Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Гэта быў зусім новы паварот яго думак.

Цяпер, пасля сустрэчы і размовы з Інгай, яго ўпэўненасць у яе віне пахіснулася. Можа, выпадкова? Мо яна не хацела? Мо яна ўвогуле не вінаватая? І не ведае да гэтага часу нічога? “Нават таго, што бацькі ўжо няма на свеце”, – падумаў ён. І потым: бацьку ж зусім неабавязкова было расказваць ёй сваю біяграфію ці нават называць сваё прозвішча – ён мог назвацца кім заўгодна. І яна проста не здагадваецца, што я яго сын. Было і яшчэ сёе-тое. Падалося яму, што заўважыў ён у яе вачах той самы, такі знаёмы яму, агеньчык. Няўжо і яна? Як усе?

Вось як далёка зайшоў у сваіх думках Лагун.

Неахвотна, праз сілу, ён зрабіў кароткі званок-справаздачу дзеду Вечку; сказаў, што хвалілі, перазвоняць.

– Дык

гэта ж здорава! Ты правільна робіш усё. Памятаеш, я казаў: сцэнарыст – самая бяспраўная істота? А з табой вунь як носяцца. Усё ідзе па плане.

“Па чыім?” – падумаў Лагун.

А ў Інгі тым часам, хаця і больш пытанняў, чым адказаў, засталося пасля знаёмства, саспела канчатковае рашэнне. Яна, вядома, дасць яму першае месца. Заставалася толькі атрымаць подпіс гендырэктара Хрушчанкі – фармальная працэдура, бо ён адразу запэўніў, што цалкам давярае аўтарытэтнаму журы, самае большае – прабяжыць вачамі сінопсіс. Паколькі сёння быў панядзелак, а па панядзелках Хрушчанка на працы не бываў, яна са спакойнай душой паехала дадому. На пытанне мужа: “Ну як?” – адказала:

– Баюся, я памылілася. Ты меў рацыю – гэты хлопчык сапраўды аўтар. Я вырашыла даць яму першае месца.

Яна расказала пра сустрэчу, прамаўчаўшы, што ездзіла да яго.

– І як ён табе? Спадабаўся? – раптам спытаў муж панылым голасам.

– Перастань. Ён сціплы. Бедны. Сімпатычны. Сірата. Я нават ездзіла да яго, – усё ж не вытрымала.

– Ты ездзіла? Навошта?

– Я ўжо шкадую, што сказала табе. Зрэшты, можа хоць такім чынам дачакаюся ад цябе рэўнасці.

На самой справе Інга пацвельвала яго. Надта ж спакойныя, ідылічныя, руцінныя былі адносіны паміж імі, і ў гэтую стаячую ваду калі-небудзь хацелася кінуць камень. Хай хоць так раўнуе; рэўнасць, асабліва ў пачатку, гэта домыслы, фантазіі, гіпотэзы, – творчасць, словам. Тым больш, калі шчыра, што прычыны для рэўнасці былі. Хлопчык сапраўды ёй спадабаўся; больш за тое – ёй нават падалося, што і яна яго цікавіць больш, чым сцэнарый.

Не, не – нічога лішняга. Калі б, не дай бог, штосьці здарылася, гэта была б катастрофа. Вельмі лёгка ўсё страціць. А траціць было што. Жылося ёй добра, нават вельмі добра і лёгка. Дом, утульнасць, супакой, усё такое ціхае, знаёмае, і ад таго ўпэненасць, што і далей будзе так, як заўсёды. Сняданкі і вячэры, добры, разумны, хоць і надакучлівы муж.

Тады аб чым яна цяпер марыла? Ці не пра вясну? Не пра маладосць? Не пра каханне? Час быў самы спрыяльны – красавік, сярэдзіна месяца, сонца, трава, дзьмухаўцы.

Яна ўздыхнула і падумала, як увогуле цудоўна было б жыць, каб не алергія, а яшчэ больш – каб не гэтае адчуванне незавершанасці, няскончанасці, недаведзенасці да канца: і на кінастудыі, і дома, і ў душы. Увесь час як бы не хапала нейкай адной маленечкай драбязы, але без якой усё складвалася не так.

Гэтае адчуванне было з ёй заўсёды, вось як нібыта маланка бліснула, і чакаеш грому, ужо нават адкрыўшы рот, каб не аглухнуць ад раптоўнасці. А грому ўсё няма.

12

У адным рамане іранічна, паказваючы абсурд сітуацыі, была апісана ўніверсітэцкая кафедра французскай мовы і літаратуры, загадчык якой меў цікавую асаблівасць: ён ніколі не размаўляў па-французску і не любіў і не разумеў французскай літаратуры. Менавіта так, толькі зусім не ў гратэскна-іранічным плане, і гэта была не “цікавая асаблівасць”, а панылая заканамернасць, адбывалася і на нашай г. зв. нацыянальнай кінастудыі.

Гендырэктар “FilmBellа” Хрушчанка быў пераведзены ў кінавытворчасць са сферы ідэалогіі, у якую ў сваю чаргу патрапіў з сельскай гаспадаркі. Так рабілі знарок, бо лічылася, што вузкія спецыялісты-прафесіяналы замыльваюцца, а чалавеку збоку відней, таму ён лепш і хутчэй разбярэцца. Апынуўшыся на кінастудыі, Хрушчанка імгненна зразумеў, якія тут правілы, што ад яго патрабуецца, і старанна, нават апантана пачаў выполваць усё нацыянальнае. Ужыванне белмовы ў фільмах ён дапускаў толькі адмоўнымі персанажамі. Для станоўчых рабіў

адзіную саступку: замест отец – бацька, замест ребята – хлопцы. Яшчэ была ў яго звычка: віншаваць любога, у тым ліку якогась зусім малавядомага рускага акцёра ці рэжысёра, нават не з круглай датай, а проста з будзёным днём нараджэння, і цалкам ігнараваць сваіх тутэйшых кінадзеячаў, не віншуючы іх нават з юбілеямі. З гэтай яго звычкі дабрадушна пасмейваліся і, сярод іншага, лічылі яе бяскрыўднай. Вось да гэтага чалавека выправілася Інга, каб атрымаць подпіс. З тонкай папкай у руцэ яна зайшла ў прыёмную. Сакратарка папрасіла пачакаць, бо ў гэты момант гендырэктар даваў інтэрв’ю па тэлефоне. У прачыненыя дзверы, на якіх вісела прыгожая, выгравіраваная вітымі прапіснымі літарамі таблічка, чулася:

– …Так, існуюць пэўныя цяжкасці, і мой калектыў пра іх ведае. Кожны тыдзень я праводжу дзве нарады, на якіх знаёмлю мой калектыў з усімі праблемамі кінастудыі. – Гендырэктар убачыў Інгу і запрашальна паказаў рукою, каб заходзіла. Інга зайшла, ён кіўнуў на крэсла, а сам працягваў: – Студыя ў складаным становішчы… дэбітарская запазычанасць… але, нягледзячы ні на што, мы спрабуем працаваць, так – працаваць.

Нарэшце паклаў трубку.

– Слухаю вас.

Хрушчанка быў маленькі, кучаравы, з птушыным, завостраным на канцы носам, з чорнымі шчотачкамі броваў, якія варушыліся, з чарнявымі круглымі вочкамі, якія бегалі за празрыстым шклом акуляраў. На ім быў тонкі паласаты швэдар пад карычневым пінжаком. На стале, сярод папераў, Інга заўважыла нешта вельмі знаёмае – белы флакончык. Яна ведала, што ў Хрушчанкі таксама алергія, таму і акно зачынена, і ён карыстаецца такімі ж, як і яна, сродкамі – кроплямі ў нос. Ён перахапіў яе позірк.

– Мы з вамі калегі. У плане алергіі.

– Спадзяюся, не толькі ў гэтым плане.

Яна паклала перад ім папку, дзе была выпіска з вынікамі конкурсу, пратакол-заключэнне журы і старонка сінопсіса “Месца”. Хрушчанка прабег усё вачамі, упіўся ў сінопсіс, прачытаў і адклаў асадку.

– Сучасная тэма?

– Паводле ўмоваў конкурсу.

– Як па мне, – сказаў ён, – уся гэтая сучасная тэма лішняя. Я б яе ўвогуле адмяніў.

– Што вы прапаноўваеце?

– А чым вам не падабаецца, дапусцім, вось гэтая рэч: “Світанкі над Прыпяццю ціхія”? Па-мойму, цікавая, надзённая рэч.

Інга ўважліва на яго паглядзела, гонячы ад сябе нядобрае прадчуванне. Гэтыя “Світанкі” быў амаль слова ў слова перадраны сюжэт з вядомага савецкага фільма пра жаночы батальён, які ў карэльскіх лясах і балотах пад кіраўніцтвам немаладога старшыны адбіваецца ад фашысцкага дэсанта.

– Харошая тэма, – сказала яна. – Галоўнае, арыгінальная.

– Я ведаю, – улавіў ён іронію, – вы маеце зуб на мяне. Не вы канкрэтна, а ўсе. Думаеце, стары рэтраград і таму падобнае.

– Не час пра гэта, – перабіла яна. – У нас жа быў нядаўна ваенны фільм. Па вашым сцэнарыі, дарэчы.

– Ну і што? Яшчэ адзін здымем. Ваеннай тэмы многа не бывае. Ці вы лічыце, што гэта так ужо бездапаможна? – з лёгкім дакорам спытаў ён.

– Проста нікчэмна. І па тэме не падыходзіць. Тэма конкурсу: кранальны лірычны сучасны фільм.

– Але ж і патрыятызм ніхто не адмяняў. Падумайце самі. З аднаго боку правераны, абкатаны, надзейны сцэнар, з другога – малазразумелы тэкст нейкага нікому невядомага першакурсніка. Я ўжо не кажу, што на вайну заўсёды ёсць заказ, а значыць, і фінансаванне. А нашы фінансавыя справы ахавыя.

Звычайна Інга ніколі ні з кім не ваявала, нервы даражэй. Але тут найшла каса на камень. Надта рэзала вочы несправядлівасць. Яна сказала:

– Добра. Калі ласка. Я асабіста згодная. Але што рабіць з меркаваннем журы? Там маўчаць не будуць. Абавязкова паўстане пытанне наконт нашай прафесійнай прыдатнасці. А так як фармальна старшыня журы вы…

– Пачакайце, – маладушны, як і ўсе такія людзі, Хрушчанка імгненна здаў назад. – Я ж не супраць! Я проста выказаў сваю сціплую думку. Цалкам магчыма, што і ваш сцэнарый нечага варты.

Поделиться с друзьями: