Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Яраш з цікавасцю прыглядаўся да моладзі. Пасля размовы з Машай, калі ён адчуў раптам разрыў паміж такімі, як яна, і сабой, яго зацікавіла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санітаркі… Але сябры Тараса асабліва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакінуўшы Майзіса і яго жонку, якая стаіла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамі па выкашаным лузе мяч, спаборнічаў у плаванні, загараў. Услухоўваўся ў іх размовы. Але на адпачынку словы і думкі былі лёгкія, як той мяч, што ганялі. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна

цяпер за сталом, але паспрабаваў арганізаваць такую размову. Пастукаў відэльцам па пляшцы, просячы цішыні. Моладзь адразу ўгаманілася, бадай, хутчэй, чым перад тостамі Шыковіча.

— Хвіліначку, сябры. Сумнавата робіцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне… Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго імкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кірылам Васільевічам хітрага намеру — выпытаць пра вашы мары. Мы тут з ім часта спрачаліся наконт ідэалаў маладога пакалення. Толькі ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

— А Кірыла Васільевіч?

— Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калі ем…

— То глух і нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяяліся, заварушыліся, трохі ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хіба мала іх, мар? А якая галоўная?

Славік хмыкнуў. І здзейсніў намер, які з'явіўся хвілін колькі назад: апусціў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

— Славік, схопіш аплявуху.

Іра здагадалася, што ён зрабіў, і вочы яе пад шкламі акуляраў сталі жоўтымі ад гневу.

— Славік! Паскуда! Я маме скажу.

— Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькі ўжо звярнулі ўвагу на іх злоснае перашэптванне. Валянціна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасіла:

— Прынясі, сыне, піва з пограба.

— Чакай, паслухаю людзей будучага.

— Дык хто пачне, хлопцы? — запрашаў Яраш.

— Косця! — падказала жонка Лапаціна.

Той самы Косця, якім захаплялася Іра, маленькі, рухавы, смяшлівы і самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнік. Чорныя вочы яго загарэліся, як вугалькі. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

— Сядайце, Косця. Што вы! — адразу запярэчыла Валянціна Андрэеўна. — Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьміч, пачні.

— Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калі мне было столькі ж гадоў. Параўнаем…

— Я скажу, — адгукнуўся Косця. — Я думаю пра ўсё… Пра дзяўчат…

— Вось гэта шчыра! — засмяяўся Славік.

Але яго смеху не падтрымалі, можа, таму, што Косця тут жа запэўніў горача, з дзіцячай непасрэднасцю:

— Я хораша думаю пра дзяўчат… Жанчына дае жыццё і красіць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмічныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьці не хочацца ляцець туды.

— Баішся? —

зноў гукнуў Славік і быў рады, што ў гэты раз выклікаў смех.

— Не, не баюся. Але я люблю зямлю… дрэвы і кветкі. Для мяне найвялікшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунізме ўсе людзі павінны жыць сярод дрэў і кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя…

— Правільна! Я таксама за тое, каб усе сталі дачнікамі.

— Слава! Вылеціш з-за стала, як корак з бутэлькі, — не стрымаўся ўрэшце Шыковіч-старэйшы.

— Маўчу, як фаршыраваная рыба. — Славік заціснуў рот далоняй.

— Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных…

— У Косці хрысціянская мараль, — перапыніў сябра Іван Ходас. — Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калі ласка, Косця, жыві, расці кветачкі, гадуй дзетачак… А для мяне — радасць у змаганні. І я думаю, што камунізм — гэта найвышэйшая форма барацьбы.

— Супраць каго?

— За што?

— Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў… Я не кажу ўжо пра ворагаў знешніх, імперыялістаў розных…

— А калі іх не стане? Знішчым?

— Ага!

— Я не заглядаю так далёка! І ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. І сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. Малы быў — маму крыўдзіў. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю.

— Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера, жонка Лапаціна.

Іван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кіўнуў галавой. Шыковіч сказаў:

— Я згодзен, Іван. Камунізм пабудуюць не святыя, а мы з вамі, кожны са сваім характарам, даволі часта вельмі супярэчлівым і складаным. Але бясспрэчна і тое, што мы павінны стаць лепшымі, чым ёсць. Пазбавіцца перажыткаў… Як гэта зрабіць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаванні камуністычнай культуры пачуццяў?

Іван задумаўся. І ўсе змоўклі, задумаліся таксама.

— Калектыў, — першы адгукнуўся Тарас.

— Праца, — амаль адначасова з ім выказаўся Лапацін, прынімаючыся за кавалак пірага, які падсунула яму клапатлівая жонка.

— Барацьба! — не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкі.

— Праўда! — Славік сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. — Пакуль будзе ханжаства, падман…

Кірыла Васільевіч пераглянуўся з жонкай і, відаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапыніў Косця.

— Любоў! — крыкнуў ён.

Усе маладыя засмяяліся. Акрамя Славіка.

— Цябе ўсё-такі хіліць да Езуса, — падкалоў сябра Іван.

— Чаму любоў, Косця? Растлумач!

— Любоў не ў вашым вузкім разуменні. А наогул. Любоў з вялікай літары. Да радзімы, да працы, да людзей, блізкіх і далёкіх…

— Якая шчодрая душа, — з добрай усмешкай сказала Галіна Адамаўна так, што пачулі толькі свае — Майзісы і Шыковіч. — Можна падумаць, што яго ніхто ніколі не крыўдзіў.

Поделиться с друзьями: