Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

“А я на што? Я ўмею гаварыць з такімі. Спасылайся ва ўсім на мяне”, – і махнуў Отчыку рукой.

“А як з вамі звязацца, праз ВК?” – спытаў Лагун.

“Ніколі яго не меў, – адказаў матацыкліст. – Хрэнь поўная. Вось… набяры мяне, адбі нумар. Калі што, звяртайся. Толькі не цягні, хутка мы з’язджаем”.

Яны развіталіся сябрамі. Так Лагун пазбегнуў вялікіх непрыемнасцяў, акрамя таго нечакана, на голым месцы, набыў апекуна, заступніка, настаўніка, які падказаў, што яму рабіць далей.

Пасля таго Лагун добра падумаў. Увосень яму будзе васямнаццаць. Нічога больш яго тут не трымала. Падраслі сёстры, сталі памочніцамі

маці, маглі замяняць яго. Ды і маці ўжо акрыяла. У сярэдзіне лета, нікому нічога не сказаўшы, ён паехаў у сталіцу. Выбраў прыборабудаўнічы факультэт – адзіны, дзе былі вакансіі. Яго 208 балаў хапіла з запасам – пры прахадным 169. У прыёмнай камісіі зноў былі пушчаны ў ход яго правераныя сродкі: чырвань, ціхі голас, апушчаныя вочы плюс слова “сірата”, хоць яго за язык ніхто не цягнуў.

Заставалася яшчэ адно, апошняе, дзеля чаго патрабавалася пэўная адвага – здабыць грошы. Хутчэй за ўсё, шантажом, як і вучыў матацыкліст. Але іншага шляху не было. Лагун не сумняваўся, што проста так Отчык не дасць яму ні капейкі. Ён прыдумаў тэкст і паўтараў яго сам сабе, як школьнік, якому трэба вывучыць на памяць верш, пракручваў у галаве, бы заклінанне:

1) хачу атрымаць разлік за лета (а тое лета было шчодрае на садавіну-гародніну, і Отчык някепска зарабіў);

2) я ведаю, куды вы ходзіце. І ўвогуле, што вы не проста так змянілі прозвішча – вы датычны да гібелі майго бацькі;

3) інакш я вымушаны буду паставіць у вядомасць… папрасіць самі ведаеце каго… паклічу сябра, ён прыедзе.

Лагун зайшоў у пакой. Отчык стаяў спінай да яго. Але Лагуну здавалася, што айчым бачыць яго нават спінай, прычым наскрозь; ён адзін ведае, да чаго знешнасць Лагуна падманлівая. Ад гэтага было яшчэ больш не па сабе. Лагун ужо адкрыў рот, каб пачынаць, як Отчык павярнуўся і пільна пачаў глядзець на яго. Усе падрыхтаваныя словы вылецелі з галавы. Лагун пачаў мямліць пра паступленне. Тады Отчык раптам пасвятлеў тварам. Было відаць, што сам ён і марыць не мог пра такі варыянт.

“Паступаць? Малайчына! – але тут жа асадзіў сам сябе. Яму не верылася, што так можна, што гэта так лёгка. – Куды ты можаш паступіць? У школе вучыўся ніжэй за сярэдняга. Дарэмна толькі грошы праездзіш”.

“А я ўжо”, – не без гонару паведаміў Лагун. – Паступіў. Цяпер не праблема. Падаў дакументы, і ўсё”.

“Вось як?!” – зноў узрадаваўся і зноў зараз жа астыў Отчык. Было відаць, як ён разрываецца паміж жаданнем пазбавіцца ад непрыемнага, абрыдлага яму пасынка і нежаданнем плаціць за гэта. А яшчэ больш яму не хацелася страчваць амаль дармовую рабсілу.

“Нават калі паступіў, першакурснік – гэта яшчэ не студэнт, – знайшоўся ён. – Пасля першай сесіі, памяні маё слова, будзеш ты тут, без капейкі, а можа і без штаноў. Ты ведаеш, што такое Сталіца?”

Лагун маўчаў, Отчык таксама памаўчаў і пагладзіў рыжыя бакенбарды.

“Зрэшты, не маю права затрымліваць”.

“Трэба грошы”, – сказаў Лагун пераселым голасам, пераступаючы.

“Грошы! Так я і ведаў! Што ж. Магу даць… вось, сто пяцьдзясят даляраў. Гэта вялікая сума”.

Лагун сказаў, што яму трэба мінімум тысяча. Як плата за ўсё лета.

“Тысяча?! – усклікнуў Отчык. – Гэта вельмі вялікая сума. А калі дам пяцьсот? І то толькі з павагі перад памяццю пра майго сябра, твайго бацькі (успомніў нарэшце)”.

“Тысяча”, – смялей сказаў Лагун.

Сам здзіўляўся, адкуль бралася смеласць. Отчык, хутчэй за ўсё, гатовы быў

ужо даць. Але Івана, падбадзёранага поспехам, панесла. Словы паліліся з яго, як плаціну прарвала. Усе прадуманыя ім пункты змяшаліся ў кучу.

“Інакш я буду вымушаны… я звярнуся да сябра… а сябар ведае, куды вы ходзіце… бо вы датычныя да гібелі майго бацькі… калі не дасце разлік за лета…”

Кажучы ўсё гэта, Лагун пільнасці не губляў, стаяў напаўпаварота, кожнае імгненне гатовы даць драпака.

Тут адбылося тое, чаго ён не чакаў. У вачах у Отчыка адбіўся самы сапраўдны страх. Дык вунь яно што! Меў рацыю здагадлівы матацыкліст-псіхолаг: страшны монстр з крывавай тайнай аказваўся ўсяго толькі дробным аферыстам, жаночых спраў майстрам і баязліўцам у дадатак. Отчык адвёў вочы, адвярнуўся, дастаў з кішэні грошы, не паварочваючыся, кінуў на стол. Лагун адразу згроб іх.

“Дык вось ты які, Іван, удовін сын”.

Ён сказаў яшчэ нешта пра яблык і яблыню. Але Лагун ужо не чуў, бо быў далёка. Яго ўразіла, наколькі ўсё лёгка і проста вырашылася. Аж да расчаравання. У далоні храбусцелі жаданыя купюры. Аб адным толькі ён шкадаваў – што не папрасіў больш.

8

Лагун з такой лёгкасцю патрапіў у ВНУ, што думаў: унутраныя іспыты здаць – таксама раз плюнуць. Але гэтак жа лёгка заваліў першую сесію і апынуўся на мяжы адлічэння “ў сувязі з акадэмічнай непаспяховасцю”. Неяк надта хутка пачало збывацца прадказанне Отчыка. Ён ужо хацеў вяртацца. І куды? – зноў да Отчыка ў парабкі. Ён быў упэўнены, што калі вернецца, там і загіне. У дэканаце ён пачаў мямліць звыклае: сірата, няма куды вяртацца – і зноў падзейнічала. Гэтае яго спадзяванне на невядома што, на цуд, ужо столькі разоў спраўджвалася, што стала ледзь не заканамернасцю. Яго пашкадавалі, махнулі рукою і пакінулі з умовай – толькі на паўгода, да летняй сесіі, а там і армія.

Самае непрыемнае, што скончыліся грошы. Пакуль яны былі, Лагун гуляў па сталіцы, апранаўся, ад’ядаўся. Грошы раставалі, і разам з імі канчалася надзея дзе-небудзь іх зарабіць. Ні пра якую дапамогу ніадкуль не магло быць гаворкі. Ён гатовы быў на ўсё, акрамя як прасіць у сваіх. Ды і не пройдзе ў другі раз такое з Отчыкам.

Ён ляжаў у пакоі на ложку, слухаў чырыканне хвалістага жоўтага папугайчыка з бурштынавай дзюбкай, які, як лімон, скакаў у клетцы. Гаспадар папугайчыка, сусед па пакоі, старшагрупнік, быў з тых, хто ў людзях з першага знаёмства адзначае якуюсь адну рыску і на падставе яе робіць уяўленне ўвогуле пра чалавека. Пачуўшы, што Лагун здымаўся ў кіно і што нават рэжысёр яго хваліў, ён ухапіўся за гэта і толькі на такую тэму з Лагуном і гаварыў, ставіўся да яго як да аматара-энтузіяста і паблажліва, мо з падколкаю, а мо і ўсур’ёз, даваў парады – кшталту: “Трэба ставіць самыя высокія мэты, імкнуцца ў Галівуд, не менш!”

Лагун мала карыстаўся сацыяльнымі сеткамі, часткова ленаваўся, часткова таму, што там трэба ўвесь час хваліцца, а яму пакуль не было чым. Сусед заўважыў гэта і, насыпаючы свайму папугаю корм, мяняючы ваду, навучаў:

– Як жа ты збіраешся заваёўваць свет? Без гэтага нікуды. Нічога не атрымаецца, – казаў, у прынцыпе, правільныя рэчы. Тым не менш Лагун не вельмі ўступаў з ім у спрэчкі, увогуле ў размовы, бо з яго не было чаго ўзяць, а Лагун ужо навучыўся дзяліць людзей па такім крытэрыі. Аднак менавіта гэты сусед памог яму. Ён усё раіў:

Поделиться с друзьями: