Сланы Ганібала
Шрифт:
Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.
— Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? — з ухмылкаю пытаецца абласны начальнік. — Как у вас в Белоруссии погода?..
З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў. Табе згадваецца, як гадоў пяць таму ты быў на сэмінары маладых талентаў у Воршы і прапанаваў сакратару гаркаму партыі, што вучыў вас розуму, назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў імем Караткевіча, які пісаў тут «Дзікае паляваньне караля Стаха». Функцыянэр быў абураны: «Мы на это никогда не пойдем. Такое решение будет идеологически
Назвы вуліцаў Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.
Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанімію «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і — о, сьвятая наіўнасьць! — спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок ды іхніх няголеных спадарожнікаў.
Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам:«Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца на мокры ад імжачкі асфальт проста пад колы.
Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт — ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:
— Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрыт’яф Нансэн, «вяртаньне — прыз кожнага падарожжа».
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі — археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад’езду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра — 25 сакавіка.
«Дожились», — кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму. Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір — яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.
— Иди, иди... Позьняк оброслый, — падазрона гаворыць суседка. — Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку і выдзімаеш на ёй «Саўку ды Грышку». У тую ж хвілю на вежы Марыяцкага касьцёлу падносіць да вуснаў трубу кракаўскі гейналісты.
Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Сакавік, 1992
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Бывайце, заходнебэрлінскія дворнікі! Калі б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы ім, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускіх акадэмікаў і членкараў і, пакінуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелістыя прычындалы, маглі б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.
Бывайце, белазубыя гандляры-туркі з пляцу каля Брандэнбурскае брамы з вашымі мэдалямі «За взятие Берлина» (вас можна было б таксама ўзнагароджваць імі, бо Бэрлін зь ягонымі 250 тысячамі малаазійцаў — трэці пасьля Стамбулу й Анкары турэцкі горад сьвету), са значкамі «Победитель соцсоревнования» і партабакамі з «Пагоняй» вытворчасьці Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу па пяць марак за штуку.
Бывайце, бэрлінскія немкі! З кожным пражытым годам вы робіцеся толькі больш прывабныя, каб у старасьці ператварыцца ў прыгажуняў.
Бывайце, бэрлінскія турчанкі! Карыстайцеся са свае смуглявае маладосьці, бо з вамі з кожным пражытым годам адбываецца штосьці адваротнае.
Бывайце, бэрлінскія мурынкі! Здаецца, вы (хіба што за выняткам адной шарагоўкі US Army) пакуль што ціхамірна існуяце па-за эстэтычнымі крытэрамі беларускіх мужчынаў.
Бывай, галоўка Нэфэрціці з Эгіпэцкага музэю! Адно тваё дасканалае вушка слухае дзесьці голас сахарскіх пяскоў, а ў ацалелае нехта асьцярожна шапянуў табе, што па менскіх вуліцах ходзіць жанчына з тваім профілем, і, можа, калі-небудзь хтосьці таксама аблашчыць ейнае вушка цёплым дыханьнем і адкрые ёй яе таямніцу.
Бывайце, паважныя бэрлінскія панкі з кармінавымі, вохрыстымі ды індыгавымі грабянямі на голеных да люстранога бляску галовах, падобных да яек, зьнесеных ацтэцкімі пачварамі з Далемскага музэю, перад якім бялеюць на газонах чародкі шампіньёнаў, а па-наску — пячурак.
Бывайце, бэрлінскія дзеці! Незалежна ад колеру скуры ў вас такія здаровыя й чыстыя твары, якія ў беларускіх дзяцей можна ўбачыць адно на фатаздымках пачатку XX стагодзьдзя.
Бывай, італійскі рэстаранчык, дзе гасьцінныя гаспадары Ульрых, Вольф і Свэн да адвалу нагадавалі цябе стронгай і мясам акулы.
Бывай, сталоўка бэрлінскага аддзяленьня пасольства Расейскай Фэдэрацыі, дзе цябе нагадавалі баршчом і сечаным шніцлем.
Бывайце, па-цыганску маляўнічыя жабракі й жлукты са станцыі мэтро Заалёгішэр гартэн! Ніхто не забароніць вам, абліваючы бароды, смактаць сваё віно й піва, цалавацца ўзасос бяз розьніцы полу і проста на вуліцы, пад нагамі ў мінакоў, здымаць хірургічныя швы з раны, атрыманай тут у п’янай бойцы.
Бывай, заходнебэрлінскі зьвярынец, пасьля якога хочацца наведаць усе зьвярынцы былога СССР з адной толькі мэтай — дапісаць на кожнай шыльдачцы з назваю жывёліны два словы: «дробны» і «брудны».
Бывайце, прычасаныя, быццам на прыём дыпляматычнага корпусу, арангутангі, гібоны і гамадрылы! Бывайце, фрывольныя макакі з мадняцкімі фрызурамі! Вашыя дзеці маглі б штодня адпраўляць сваім аднагодкам у СНГ гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх скрынак памаранчаў, ківі, манга, а таксама трускавак, якія ў нас бываюць у чэрвені, а ў бэрлінскім зьвярынцы — а восьмай раніцы.
Бывайце, бела-чырвона-сінія чыюкі памерамі з нашых буслоў! Вашая крыклівая валтузьня нагадвала б пасяджэньне парлямэнту суседняе дзяржавы, каб вы не дзяўблі двух жоўта-блакітных суродзічаў, што больш выдавала на дзяльбу Чарнаморскага флёту.