Сцэнарыст
Шрифт:
– Ён не мой.
– Мы вось як зробім. Прынясіце мне гэты сцэнар.
– Увесь? Вы ж ніколі не чытаеце.
– На гэты раз хачу парушыць традыцыю. Я прачытаю, падумаю. І вы падумайце.
Аднёсшы яму сцэнар, па дарозе назад Інга заглянула да галоўнага рэдактара, Камара, і застала там Рыту. Інзе ад аднаго іх выгляду стала лягчэй. Гэта былі свае людзі, аднадумцы, сябры. Сярод іх Інга адтайвала. Паміж сабой яны маглі гаварыць практычна на любыя тэмы, хоць і напаўголаса. Камар, ці, як некаторыя называлі яго, – Комар, з бародкай на вузкім твары, з пазалочанымі тонкімі акулярамі на хударлявым носе, хоць і лічыўся сярод студыйшчыкаў тугадумам і кар’ерыстам, быў затое
– Вось, – нібы апраўдваючыся, сказаў Камар, – ламаю галаву, як памагчы чалавеку. Звальняюць па сканчэнні дамовы.
– Я ведаю, – сказала Інга. – Я таксама пастараюся памагчы.
– Што з вамі? – спытаў Камар. – Вы бледная.
– Уяўляеце, што толькі што адбылося.
Яна ўсё расказала ім, сваім людзям, і закончыла:
– Так усплыло, што ёсць яшчэ сцэнар, які актыўна, проста падазрона актыўна падтрымлівае Хрушчанка.
– Яшчэ б яму не падтрымліваць, – пасміхнуўся Камар. – Гэта яго сцэнар.
– Як?!
– Так. Мы самі вінаватыя. Забылі ва ўмовах конкурсу ўказаць, што свае, кінастудыйныя, не маюць права ўдзельнічаць.
– Але ж гэта і так само сабой было зразумела. Што ў людзей хопіць сумлення, этыкі…
– Вы не ўлічылі, з кім маеце справу.
– Як жа так можна? Да такога апускацца?
Камар гмыкнуў, што азначала – можна, яшчэ і не такое можна.
– А на якую тэму ў яго? – пацікавіўся ён.
– На ваенную.
– Зразумела. Што б ні пісалі, атрымліваецца акм.
– У яго проста элементарная зайздрасць да маладога, да гэтага Лагуна, – уставіла Рыта.
Усе былі настроены супраць абрыдлага гендырэктара. Галоўнае, яму пад восемдзесят, а ён сядзіць і не думае сыходзіць.
– І нічога з гэтым не зробіш!
– Тут сістэму мяняць трэба.
– Разумею, грэх такое казаць, але калі-небудзь думаеш: хутчэй бы Бог яго прыбраў.
– Такія не паміраюць.
– З іншага боку, новы начальнік рэдка лепшы за папярэдняга.
– Чаму? – стрымана пакашляў Камар. – Горшага не будзе.
– Мне таксама здаецца, што хто заўгодна, абы не ён.
Так яны абмывалі чужыя костачкі. Інга супакоілася, акрыяла і адлегла душой. На развітанне яшчэ перапытала проста так, дзеля парадку:
– Дык я, калі што, магу на вас спадзявацца? Калі дойдзе да рэдсавета, падтрымаеце мяне?
– Што за пытанне!
– Мы адна каманда.
Наколькі лягчэй у Інгі стала на душы, настолькі ж горш фізічна. Яна ледзь даехала дахаты. Праклятая алергія не праходзіла. Тым жа вечарам Інга захварэла па-сапраўднаму, з тэмпературай, з выклікам доктара, які прапісаў лекі і пасцельны рэжым.
13
Калі Лагуну пазванілі з кінастудыі і голасам Рыты папрасілі “тэрмінова з’явіцца на рэдсавет”, ён успрыняў гэта як працяг – працяг таго новага, хвалюючага і захапляльнага жыцця, у якое быў куплены яму дзедам Вечкам выйгрышны латарэйны білет і якое цяпер само развівалася, і без дзеда.
Увесь апошні тыдзень пасля знаёмства і гутаркі з Інгай Лагун думаў толькі пра яе. Яна вельмі яму спадабалася, гэтая дама ў манаскім абліччы. Ён гатовы быў нават закахацца ў яе. Ды яшчэ калі сусед з небывалай раней павагай пачаў да яго ставіцца, гонар зусім закружыў яму галаву. Нікуды не дзелася, не знікла з памяці тая іскрынка ў яе вачах, якая бліснула тады, у кабінеце. Тут ён не мог памыліцца. Ён думаў пра яе, але зусім не так, як
пра сваіх аднагодак, школьніц і студэнтак. Гэта была не пажадлівасць, а новага, іншага кшталту жаданне, не столькі фізіялагічнае, колькі сацыяльнае, якое б узвышала яго і надавала сэнс яго існаванню. І ў гэтых новых варунках некуды далёка адплываў дзед Вечка. Таму калі тэлефон ажыў званком і ў трубцы пачуўся знаёмы голас, Лагун паморшчыўся.“Дык цябе можна віншаваць? На рэдсавет ідзеш”.
“А што такое рэдсавет?” – спытаў Лагун.
“Пабачыш. Прайдзі ўсе кругі пекла.
“Я ж маю права ведаць. Што са мной там будуць рабіць?”
“Хутчэй за ўсё будуць прасіць зняцца з конкурсу, а ім прадаць ідэю”.
“Як гэта: прадаць ідэю?”
“Заплацяць невялікія грошы, забяруць сцэнар, і ўсё. Але памятай – як толькі прагучаць чароўныя словы “купіць ідэю”, імгненна згаджайся”.
“Забяруць сцэнар? – перапытаў Лагун. Не надта яму ўсё гэта падабалася. – І што з ім зробяць?”
“Пакладуць на паліцу, ці пойдзе на запчасткі – настрыгуць з яго кавалкаў для рускіх серыялаў”.
“А далей што?”
“Адразу звані мне. Я ўсё растлумачу”.
Суседу Лагун важна сказаў, што яго выклікаюць на кінастудыю заключаць кантракт. І паехаў. Знаёмы калідор. Стары паркет. Высокая столь, але ў той жа час адчуванне, што вузка, цесна, цісне адусюль. Вялізная студыя-павільён, як цыркавая арэна, з паваротным кругам. Кава-аўтамат. Другі паверх. Кабінет дырэктара Хрушчанкі. Лагун зайшоў, ветліва павітаўся і прысеў там, дзе яму паказалі, каля сцяны па цэнтры, акурат насупраць гендырэктара. Тое, што гэта менавіта гендырэктар, лёгка было здагадацца – ён адзін сядзеў за сталом, а ўсе астатнія – чалавек дзесяць, мо пятнаццаць, каля сцяны і пры дзвярах.
– Так як у нас форс-мажор, – пачаў Хрушчанка, – журы наша ў асобе Міхалевіч-Яравой захварэла, на бальнічным, так што… Дарэчы, пра бальніцу, – адразу нечакана звярнуўся ён да Лагуна. – Як пачынаецца ваш сцэнарый?
– А як ён пачынаецца? – спалохана спытаў Лагун.
– З бальніцы і дажджу. Ну што гэта такое. Нібыта ў нас мала сонца і санаторыяў. Нашто адразу ўганяць гледача ў паныласць?
– І то праўда, – падтрымаў нейкі падхалім. – Скажу шчыра: я не змог дачытаць да канца.
– Ваш сцэнарый спадабаўся журы. Але гэта нічога не значыць. Гэта сімпатычная літаратурная гісторыя, аповесць. Але, як правіла, такія рэчы ўяўляюць мала цікавасці для кіно. У кіно свае законы.
Тут у кабінет уляцела Рыта, задыханая, папрасіла прабачэння і прысела на вольнае крэсла.
– Калісь былі ў модзе лёгкія лірычныя ці камедыйныя фільмы паводле мастацкіх твораў. Але тыя часы даўно мінулі. Цяпер трэба шоў, чым прымітыўнейшы сюжэт, тым лепш. А з такім матэрыялам, як у вас, працы нямерана. Трэба запрашаць людзей, прафесіяналаў, якія б яго асучаснілі…
– Каб ад яго нічога не засталося, – дадаў нехта.
Усе засмяяліся, у тым ліку і Лагун сваім разгубленым, сімпатычным смехам. Наступны выступоўца сказаў, што цалкам згодзен з папярэднім, і крыху развіў яго:
– Асабіста я лічу, што літаратура і кінематограф – розныя жанры. З літаратурных шэдэўраў, за вельмі рэдкімі выключэннямі, ніхто нічога людскага не зрабіў. Па адной простай прычыне: літаратурны твор самадастатковы. У таго, хто чытае, ствараюцца свае ўласныя вобразы, асацыяцыі, а рэжысёр жорстка, сілком навязвае свае, тым самым разбураючы чытацкія, якія, можа быць, склаліся яшчэ ў дзяцінстве.
Трэці выступоўца яшчэ шырэй развіў тую ж думку.
– Сапраўды, рэжысёр часта хапаецца за мастацкі твор, прываблены няўлоўным духам чагось сапраўднага… А вось паспрабуй злаві.