Сланы Ганібала
Шрифт:
У студзені 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парлямэнту. Цяпер у кампаніі пяці котачак ён вядзе на сваім летніку бітву за ўраджай, які дазволіць яму перазімаваць.
Церусіць дождж, пад якім адбываецца мая разьвітальная праходка па бульвары Брывібас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня ніхто не патрабуе тут, як колькі дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова — за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм’ера Годманіса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад міністру замежных спраў Юркансу — за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць «Viso gero!» цяперашняму старшыні Народнага фронту Латвіі літоўцу Ражукасу... Сёньня пікетоўцы нацыянал-радыкалаў маюць, як і астатнія грамадзяне, законны
На пэроне мне на момант мроіцца, што трансэўрапейскі экспрэс «Рыга—Менск—Гомель» ходзіць ужо толькі ў адным кірунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта — проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, і Рыга зноў будзе ранейшая.
Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьніць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабіны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню і майго аднаклясьніка Віцю Скрыпкіна, які быў вечным няўдаліцам, пакуль ня зьехаў пазалетась у Піцер і не зрабіўся там мільянэрам...
I ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакідаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць зь сьпічакоў рыскія пеўні і возьмуцца дружна дзяўбсьці мяне ў тое самае несамавітае месца ніжэй сьпіны, бо няма ўва мне ані кроплі латыскае крыві, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ разбаўленая кропляю цыганскай...
Кастрычнік, 1992
Няхай жывуць гановэрскія вароны!
Мне хочацца хоць трохі пабыць жанчынаю. Цікава, што яны адчуваюць — на вуліцы, у краме, у ложку... Цікава зірнуць зь сярэдзіны, як яны манернічаюць, як кахаюць і як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобіцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позіркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклікаю ў яе аніякай станоўчай эмоцыі, а непрыхільнасьці да самога сябе мне не бракуе і безь пераўвасабленьняў. Я не адмовіўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлічоных прыхільнікаў. Пазнавальна, хоць і таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет і вачыма жонкі...
Напэўна, гэткія думкі лезуць у голаў таму, што за вакном падае на цьмяна-вясёлкавы брук дождж, на стале курэюць чатыры вялікія кубкі кавы, а гаспадынямі трох зь іх апынуліся жанчыны.
Іх завуць Моніка, Сыльвія й Мірэла. Яны са смакам сёрбаюць каву, белая пара ад якой мудрагеліста зьвіваецца зь лявандавым цыгарэтным дымком, яны са смакам шчабечуць на мове Гётэ й Дурэнмата і, мяркую, зусім ня хочуць ператварыцца ў свайго візаві, што валодае нямецкай на ўзроўні адукаванага чыюка з рэспэктабэльнай бюргерскай сям’і.
Каторая зь іх сталася б маёй абраньніцаю ў выпадку экспэрымэнту зь пераўвасабленьнем?
Падобная да рубэнсаўскіх жанчын Моніка, што спрытна ладзіць самакруткі? Маленькая, зграбная й жывая, як міркіль, Сыльвія, што курыць «West»? Або смуглая, прыгожая нетутэйшаю (нягледзячы на бездакорную нямецкую мову) прыгажосьцю Мірэла, якой не хапае на кубак кавы дзьвюх цыгарэтаў «Rothmans»?
Пра аматарку самакрутак я ведаю толькі ймя.
Сыльвія нарадзілася ў Заходнім Бэрліне, але зьнелюбіла сьціснуты кальцом гэдээраўскай сьцяны-анаконды горад настолькі, што ўцякла на захад, у Гановэр, дзе пачала пісаць вершы й апавяданьні.
Прозьвішча Мірэлы — Іванова. Дзякуючы ёй я ўжо ведаю па-баўгарску першае слова: «благодаря» — дзякую. Калі б я мог зараз стаць Мірэлай, я ўспомніў бы Сафію, Віташу, магчыма, задаўненыя ўжо ўцёкі ад жаніха за тры дні да вясельля — каб «не належаць нікому, апрача паэзіі».
Мірэла любіць анатомію. У сваіх вершах яна прэпаруе зьявы й рэчы. Гэтую схільнасьць падкрэсьлівае яе падобны да компасу гадзіньнік: на ім няма лічбаў, а стрэлкі рухаюцца проста над вантробамі мэханізму. Гадзіньнік, што бесцырымонна анатамуе загадкавую субстанцыю часу, Мірэла набыла ў бэрлінскага магамэтаніна з турэцкіх кварталаў.
Пра гэта я даведваюся, дзякуючы яе расейскай мове. На ёй Мірэла гаворыць з прыбалтыйскім акцэнтам —
вынік стажыроўкі ў Рызе. Шкада, вядома, што яе настаўнікам выпала быць ня мне, але я ўсё роўна ўдзячны таму латышу, бо безь яго я ня здолеў бы паразумецца з акулярыстым чалавекам, перад якім Моніка ставіць пяты кубак кавы.Чалавека завуць Ролянд Бальцэр. Ён пазірае на мяне з даверлівым подзівам, хоць, на добры лад, такое пачуцьцё павінна жыць у гэтыя хвіліны якраз не ў ягоных вачах, а ў маіх. Сапраўды, што змушала яго разам з Сыльвіяй адпраўляць у нейкую таямнічую Weissrussland факс за факсам з запрашэньнямі, якія на руінах СССР чыноўнікі бясконца гублялі або не разумелі й вымагалі дубляваць іх то па-расейску, то па-нямецку. Ня менш прыемнаю загадкаю выглядае й тое, дзеля чаго гановэрскаму часопісу «Textura» друкаваць пераклады зь беларускай.
Выдавецтва, дзе выходзіць часопіс, завецца «Rabenrat», што можна перакласьці як «Сход варонаў». На стале ў кожнага супрацоўніка — папяровая варона з імем. На Роляндавай пазначана, што гэтая варона — галоўная. Маецца на ўвазе, што ён дырэктар і ўладальнік выдавецтва. Па сумяшчальніцтве ён піша гістарычныя навэлы й афарызмы, сабраныя ў сьціплую кніжачку пад гэткаю ж сьціплаю назваю — «Афарызмы». Сыльвія сваёй шыльдачкі ня мае, а калі б мела, дык на ёй, мусіць, напісалі б «Вольная варона», бо яна на вольным хлебе. (Тыя два з паловаю гады, калі я мог існаваць на гэтым хлебе, не паміраючы ад голаду, здаюцца мне ўжо часамі міталягічнымі.)
Варона сядзіць і на вокладцы часопісу, дзе надрукаваныя нашы зь Мірэлаю мастацкія творы. Калі казаць больш дакладна, дык птушка ўладкавалася на мапе Эўропы, нацэліўшыся дзюбаю на яе ўсходні кавалак. Няхай дзяўбецца й надалей, думаю я, пакуль Ролянд замаўляе таксоўку, каб адвезьці нас на вячэру.
За гасьціннасьць нам зь Мірэлаю трэба разьлічыцца дзьвюма літаратурнымі вечарынамі. Першая адбываецца ў нечым накшталт гарадзкога Дому культуры. Аншлягу няма, аднак пытаньняў хапае. Сыльвія чытае маё сэнтымэнтальнае, па сутнасьці, першае ў жыцьці, апавяданьне пра пеўня, якога трымалі на гарадзкім гаўбцы. Адзін са слухачоў, які паводле веку мог быць у «Гітлерюгендзе», а мог і на фронце, упэўнена называе опус паэтычна-фантастычным. Я пярэчу. Апрача таго, праблема мае інтэрнацыянальны характар. Прэса паведамляла, што аналягічны выпадак меў месца ў Боне, але там суседзі падалі заяву на гаспадара пеўня не ў паліцыю, а адразу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.
Відаць, што гановэрская публіка ня сьпешчаная сустрэчамі з гасьцямі з былога сацлягеру. «Чаму вы так ціха гаворыце? — пытаецца ў нас зь Мірэлаю падстаркаватая фраў. — Вы яшчэ баіцёся?»
Нашая начная рэзыдэнцыя — родны дом Ролянда ў гарадку Цэле за паўсотні кілямэтраў ад Гановэру.
У электрычцы з намі знаёміцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск і Сафію, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на міжнародных імпэрыялістаў. У іншым разе камуністычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўік-энд па хатах і без праблемаў узьняло б у выхадныя дні чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.
Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалі, у часы, калі наша неабсяжная краіна будавала БАМ і жыла пад лёзунгам «Нечерноземье — ударный фронт!», такой самай парою я ехаў на начлег са сталіцы ў падмаскоўны гарадок. Поруч важылі носам табаку двое сяброў і былых аднакурсьнікаў. Адзін, летувіс, быў тады асьпірантам МДУ і натхнёна пісаў дысэртацыю аб прапагандзе летувіскімі камуністамі перавагаў сацыялізму ў гады буржуазнага рэжыму. Другі, беларус, вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе, заслужыў гонар быць у групе скандаваньня на чарговым гістарычным зьезьдзе КПСС і са шкадобаю апавядаў пра юную швэдку, якая прыехала ў іхнюю вышэйшую школу ўдасканальваць свае левыя погляды, ды аказалася настолькі леваю, што хадзіла на заняткі ў празрыстай сукенцы бяз станіка (але, здаецца, усё ж у майтках), і згодна з пастановаю парткаму завяршыла навучаньне значна раней тэрміну.