Сланы Ганібала
Шрифт:
У гатэлi будзе мiжнародны тэлефон-аўтамат, i парт’е, якога ты навучыш казаць «калi ласка» i «дабранач», знойдзе табе код невядомае яму датуль Беларусi: 011-375. Калi табе ня будзе шкада дынараў, ты зможаш патэлефанаваць у Менск цi ў Полацак i паведамiць, што п’еш цяпер чырвонае вiно ў Сахары, у гарадку, дзе абрываецца дарога i на тысячу кiлямэтраў на поўдзень цягнецца толькi пясок, прастора зэро, населеная мiражамi i таямнiчымi iстотамi кшталту крылатых драмадэраў i белых шакалаў з чалавечымi вачыма. Чарнаскуры парт’е будзе апавядаць табе пра занесеныя пяском i населеныя прывiдамi аазісы, пра сваю леташнюю паездку ў Парыж i пра жыхароў пустынi, якiя, убачыўшы ў руках у госьця пушку запалак,
Старанна падбiраючы ангельскiя словы, гэты сын ускраiны цывiлiзацыi будзе казаць штосьцi яшчэ, i ты — мо таму, што за плячыма ў твайго вiзавi няма звыклага партрэту Бэн Алі — прасякнесься да яго глыбокай чалавечай сымпатыяй, але ягоныя словы ўжо ня будуць дасягаць твае сьвядомасьцi. Табе захочацца выйсьцi ў сахарскую ноч, апусьцiцца, забыўшыся на зьмеяў i скарпiёнаў, на цёплы пясок i падумаць пра тое, што кожнае тваё падарожжа неўпрыкмет ператвараецца ў паломнiцтва да той краiны, якая i ёсьць сапраўднай фата-марганай, бо матэрыялiзуецца адно тады, калi ты пакiдаеш яе, i зьнiкае, растае ў паветры, як толькi ты вяртаесься.
Але перад вяртаньнем у цябе яшчэ застанецца даўжэзны заўтрашнi дзень, якi пачнецца ўсходам сонца пасярод сухога салёнага возера Шот-эль-Джэрыд, адкуль вузкая стужка шашы прывядзе ў аазіс Тазэр: бэтонны сфiнкс у паранджы каля дарожнага паказальнiка; зьвярынец з скарпiёнкаю Маргарытай i салямандрамi Рамэо i Джульетай; фатаграфаваньне за 1 дынар зь нiбыта самым высокiм чалавекам плянэты (2 м 34 см), якi мае схiльнасьць да славянак, у сувязi з чым зьезьдзiў у Маскву, дзе адразу сем фотамадэляў далi згоду выйсьцi за яго замуж; парк атракцыёнаў «1000 i 1 ноч», дзе найбольш арыгiнальным табе падасца пакой, у якiм з натужным пуканьнем намагаюцца выбрацца на волю замураваныя ў цесных гляках джыны.
У апошняй кропцы сафары, горадзе трохсот мячэтаў Кайруане, якi называюць Мэккаю Магрыбу, табе засьвярбiць сфатаграфавацца з гаспадаром дывановае крамы, i ён ветлiва падвядзе цябе да атаманкi пад партрэтам Бэн Алi на тле чырвонага сьцягу.
Гаспадару гэтага царства дываноў ня трэба будзе тлумачыць, што такое Беларусь. «Мiнск. Чернобыл. Лукаш’енка!» — узрадавана загалёкае ён i прапануе набыць любы тавар за палову кошту. I калi ты не захочаш разьвiтацца з дынарамi, ён анi не зазлуе, а з такой самай пэрлiнаваю ўсьмешкаю ад вуха да вуха ўсьцешана паўторыць: «Чернобыл. Лукаш’енка» i тыцне табе ў жывот мясісты палец, як быццам «Лукаш’енка» — гэта ты.
У аэрапорце ты зноў адчуеш дотык ягонага пальца з залатым пярсьцёнкам, i тваiм апошнiм афрыканскiм уражаньнем застанецца цёплы позiрк брывастага тунiсiйскага бацькi.
Пяць трупаў у басэйне?
Iх не было. Бо калi бацька абвясьцiў лiдэраў палiтычных партыяў тэрарыстамi i ворагамi народу, тыя, перайшоўшы на нелегальнае становiшча, пасьпелi эмiграваць.
Алаг акбар, i няхай доўжыць ён на зямлi цень таго, хто iдзе шляхам праведнiкаў, — сьпявае пасярод Сахары твой знаёмы эль-флявуарскi муэдын, i ты можаш не ўдакладняць, каго ён мае на ўвазе.
Сьнежань, 1996
Адкусі галаву вароне
Не пяюць пеўні ў Нэсэбры
Жнівеньскія маргіналіі
Анкляў Радзімы
Колькі параў амаль дарослых дзяцей, супольны інтэлект якіх прыкладна роўны інтэлекту жуйкі або недакурка, так і ня сьцямілі ўва ўкраінскай мытнай дэклярацыі, што такое «громадянство»,
ня кажучы ўжо пра «країну народження».Субтыльная расейскамоўная бляндынка да свайго пяцігадовага Тадзіка заўсёды гаворыць па-польску. Дагледзеўшы да канца дэманстраваны празь відэаплэеры эратычны фільм, бляндынка абурана верашчыць, каб «больше такую гадость не показывали».
Да тваёй беларускай мовы ў аўтобусе ставяцца па-рознаму. Тадзікава маці — зьдзіўлена. Немаладая міністэрская дама — абсалютна індыфэрэнтна. Кіроўцы пераходзяць на «Вы». Прадстаўніца турфірмы зьлёгку палохаецца. Палкоўнік увесь час сьпіць.
Палкоўнік
Уяві сабе ўтульнага хатняга пацучка, якога нейкая злая ці добрая сіла ператварыла ў двухногую істоту ніжэй сярэдняга росту, ня надта пры гэтым зьмяніўшы пыску. Ад самага Менску гэтая істота жлукціць гарэлку, сьпіць і раз-пораз патрабуе спыніць аўтобус. Пасьля кожнай такой сэрыі пацучок надзявае новую кашулю. Апратку падае ягоная жанчына, таксама маленькая, але падобная ўжо не да пацучка, а да белай мышкі, прычым падабенства гэткае вялікае, што, здаецца, у яе ў шортах хаваецца хвосьцік.
На чарговае патрабаваньне спыніцца каля кусьцікаў міністэрская дама неспадзеўкі рэагуе абураным лямантам. «Потише, — зусім цьвяроза адгукаецца пацучок, — я, между прочим, работал полковником». Мышка ўстаўляе свае тры шэлегі. «А ты что, работала подполковником?» — абрывае міністэрская дама. «А ты и под лейтенантом не смогла бы!» — парыруе мышка.
Карпенка
На кожнай мяжы адбываецца зьбіраньне пашпартоў, а потым — іх раздаваньне. Мэханізм аднолькавы: прадстаўніца турфірмы гучна чытае прозьвішчы ўладальнікаў. Сярод апошніх ёсьць нейкі Карпенка. Палкоўнік сьпіць або дрэмле, але, пачуўшы гэтае прозьвішча, нязьменна адплюшчвае адно вока і гучна абвяшчае: «Памёр!»
Палкоўнік-ІІ
На ўкраінскіх памежных пераходах Палкоўнік упэўнена дапамагае суседзям запаўняць дэклярацыі, вымаўляючы ўкраінскія словы на беларускі капыл. Гэта сьведчыць пра тое, што ў гады сваёй не такой ужо і далёкай маладосьці Палкоўнік мог змагацца з нацыяналістамі, за што на пачатку 1990-х гадоў і быў узнагароджаны гадзіньнікам зь бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», які ня зьняў з рукі і напрыканцы гэтых самых эпахальных 1990-х.
Румынія
Магчыма, пад уплывам сёньняшняга сонечнага зацьменьня гаспадар прыдарожнай кавярні спрабуе даць табе рэшту з даляраў нямецкімі маркамі, паважна пераконваючы, што ў Румыніі курс 1:1.
Фурманкі тваё вока сустракае на шашы не нашмат радзей за аўтамабілі. Роўнасьць статусу гэтых транспартных сродкаў падкрэсьліваюць нумары дзяржаўнай рэгістрацыі ў адных і ў другіх. Часам парнай запрэжкай кіруе падобны да «крутога» хлопец у белай кашулі з гальштукам.
Прыбіральняў усьцяж аўтастрады не прадугледжана, таму экалягічны прыпынак робіцца пасярод палетку кукурузы. Кіроўцы аглядаюць блізкія далягляды з загадкавай усьмешкаю. Неўзабаве высьвятляецца, што ў папярэднюю паездку румынская паліцыя зрабіла якраз у гэтым месцы засаду і двум грамадзянам РБ, засьпетым «на гарачым», давялося пад пагрозаю арышту і вязьніцы выкласьці па 100$.
Каля гораду Канстанцы згадваеш, як у школе праходзілі паўстаньне на браняносцы «Пацёмкіне» і на кантрольнай твой аднаклясьнік Коля напісаў: значэньне паўстаньня ў тым, што маракі здаліся румынскім уладам. Цалкам верагодна, што менавіта нашчадкі рэвалюцыйных расейскіх матросаў робяць засады ў кукурузе.