Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

“Разумееце… Бацька трагічна загінуў. Я, як сірата… Ці можна, калі ласка, раздрукоўку званкоў за год назад? Хто яму званіў, і каму ён, у апошнія хвіліны. Мне гэта патрэбна як памяць”.

“Ну што ж. Дзеля памяці пра бацьку”, – прамовіла добрая аператарка, усміхнуўшыся ледзь-ледзь у адказ (“З-за вушэй?” – падумаў ён).

І вось ён трымае жаданую, каштоўную паперчыну. Не адыходзячы ад вакенца, упіўся ў яе вачамі. Так і ёсць. Апошні званок з незнаёмага нумара. Але не з Отчыкавага. Тады – з чыйго? Хто мог пазваніць так “своечасова”? Отчык з іншага тэлефона? Пазваніць, а потым памяняць сімку? Але бог мой, такія складанасці! – гэта занадта. Доўга не адважваўся ён набраць чужыя, страшнаватыя лічбы. У лепшым выпадку чакаў пачуць: “набраны вамі нумар не існуе”, а ў горшым… Ён не мог уявіць,

што ў горшым, але наперад млеў ад страху. Нарэшце набраў, заплюшчыў вочы – і пачуў жаночы прыемны грудны голас. Ён прамармытаў, што памылка, прабачце, і адключыўся.

Новая тайна. Хто гэтая жанчына? Няўжо… у бацькі была палюбоўніца? Ён быў здольны на такое? Усё перавярнулася з галавы на ногі. Думкі пайшлі зусім у іншым кірунку. Цяпер тым больш нікому не скажаш. Пры такім раскладзе, пры наяўнасці палюбоўніцы, бацька аказваўся не такой ужо нявіннай ахвярай, і матыў помсты траціў сваю заманлівасць, а галоўнае – адпадаў, выслізгваў з рук Отчык. Невядома, як да яго падступіцца. А ён быў адзіным спадзяваннем Івана. Цяпер не было каму помсціць, адпаведна, не было ад каго тым ці іншым чынам дастаць на вучобу грошы.

6

Неяк у школе, каля настаўніцкай, Лагун выпадкова пачуў, як яго абмяркоўвалі: “сірата, а які мілы…”, “бяскрыўдны зусім. На кінаакцёра падобны”, – наматаў гэта на вус і зрабіў высновы. Ён зразумеў, чаму яго цягнуць і ставяць не самыя горшыя адзнакі, хаця вучыўся ён так сабе, цяп-ляп. Падслуханая размова, а таксама выпадак з сотавай аператаркай, падказалі яму, што яго безаабароннасць, вінаватая ўсмешка, маска сарамлівасці, словам, усё гэтае ўмельства пры разумнай галаве ёсць тавар, і ім можна карыстацца, як нечым матэрыяльным, паставіць сабе на службу. Так ён і зрабіў. Не адразу, а паступова ён навучыўся даволі праўдападобна прыкідвацца, ведаў, як сябе паводзіць, які прыняць выгляд, каб спадабацца людзям. Варта было яму расцягнуць вусны ва ўсмешцы, пачырванець, як ён рабіўся падобны на сімпатычнага бяскрыўднага ідыёта і адначасова крыху на земляка-кінаакцёра Смактуновіча-Смактуноўскага, які напачатку сваёй кінакар’еры карыстаўся такой усмешкай напоўніцу. Спрацоўвала не заўсёды, але ў большасці выпадкаў яго выгляд абяззбройваў. Яму падабалася гэта.

Цікава было правяраць дзейснасць свайго акцёрства. У такія хвіліны яму пачынала здавацца, што ён не столькі жыве, колькі грае ролю, што не рэальнае жыццё вакол, а кіно, якісьці даўжэзны серыял, у якім не адзін ён прыкідваецца, а ўсе без выключэння; не жывуць, а больш-менш паспяхова граюць самахоць узятыя на сябе ролі, прыкідваюцца іншымі, і ўсё з адной мэтай – каб прыхаваць сваё сапраўднае жыццё. А сапраўднае ў большасці шэранькае, нецікавае, а то і злачыннае. Нават бацька, як высвятляецца, быў не той, за каго сябе выдаваў.

Неўзабаве надарыўся выпадак праверыць гэта – ці сапраўды людзі ўсе акцёры – на практыцы. Пасля таго, як Лагун памяняў школу, у яго з’явілася сяброўка-аднакласніца. Яна жыла ў трохпавярхоўцы на ўскраіне горада. Кожную раніцу яна чакала яго. Лагун ставіў у іх двары веласіпед. А потым разам яны ехалі аўтобусам у школу. Аднакласніца нічым асаблівым не вылучалася. Была такая ж ціхая, як і ён. Сціплая, маўклівая. Добрая. Знешнасць – дзве коскі, чысты, без падлеткавых прышчоў твар з фіялетавымі ценямі пад неверагодна прыгожымі вачамі. Белы фартушок, поўныя белыя ногі. Увогуле яна была рослая, з развітымі жаночымі формамі. Не красуня, але калі ўсміхалася, яе як аблівала ўсю сонцам і ўнутраным святлом. Раней Іван асабліва не зважаў на яе. Толькі пасля гісторыі з дэталізацыяй ды пасля званка па незнаёмым нумары ён інакш пачаў глядзець на жанчын увогуле і на сяброўку ў прыватнасці. Яна таксама адчула змену ў ім. Прынамсі, у яго знешнасці. І ў адзін красавіцкі вечар сама напрасілася правесці яго пасля школы далей за двор, да самага возера. І там, на палянцы, упершыню пацалавала – у шчочку. З таго часу яна пачала кожны дзень праводзіць яго пасля школы да палянкі. Яму і прыемна было, і разам з тым страшнавата, бо яна чамусьці адразу ўзяла нейкі меланхалічны, журботны тон, прыняла ролю вопытнай жанчыны, якая ўсяго паспрабавала ў жыцці, і нічым яе не здзівіш. Гэткі Пячорын у

спаднічцы.

“Хутка мы расстанемся. Мяне, як Лермантава, ссылаюць на Каўказ”, – сумным голасам паведаміла яна. Ён прапусціў гэта міма вушэй, лічачы чарговай яе выдумкай. Неўзабаве высветлілася, што ўся яна – сумесь інфантыльнасці і нейкай надрыўнай рамантыкі, пяшчоты і какецтва, кіношнай экзальтацыі і капрызаў; акрамя таго ўмела яна і злавацца, – тады бровы ў яе складваліся стрэшкай, як у П’еро, а голас рабіўся высокі і пранізлівы. То яна была жарснай і вешалася яму на шыю, то раптоўна як загаралася, так халадзела, то пачынала гуляць у маленькую дзяўчынку: надзімаць губкі, казаць “я так хоцу”, і яму даводзілася рабіць выгляд, што яго не бянтэжыць гэта. Яна любіла яго цалаваць – толькі ў шчаку, і ўвесь час брала з яго слова:

“Паабяцай, што будзеш мяне ўспамінаць. Што будзеш сумаваць па мне”.

Яна ўсё пытала:

“Як ты будзеш жыць без мяне? – і сама ж упэўнена адказвала: – Ты не выжывеш без мяне. Ты такі безаабаронны. Ты мяне ніколі не забудзеш. Бедны. Я ведаю, што параніла цябе назаўсёды, але гэта жыццё”.

Тым не менш, і нават хутчэй за ўсё, у іх неўзабаве адбылося б нешта больш сур’ёзнае за пацалункі, усё ішло да таго, яна ўжо снілася яму ў снах, пра якія так соладка і сорамна ўспамінаць, як раптам яна сапраўды з’ехала, і сапраўды на Каўказ. На развітанне ў апошні вечар урачыста ўзяла з яго слова не траціць сувязі ніколі. Калі ўсё скончылася, ён уздыхнуў з палёгкай. Хоць яна падабалася яму, у душы ён быў рад, што пазбавіўся ад гэтай сімпатычнай зануды.

Гісторыя, аднак, тым не скончылася, а мела працяг, прычым яшчэ больш кіношны (лёс упарта прывязваў яго да кіно). Здарылася гэта праз год, калі Лагун ужо вучыўся ў апошнім класе. І зноў гэта было звязана з дворыкам, дзе ён па-ранейшаму ставіў веласіпед. Да таго часу дворык стаў яму ледзь не сваім. Ён усіх ведаў, і яго ведалі. Неяк раніцай – было гэта ў канцы мая, цёплага, душнага – ён заўважыў у кутку двара пад каштанам матацыкл. З нумарамі РФ. Гаспадара нідзе не было. Толькі нейкая надта загарэлая для траўня месяца дзяўчына ў шортах, в’етнамках, педыкюр на пальчыках ног, сядзела каля дзіцячай пляцоўкі на арэлях. Пагойдвалася. Пасля школы карціна ў дворыку амаль не змянілася. Матацыкл стаяў, дзе і стаяў, толькі пад чахлом, дзяўчына па-ранейшаму сядзела на арэлях, як і не ўставала. Пабачыўшы Лагуна, махнула яму рукой. Яна яўна чакала яго. Ён падышоў. Яна паднялася. Кірпатая, з круглым тварыкам, падбародак з ямачкай. Школьнае мілае рабацінне, рассыпанае каля носа і па шчоках. У вачах цікавасць і нейкі дзіўны бляск. Яна загаварыла з ім.

“А я цябе завочна ведаю. Мне пра цябе многа расказвалі”.

Пазнаёміліся. Высветлілася, што гэта стрыечная сястра аднакласніцы-сяброўкі, той самай. Студэнтка-першакурсніца медвучылішча, старэйшая за Лагуна. З братам прыехала з поўдня на канікулы і заадно ў госці.

“Звычайна наадварот едуць”, – сказаў Лагун.

“У мяне ўсё не як у людзей”.

Лагун з ветлівасці спытаў, як там яго былая аднакласніца.

“Толькі цябе і ўспамінае. А ты сапраўды такі, як у яе расказах. Харошы хлопчык. І зусім бяскрыўдны”.

Яна яму таксама спадабалася. Не такая, як мясцовыя. Раскаваная, вясёлая. Калі б яшчэ не гэты бляск у вачах. Нешта небяспечнае зыходзіла ад яе.

“У вас прыгожа тут, сястра расказвала. Пакажы мне, пабудзь экскурсаводам. У нас іншая прырода, – пабачыўшы, што ён завагаўся, яна патлумачыла проста: – З кім іншым пабаялася б. Але ў цябе добры твар. Безаабаронны. Мне здаецца, я даўно цябе ведаю”.

На любімай палянцы цвіў сіні лубін і рассыпаліся белымі плямамі кветкі сунічніку.

“Які мілы. Чырванець умее – гэта ж трэба. Харошы які…”

Ад яе пахла малаком. І згадвалася прымаўка – малако на губах не абсохла. Не трацячы часу, яна моўчкі, дзелавіта і сумленна перадала збянтэжанаму, разгубленаму Лагуну ўсё, што сама ведала і ўмела. Ён толькі запомніў яе загар: аксамітны, пералівісты, атласна-шоўкавы на выгляд і на дотык, акрамя белых слядоў ад трусікаў і станіка, ружовых, як у немаўляці, пятак і белых з унутранага боку далоняў – як у малпачкі.

У канцы, апранаючыся, яна прамовіла:

“Цяпер ты, як сумленны чалавек, павінен жаніцца”.

Поделиться с друзьями: