Сланы Ганібала
Шрифт:
Сьпярша ўсё адбывалася акурат паводле абяцанак гiда: 25 эўра, упадабаная супрацоўнiца, маленькi ўтульны офiс зь неабходнай «аргтэхнiкай»…
Аднак хвiлiны гармонii ды згоды з усiм сьветам маюць, на жаль, уласьцiвасьць не асаблiва здоўжвацца. На выхадзе ў недасканалую рэчаiснасьць кліента, перапоўненага самымi ўзьнёслымi пачуцьцямi, далiкатна спынiў мэнэджар, якi агiдным будзённым голасам паведамiў, што ён, клiент, вiнен установе яшчэ 125 эўра. Уражаны падвышэньнем кошту паслугаў роўна ў шэсьць разоў, палярнiк «не понял» i зрабiў роспачную спробу прарвацца на выратавальную вулiцу, але ўмiрг вока быў уцiснуты ў мяккi зручны фатэль, дзе выслухаў на сваёй спрадвечнай матчынай мове даходлiвае тлумачэньне, што 25 эўра — усяго толькi стартавы кошт за той варыянт абслугоўваньня, калi супрацоўнiца
* * *
Жыцьцё ў Амстэрдаме, як i ўва ўсёй Галяндыi, некаму падасца сумнаватым. У тым сэнсе, што няма за што змагацца: апроч усiх магчымых традыцыйных правоў, дэмакратыя забясьпечвае тут i ня самыя традыцыйныя.
Напрыклад, на кожным кроку ты можаш зайсьцi ў «coffeeshop» i абсалютна легальна курнуць траўкi або гашышу. Знаёмы менскi студэнт апавядаў табе, як пасьля вiзыту ў такую ўстанову перажыў неверагоднае захапленьне, пачуўшы, што на амстэрдамскай вулiцы ўсе загаварылi па-беларуску.
Калi савецкiя хворыя былi самымi здаровымi хворымi ў сьвеце, дык галяндзкiя — самыя шчасьлiвыя, бо маюць права на эўтаназiю.
Галяндзкiя гомасэксуалiсты і аматаркi лесьбiйскага каханьня карыстаюцца правам ня толькi на грамадзянскi шлюб, але і на вянчаньне. Безь вялiкiх праблемаў можна зарэгiстраваць надзейны i моцны шлюб з самiм сабою, як зрабiла нядаўна вядомая мастачка, бязьмежна шчасьлiвая, што не застанецца ўдавой.
Табе добра й сьветла думаецца пра шанец рэiнкарнавацца ў жанчыну і жыцьцярадасна далучыцца да лесьбiянак або выйсьцi замуж за самога сябе.
Ты — ня самы здаровы грамадзянiн сваёй краiны, i часам цябе вельмi нават займае праблема эўтаназii.
Зьлёгку пагойдваючыся разам з столiкам у бары-катамаране, ты марыш пра «coffeeshop» на праспэкце Ф. Скарыны ў Менску — каб у хвiлiну самоты цалкам афiцыйна зрабiць там пару зацяжак, выйсьцi на сталiчны брук i пачуць, як усе вакол гавораць па-беларуску.
Дрэздэн
Сьцяну каралеўскага палацу на Аўгустусштрасэ аздабляе стомэтровы фрыз з размаляванай мэйсэнскай парцаляны: даўжэзным цугам едуць у смугу гiсторыi ўсе саксонскiя курфюрсты. Сярод іх гербаў твой позiрк адразу схоплiвае досыць нядбайную выяву «Пагонi».
Курфюрст Аўгуст II Моцны адначасна быў i манархам тваiх продкаў. Адрозна ад папярэднiка, вялiкага князя й караля Яна Сабескага, што на чале лiцьвiнскiх i польскiх палкоў разьбiў туркаў пад Венай, Аўгуст выславiўся тым, што, уцягнуўшы Вялiкае Княства й Карону ў Паўночную вайну на баку Расеi, прайграў усё, што мог, i нават мусiў адмовiцца ад кароны.
На трон Аўгуста вярнула перамога расейцаў пад Палтавай. Удзячны саксонец разьлiчваўся ўсё жыцьцё. Ад таго часу расейскiя войскi ўжо фактычна не пакiдалi тваёй краiны. Надавалi, як пiсаў адзiн iхні генэрал, «соответствующее направление мыслям здешних жителей». I, трэба прызнаць, — надалi.
Выдатна разумеючы сваё месца, Аўгуст II засяродзiўся на клопатах, якiя ўрэшце й прынесьлi яго каралеўскае мосьцi ганаровае найменьне Моцны. Толькi паводле дакумэнтаваных зьвестак, ён меў 365 дзяцей. Названую лiчбу трэба памножыць, прынамсi, на 10.
Цiкава было б зьвесьцi Аўгуста з пацыентам твайго знаёмага лекара. Гэтага пацыента хтосьцi пераканаў, што мужчына здольны зьдзейсьнiць ня болей за тры тысячы палавых актаў, падзеленых на трыццаць гадоў, i што пасьля перасягненьня крытычнага паказчыка, не ўважаючы нават на самую цудоўную эрэкцыю, трэба неадкладна iсьцi ў завязку, iначай у арганiзьме пачнуцца незваротныя згубныя зьмены. Напэўна, бяздарны палiтык i палкаводзец, але выбiтны каханак Аўгуст здолеў бы пахiснуць дакладную матэматычную канструкцыю твайго сучасьнiка. Нездарма жыхары саксонскае сталiцы кажуць, што сэрца шчадралюбнага манарха, якое знайшло апошнi прыстанак у дрэздэнскай катэдры, дагэтуль не прапускае нiводнай прывабнай турысткі ці верніцы, пачынаючы калацiцца ў пахавальнай срэбнай урне.
Тваё ўласнае, жорстае й непрыхiльнае да Аўгуста II сэрца раптам на iмгненьне
мякчэе, i ты, зладзеявата азiрнуўшыся на бакi, пасылаеш ягонаму, закансэрваванаму, тры па-мужчынску салiдарныя ўдары.* * *
Захапляючыся калекцыяй Дрэздэнскай галерэi, не забудзьце ўспомнiць, што цi ня большая частка ейных шэдэўраў набытая за грошы вашых продкаў у трыццацiгадовае ўладараньне ў Рэчы Паспалiтай Аўгуста III, абсалютна законнага сына Аўгуста Моцнага. Ну, хоць засiлься, не шанцавала тваёй радзiме з манархамi цэлае XVIII стагодзьдзе. Адзiн толькi і ўмеў, што псаваць лiцьвiнскiх дзевак. Другi ня мог зьвязаць на мове падданых i пяцi слоў, затое па ўсёй Эўропе купляў карцiны за сабраныя з тваiх прадзедаў падаткi. (На добры лад, усiм нашчадкам жыхароў Вялiкага Княства Лiтоўскага трэба зрабiць уваход у Дрэздэнскую галерэю дармавым.) Трэцi, Станiслаў Аўгуст, немцам, здаецца, ня быў, i па-беларуску ўмеў гаварыць лепей за каторага народнага пiсьменьнiка, ды вось наогул стаў апошнiм каралём i вялiкiм князем…
* * *
Побач з выявамi двух Аўгустаў катуе скрыпку хлапец зь менскага фальклёрнага гурту. Вы пару разоў недзе сустракалiся, i ён таксама, вiдавочна, прызнаў цябе. Найлепшае, што вы можаце зрабiць у гэтай сытуацыi: ты — абыякава, як i большасьць мiнакоў, прайсьцi паўзь ягоны зацухмолены брыль, ён — удзячна «ня ўбачыць» цябе.
З сваiх коней спачувальна глядзяць на гэтую псыхалягiчную сцэнку абодва Аўгусты. Такое ўражаньне, што яны нейкiм чынам чыталi фiлязофскiя трактаты Гэгеля i памятаюць, як у аналiзе ўсясьветнай гiсторыi той разабраўся з усiмi славянамi ў некалькiх сказах: «Гэтыя народы сапраўды засноўвалi царствы і вялi актыўныя войны… Часам яны бралi ўдзел у змаганьнi як авангард, што мае прамежкавае становiшча памiж хрысьцiянскай Эўропай i нехрысьцiянскай Азiяй. Палякi нават вызвалiлi Вену ад туркаў… Тым ня менш, усе славянскія народы выключаюцца з нашага разгляду, бо дагэтуль яны не фiгуравалi як незалежны элемэнт гiстарычных этапаў, якiя прайшоў Розум».
«Не фiгуравалi, i ўсё тут», — весела падмiргваюць табе Аўгусты, прышпорваючы коней. Паспрабуйце, маўляў, пафiгураваць цяпер, а мы паглядзім, што атрымаецца.
Вэнэцыя
Джакома Казанова ў параўнаньнi з Гэгелем бачыў сьвет, безумоўна, шырэй i славянаў (асаблiва славянак) з сфэры свайго разгляду не выключаў.
Калiсьцi ты пацiкавiўся афiцыйным сьпiсам каханак славутага iталiйца i быў уражаны iхнай зусiм не астранамiчнай колькасьцю (Аўгуст Моцны толькi б паблажлiва хмыкнуў). Усяго — уявiце сабе — 132 асобы, пачынаючы ад адзiнаццацiгадовых малалетак да жанчын зусiм няпэўнага веку.
Маэстра быў перакананы патрыёт: 47 iталiек. Ужо зь вялiкiм адрывам на другiм месцы iдуць 19 дачок Францыi, за iмi — 10 швайцарак i 8 немак. У канцы сьпiсу своеасаблiвай скорагаворкай мiльгаюць пара грачанак, галяндка, партугалка, «афрыканка». Славянкi рэпрэзэнтаваныя адной расейкай i дзьвюма полькамi (яшчэ трэба разабрацца, цi не лiцьвiнкамi).
Чамусьцi няма чэшак. А мiж тым, свае апошнiя трынаццаць гадоў Казанова пражыў у недалёкiм ад Дрэздэну Дуксе, цяперашнiм чэскiм Духцаве, дзе ў старадаўнiм замку Вальдштайнаў выконваў ролю бiблiятэкара i працаваў над мэмуарамi.
Зласьлiўцы пагаворвалi, быццам мэмуары былi для састарэлага авантурнiка кампэнсацыяй згаслага лiбiда. Ты ня згодны: гэты выдатны твор свайго часу ня мог быць напiсаны безь непасрэднага дабратворнага ўплыву жанчын.
Але дзе ў такiм разе чэшкi? Вiдаць, аддаючыся замкаваму бiблiятэкару-замежцу ў спальнях, альтанках i стажках сьвежага сена, яны шапталi нешта па-нямецку, на мове гаспадароў, таму і трапiлi ў iншую графу, ускосна пацьвярджаючы высновы Гэгеля…
Усё гэта вярзецца ў тваёй галаве насупраць аздобленай арабэскамi цьвiлi турмы, дзе выбiтны знаўца хараства i ўсяго астатняга, чым надзеленыя жанчыны, адбываў зьняволеньне i адкуль зьбег папаўняць сьпiс сваiх шчасьлiвых «ахвяраў». Шчасьлiвых, бо калi Дон Жуан быў змрочным генiем спакушэньня, якi пакiдаў за сабой сьлёзы ды няшчасьцi, Казанову лёс надзялiў сьветлым генiем легкадумнага, п’янкога, карнавальнага каханьня, якое дарыла ягоным юным i немаладым амаранткам толькi радасьць. Прынамсi, так ты думаеш каля старадаўняй вэнэцыянскай турмы.