Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Шыковіч зажмурваецца, уявіўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасціны. Але храбрыўся ён дарэмна, крыві ён сапраўды баіцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны і Майзісавы ногі ў белых панчохах. Нешта ціха патрэсквае, нібы рвецца тканіна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баіцца глянуць на стол.

Першы позыў на рвоту. Але сорам і страх перамагаюць, і Кірыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робіць хірург. І перад тым, што ён бачыць, на нейкі момант адступае ўсё іншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пісаў, — вось яно, перад яго вачамі,

у раскрытых грудзях. Невялікае, трапяткое, а галоўнае — жывое! Пульсуе, б'ецца…

Кірыла ажно зноў прыўзнімаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.

Зусім іншы рытм работы хірургаў і лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе — уважлівыя і напружаныя.

— Ціск восемдзесят на пяцьдзесят.

— Стадыя ўзбуджэння…

Лічбы. Словы. Шыковіч не ўнікае ў іх сутнасць. Ды каб і хацеў, то не здолеў бы.

Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткі. І вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б'ецца, б'ецца, нібы хоча вырвацца.

Але ў другой руцэ хірурга бліскае скальпель… І гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вінавата ва ўсім.

Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылі ўбок хірургі. Але Кірыла зноў перамог сябе і надзвычай асцярожна, каб нікому не перашкодзіць, прыціскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да іх, адчыніў. Нехта спытаў:

— Вам блага?

Ён вінавата ўсміхнуўся:

— Не.

Павярнуўся туды, куды глядзелі ўсе, — да экрана тэлевізара. І зноў убачыў яго, сэрца. І ўбачыў нешта зусім жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.

Тэлевізар падскочыў угору, закруціліся плафоны на столі… Нехта закрычаў…

Больш дапытлівы журналіст нічога не помніў.

Апрытомнеў у кабінеце галоўнага хірурга. Сястра, якая праводзіла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кірыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкімі зрабіліся ногі, і пальцы іх варушыліся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, і яна прамакнула ўсю сліну; язык прыліп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзіўнага стану ў целе.

Сястра схілілася над ім і ўсміхнулася, яму здалося, насмешліва.

— Нарабіў я вам клопату. — Ён не пачуў ці не пазнаў свайго голасу.

— Нічога, на першы раз гэта з многімі здараецца.

Тады ўсплыла карціна таго, што прывяло яго да непрытомнасці, і Кірыла ўстрапянуўся:

— Што там?

— Аперыруюць.

— Яна жывая?

— Безумоўна. Хіба аперыравалі б на мёртвай?

Ён на поўныя грудзі ўдыхнуў паветра і адразу адчуў сябе лепш.

— Ляжыце спакойна, — строга сказала сястра і выйшла з кабінета.

Ён глядзеў у белую столь і… бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далоні, на шырокай добрай далоні. Яму не рабілася страшна і непрыемна, ён з цікавасцю ўглядаўся ў гэты маленькі і вельмі складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькі тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, набліжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кірыла

ўвесь скаланаўся, быццам хацелі праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круціў галавой, каб рассеяць прывід. Так паўтаралася колькі разоў, і яго пачало трохі ліхаманіць.

Заглянула сястра.

— Як вы тут?

— Што там?

— Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевізары бачыла.

Кірыла ледзь не закрычаў. Ліха на іх, як яны гавораць пра такія рэчы! «Зашываюць сардэчную сарочку». Нібы зашываюць начную сарочку.

Але разам з тым гэта настроіла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлівасць. Падумаў, як, напэўна, Антон і жанкі будуць кпіць з яго.

«Усё бярэшся апісаць — нараджэнне і смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыі».

Паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць. Каля дзвюх гадзін ужо ідзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такі напіша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш і не хоча, каб пра яго пісалі. І не толькі пра аперацыю… Абавязкова напіша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. І пра бацьку яе!

Задумаўшыся пра сваю работу, Кірыла Васільевіч набыў душэўную раўнавагу і ўспомніў, што на дванаццаць яго выклікаюць на бюро гаркома.

12

У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое — знаёмыя Шыковіча: загадчык кафедры ў педінстытуце Левановіч і галоўны архітэктар горада Гамбіцкі.

Кірыла прывітаўся з імі і з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбіцкі як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так і пакаціўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, бліскучы, галава голая, як бубен, пінжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку і такія ж выцертыя штаны.

Кірыла пацікавіўся, чаго выклікаюць.

Ларыса Пятроўна, сярэдніх год жанчына, стары работнік, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.

— «Аб выхаванні дзяцей», — прачытаў ён уголас і не адразу зразумеў.

— За сыноў будуць пясочыць, — растлумачыў з кутка пануры Левановіч, доўгі, сутулы, з суровым тварам аскета, і цяжка ўздыхнуў: — Эх, сыны, чортавы сыны!

— Ясна, — па-сяброўску ўсміхнуўся сакратарцы Шыковіч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славіка ён цяпер спакойны.

Да яго падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар.

— Дык у вас хоць сыны. А ў мяне — дачка… Дачка! — прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам і пакаціўся да дзвярэй.

Было душна. Кірыла скінуў пінжак, павесіў на крэсла. Гамбіцкі паглядзеў на яго спачатку са здзіўленнем, потым — з удзячнасцю. І тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пінжачок, які трашчаў па ўсіх швах. І ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лічыў, што здымаць пінжак у гаркоме няёмка. Падкаціўся да століка ў куце, націснуў клапан пустога сіфона, уздыхнуў, напіўся з графіна — і зноў да Шыковіча:

— Растлумачце, чаго ім не хапае? Чаму яны растуць такія, нашы дзеці?

— Дзеці як дзеці. — Кірылу чамусьці зусім не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.

Поделиться с друзьями: