Сцэнарыст
Шрифт:
Ён баязліва на яе паглядзеў, ці не жартуе. Яна была сур’ёзная.
“У кіно пасля такога хлопец вядзе дзяўчыну да сваіх упартых, незгаворлівых бацькоў. Са словамі: у нас ужо ўсё адбылося. І тыя вымушаны бласлаўляць”.
Гэта было так нечакана, што ў Лагуна ледзь не вырвалася недарэчнае: абяцаць не значыць жаніцца.
“Інакш я пастаўлю ў вядомасць брата. А ён ведаеш які?”
Лагун замармытаў, што яму яшчэ няма васямнаццаці. Яна засмяялася.
“Не бойся. Няўжо ты мог падумаць? Я жартую. Ну, што ў нас будзе за жыццё. Я люблю свабоду, ты… Выбачай, але на ролю мужа, мужчыны – ты падыходзіш менш за ўсё. Бачыш, якая я шчырая? Я магла б выйсці за цябе і
І, развітваючыся, прыставіла палец да шчакі:
“Цалуй, пакуль няма чаргі”.
Не верачы яшчэ, што ўсё абышлося, ён падумаў, як яму зноў пашанцавала (першы раз з аднакласніцай), і ўвогуле шанцуе: міжволі паверыш у нейкую сваю абранасць.
На другі дзень, у суботу, ён стаяў на базары за прылаўкам іхняга латка – па выхадных і ў вольны час ён падмяняў Отчыка, памагаў прадаваць садавіну-гародніну, балазе, было што прадаваць – ад маладых гэтага ўраджаю цыбулі і зеляніны да леташняй бульбы. Сам Отчык, нягледзячы на тое, што маніякальна сачыў за сваім каштоўным здароўем, усё ж меў з ім праблемы, перыядычна нападалі на яго прыступы немачы, і ён адлучаўся ў медцэнтр на абследаванне. Абследаванне было платнае. Ён забіраў нагандляваныя грошы і сыходзіў, а Лагун займаў яго месца. Была спакуса падвысіць цану, раз нават так і зрабіў, але ўлоў аказаўся невялікі, ды і небяспечна было: Отчык мог здагадацца. Таксама ў Лагуна праскоквалі такія думкі: раз Отчык хворы, дык можа доўга не працягне, і ўсё само сабою вырашыцца? Аднак Отчык вяртаўся задаволены і на запытальны позірк Лагуна адказваў:
“Годны! Усё ў норме”.
Дык вось, на другі дзень пасля паўднёвай дзяўчыны, калі Отчык быў на сваіх аналізах, а Лагун стаяў за прылаўкам, падышоў нейкі, у спартыўных штанах з лампасамі, падстрыжаны коратка, падобны на гопніка з фільмаў пра дзевяностыя, з матацыклетным шлемам на руцэ. Паклаў на край прылаўка шлем, барсетку, тэлефон. У Лагуна ёкнула сярэдзіна і сэрца ўпала ў пяты. Ён успомніў матацыкл у двары. Успомніў – “буду вымушана паставіць брата ў вядомасць”. Добра, калі брата. Тым часам матацыкліст моўчкі, уважліва вывучаў тавар на латку. Браў за хвост, аглядваў морквіну, абнюхваў пучок кропу, клаў назад. Нарэшце паглядзеў уважліва на Лагуна.
“А дзе гаспадар?”
“Я за яго”.
“Не, сапраўдны. Рыжы каторы”.
“У паліклініцы”.
“А ты яму хто? Сын?”
“Работнік. – І, зглынуўшы сліну, дадаў: – Сірата… Бацька загінуў. Гэта айчым”.
“Пагаварыць трэба. Падыдзі пасля вунь туды. Я пачакаю”.
Пайшоў. Тэлефон застаўся ляжаць на прылаўку. Можа, забыў, а мо знарок пакінуў, каб праверыць. Лагун кінуўся ўслед. Дагнаў і аддаў. Матацыкліст буркнуў нешта пра наіўнасць, потым падзякаваў. З’явіўся Отчык – падвесялелы, як заўсёды, і адпусціў Лагуна. Матацыкліст сядзеў непадалёку, за столікам. Побач у кіёску стругалі з вялікага верацяна мяса шаурму.
“Табе васямнаццаць ёсць?”
“Не”.
“Ты разумееш, што калі ты пакахаў маю сястру, цяпер ты як сумленны чалавек павінен дачакацца паўналецця і жаніцца?”
Лагун сядзеў ні жывы ні мёртвы. І зноў, трэба ж, адзінае, што круцілася ў галаве і на языку – дурное: абяцаць не значыць жаніцца.
“Выставіць бы табе рахунак за такія справы. Нікому іншаму не дараваў бы. Але я не монстр. Ды і ты не падобны на гвалтаўніка, на аферыста, калі шчыра”.
Лагун не знайшоў нічога лепшага, як ціхім голасам падзякаваць.
“Толькі не будзь наіўным. Вучыся пазнаваць і пазбягаць такіх, як я з сястрою.
Гэта я табе з мужчынскай салідарнасці раю. Не звязвайся больш з ёю. Табе трэба не такая дзяўчына. Яна ў дзяцінстве з арэляў упала, галавой стукнулася. Больш яна да цябе не будзе чапляцца. Тым больш нам ехаць неўзабаве”.Асмялелы Іван кіўнуў. Ён ужо бачыў, разумеў, што чарговы раз пранесла хмару над ім, спрацавала яго маска наіўнай сціпласці, і слова “сірата” памагло.
“А скажы, гэты, – паказаў матацыкліст на Отчыка (латок быў відаць адсюль, Отчык, вогненна-руды, з бакенбардамі, як у ірландца, аддалёк пазіраў на іх), – моцна цябе эксплуатуе?”
Лагун гмыкнуў, што можна было разумець і так, і гэтак, адзначыўшы сабе, што, на яго шчасце, размова перакідваецца на іншую тэму і трэцюю асобу.
Матацыкліст сам адказаў:
“Я ведаю такіх людзей. Жмоты і скнары. Па ім відаць. Бойся рыжых і лысых, – дадаў шматзначна, з тыпова рускай бесцырымоннасцю. – Дык я чакаю”.
“Чаго?”
“Расказвай”.
І Лагун расказаў. Пра маланку, пра купца зямлі (утаіўшы тэлефонны званок, бо баяўся, і не без падстаў, што матацыкліст можа занадта ўвішна ўзяцца за разблытванне), пра перамену прозвішча. Апошняе матацыкліста сама больш зацікавіла.
“Так проста прозвішчы не мяняюць. Значыць, ад нечага ці ад некага хаваецца. Каб заблытаць след пасля цёмных спраў. Можа, гэта бізнес яго – шукаць прадаўцоў зямлі, потым гаспадары загадкавым чынам знікаюць, ён жэніцца на ўдовах. А зямлю потым перапрадае. А можа, ён кінуў каго, сядзеў у турме і менавіта таму памяняў прозвішча. Можна вызначыць па наколках. У яго ёсць?”
Лагун успомніў абліванні Отчыка халоднай вадою.
“Няма, здаецца”.
“А можа, яшчэ прасцей, – працягваў разважаць матацыкліст. – Пад скурай льва хаваецца ліса. Мо ён толькі тым і займаецца, што жаніцьбамі. Гэта яго хлеб. Адзін мужчына, у якога трое дзяцей ад розных жонак, уцёк і залёг на дно, каб не плаціць аліменты, і яго пачалі лічыць зніклым без вестак. Не ведаю, наколькі праўда”.
Лагун слухаў і дзівіўся з такой нястрыманай фантазіі. Яму ў навіну была гэтая непадробная зацікаўленасць чужымі справамі, так уласцівая рускім, якая павінна раскрыць, паказаць славутую шырыню душы, разрыванне на грудзях кашулі дзеля блізкага свайго.
“Так і тут. Ты ўпэўнены, што ён у паліклініку ходзіць, а не да палюбоўніцы? Можа, ён ужо нагледзеў іншы ўчастак зямлі. Так што глядзі, каб неўзабаве твая маці і сёстры не апынуліся на вуліцы”.
“Што ж рабіць?”
“Я навучу”.
7
Ужо вечар лёг, цені сталі доўгімі, а яны ўсё сядзелі за столікам. Уладальнікі кіёскаў і латкоў згортваліся, Отчык таксама. Ён пазіраў на іх, чакаючы Лагуна, але паклікаць не асмельваўся. У матацыкліста былі адказы на ўсе да адзінага пытанні. Лагун не паспяваў задаваць іх. Матацыкліст ведаў літаральна ўсё, у тым ліку і тое, як далей Лагуну жыць.
“Вучыцца трэба. Выбірацца адсюль. З’язджаць. З такім характарам, з такой знешнасцю можна стаць, ну, не ведаю – знакамітым кінаакцёрам. Ніколі не думаў? Любіш кіно?”
“Люблю. Але не паступлю. Там конкурс вялізны”.
“А ты паступі на любое аддзяленне, дзе недабор. Цяпер жа не праблема – падаў дакументы і паступіў. Каб замацавацца. А там пяройдзеш на кінематаграфію”.
У яго так проста было ўсё.
“А грошы? На вучобу?”
“У яго возьмеш”.
“Не дасць”.
“Намякні, што ведаеш, куды ён ходзіць. Каб ён быў у тваіх руках. А як інакш? Толькі так”, – шчыра, з абсалютнай перакананасцю ў сваёй праваце вучыў матацыкліст.
“А калі не дасць?” – паўтарыў Лагун.