Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Адных вершаў тут хопіць на самавіты зборнік — ад просьценькіх спробаў зарыфмаваць «Целеш» — «келіх» да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевіча амаль клясычных радкоў:

З майстэрні мілай пана Вячкі

Паўзьлі мы ледзь не на карачках.

I дух наш ледзь трымаўся ў целе,

Калі дамоў пусьціў нас Целеш.

Настальгію па былых часінах, калі пісьменьнік Яўген Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў усяго сьвету дый усе мы жылі лёгка і бесклапотна, абуджаюць радкі ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу Сяргея Панізьніка:

Хто ні быў у майстра Вячкі!

I ліцьвінкі,

і палячкі

Заключалі творчы пакт.

Вось вам ню, а вось вам акт...

Свой хацеў пакінуць ген

Лецка, той, які — Яўген...

О tempora, о mores!

Пакідаючы мяне нанач у майстэрні, гаспадар раіць не хадзіць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавіць рэшту вечара зь ягонай, магчыма, найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускіх паштовых картак. У тым разе, калі я засумую над паштоўкамі, маю адзіноту можа разьвеяць чэрап на паліцы. Перахапіўшы мой позірк, Вячка кажа, што некаторыя з начлежнікаў і нават (што ўжо зусім недаравальна) зь дзеячаў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалі чэрап газэцінай, хоць ён, Вячка, і папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамі чэрап насіла на прыгожай шыйцы простая беларуская жанчына-працаўніца з-пад Ваўкавыску.

Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.

Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?

Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютных, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма — наведнікі. Грэючы душу астатняй надзеяй, кіруюся ў знакамітыя «12 крэслаў» каля Домскага сабору. «12 крэслаў» на замку, перададзены вернікам сабор — таксама.

Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.

У майстэрні праблемаў зь сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзявятай гадзіне вечара адначасова адключыліся водаправод і ацяпленьне.

За вокнамі рэдзенька сьвяціўся гатэль «Латвія» і ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.

Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі... Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса, я чуў на вясковым беларуска-латыскім

вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомни, Володя, — казаў ён мне, — русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьціўшыся з сабору, можна паслухаць музыкаў, пакласьці ім нешта ў капялюш і рушыць далей. А можна і не пакласьці.

Але зусім ня так проста разьмінуцца з музыкамі, што ўладкаваліся ў вузкім аркавым праходзе па дарозе да сабору сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакідаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкі праразаюцца сталёвыя ноткі эпохі незалежнасьці й эканамічнага абвалу, і рука сама сабою цягне з кішэні пяць рублісаў.

У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ — сегодня». Што такое СМ — здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» — гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфта ў Вячкавым пад’езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.

На першай старонцы эксклюзіўнае інтэрвію з намесьнікам камандзіра былога рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, — з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, — разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) — симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам — ні з пушчы, ні з поля — «изменились условия жизни».

Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне — кр'aты і ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», — пачынае інтэрвію гаротны намесьнік камандзіра. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.

Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валера Дэвіскіба. «Дэ» пішацца разам, бо Валеры ніякі не віконт і ўвогуле не француз, а беларус, якога маці нарадзіла ў фашыстоўскім канцлягеры і які потым падаўся зь Беларусі шукаць шчасьця ў Эўропу — у Латвію. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, і Валера то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы міліцыяй у прыстанцыйнай прыбіральні, калі мыў запэцканыя фарбамі рукі: нейкі пільны наведнік паведаміў, што забойца змывае кроў.

Аднойчы Валера стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскім 1986 годзе, калі я прыехаў на ўзмор’е ў пісьменьніцкі Дом творчасьці «Дубулты».

За сьценамі нашага флігелю шумела мора і — кантрапунктам — прыбярэжныя хвоі. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара «Литгазеты» і аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубах. Па беразе, дыхаючы марскім паветрам, ад відна да відна шнуравалі натоўпы адпачывальнікаў; сярод іх быў мой сусед па сталоўцы маскоўскі быццам бы літаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкі тады мініятурны «Panasonic» і колькі разоў напужаў субратоў па пяры, пракруціўшы іхнія выказваньні наконт «Софьи Власьевны», як дзеля кансьпірацыі яны называлі савецкую ўладу. Уладар «Panasonic»’а пазнаёміўся з пагляднай гамяльчанкаю ды канфідэнцыйна пацікавіўся ў мяне, ці перадаецца радыяцыя палавым шляхам. Я, вядома, запэўніў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.

Поделиться с друзьями: