Сланы Ганібала
Шрифт:
Стаяў халодны, з прымаразкамі, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцінай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцішнае халадэчы і, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае раніцы ляскаў зубамі. На пытаньне, чаму выключылі ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы ад’ехаў у Маскву таварыш Чакоўскі.
Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сівы кульгавы сын каўкаскіх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьці барацьбу за грамадзянскія правы шараговых пісьменьнікаў, сабраў подпісы, і праз тыдзень батарэі зноў нагрэліся. Шчасьлівы змагар у адзіноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару і, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скаціўся па стромкіх драўляных сходах на першы паверх.
Мой
Пісьменьніца з гораду на Няве на грамадзкіх пачатках крыху займалася маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумілёва і выклікала зь ім трансцэндэнтныя сілы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары неяк апынуліся ў тэлефоннай будцы на іншым канцы гораду.
Нядаўна Гумілёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя, згодна зь якой паміж этнасамі існуе невідочная сувязь, што выяўляецца або ў прыцягненьні або ў адкрытым адштурхоўваньні — нешта накшталт узаемадзеяньня плюсавых і мінусавых часьцінак у сьвеце электрамагнітных хваляў. Паводле Гумілёва, на ўзроўні супэрэтнасаў ніякай натуральнай прыязнасьці аднаго да другога нарадзіцца ня можа. Напрыклад — паміж этнасамі заходне- і ўсходнеэўрапейскімі. Прыбалтыку ён адносіў да заходнеэўрапейскага, і яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калі яна была візытнаю карткай савецкай імпэрыі (а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны), пісаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лічыць яе хоць і задворкамі, але — сваімі.
З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы і ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкі і заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лістоты й колеру будынкаў юрмальскія вулачкі.
Зачыненыя кавярні з бруднымі вокнамі. П’яная расейская жанчына просіць пяць рублісаў на чыёсьці пахаваньне. У двух дзейных шапіках прадаюцца літаратурна-мастацкія творы з сэрыі «Жесткий секс для взрослого чтения» па 10 рублісаў за штуку. «Приключения молодой женщины» заважылі на ўсе 15. Магчыма, іх выдае сын азэрбайджанскага міністра.
Павыбіваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналізаванага пансіянату «Прибалтика». Дом творчасьці пісьменьнікаў сёлета таксама вярнулі латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далі аўтаматным прыкладам па галаве.
Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхільніка графаманскіх раманаў А. Чакоўскага, але ісьці да Дому творчасьці мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.
Ад колішніх гаманлівых гурмаў савецкіх працоўных, што прыяжджалі прыгожа адпачыць і паправіць здароўе працэдурамі ды гарэлкаю «Кристалл» з рыскім бальзамам, цяпер засталося толькі некалькі самотных постацяў. Я вітаюся з морам, і ніхто не замінае нашай элегічнай размове.
З выкінутых хвалямі галінак хтосьці выклаў імя жанчыны, а можа — коткі ці птушкі — Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад літары «ю» гронку рабіны. Ягады халодныя й гаркавыя, але зь іх смакам ня хочацца разьвітвацца.
На станцыі Маяры ўдаецца знайсьці адчыненую кавярню, што сустракае мэлёдыяй «Yesterday» і пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбітыя вяршкі ды булачкі з разынкамі здаюцца асколкамі іншага сьвету, і ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агідная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей — быць параднай брамаю азіяцкай імпэрыі ці задворкамі эўрапейскай цывілізацыі?
Нешта падобнае відавочна рупіць і маім спадарожнікам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая — па-латыску. «Вот и получили Латвию, свободную от всего», — кажа «русскоязычная» кабеціна й апавядае пра якуюсьці ці то кладаўшчыцу ці то таваразнаўцу Веру, што не здала абавязковага іспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапісу.
Пра
што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка ідзе пра Дайніса Іванса, зь якім я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпілскай ГЭС.Мы былі з Дайнісам у 1986-м на водным ральлі пратэсту па Дзьвіне; яно пачыналася на мяжы, у Друі, а таму ў менскіх касах ніякіх квітоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны «Менск—Друя» ішлі пустыя.
Я бачыў, як Дайніс ірваўся да мікрафона на абмеркаваньні праекту ГЭС, калі маскоўскі аўтар праекту зь вясёлаю ўсьмешкай даводзіў тубыльцам, што іхнія найбольш каштоўныя архітэктурныя помнікі ў зоне затапленьня вялікія белыя бацькі з Масквы абгародзяць бэтоннымі дамбамі і да іх можна будзе, калі заманецца, падплысьці на чоўне.
Найперш дзякуючы Дайнісу напалову рэалізаваны праект пахавалі. Дзясяткі тысяч людзей у Латвіі й Беларусі засталіся жыць у сваіх дамах, а тая барацьба сталася пачаткам руху, які нарадзіў Народны фронт Латвіі.
Я памятаю, як Дайніс дыктаваў у тэлефон свой артыкул у «Комсомольскую правду» і колькі разоў паўтараў той самы сказ — «Моя Родина больше не желает быть колонией» — бо на другім канцы проваду, відаць, упарта не хацелі разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пілі гарбату ў ягонай цеснай і сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхі, дзе Дайніс туліўся з жонкаю Эльвірай і чатырма малымі дзецьмі. (Каб латышы ня вымерлі, кожная сям’я павінна мець як мага больш дзяцей.)
На Каляды 1988 году ён званіў мне ў Наваполацак, шчасьлівы, што ў Латвіі гэты дзень абвешчаны выхадным, і я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявіўся сябра.
Наступны раз мы пілі гарбату ўжо ў штаб-кватэры Народнага фронту — асабняку ў цэнтры старой Рыгі, над якім быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскі сьцяг. Потым мы ішлі з Івансам па вуліцы, і жанчыны ўсьміхаліся яму і махалі з вокнаў тралейбусаў.
Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Латвіі толькі ў тэлевізары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, Нью-Ёрк... Дазваніцца на новую Дайнісаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабінэт у парлямэнце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець ніякіх тлумачэньняў і адказвала выключна па-латыску, нават тады, калі я, напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калі дазваніцца да Вярхоўнага Савету можна было толькі латышам.
Паступова я скарыўся з тым, што калі твой сябра грунтоўна ідзе ў палітыку, ён пакідае быць тваім сябрам.
Астанкіна ўжо даўно не выпускае Дайніса на нашыя блакітныя экраны. Дайніс Іванс у ганаровай ссылцы — не ў дыпляматычнай місіі, як некаторыя, а на чацьвертым паверсе Міністэрства культуры Латвіі, дзе месьціцца прадстаўніцтва ЮНЭСКО. Я ня ведаю службовага тэлефону, а хатні ўсе апошнія дні глуха маўчыць, і застаецца спадзявацца, што тыя, хто змусіў Іванса падаць у адстаўку, з кватэры яго ўсё ж ня выселілі.
Апошнія зьвесткі, якія я пра яго маю — з інтэрвію ў «Московских новостях». Былы старшыня НФ гаворыць пра «людзей з гумовымі хрыбетнікамі», што прыйшлі на зьмену інтэлектуалам зь першае хвалі фронту і «атруцілі народ прымітыўнай ідэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колішняй дзяржавы ў абсалюце — грамадзянства, права ўласнасьці...»
Сёлета я зноў павіншую Дайніса з Калядамі.
Электрычка грукоча па рыскім Задзьвіньні. Недзе тут жыве на вуліцы Талсу перакладчык Талрыд Руліс — нястомны курзэмец, падобны да невысокага Мэфістофэля. Ён пераклаў і выдаў па-латыску столькі беларускіх кніжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за іхнім стосам. Раманы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» выпусьціць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылі ў выдавецтвах, Латвіі савецкая літаратура ня трэба.