Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Для сям’і пачалося новае жыццё. Прыйшла восень. Працы хапала. Отчык, які сам працаваць не мог з-за нейкай хваробы, пільна сачыў, каб у іншых пастаянна былі занятыя рукі. Амаль кожны дзень у любое надвор’е можна было бачыць кранальную сцэну: Іван, маленькія сёстры, маці гарбацяцца на агародзе. Людзі з замілаваннем адзываліся аб працавітай сямейцы, Іван жа адчуваў сябе катаржнікам. Пры бацьку яны не ведалі ні ў чым адмовы. Раслі, гадаваліся на волі, сярод прыроды, здаровымі дзець­мі. Для іх увогуле не існавала такога паняцця, як голад, толькі апетыт. Скупаваты Отчык хутка прывучыў іх да, як ён казаў, “эканомікі”, так, што калі-небудзь і чорны хлеб з цыбуляю быў за шчасце. Отчык, здавалася, вёў падлік кожнай цыбуліне на градах і кожнаму гурку ў цяпліцах. Любімая прымаўка ў яго была: “хто рубель не шануе, той капейкі не варты”, а любімае слова –

эканоміка. “Трэба ва ўсім трымацца экономікі”. Хутка, праўда, высветлілася, што пад эканомікай ён мае на ўвазе эканомію, інакш – звычайную ашчаднасць.

Флігель, у якім жыў Отчык, быў у кутку двара каля студні. Раніцамі Іван мог назіраць, як Отчык абліваецца сцюдзёнай вадой. Ён вельмі глядзеў сябе, пільна сачыў за сваім нібыта слабым здароўем. Хударлявы, паро­дзісты, з рыжай шавялюрай і бакенбардамі, нечым ён нагадваў паджарага мускулістага льва. Калі-небудзь Іван лавіў на сабе яго позірк, хуткі, з-пад ілба, і, халадзеючы, думаў, што леў, прыходзячы ў чужы прайд, першай справаю перадушвае ільвянят мужчынкага полу. І праўда, калі да сястрычак Отчык ставіўся абыякава, да маці – нязменна з павагай, мо нават больш, чым з павагаю, дык з Іванам у іх агульнай мовы не было. Часам Отчык, калі ніхто не бачыў, клаў цяжкую руку яму на плячо і абмацваў худзенькую ключыцу.

– Ну што, Іван Лагун, удовін сын, – казаў, заўсёды ставячы прозвішча разам з іменем. У голасе чулася насмешка. – Як табе без бацькі?

Лішне казаць, што Іван не любіў, а яшчэ больш баяўся яго. Таму можна ўявіць, чаго каштавала яму аднойчы набрацца смеласці і спытаць, ці сапраўды яны, Отчык і бацька, так ужо сябравалі.

– Не скажу, што моцна, – адказаў Отчык. – Але ў душы мы былі як Хмяльніцкі з Чапліцкім.

Сэнс гэтага дзіўнага параўнання Іван зразумее пазней. А пакуль, прыблізна ў той жа час, у яго з’явілася тайна. Праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі, калі боль страты аціх, Іван залез на гарышча, каб патрымаць у руках, перабраць бацькавы рэчы, складзеныя ў кардоннай скрынцы, і раптам звярнуў увагу на яго смартфон. Пакруціў у руках, заўважыў, што на ім з’явіліся чорныя плямы і ўвогуле ён нейкі як бы абпалены, а з аднаго боку нават аплаўлены.

Іван глядзеў на гэты пакалечаны тэлефон, і яму здавалася, што ён працягвае здымацца ў кіно. Здагадка была наколькі простая, настолькі ж неверагодная – бацькава гібель магла быць не няшчасным выпадкам, а спланаваным забойствам. Ён толькі падзівіўся, чаму нікому з дарослых гэта не прыйшло ў галаву. У кампутары запэўнівалі, што немагчыма такое, не рэагуе маланка на ўключаны тэлефон. І адразу ж: “нядаўна было паведамленне пра гібель дарадчыка Мінаховы здароўя РФ у Крыме – яго ўдарыла маланка, калі зазваніў мабільнік”.

Канечне, самае лепшае было б расказаць каму-небудзь, падзяліцца. Але Іван быў вельмі адзінокі. Сяброў не меў. Сёстры цураліся старэйшага брата, ім хапала адна адной. А маці – яна змянілася з таго часу, нібыта і па ёй прайшлася краем тая чорная маланка і абвугліла частку душы. І без таго маўклівая, цяпер яна зусім замкнулася ў сабе. Лагуну было нават крыўдна, што маці стала такой і не заўважае, не хоча бачыць, які гэты Отчык хітры, хлуслівы, небяспечны. Да ўсяго ў ім самім прысутнічаў страх. Калі Отчык сапраўды датычны да бацькавай гібелі, дык і яму, Івану, пагражае небяспека як адзінаму сведку. Таму ён вырашыў пакуль маўчаць і самому ва ўсім разабрацца.

На той час ён ужо вучыўся ў іншай школе, звычайнай, не ў цэнтры, а на другім канцы горада. Пра элітную гімназію, як і пра машыну, якой падвозіў яго бацька, давялося забыць. Отчык ні разу не падвёз яго, шкадаваў бензін і час, не кажучы пра кішэнныя грошы, якіх Іван меў роўна на два талончыкі. Машыну замяніў веласіпед. Іван даязджаў да ўскраіны горада, ставіў яго ў двары, перасядаў на аўтобус да школы, гэтаксама вяртаўся назад. Дарога дамоў, на якой ён адпачываў, стала нібы ўдвая даўжэйшай. Яна няспешна вяла ўздоўж берага возера, таго самага, некалі іхняга, а цяпер чужога. Высокі цупкі бераг. Палянка, парослая мяккай травой, на якой, калі суха, адпачываў, прывыкаў да адзіноты. Глядзеў на водную роўнядзь, такую падманна-ласкавую, ціхамірную. А то, лежачы на спіне ці на жываце, з травінкай у роце – марыў.

Ён і раней любіў гэты занятак. Але тады мары былі беспрадметныя – так, нічога цікавага, хутчэй фантазіі, а не мары: пра вялікі горад, новы айфон, моднае адзенне, дарагую машыну. Ён так і ўяўляў гэта – прыезд на дарагой машыне ў сям’ю, з падарункамі.

Каля школы спыніцца. Ранейшыя мары нікуды не зніклі, жаданне разбагацець так і было асноўным, але з’явілася ў іх больш практычнага рэалізму, і яны прынялі накірунак, звязаны з Отчыкам, з жаданнем разблытаць яго цёмныя справы, і тады – помста яму, знішчэнне яго; напрыклад, выкупіць назад зямлю, а Отчыка давесці да галечы, а то і да турмы.

Яшчэ Іван зразумеў, што, каб мары збыліся, яму трэба вывучыцца. Не залежаць ад сям’і. Стаць славутым. Весці лёгкае, паспяховае жыццё. Пажадана нічога не рабіць, а ўсё атрымліваць, – каб грошы капалі самі сабой кожны дзень рэгулярна.

І ўсё гэта ў думках-марах давала яму – кіно. Толькі з ім ён звязваў свой лёс і будучы поспех. Кажуць жа людзі, аднакласнікі, настаўнікі, што ён падобны да нейкага кінаакцёра. І ўвогуле ён часта ўспамінаў тое лета, калі прыязджала кінабрыгада. Хаця насамрэч нічога рамантычнага там не было. Для здымкаў іх, хлопцаў-падлеткаў, пастрыглі «пад нуль», прычым гэта была абавязковая ўмова. Яны гралі навабранцаў, радавых. Рэжысёр з’яўляўся на здымках вельмі рэдка, памяты і злы выкульваўся бліжэй да абеду са свайго студыйнага буса, лаяўся на памочніка, які, па-сутнасці, і быў сапраўдным рэжысёрам, і некуды знікаў. Адну і тую ж сцэну – капанне акопа – пераздымалі разоў дваццаць, пастраенне і кароткі дыялог паміж галоўным героем і яго таварышам – разоў пятнаццаць. Калі Іван пасля глядзеў серыял (цалкам так і не адолеў), то адзначыў, што сцэны з іх удзелам занялі ў васьмісерыйным фільме ўсяго хвілін мо восем. За адзін дзень плацілі 10 даляраў. Хлопец-кіношнік, што займаўся рэквізітам, на пытанне, колькі плацяць за масоўку ў Расіі, па сакрэце распавёў, што расіянам вельмі выгадна здымаць ваенныя фільмы ў Беларусі, бо, напрыклад, масоўку тут можна наймаць ці не ў 5 разоў танней. Увогуле, было спякотна, лысую галаву напякло сонцам, у Івана на другі дзень здарылася нешта накшталт цеплавога ўдару.

Але дзіўная рэч! Усё забылася пасля, адфільтравалася. Простае азіранне ў мінулае ахутвала ўсё мілай, светлай журбой і жаданнем апынуцца там зноў. Іван успамінаў тыя дні з настальгіяй. Кіношнае жыццё здавалася яму прыгожым, цікавым, лёгкім, бязбедным; кіношныя людзі – людзьмі з іншага свету. Для таго, каб жыць такім жыццём, трэба было дабіцца поспеху і разбагацець. Зрабіць гэта можна толькі вывучыўшыся. А на вучобу трэба грошы. Хаця б першапачатковы капітал – мінімум тысяча даляраў. Узяць іх можна толькі ў сквапнага Отчыка. А ён добраахвотна, па сваёй волі ніколі іх не дасць.

Замкнутае кола, якое і спадзяваўся разарваць Іван. План яго будзе просты: калі спраўдзіцца гісторыя з трагічным, злачынным званком, ён прапануе Отчыку сваё маўчанне ў абмен на грошы.

А тым часам Отчык, счакаўшы роўна год, зрабіў удаве афіцыйную прапанову, атрымаў згоду і ажаніўся з ёю. У высакародным парыве ён нават змяніў прозвішча – з Отчыка на Лагуна, як ён растлумачыў, каб не прападаў раскручаны брэнд. Так чалавек, не заплаціўшы ні капейкі, за год прыбраў да рук жаданы ўчастак зямлі разам з возерам, лесам, з усімі пабудовамі, прысвоіў бізнес нябожчыка, а таксама атрымаў у дадатак яго жонку, трох бясплатных парабкаў і новае прозвішча – словам, цалкам замяніў сябра, як бы пачаў жыць замест яго.

Пасля гэтага падазрэнні Лагуна, што ўсё было задумана і спланавана Отчыкам, а цяпер толькі рэалізоўваецца, перараслі ў цвёрдую перакана­насць. Ён ужо не сумняваўся, што Отчык падстроіў забойства, што званок ад яго на бацькаў тэлефон супадзе з ударам маланкі. На пытанне, як узнавіць уваходныя/зыходныя званкі ў тэлефоне без сім-карты, сябра-гугл без запінкі адказаў: прыйсці з пашпартам і пасведчаннем аб смерці блізкага чалавека ў офіс і папрасіць у сотавага аператара раздрукоўку. Нарэшце Іван выправіўся туды. Ён запомніў, на форуме пісалі, што атрымаць раздрукоўку гадавой даўніны з чужога (хай нават і роднага бацькі) тэлефона зусім не лёгка, і многае будзе залежаць ад аператара, у яго выпадку – аператаркі, таму паспрабаваў спадабацца ёй. Трэба зазначыць, што да таго часу ён змяніўся знешне. Фізічная праца, свежае паветра, здаровая ежа, добрыя гены як бы паскорылі яго сталенне: у свае шаснаццаць выглядаў на ўсе васямнаццаць. Акрамя таго, была за душой у яго тайна, якая накладала свой адбітак і на характар, і нават на знешнасць. Высокі, сімпатычны малады чалавек з загадкавым тварам – такім паўстаў ён перад маладзенькай аператаркай. А калі загаварыў, дык з’явіліся – чырвань на шчоках, сціплая ўсмешка, зазвінеў ціхі, з замінкаю голас.

Поделиться с друзьями: