за ногі. — Зіна, трымай яго за шкірку, мярзотніка!
— Ба… Бацюшкі, вось дык сабака!
Яшчэ больш адчыніліся дзверы, і ўварвалася яшчэ адна асоба мужчынскага полу ў халаце. Па бітым шкле яна кінулася не да сабакі, а да шафы, адчыніла яе, і ўвесь пакой напоўніў салодкі і рвотны пах. Потым асоба прыціснула сабаку зверху жыватом, у гэты час сабака з задавальненнем цімануў яе вышэй шнуркоў на чаравіку. Асоба вохнула, але не разгубілася. Прытарная вадкасць перацяла сабаку дыханне, у галаве ў яго закружылася, потым ногі адваліліся, і ён паехаў некуды крыва ўбок. «Дзякуй,
вядома, — падумаў ён, падаючы проста на вострае шкло. — Бывай, Масква! Не ўбачыць мне болей Чычкіна і пралетарыяў і кракаўскай кілбасы. Іду ў рай за сабачыя пакуты. Браткі жывадзёры, за што ж вы мяне?»І тут ён зусім паваліўся на бок і здох.
Калі ён прачнуўся, у яго лёгенька кружылася галава і крышку падварочвала ў жываце, а бока быццам і не было, бок прыемна маўчаў. Сабака расплюшчыў левае млявае вока і крайком яго ўбачыў, што ўвесь ён туга забінтаваны ўпоперак бакоў і жывата. «Усё ж адмастачылі, суччыны дзеці, — падумаў млява, — але спрытна, трэба аддаць ім належнае».
— «Ад Севільі да Грэнады… у ціхім прыцемку начэй», — запяваў над ім слабенькі і фальшывы голас.
Сабака здзівіўся, зусім расплюшчыў вочы і ў двух кроках ад сябе ўбачыў мужчынскую нагу на белай табурэтцы. Калашына і падштанікі, а голая галёнка вымазана засохлай крывёй і ёдам.
«Святыя ўгоднікі! — падумаў сабака. — Гэта, выходзіць, яго я куснуў. Мая работа. Ну, зараз будзе лупцаваць!»
— «Р-раздаюцца серэнады, раздаецца звон мячоў!» Ты чаму, валацуга, доктара ўкусіў! Га? Нашто шкло разбіў? Га?
— У-у-у, — жаласліва заскуголіў сабака.
— Ну ладна, апамятаўся і ляжы, балван.
— Як гэта вам удалося, Піліп Піліпавіч, заманіць гэтакага нервовага сабаку? — спытаўся прыемны голас, і трыковая калашына падштанікаў спаўзла ўніз. Запахла тытунём, і ў шафе зазвінелі шклянкі.
— Ласкаю-с. Адзіны сродак, які магчымы ў дачыненні да жывых істот. Тэрорам нічога з жывёлінай не зробіш, на якой бы ступеньцы развіцця яна ні стаяла. Гэта я сцвярджаю і буду сцвярджаць. Яны марна думаюць, што тэрор ім дапаможа. Не-с, не-с, не дапаможа, які б ён ні быў, белы, чырвоны і нават карычневы! Тэрор ушчэнт паралізуе нервовую сістэму. Зіна! Я купіў гэтаму абармоту кракаўскай кілбасы на рубель і сорак капеек. Накармі яго, калі ласка, як перастане выварочваць.
Затрашчалі шкельцы пад венікам, і жаночы голас какетліва прамовіў:
— Кракаўскай! Божа, ды яму абрэзкаў трэба было купіць на дзве грыўні ў мясной. Кракаўскую кілбасу я сама лепш з'ем.
— Толькі паспрабуй! Я табе з'ем! Гэта атрута не на чалавечы страўнік. Дарослая дзяўчына, а, як дзіця, цягнеш у рот усякую брыдоту. Не смець! Папярэджваю: ні я, ні доктар Барменталь не будзем цябе лячыць, калі схопіць жывот… «Усіх, хто скажа, што другая тут зраўняецца з табой…»
Мякенькія дробныя званочкі ў гэты час сыпаліся па ўсёй кватэры, а здалёк з прыхожай час ад часу чуліся галасы. Звінеў тэлефон. Зіна знікла.
Піліп Піліпавіч кінуў недакурак папяросы ў вядро, зашпіліў халат, перад люстэркам на сцяне разгладзіў пушыстыя вусы і паклікаў сабаку:
— Фіць, фіць. Ну, нічога. Пайшлі сустракаць.
Сабака стаў на слабыя ногі, пахістаўся і падрыжаў, але хутка ачомаўся і пайшоў услед за белай палой Піліпа Піліпавіча, якая махалася ад хуткай хады. Зноў сабака прайшоў па вузкім калідоры, але цяпер угледзеў, што ён асветлены ярка зверху. Адчыніліся лакіраваныя дзверы, і ён зайшоў у кабінет Піліпа Піліпавіча, і той асляпіў сабаку сваім багаццем. Найперш ён увесь патанаў у святле: гарэла пад ляпной столлю, гарэла на стале, гарэла на сцяне, у шкле шафаў. Святло залівала безліч прадметаў, і самай цікавай аказалася вялізная сава, якая сядзела на галіне.