Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

* * *

Пасьля стрэсу ад пералому клубу Натальля Арсеньнева колькi дзён гаварыла на чысьцюткай расейскай мове.

* * *

На выставе афрыканскага мастацтва ў музэi Гугэнгайма, сярод чорных камэрунскiх скульптураў, вясёленькiх суданскiх масак i ўтульных ахвярных камянёў з Танзанii, над якiмi спрытна завiхалiся продкi сёньняшнiх чарнаскурых наведнiкаў, чыя колькасьць наблiжаецца да крытычнае масы, халоднай зьмейкаю высьлiзгвае аднекуль думка аб тым, што гадоў празь пяцьдзясят тут адчынiцца выстава эўрапейскага мастацтва i на нiзе гэтай генiяльнай бэтонавай сьпiралi гэтаксама, як i цяпер, будуць граць i сьпяваць музыкi, але ўжо ня чорныя, а белыя, i калi яны, валячыся з ног ад стомы, зробяць кароткую пярэрву, натоўп белазубых слухачоў не пачне пляскаць у ладкi, а незадаволена прысунецца блiжэй...

Намагаючыся абагнацца ад гэткага вiдовiшча, вы крыху пасьпешлiва заходзiце ў бакавую залю, дзе дамiнуюць два велiзарныя творы: на адным — няроўна адцяты чалавечы ступак,

на другiм — жыўцом вырванае блакiтнае вока. (Якога колеру скура на ступаку — пытаньне для дэбiлаў.) Вы амаль пэўныя, што вам паказваюць зьмешчаныя ў фармалiн часткi чалавечага цела i, толькi наблiзiўшыся, раземееце: гэта ўсяго толькi ўмела падсьветленыя слайды. Думаць пра тэхналёгiю здымкаў чамусьцi ня прагнецца.

* * *

Зьяўленьня ўбачанага на выставе ступака мiжволi чакаеш у вагоне падземкi, дзе зарабляе свае даляры факiр-iндус, аднак, на шчасьце, ён выцягвае з магiчнага капелюша традыцыйную галубку.

* * *

Гэтай навiне пакуль што ня веру: Арсеньнева страцiла зрок.

* * *

Адна з iстотных хiбаў (цi вартасьцяў?) славы ў тым, што яна iмкнецца вызвалiць свайго ўладальнiка ад асабiстага жыцьця. Справядлiвасьць гэтага труiзму яшчэ раз пацьвярджаецца на выставе працаў Тулюз-Лятрэка, дзе прадаецца ягоны багата iлюстраваны жыцьцяпiс. Адзiн з фотамастакоў засьпеў маэстра ў часе будзённай, але важнай справы. Каб у чытача зьнiклi ўсялякiя сумневы, дыптых забясьпечаны гранiчна канкрэтным назовам — «Defecation on a beach». Пясьняр «Мулен Руж» адлюстраваны, так бы мовiць, у апагеi творчага напружаньня i трошкi пазьней, у цiхамiрную хвiлiну падцягваньня штаноў.

* * *

«Брадвэй, якiм я яго бачу цяпер, i якiм бачыў цэлыя дваццаць пяць гадоў, — гэта пандус, народжаны ўяўленьнем Сьвятога Тамаша Аквiнскага, пакуль ён яшчэ знаходзiўся ў матцы. Напачатку меркавалася, што карыстацца гэтым пандусам будуць адно вужакi ды жужалкi, рагатыя жабы й чырвоныя чаплi, але пасьля гiбелi вялiкай гiшпанскай армады чалавецтва выкулiлася з каравэлы на сушу i распаўзлося ў розныя бакi; вось так, поўзаючы й выпручваючыся ў агiдных, непрыстойных паставах i рухах, яно і пракалупала гэтую шчылiну, падобную да дзiркi ад вагiны, якая цягнецца цяпер ад Батэры на поўднi да гольфавых пляцовак на поўначы празь мёртвы цэнтар Мангэтанскае выспы, якi кiшмя кiшыць чарвякамi. Ад Таймз Сквэр да 50-й вулiцы вы знойдзеце ўсё, што забыўся ўключыць у свой твор Тамаш Аквiнскi, гэта значыць, што тут, апрача ўсяго iншага, ёсьць гамбургеры, гузiкi да каўнерыкаў, пудэлi, гульневыя аўтаматы, шэрыя кацялкi, стужкi да друкавальных машынак, памаранчавыя палачкi, дармовыя прыбiральнi, гiгiенiчныя пракладкi, мятныя пiгулкi з водарам ююбы, бiльярдавыя шары, наскрыляная цыбуля, скамечаныя сурвэткi, люкi, жуйкi, матацыклетныя каляскi і бурклiвыя старыя пнi, цэляфанавыя абгорткi, аўтамабiльныя шыны, магнэта, конскiя шмаравiдлы, смактуны ад кашлю, а таксама кашэчая расплывiстасьць таленавiтага да гiстэрыкi еўнуха, што кiруецца зараз да фантанчыку зь пiтной вадою з сваiм «урэзкам» памiж ног».

Я нiколi ня буду перакладчыкам з ангельскае, але застануся ў гiсторыi нашых з амэрыканцамi лiтаратурных сувязяў тым, што ўпершыню пераклаў на беларускую мову ў Нью-Ёрку цэлы абзац з Гэнры Мiлера, а менавiта — зь яго напiсанага ў 1938 годзе ў Парыжы «Тропiку Казярога».

* * *

Эмiграцыйны гiсторык Леў Акiншэвiч лiчыў асноўнай прычынаю палiтычнай паразы Вялiкага Княства Лiтоўскага «дэманстратыўны выбар ягонай элiтай заходняга (а ня ўсходняга) шляху». Заходнія каштоўнасьці, на ягоную думку, прышчапляліся да iншага культурнага пня, i ў вынiку чым мацнейшая была «вэстэрнiзацыя», тым большы супрацiў яна сустракала ў самой краiне i асаблiва звонку — найперш з усходу.

Займаючыся экстрапаляцыяй Акiншэвiчавай высновы, ловiш сябе на тым, што празьмерна ўважлiва разглядваеш зусiм маладыя ногi жанчыны, якая вязе цябе ў аэрапорт Кенэдзi.

* * *

Шматкалёрныя агнi вечаровага Нью-Ёрку за iлюмiнатарам складваюцца ў дакладныя копii арнамэнтаў ацтэкаў i iнкаў з Мэтраполiтэн-музэю.

* * *

У нашым «Боiнгу-767» занятае ў лепшым разе кожнае дзясятае месца. Цяжка пазбыцца думкi, што займацца каханьнем тут было б значна спакайней i ўтульней, чым у тым самалёце, дзе падарожнiчала славутая літаратурная й кінанiмфаманка Эмануэль.

* * *

Над узьбярэжжам Эўропы добра вiдаць, як, сустрэўшыся з морам, вялiкiя рэкi яшчэ даволi доўга працягваюць свой шлях i захоўваюць абрысы дзякуючы адметнаму колеру вады. Ранiшняе назiраньне нараджае асацыяцыі й аналёгiі — зрэшты, дастаткова банальныя, каб пераносiць iх на паперу.

Верасень, 1996

Пяць трупаў у басэйне

Калегам з «Бум-Бам-Лiту»

Цудоўна аднае ранiцы прачнуцца знакамiтым, прыемна расплюшчыць вочы ў ложку з прытомленай любоўнымi ўцехамi сьветласкураю куртызанкай, але, дайце веры, зусiм няблага i проста адарваць на досьвiтку голаў ад падушкi ў стандартным нумары з кандыцыянэрам, каб праз хвiлiну нырцануць у аточаны фiнiкавымi

пальмамi басэйн, дзе пакуль што няма тапельцаў у строгiх эўрапейскiх гарнiтурах з моднымi гальштукамi, а таму можна цiхамiрна плаваць, глядзець на пудовыя гронi сьпелых фiнiкаў, слухаць, як у гулкiм паветры муэдыны спаборнiчаюць зь пеўнямi, i думаць, што ўсё гэта — няхай i не экватарыяльная зь яе гiпапатамамi ды iмпэратарамi-канiбаламi, але — Афрыка.

Учора твой ручнiк таксама ляжаў на шэзьлёнгу пад мандарынавым дрэвам, але твая iстота заставалася ў абладзе выжлуктанага на берасьцейскай мытнi пiва, выпiтых у варшаўскiм аэрапорце трох фiлiжанак кавы з каньяком i рассмакаванага над Сыцылiяй чырвонага вiна, што ўтварылi кактэйль, якi нiяк не хацеў здаваць сваiх пазыцыяў чыстай, як сьлёзы тутэйшага прэзыдэнта Бэн Алi, iнжыравай гарэлцы, i тут нiчым не маглi дапамагчы нi купаньне ў хвалях Левантыйскага Понту, нi прыморская ювэлiрная крама, у якой за пяць хвiлiнаў кошт падазронага залатога ланцужка з 360 дынараў упаў да 60, нi грунтоўна загаджаны свойскiмi гусямi дворык мiжнароднага тэлефоннага пункту, дзе за дзесяць даляраў удалося сэкундаў трыццаць пагаварыць зь Менскам. Учора ты яшчэ знаходзiўся ў Эўропе, паўнамоцным прадстаўнiком якой да самае поўначы была пляшка «Беларускага бальзаму», а сёньня нарэшце прачнуўся ў Афрыцы i замест аскомiстага матыўчыку, што прычапiўся да цябе ў самалёце, у галаве круцiцца сьвежая, як ранiшняе паветра, мэлёдыя, узьніклая ў выніку знаёмства з тутэйшаю тапанiмiяй:

Сус, Сахэль, Эль-Кантаё,

Картаген, Габэс, Эль-Джэм...

Сус — горад, дзе ты пялёскаесься ў басэйне. Эль-Кантаё — iмя гарадзкога порту. А Картаген — мэта тваёй першай афрыканскае вандроўкi.

За вакном аўтобуса плывуць пакрытыя алiўкавымi гаямi спадзiстыя адгор’i Атлясу, дзе палююць на неабачлiвых турыстаў бязьлiтасныя атляскiя львы. Каля антычнае калёны на пустэльным скрыжаваньнi «галасуе» пад алiваю арабка ў белым строi.

Гэта — Тунiс.

Гены ягоных жыхароў памятаюць фiнiкiйцаў i рымлянаў, бiзантыйцаў i сыцылiйскiх нарманаў, гiшпанцаў i туркаў... Пакуль дадаеш да пералiку вандалаў Гэйзэрыха, якiя сьцьвярджалi сваю ўладу, адбiваючы ў антычных статуяў насы i генiталii; генуэзцаў, што пабудавалi над морам змрочныя, падобныя да гiганцкiх чарапахаў фартэцыi; французаў, якiя пайшлi адсюль толькi сорак гадоў таму, наўзбоч аўтастрады вырастае жывая iлюстрацыя да тваiх этнагiстарычных развагаў. Сьпярша гэтае фантасмагарычнае вiдовiшча прымаеш за фата-маргану: перад табой перанесеная з палатна Пiтэра Брэгеля Бабiлёнская вежа, вяршыня якой хаваецца ў туманным воблаку. Здаецца, праз iмгненьне вока пачне адрозьнiваць на схiле гары прылады працы i мурашыныя постацi будаўнiкоў, што кiнулi выклiк Богу...

Да думак пра мэнтальнасьць тунiсiйцаў ты вернесься праз пару гадзiнаў, калi сярод 184 прывезеных з Картагену калёнаў сталiчнага Вялiкага мячэту адаб’есься ад спадарожнiкаў i разгублена адчуеш, што канчаткова заблытаўся ў раскiнутым за брамаю Баб-эль-Бахал нераце мэдыны — сярэднявечнага арабскага гораду зь нялiчанымi сотнямi крамак, майстэрняў i кавярняў, дзе не ступала нага жанчыны. Але адначасна зь велiзарным зьдзiўленьнем усьвядомiш i iншае: ад гэтых пакручаста-гарбатых прыцемных вулачак ды iхніх смуглых насельнiкаў на цябе вее не трывогаю, а спакоем, i ты пачуваесься ў стакроць большай бясьпецы, чым аднойчы ў гэткай самай сытуацыi ў турэцкiх кварталах Заходняга Бэрлiна. Ты задаволена канстатуеш, што ў крывi ў тунiсiйцаў несумнеўна адклалiся шэсьць стагодзьдзяў уладараньня высакародных рымлянаў. Нiхто не акiдвае цябе лiпучым позiркам, нiхто не хапае за руку i ня просiць дынар, хоць ты ўжо на ўсялякi выпадак падрыхтаваў колькi манэтаў i купюру з антычным профiлем Гамiлькара. Затое кожны сустрэчны гатовы зразумець тваю ангельскую мову i паказаць дарогу да авэню першага прэзыдэнта Хабiба Бургiбы.

На гэтай авэню цябе чакае ўрок найноўшае гiсторыi Тунiсу, i ты пераконваесься, што бiзантыйцы таксама ня бiлi тут бiбiкаў.

Хабiб Бургiба заняў сваё крэсла ў 1956 годзе, пасьля чаго ўдзячны электарат, не пакутуючы на празьмерную павагу да канстытуцыi (яна дазваляла стаяць на чале дзяржавы ня болей за два тэрмiны), чатыры разы перавыбiраў бацьку нацыi на новыя пяць гадоў i нарэшце, зьнясiлены ўласнаю палiтычнай актыўнасьцю, прагаласаваў за пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. А калi ты даведаесься, што цэнтральны сталiчны пляц носiць iмя 7 лiстапада, усьцяж твайго хрыбетнiка сьлiзгане мiстычны халадок. Гэты дзень стаўся ў тунiсiйскiм календары чырвоным пасьля таго, як дзесяць гадоў таму замест абяцанага тэлепраграмаю фільма на экранах узьнiк прэм’ер-мiнiстар (а па сумяшчальнiцтве i мiнiстар унутраных справаў) Зiн эль Абiдын Бэн Алi, якi паведамiў, што нястомныя клопаты пра народ падтачылi прэзыдэнтава здароўе. Тыя, каго агарнуў лёгкi сумнеў, пачулi заверанае сямю дактарамi мэдычнае заключэньне. А неўзабаве, каб пераканацца ў непахiсным здароўi новага бацькi нацыi, ужо ня трэба было пстрыкаць уключальнiкам тэлевiзара, бо краiну — ад мэдрэсэ да прыдарожнага слупа ў Сахары — абклеiлi рознакалiбравымi партрэтамi i партрэцiкамi, зь якiх румяны i гладка прычасаны Бэн Алi сачыў, наколькi старанна выконваюцца ягоныя ўказы аб забароне палiтычных партыяў.

Поделиться с друзьями: